02.05.2021
02.05.2021

Анколаг: «Фізкультура зніжае рызыку рэцыдыву раку»

logo
Здароўе дарослых
0 63
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Супрацьпухліннае лячэнне, забіваючы рак, негатыўна ўплывае і на здаровыя тканкі арганізма. Таму ўзнікаюць ускладненні з боку розных органаў, а стомленасць і млявасць часам суправаджаюць пацыента досыць доўга.

З часам разумны арганізм сябе аднаўляе. Але ва ўсіх гэта адбываецца па-рознаму. І паколькі цела наша створанае для руху, дык адзін з лепшых спосабаў дапамагчы яму аднавіцца – фізічная актыўнасць.

Парады анколага

Ірына Касенка, урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава.

Чым дапамагаюць фізічныя практыкаванні:

  • непасрэдна ўплываюць на імунную сістэму, абараняючы яе ад шкодных уздзеянняў і не дапускаючы вяртання хваробы;
  • памяншаюць колькасць тлушчавай тканкі, якая служыць галоўным сховішчам канцэрагенаў у жывых арганізмаў, спрыяюць дэтаксікацыі арганізма;
  • зніжаюць лішак эстрагену і прагестэрону, якія стымулююць рост раку малочнай залозы, прастаты, яечнікаў, маткі і яечкаў;
  • памяншаюць узровень цукру ў крыві, сакрэцыю інсуліну, узровень фактару росту пухлінаў і цытакінаў, што перашкаджае запаленню тканак і росту пухлінаў;
  • дапамагаюць на пэўны час адцягнуць увагу ад бесперапыннага патоку змрочных думак.

Гэтыя механізмы ўплыву фізічнай нагрузкі на арганізм прыводзяць да выдатнага выніку – істотна памяншаюць рызыку вяртання раку. Гэты навуковы факт зарэгістраваны пры раку маткі, яечнікаў, яечкаў і лёгкіх. Па дадзеных доктара медыцынскіх навук Wendy Denmark Wahnefried (2017), у выпадку раку малочнай залозы пры рэгулярных занятках фізкультурай рызыка рэцыдыву зніжаецца больш чым у 2 разы.

Дарэчы, у прыгарадзе Парыжа людзі, якія перахварэлі на рак, арганізавалі Асацыяцыю па актыўнай барацьбе з гэтым захворваннем – CAMI (Cancer, Martial Arts and Information), што ў перакладзе азначае «рак, баявыя мастацтвы і інфармацыя». Трэніроўкі па каратэ з імі праводзіць былы чэмпіён Еўропы Жан-Марк Дэскатэ. Прычым трэнінгі ажыццяўляюць і падчас курсаў хіміятэрапіі. Людзі сведчаць, што каратэ давала ім сілы на працяг лекавага лячэння і ўмацоўвала матывацыю да барацьбы за выздараўленне.

Ёга не забараняецца

Анкалогія. Фізічныя практыкаванні. Ёга.

Пацыенткі, якія па маёй парадзе заняліся ёгай пасля спецыяльнага лячэння ў агульных групах (не для анкалагічных хворых), адзначаюць добры тонус ва ўсіх адносінах. Ёга мякка стымулюе фізічнае цела, яго энергію і дух, зрэшты, як і іншыя ўсходнія гімнастыкі. Я, ацэньваючы стан здароўя жанчын на працягу 2-6 гадоў, не назіраю ў іх вяртання хваробы. Гэта, як правіла, жанчыны, гатовыя змагацца за сваё жыццё, якія ўважліва слухаюць і шмат чытаюць па тэме. «У мяне нічога не атрымаецца... Няма сэнсу спрабаваць... У мяне няма сіл...» – гэтыя словы не з іх лексікону. «Паспрабую, буду старацца. Прыеду на агляд і пакажу вынік!» – такія словы я чую ад іх у адказ на мае прапановы.

Правілы руху

Пасля лячэння старайцеся па магчымасці абслугоўваць сябе самі: засцяліце ложак, памыйце посуд, прыгатуйце ежу, прыбярыце ў хаце. Калі адчуваеце, што на дадзеным этапе штосьці цяжка выканаць, не саромейцеся, прама скажыце пра гэта блізкім і папрасіце дапамогі. Яны, хутчэй за ўсё, будуць радыя выявіць сваю любоў да вас.

Калі стан стабілізаваўся, бярыцеся за лячэбную фізкультуру. Да яе адносяць хаду, прагулкі і лячэбную гімнастыку. Вы можаце ёю займацца ў аддзяленнях рэабілітацыі з вопытнымі інструктарамі, калі вас туды накіруе ўрач. Фізкультурай можна займацца і самастойна, вывучыўшы адпаведны комплекс практыкаванняў па кніжках, напрыклад, такіх: Наша Уінтэрс, Джэс Келі «Цела можа! Як кантраляваць, лячыць і прадухіляць рак», Алег Асташанка «Практыкаванні для ўнутраных органаў пры розных захворваннях». Далей вы можаце бегаць трушком, займацца тэнісам, плаваць, ездзіць на ровары – не меней за 3 гадзіны ў тыдзень. А самае простае і даступнае амаль для ўсіх, хто перахварэў, – гэта хада, 5 разоў на тыдзень па гадзіне.

Анкалогія. Фізічныя практыкаванні. Бег трушком.

Перагрузка не патрэбная. Рэкорды ставіць не варта! Мы з вамі ідзем не па славу, а па жыццё без пухліны. Вельмі дапамагаюць рэгулярныя заняткі з аднадумцамі. Стаўце рэальныя мэты. Не варта мучыць сябе да знямогі ў фітнэс-клубе, каб потым ніколі туды не вярнуцца. Таму прыслухайцеся да свайго арганізму пасля розных відаў фізічнай актыўнасці. Ён дасць вам зразумець, што яму падабаецца. Прыносіць карысць тое, што прыносіць задавальненне.

Усвядомце важнасць і прыемнасць займацца ўласным здароўем. Напрыклад, прайдзіцеся да працы пешшу, гэта будзе дыхальная гімнастыка на свежым паветры, адпрацоўка правільнай паставы, паляпшэнне колеру твару і запаволенне росту біялагічнага ўзросту.

Яшчэ адна парада: завядзіце сабаку. Па-першае, вы набудзеце сябра, а гэта нямала для эмацыянальнага фону. А па-другое, рэгулярна, у дождж, спёку і снег, ваш верны таварыш павядзе вас на шпацыр як мінімум 2 разы на дзень.

Пры некаторых лакалізацыях пухліны, напрыклад, рак малочнай залозы або вульвы, пасля аперацый на падпахавай або пахвіннай зоне актыўныя практыкаванні верхнімі або ніжнімі канечнасцямі на пэўным этапе супрацьпаказаныя. Таму перш чым выбраць тып фізічнай актыўнасці, трэба абавязкова абмеркаваць гэтае пытанне са сваім урачом.

Танцы, загар, лазні?

Анкалогія. Фізічныя практыкаванні. Танцы.

Я лічу, што ўсё гэта дапушчальнае ў разумных межах. Бо і здароваму чалавеку празмерная інсаляцыя, перагрэў у лазні не карысныя. А таму, хто перахварэў, – тым больш. Тут важна ўлічваць узровень злаякаснасці і лакалізацыю пухліны, яе распаўсюджванне, ступень аслабленасці арганізма, яго рэальныя магчымасці. А паколькі жанчыне самой цяжка ацаніць уласную сітуацыю, дык гэтае пытанне варта абмеркаваць з урачом.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 63

Урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Глядзіце таксама