22 Верасня
22.09.2020

Антыстрэсавая тэхніка RESET: каму і як дапаможа? (+ВІДЭА)

logo
Навiны
0 0 65
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Метад RESET дапамагае расслабіць мышцы сківіцы і тым самым знізіць узровень стрэсавых гармонаў у крыві. Таму спецыялісты часта выкарыстоўваюць яго для дапамогі тым, хто перажыў востры стрэс ці знаходзіцца ў хранічным псіхаэмацыянальным напружанні. Псіхолаг-кінезіёлаг Святлана Фадзеева, якая практыкуе і выкладае дадзеную тэхніку ўжо больш за 5 гадоў, падрабязна распавяла, як гэта працуе.

Пры чым тут сківіца?

– Метад RESET распрацаваў аўстралійскі кінезіёлаг Філіп Раферці. Ён даказаў доследным і эмпірычным шляхам, што сківіца ўплывае на 80% мышцаў і органаў нашага арганізма, – распавядае Святлана Фадзеева. – У стрэсе чалавек неўсвядомлена сціскае сківіцу. Гэта прыродны інстынкт, закліканы стымуляваць аддзелы галаўнога мозгу, якія адказваюць за выжыванне. Падчас сціскання сківіцы адбываецца стымуляцыя наднырачнікаў, і ў кроў выкідваецца вялікая колькасць стрэсавых гармонаў: адрэналін, картызол, норадрэналін ды іншыя. У выніку сімпатычная і парасімпатычная нервовыя сістэмы* прыходзяць у дысбаланс: пачашчаецца сэрцабіцце, узмацняецца функцыя лёгкіх, кроў прылівае да мышцаў для барацьбы альбо уцёкаў, а стрававальныя, выдзяляльныя і рэпрадуктыўныя функцыі дэактывуюцца.

Праблема ўзнікае тады, калі ў такім стане чалавек застаецца надоўга. Нават калі яму цяпер нічога не пагражае, галаўны мозг можа накіроўваць сігналы аб небяспецы, мышцы сківіцы будуць працягваць сціскацца, наднырачнікі – выпрацоўваць гармоны стрэсу, і так па замкнёным коле. Разарваць гэты ланцужок якраз і дапамагае метад RESET.

Як зразумець, што патрэбная дапамога?

Святлана Фадзеева-2.

Святлана назвала прыкметы, якія могуць паказваць на заціснутасць сківіцы з-за перажытага ці хранічнага стрэсу:

  • сківіцы міжвольна сціскаюцца ў сне альбо на працягу дня;
  • боль у сківіцы;
  • прыступы галаўнога болю;
  • бяссонніца;
  • хранічная стомленасць, апатыя;
  • павышаная трывожнасць;
  • тахікардыя;
  • абвастрэнне хранічных хваробаў, зніжэнне імунітэту;
  • частыя альбо раптоўныя захворванні вуха-горла-носа;
  • панічныя атакі;
  • адсутнасць апетыту;
  • нястраўнасць, гастрыт і іншыя праблемы СКТ;
  • праблемы з ныркамі і мачавым пузыром;
  • цягнучы боль у паясніцы;
  • недастатковая канцэнтрацыя і памяць;
  • агрэсіўнасць, плаксівасць, гіперактыўнасць.

Як працуе метад?

RESET расслабляе мышцы і звязкі сківіцы, прыводзячы ў баланс сімпатычную і парасімпатычную сістэмы, перазапускае работу органаў і спрыяе ачыстцы крыві ад таксінаў.

– Перад выкананнем сесіі і пасля яе завяршэння трэба абавязкова выпіць шклянку вады, паколькі гэта дапаможа ныркам выводзіць таксіны, якія будуць актыўна вызваляцца з заціснутых участкаў сківіцы і ўсяго цела, – тлумачыць спецыяліст. – Пачынаецца працэдура з прагравання нырак, каб якраз даць ім магчымасць лепей запрацаваць для ачысткі арганізма. Працэдура праводзіцца рукамі. Уздзеянне рук і накіраваная ўвага спецыяліста падобная да дзеяння фізіяапарата для аднаўлення і расслаблення мышцаў. Пасля нырак праграваюцца жавальныя, скроневыя, скулавыя, крылападобныя мышцы і іх звязкі, глыбокія мышцы шыі спераду і група мышцаў шыі ззаду. Больш за ўсё стрэс назапашвае жавальная мышца, менавіта яе расслабленне імгненна зніжае ўзровень стрэсавых гармонаў у крыві.

Антыстрэсавая тэхніка RESET. Жавальныя мышцы.

Сесія займае прыкладна 40 хвілін. Дадзеную методыку можна выконваць у любы момант – калі ёсць неабходнасць. Ці разава, ці курсамі 5-7 сеансаў з перыядычнасцю раз у тыдзень, пакуль стан ні стабілізуецца канчаткова, – удакладняе Святлана Фадзеева.

Пры якіх праблемах RESET эфектыўны?

Найбольшую эфектыўнасць метад паказвае ў вырашэнні праблемаў з бяссоніцай і галаўным болем, кажа спецыяліст.

– Як правіла, дастаткова адной сесіі, каб чалавек аднавіў глыбокі і спакойны сон, паколькі метад зніжае ўзровень стрэсавых гармонаў, тым самым даючы магчымасць запрацаваць парасімпатычнай нервовай сістэме, якая адказвае за наш спакой. Нароўні з жавальнай скроневая мышца таксама ўтрымлівае найбольшую колькасць стрэсу, што можа прыводзіць да галаўнога болю напружання. Калі мы расслабляем скроневую мышцу, галаўны боль праходзіць, у тым ліку хранічны, які раней даводзілася купіраваць моцнымі абязбольвальнымі.

Метад добра працуе і ў сітуацыі вострага стрэсу, бо дапамагае вывесці чалавека з гэтага стану, каб ён змог прыйсці ў сябе.

Антыстрэсавая тэхніка RESET. Супраць галаўнога болю.

У цэлым, RESET – гэта не асноўны, а дапаможны метад пры вырашэнні глыбінных псіхалагічных праблемаў.

Святлана Фадзеева прывяла прыклады са сваёй практыкі.

– Да мяне звярнуўся малады чалавек, які пазначыў сваю праблему як вегета-сасудзістую дыстанію, хаця, як высветлілася пазней, гэта былі прыступы панічных атак. Калі я пачала працаваць з мышцамі шыі, у яго якраз здарыўся прыступ атакі, але ён хутка прайшоў. У наступным высветлілася, што яго доўгія гады моцна падаўляў бацька. У адказ хлопец збіраў гнеў і не даваў яму выхаду. З дапамогай мышцаў сківіцы мы падаўляем эмоцыі, каб яны не вырваліся. У дадзенай сітуацыі гэта прывяло да панічных атак. Калі мы расслабілі мышцы, эмоцыі выйшлі вонкі. Малады чалавек бурна высветліў адносіны з бацькам, пасля чаго інтэнсіўнасць яго атак знізілася. Гэта адкрыла дарогу для больш глыбокай прапрацоўкі канфлікту, для навучання экалагічным шляхам выказвання сваіх эмоцый.

Дапамагае гэты метад і ў працы з дзецьмі, у прыватнасці, вырашыў праблему энкапрэзу (нетрыманне калу) у 4-гадовага хлопчыка.

Антыстрэсавая тэхніка RESET. Дапамагае дзецям.

Нашкодзіць дадзенай тэхнікай нельга, сцвярджае спецыяліст. Але магчымыя абвастрэнні (узмацненне галаўнога болю, напрыклад). Гэта часовая з'ява: адбываецца рэакцыя цела на змены. Таксама ў метада ёсць супрацьпаказанні: цяжарнасць і эпілепсія.

Для выканання RESET не абавязкова быць спецыялістам. Метаду можна навучыцца ў спецыялістаў за некалькі гадзін і практыкаваць самастойна. Як дапаможную методыку яе могуць прымяняць у сваёй дзейнасці лагапеды, дэфектолагі, рэабілітолагі, псіхолагі, масажысты.

Лайфхакі ад псіхолага – ванны з бішафітам

Знаходзячыся ў стрэсе, вострым альбо хранічным, арганізм чалавека актыўна губляе шэраг важных мінералаў і вітамінаў, у тым ліку магній. Менавіта гэты мінерал дапамагае змагацца са стрэсам, выводзіць таксіны, з'яўляецца антаганістам кальцыю, які без магнію назапашваецца ў мышцах і выклікае іх спазм. Падчас стрэсаў, напружанай працы, павышаных фізічных нагрузак важна папаўняць свой арганізм магніем і піць дастаткова вады. Але магніем нельга захапляцца, бо можа адбыцца зваротная рэакцыя: мышцы робяцца занадта расслабленымі, і можа даць збой сардэчна-сасудзістая сістэма. Ёсць просты, прыемны і бяспечны спосаб папоўніць арганізм магніем – прымаць ванны з бішафітам (соль з вялікім утрыманнем мінералаў). Знайсці такую соль можна ў аптэцы альбо ў крамах.

Ванны з бішафітам.

*У чалавека ёсць аўтаномная вегетатыўная нервовая сістэма (ВНС), якая кіруе ўсімі ўнутранымі органамі ў аўтаматычным рэжыме, без нашага ўдзелу. ВНС дзеліцца на сімпатычную і парасімпатычную. Сімпатычная сістэма актывізуе наш арганізм, вылучае адрэналін, робячы нас хутчэйшымі і мацнейшымі. А парасімпатычная сістэма, наадварот, тармозіць працэсы, спрыяе спакою, страваванню, слінааддзяленню, запаволенню сардэчнага рытму ды інш.

Відэа – Андрэй Васкрасенскі

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 65

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).