31.05.2023
31.05.2023

ART-космас Аляксандра Кішчанкі

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Аляксандр Кішчанка — мастак-інтэлектуал найвышэйшага ўзроўню. Яго творы шырока вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Ён здзейсніў сапраўдны прарыў у сферы выяўленчай культуры сучаснасці.

Прыродны талент і сапраўды касмічнае мысленне рэалізаваў у Беларусі, на сваёй другой радзіме, дзе пражыў большую частку жыцця. Мастак стаяў ля вытокаў фарміравання школы манументальнага мастацтва ў Беларусі і з'яўляўся адным з заснавальнікам школы нацыянальнага сучаснага габелена.

Не меней ярка раскрыўся творца ў станковым жывапісе: бліскуча валодаў усімі законамі малюнка, кампазіцыі, колераўспрымання. Менавіта гэтая грань таленту мастака дэманструецца на выстаўцы «Неба і зямля», якая адкрылася ў маі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Арт-космас Аляксандра Кішканкі

У экспазіцыі прадстаўлена жанравая і тэматычная паліфанія станковай творчасці Аляксандра Кішчанкі апошніх дваццаці гадоў жыцця майстра са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і сям'і, а таксама прыватных калекцый. Гэта шматфігурныя кампазіцыі, партрэты, нацюрморты, у якіх закранаецца сацыяльная праблематыка, раскрываюцца тэмы саіснавання ідэальнага чалавека і сусвету, пераасэнсоўваюцца біблейскія і міфалагічныя матывы.

Народнага мастака Беларусі няма з намі ўжо больш за 25 гадоў, ён пайшоў з жыцця ў 1997 годзе. Нягледзячы на гэта, размовы пра яго творчасць не сціхаюць па гэты дзень, а імя не сыходзіць з газетных палос і часта мільгае ў навінавых стужках. Творчае жыццё мастак пачынаў у Львове, але затым яго запрасіў у Беларусь мастак, заснавальнік кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва сённяшняй Акадэміі мастацтваў Гаўрыіл Вашчанка.

Аляксандр Кішчанка

Да 1970 года творца выкладаў на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, і гэта самы прадуктыўны перыяд яго творчасці. За гэты час ён змог наладзіць габеленававую вытворчасць у Беларусі. Дарэчы, яго манументальны філасофскі эпас — знакаміты «Габелен стагоддзя» — у 1999 годзе быў занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі габелен у свеце. Работа прызнаная нацыянальным здабыткам. На палотнішчы памерам 19x14 метраў аўтар адлюстраваў самых вядомых асоб мінулага і сучаснасці, а таксама падзеі светабудовы: Ноеў каўчэг, Хрыста і Антыхрыста, Крэмль, Папу Рымскага, Чэрчыля, Гарбачова, Сталіна, Хэмінгуэя, Кастра (намаляваныя больш за 80 партрэтаў). У адным з куткоў габелена аўтар адлюстраваў уласны партрэт і аблічча беларускага лідэра. Асноўная задума мастака быў сканцэнтравана не ў партрэтах палітычных дзеячаў, а ў цэнтральным сюжэце габелена — інтэрпрытацыі канфлікта Хрыста і Антыхрыста. Работа над стварэннем «Габелен стагоддзя» доўжылася пяць гадоў. Твор выстаўлялася на публічны паказ толькі некалькі разоў.

— Аляксандр Кішчанка — унікальны мастак, педагог, які стварыў сваю мастацкую спадчыну, — упэўнены дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. — Безумоўна, ён быў пацалаваны Богам. Творы, створаныя ім у манументальным мастацтве, сёння складаюць залаты фонд Беларусі. І наша выстаўка адлюстроўвае толькі малую частку яго творчасці. Ён рана пайшоў з жыцця, а мог бы стварыць яшчэ шмат твораў. Напрыклад, прыняць удзел у працы над Нацыянальнай бібліятэкай. Мне прыемна казаць пра тое, што мы з ім былі блізка знаёмыя. Для мяне гэта сапраўдны гонар. Аляксандр Міхайлавіч — той чалавек, які аказаў на мяне пэўны ўплыў.

Кішчанка 3

Некаторыя работы мастака на выстаўцы можна ўбачыць упершыню — да гэтага яны захоўваліся ў калекцыі сям'і аўтара. Ёсць у экспазіцыі і хрэстаматыйныя кампазіцыі маэстра. Увогуле экспазіцыя — поўная карціна «сусветнага рэалізму» Кішчанкі. Менавіта так ён называў свой стыль адлюстравання рэчаіснасці. Але гэта з пункту гледжання філасофіі, а што тычыцца мастацкіх прыёмаў, адметных ў работах мастака, то тут пануюць каляровыя плямы, аб'ём і фактурнасть.

Аляксандр Кішчанка быў нястомным і неабыякавым да таго, што адбывалася вакол яго. Працуючы над любымі кампазіцыямі, ён надаваў колерам сімвалічны сэнс. У яго творчым успрыманні охра — гэта беларуская зямля, чырвоная мазаіка — кроў.

Чорныя і цёмна-карычневыя тоны — цяжкая гісторыя беларускага народа ў часы вайны. Жоўтая смальта — вера ў перамогу. Творцу раздражняла шэрасць і манатоннасць, таму ў творчым працэсе галоўным для яго была дынаміка мыслення.

Цікава, што мастак ніколі нічога не прыдумваў, яго вобразнасць і выразнасць пабудаваныя на рэальных асобах і падзеях. Вялікая колькасць людзей пазіравала майстру. Яму была важная дасканалась. Таму ўсе рухі, мімічныя рысы герояў былі асэнсаваныя і даведзеныя да максімальнага падабенства.

Кішчанка 4

Шматграннасць Аляксандра Кішчанкі праявілась не толькі ў творчасці. але і ў выкладанні. Ён быў патрабавальным выкладчыкам, але ад гэтага не менш цікавым. Вучні вельмі любілі прыходзіць на заняткі да яго не толькі дзеля таго, каб атрымаць неабходныя веды, але яшчэ, каб зарадзіцца гумарам і натхняльным настроем мастака.

Сярод яго вучняў былі такія знакамітыя дзеячы мастацтва, як Зоя Літвінава, Святлана Каткова, Юрый Багушэвіч і іншыя.

Сын мастака — Максім успамінае, што бацька ў дзяцінсве здаваўся яму касманаўтам, таму што ўвесь час шукаў адказ на пытанне, якая асноўная роля чалавека ў нашым неабдымным свеце. Аляксандр Кішчанка не быў абыякавым чалавекам, увесь час шукаў новыя магчымасці раскрыцця патэнцыялу, спрабаваў адкрыць для сябе новыя грані ўспрымання свету. Толькі па гэтаму сёння  можна быць упэўненым, — адказ на галоўнае пытанне жыцця майстра знойдзены.

Кішчанка

Сёння карціны мастака-манументаліста захоўваецца ў мастацкіх музеях Беларусі і Расіі, у тым ліку ў Траццякоўскай галерэі, а таксама ў прыватных калекцыях. Творы Аляксандра Кішчанкі магутныя па канцэнтрацыі сучаснай праблематыкі. Народны мастак імкнуўся ўзвысіць нашу нацыю ў яе гераічнай нязломнасці, мірным жыцці і ў зацвярджэнні хрысціянскіх каштоўнасцяў.

«Арт-Мінск-2023». Чым уражвае галоўная выстаўка беларускіх мастакоў сёлета?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама