03.09.2021
03.09.2021

Арганічныя прадукты: складнік здароўя ці мода для багатых?

logo
Правiльнае харчаванне
48 053
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Што такое арганічныя прадукты харчавання і навошта яны нам? Чаму яны даражэйшыя за звычайныя? Якія ўмовы трэба выканаць для іх вытворчасці? Ці можна навучыцца арганічнаму гаспадаранню і атрымліваць з яго прыбытак?

Пра гэта распавялі фермеры Андрэй і Таццяна Абрамавы — вытворцы сертыфікаванай арганічнай прадукцыі. Экспертамі мы папрасілі выступіць таксама спецыялістаў Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі.

Важна: у Беларусі сёння толькі пяць уладальнікаў сертыфікатаў адпаведнасці на арганічную прадукцыю і працэсы яе вытворчасці, і фермеры Абрамавы — першыя фізічныя асобы, якія атрымалі такія сертыфікаты. Урачыстае ўручэнне адбылося 30 жніўня ў БелДІМ.

Хутар Ёдзішкі - фермеры Андрэй і Таццяна Абрамавы

Што такое арганічная прадукцыя?

Калі коратка, то гэта прадукты расліннага, жывёльнага і мікрабіялагічнага паходжання, а таксама харчовая сыравіна, атрыманыя цалкам натуральным спосабам: без выкарыстання хімічных пестыцыдаў, угнаенняў, іанізуючага выпраменьвання. Зямля, на якой расце трава для жывёл або жыта для хлеба, павінна быць чыстай ад хімічных і радыеактыўных рэчываў, адходаў. І вадаём, з якога каровы п'юць, таксама павінен быць чысты…

Аказваецца, ёсць такія месцы. Адно з іх знайшлі муж і жонка Абрамавы, якія вырашылі 14 гадоў таму пераехаць з мегаполіса на Браслаўшчыну, каб сеяць хлеб і вырошчваць жывёлу сабе на пражытак.

Хутар Ёдзішкі. Пачатак

Хутар Ёдзішкі.

Ідэю эка-гаспадарання кіраўнік сям'і выношваў даўно. "Хацелася ведаць, што мы ямо", — кажа Андрэй Міхайлавіч. А яшчэ была ўпэўненасць, што жыць у задавальненне, займацца тым, што цікава, і пры гэтым добра зарабляць можна ўсюды, нават на глухім хутары.

Увесну 2007-га Абрамавы сталі ўладальнікамі старога, але яшчэ моцнага драўлянага дома і ўчастка зямлі на беразе рэчкі. Будучае радавое гняздо мела патрэбу ў сур'ёзных укладаннях: дах і печка прасілі добрага рамонту, лазня таксама даўно не бачыла гаспадарскай рукі, хлеў згніў, вакол — сырасць і трава ў рост чалавека. Натуральна, ні пра вадаправод, ні пра каналізацыю гаворка не ішла. Не было і пад'язной дарогі да хутара.

Але гэта была менавіта тая адпраўная кропка, якую даўно шукалі. Паўгода спатрэбілася на падрыхтоўку хаты да засялення. Астатні план гаспадар, як дасведчаны бізнесмен, разбіў на тры часткі, адвёўшы на рэалізацыю кожнай па 10 гадоў.

Андрэй Абрамаў:

Першае дзесяцігоддзе я адпрацоўваў пэўную мадэль гаспадарання ў асобна ўзятай сям'і. З высокай сельскагаспадарчай культурай і высокай рэнтабельнасцю. Другія 10 гадоў адвёў на інфармаванне грамадства, што існуе такая мадэль. І трэцяе дзесяцігоддзе па плане — наладжванне ўзаемадзеяння гаспадарчых суб'ектаў, якія будуць працаваць па гэтай мадэлі пад адзіным гандлёвым знакам.

Вялікіх зберажэнняў у сям'і не было. Частка грошай, атрыманых ад продажу кватэры, пайшла на куплю хутара і пікапа, астатнія сталі абаротным капіталам.

З набытых чатырох котных авечак толькі адна дала нашчадства, прыдатнае да далейшага развядзення. Цэлы год фермер купляў мясцовых авечак, вывучаў жывёлагадоўлю, асаблівасці вядзення падсобнай гаспадаркі, зямельнае заканадаўства.

Стан мясцовай жывёлы быў нездавальняючым, і прычынамі таго нашаму суразмоўцу бачацца няправільнае кармленне, змешванне крыві, нерэгулярная дэзінфекцыя хлява, ды і ў цэлым адсутнасць культуры вядзення гаспадаркі ў вяскоўцаў.

Яшчэ некалькі гадоў спатрэбілася для фарміравання прыроднага імунітэту жывёл. Была адладжана сістэма натуральнага адкорму: ніякіх камбікармоў, хімічных угнаенняў, гною, і тым больш — вакцынацый, антыбіётыкаў. Маткавае пагалоўе фарміравалася выключна з мясцовых авечак, коз і кароў, адаптаваных да гэтай кліматычнай зоны.

Было ўкладзена (і ўкладваецца) шмат працы. Але галоўнае — мэта, лічыць Андрэй Міхайлавіч: атрыманне вясковага натуральнага прадукту, вырабленага ў замкнёным цыкле без прымянення дапаможных рэчываў.

Дзень сённяшні

Хутар Ёдзішкі

На сённяшні дзень «Хутар Ёдзішкі» — гэта ўнікальная гаспадарка на 17 га зямлі. Тры лініі авечак, адзін гібрыд коз, мясныя быкі (усяго каля 200 галоў). Высокая прадуктыўнасць малака і якасны маладняк, усё беларускае. Фермер звяртае ўвагу, што пры арганічнай жывёлагадоўлі катэгарычна забароненыя клеткавае і прывязнае ўтрыманне, толькі свабодны выпас. Уся скаціна жыве на вуліцы круглы год, акрамя пяці дойных кароў і дойных коз, якіх зачыняюць на ноч.

Для авечак пабудавалі навес, і на гэтым усё. У любое надвор'е гадаванцы жывуць пад адкрытым небам і адчуваюць сябе даволі камфортна. Але гэтаму папярэднічалі 6-8 гадоў селекцыйнай работы, калі праводзіўся адбор мацнейшых (напрыклад, за першыя тры гады было набыта 750 авечак, каб сёння мець 33 маткі, адаптаваныя да мясцовага клімату, з устойлівым натуральным імунітэтам). І зараз у гаспадарцы нават не маюць ветэрынарнай аптэчкі! Толькі якая асобіна кашляне ці зробіцца вялай, у яе сапсуецца апетыт — адразу выдаляюць са статка.

З трусамі рабілі так: выпрацоўвалі імунітэт у клетках. І калі атрымалі маладняк, які аказаўся значна мацнейшым за бацькоў, то выпусцілі на волю. Цяпер яны гуляюць па наваколлі, як хатнія каты. Ходзяць у лес, шукаюць там лекавыя траўкі, павышаюць свой імунітэт натуральным спосабам.

На сённяшні дзень «Хутар Ёдзішкі»

Козы, казлы, быкі, бараны і авечкі ходзяць асобнымі статкамі і трымаюцца разам. А ахоўнікамі пры іх — сабакі, дакладней, дзевяць ваўкадаваў, і яны добра ведаюць сваю справу. Усё арганізавана так, што ўправіцца з пагалоўем можна ўласнымі сіламі, без дадатковых працоўных рук.

Але мясцовыя жыхары з задавальненнем прымаюць удзел у працэсе: напрыклад, нарыхтоўваюць корм і атрымліваюць за гэта «жывыя» грошы.

Экалагічная прадукцыя — мода ці неабходнасць?

Экалагічная прадукцыя — мода ці неабходнасць?

На гэтае пытанне кожны адкажа сабе сам. Але з тым, што здароўе — найвялікшая каштоўнасць, згодны ўсе. Ці не таму гараджане пацягнуліся да зямлі, актыўна карыстаюцца аграсядзібамі для адпачынку, вырошчваюць гародніну на лецішчах?

Фермеры Андрэй і Таццяна Абрамавы абазначылі сабе мэту: «Развіццё жыцця на вёсцы, аздараўленне нацыі праз стварэнне рынку вясковых натуральных прадуктаў». Яны карыстаюцца філасофіяй «Рабі ўсё, што можаш, каб жыццё іншых стала хоць крышачку лепшым».

Зразумела, экалагічна чыстая прадукцыя таннай быць не можа, бо яе сабекошт значна вышэйшы за тую, што вырабляецца ў прамысловых маштабах. Але попыт на яе велізарны. Гаспадары Ёдзішак не толькі не могуць яго задаволіць цалкам, але і не плануюць гэтага, ставячы найперш задачу развіваць вёску, стварыць сетку гаспадарак, якія будуць вырабляць сельскую натуральную прадукцыю. Андрэй Міхайлавіч гатовы дапамагаць усім жадаючым у арганізацыі падобнай формы гаспадарання, праводзіць семінары, кансультаваць.

Сертыфікацыя арганічнай прадукцыі ў Беларусі

Экалагічная прадукцыя

Сфера арганічнай вытворчасці ў Беларусі рэгулюецца Законам ад 09.11.2018 г. № 144-З «Аб вытворчасці і звароце арганічнай прадукцыі», які ўступіў у сілу 18 лістапада 2019 г. Яго дзеянне распаўсюджваецца на прадукты харчавання, корм для жывёл і пасадачны матэрыял.

Акрамя пяці ўладальнікаў сертыфікатаў адпаведнасці, зараз яшчэ шэраг беларускіх прадпрыемстваў праходзіць пераходны перыяд для атрымання такога сертыфіката. Як патлумачыла начальнік аддзела па пацвярджэнні адпаведнасці прадукцыі і ліцэнзаванні Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Алена Булавіна, пераходны перыяд дазволіць выключыць уздзеянне на канчатковы вынік папярэдніх тэхналогій і практык.

Напрыклад, у раслінаводстве для шматгадовых культур ён складае тры гады, для аднагадовых — два гады; у жывёлагадоўлі для буйной рагатай жывёлы — адзін год, для дробнай рагатай жывёлы — шэсць месяцаў, для птушкі — 12 тыдняў. У гэты перыяд павінны выконвацца ўсе правілы вытворчасці арганічных прадуктаў.

Наяўнасць сертыфіката адпаведнасці дазволіць прадпрыемствам маркіраваць сваю прадукцыю знакам «Арганічны прадукт. Беларусь».

Па словах Алены Булавінай, для развіцця арганічнай вытворчасці патрэбны тры складнікі: попыт з боку спажыўцоў, зацікаўленасць вытворцаў (бізнесу) і садзейнічанне дзяржавы. Што тычыцца апошняга, то ў рамках аказання дзяржаўнай падтрымкі вытворцам арганічнай сельгаспрадукцыі ўнесены змены ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2014 г. № 347 «Аб дзяржаўнай аграрнай палітыцы», якія прадугледжваюць, у тым ліку, пакрыццё выдаткаў на правядзенне сертыфікацыі арганічнай прадукцыі і працэсаў яе вытворчасці.

Як атрымаць сертыфікат адпаведнасці?

Любы жыхар Рэспублікі Беларусь можа атрымаць такі сертыфікат, выканаўшы шэраг правілаў, і сям’я Абрамавых гэтаму пацвярджэнне.

У Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі Рэспублікі Беларусь акрэдытаваны два органы па сертыфікацыі: Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі і НПЦ па харчаванні НАН Беларусі.

Працэс сертыфікацыі ўключае наступныя этапы: разгляд пададзеных дакументаў, аналіз стану вытворчасці, адбор узораў прадукцыі і іх выпрабаванні. Напрыклад, на прадмет наяўнасці рэшткаў пестыцыдаў, антыбіётыкаў, таксічных элементаў, радыенуклідаў, патагенных мікраарганізмаў, бактэрый групы кішэчнай палачкі, ГМА і г.д.

Сертыфікат (пры станоўчых выніках) выдаецца на пяць гадоў, але цягам гэтага тэрміну праводзіцца штогадовы планавы кантроль. Так спажывец можа быць упэўнены, што сертыфікаваная прадукцыя сапраўды арганічная.

Фотаздымкі прадастаўленыя БелДІМ i з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

48 0 53

У журналістыцы з 1999 года. Любімая тэма – чалавек, яго лёс. Упэўнена: толькі той матэрыял будзе жыць, які прапушчаны аўтарам праз сэрца, прачулы да апошняй коскі. Сухія ж, шаблонныя артыкулы не затрымаюцца ў памяці чытача, не паўплываюць на яго светаўспрыманне... Вельмі люблю сваю працу. Але штораз, паказваючы герою матэрыялу гатовы нарыс, хвалююся, быццам здаю важны іспыт: ці здолела зберагчы-перадаць словамі тое самае, асабістае? Ці адгукаецца душа на радкі? Цвёрда перакананая, што «маленькіх» людзей не бывае. Веру ў закон сеяння і жніва.