13.11.2020
13.11.2020

Асаблівасці чэрапна-мазгавой траўмы ў дзяцей і дарослых

logo
Здароўе дзяцей
0 19
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як зразумець, што атрымаў чэрапна-мазгавую траўму? Чым адрозніваецца рэакцыя арганізма дзіцяці на траўму ад рэакцыі дарослага? Куды звяртацца пры ЧМТ?

Аляксандр Бароўскі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры нервовых і нейрахірургічных хваробаў БДМУ, нейрахірург Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска распавёў пра вострыя і хранічныя гематомы, дыягностыку і лячэнне ЧМТ у дзяцей і дарослых.

Траўма ёсць, сімптомаў няма

Як зразумець, што атрымаў ЧМТ

Як зразумець, што атрымаў ЧМТ, калі не страціў прытомнасць?

Аляксандр Бароўскі:

– Што тычыцца траўмаў у дарослых (з дзецьмі па-іншаму)... Калі чалавек б'ецца галавой настолькі моцна, што атрымлівае ЧМТ, дык, як правіла, губляе прытомнасць. Ён можа і не заўважыць, што «адключыўся». Калі чалавек страціў прытомнасць нават на пэўны момант і/альбо ў яго ёсць млоснасць і ваніты, з наяўнасцю факту траўмы галавы – гэта прыкмета ЧМТ як мінімум лёгкай ступені. Незалежна ад ступені цяжкасці пацыенты з падобнымі траўмамі павінны назірацца ў бальніцы. Чаму гэта важна? З-за магчымага адтэрмінаванага пагаршэння стану пацыента.

Перыяд уяўнага добрага стану, да развіцця другаснай сімптаматыкі, называюць светлым прамежкам. У галаве надрываецца сасуд альбо адбываецца невялікі пералом, які не адчуваецца, няма знешніх пашкоджанняў. Такое верагодна, калі, да прыкладу, на момант ДТЗ на галаве пацярпелага быў шлем ці шапка. Крывацёк прыводзіць да фарміравання ўнутрычарапной гематомы і можа справакаваць адтэрмінаванае сцісканне мозгу. У гэтым выпадку чалавек губляе прытомнасць ужо не ад страсення, а ад сціскання і дыслакацыі галаўнога мозгу. Тут без старонняй дапамогі ў свядомасць чалавек ужо не прыйдзе. Калі паспеюць давезці да бальніцы і прааперыраваць, яму пашанцуе.

Калі ў бальніцу ўсё ж такі не звяртацца, ці дадуць пра сябе ведаць такія траўмы ў будучым?

Аляксандр Бароўскі:

– Наступствы цяжкай ЧМТ можна параўнаць з наступствамі інсульту. Цяжкая ЧМТ часта прыводзіць да неўралагічных парушэнняў. У такой траўмы самыя сур'ёзныя наступствы. Каб вярнуць страчаныя функцыі, пацыентам спатрэбіцца доўгая рэабілітацыя.

Своечасова пачатае лячэнне ЧМТ сярэдняй ступені дапамагае вярнуць страчаныя функцыі на працягу месяца. Ігнараванне сімптомаў можа прывесці да інвалідызацыі.

Аднакратна атрыманая лёгкая чэрапна-мазгавая траўма праходзіць без наступстваў у сярэднім праз тыдзень, але паўторныя страсенні галаўнога мозгу небяспечныя. Гэта асабліва актуальна для баксёраў, бо накаўт – гэта як мінімум страсенне мозгу. За сваё жыццё спартсмены пераносяць іх досыць шмат.

Паступова назапашваючыся, пашкоджанні мозгу ў рэшце рэшт прыводзяць да дэменцыі, якая праяўляецца клінічна ў выглядзе безуважлівасці, ачаговай неўралагічнай сімптаматыкі. Калі мы шпіталізуем пацыента з лёгкай ЧМТ, яго не столькі лечаць, колькі назіраюць за станам, каб лёгкая траўма не перарасла ў цяжкую. А для аднаўлення патрэбны, па вялікім рахунку, толькі псіхаэмацыянальны спакой, часам абязбольвальныя сродкі.

Хранічная гематома ў сталых

ЧМТ ў сталых

Любы сіняк паступова знікае, калі гематома рассмоктваецца. Чаму ў поласці чэрапа вострая гематома часам пераходзіць у хранічную?

Аляксандр Бароўскі:

– Хранічная гематома можа быць следствам чэрапна-мазгавой траўмы, такое часцей сустракаецца ў сталых людзей. Напрыклад, чалавек не вельмі моцна стукнуўся галавой і забыўся пра гэты інцыдэнт. Праз 10-14 дзён гематома набывае хранічную форму.

У людзей сталага ўзросту з гадамі аб'ём мозгу робіцца меншым за ўнутрычарапны аб'ём, з'яўляецца шмат вольнай лікворнай прасторы. Пасля траўмы невялікі крывацёк не прыводзіць да сціскання мозгу, таму магчымае бессімптомнае цячэнне. З часам кроў распадаецца на складнікі. Фібрын, які змяшчаецца ў крыві, выпадае, фарміруючы капсулу вакол гематомы. Капсула працуе, як паўпранікальная мембрана, затым разбураюцца эрытрацыты, выдзяляюцца буйныя малекулы бялку. Па асматычным градыенце ў поласць гематомы пачынае паступаць вада з навакольных тканак.

Яшчэ адной небяспекай з'яўляецца павелічэнне аб'ёму гематомы за кошт новых кровазліццяў з наноў утвораных сасудаў капсулы. Калі яна моцна вырастае (2-3 см таўшчынёй, а па аб'ёме можа быць больш за 300 мл), узнікаюць сімптомы, напрыклад, з'яўляецца галаўны боль, адмаўляецца працаваць рука альбо нага, парушаецца маўленне, свядомасць.

Дарэчы, ёсць і іншыя фактары, якія спрыяюць утварэнню  хранічных гематомаў: прыём антыкаагулянтаў, захворванні сасудаў і інш.

Асаблівасці ЧМТ у дзяцей

Асаблівасці ЧМТ у дзяцей

Сёння ў Мінску дзіцячымі чэрапна-мазгавымі траўмамі займаюцца спецыялісты РПНЦ неўралогіі і нейрахірургіі. А да 2010 года маленькія пацыенты паступалі і ў БХМД, на базе якой было дзіцячае нейрахірургічнае аддзяленне.

Рэакцыя арганізма дзіцяці на траўму адрозніваецца ад рэакцыі дарослага ў сілу анатама-фізіялагічных асаблівасцяў мозгу і чэрапа ў дзіцячым узросце. Клінічныя праявы ЧМТ часам носяць сцёрты характар.

Зусім маленькія дзеці не могуць паскардзіцца, дзе баліць, апісаць сімптомы, таму складана сабраць анамнэз. Урачы могуць абапірацца толькі на словы маці альбо іншых відавочцаў траўмы. Калі ў дзіцяці ва ўзросце да года здарылася траўма галавы, няхай нават ён упаў з невялікай вышыні і маме ўдар падаўся нязначным, паказаць дзіця ўрачу трэба абавязкова. Дзеці да трох гадоў шпіталізуюцца разам з мамай.

Некаторыя памылкова лічаць, што дзеці лягчэй пераносяць ЧМТ з-за несфармаванага чэрапа, які яшчэ не паспеў закасцянець, але гэта не так. У малышоў мозг вельмі гідрафільны, адчувальны да ўдараў і страсенняў. Крынічка і несфармаваныя касцявыя швы ніякім чынам не ратуюць ад павышэння ўнутрычарапнога ціску пры траўме.

Бацькам трэба звяртаць увагу на наступныя сімптомы пасля траўмы галавы: змяненне паводзінаў (зрабіўся млявым, санлівым, дзіўным), млоснасць, ваніты, галаўны боль, галавакружэнне, сутаргі, тым больш крывацёк альбо выдзяленне празрыстай вадкасці з вуха ці носа, сінякі пад вачыма. Сімптомы могуць узнікнуць адразу альбо на працягу сутак.

Заўважайце, калі малыш заплакаў: адразу ці праз пэўны час пасля падзення. Калі вы не бачылі на ўласныя вочы момант траўмы, дык маглі прапусціць час страты прытомнасці і нават не здагадацца пра ЧМТ. Важна пасля траўмы сачыць за апетытам і актыўнасцю дзіцяці. Любы з вышэйпералічаных сімптомаў – нагода для неадкладнага звароту да ўрача.

Куды звяртацца пры ЧМТ

Траўма галавы

Калі ёсць рана на галаве, трэба звярнуцца да хірурга, каб зашыць яе, а ён павінен ужо вызначыць, ці неабходная КТ і кансультацыя нейрахірурга. Калі раны няма, але турбуюць ваніты ці іншыя сімптомы чэрапна-мазгавой траўмы, звяртаемся да нейрахірурга, а ў раённых бальніцах – да неўролага, траўматолага альбо хірурга.

Паводле інструкцыі №1110 аб парадку арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з чэрапна-мазгавой траўмай, такая дапамога ажыццяўляецца этапна: на дашпітальным этапе; у прыёмным аддзяленні бальнічных арганізацый аховы здароўя; у спецыялізаваных нейрахірургічных аддзяленнях абласных, гарадскіх і міжраённых бальніц, у хірургічных і траўматалагічных аддзяленнях з замацаванымі ложкамі для лячэння пацыентаў з ЧМТ абласных, гарадскіх, міжраённых і раённых бальніц; у палатах інтэнсіўнай тэрапіі і аддзяленнях анестэзіялогіі і рэанімацыі абласных, гарадскіх, міжраённых і раённых бальніц.

Усе пацыенты з лёгкай ЧМТ павінны быць шпіталізаваныя. Калі няма магчымасці зрабіць КТ, неабходна назіраць іх ва ўмовах бальніцы як мінімум 5 сутак.

Камп'ютарная тамаграфія галаўнога мозгу – галоўны метад даследавання пацыентаў з ЧМТ. Ён дазваляе вызначыць унутрычарапныя гематомы і гемарагічны інсульт, выключыць пухліну альбо, напрыклад, ішэмічны інсульт.

А калі пацярпелы адмаўляецца ад шпіталізацыі?

Аляксандр Бароўскі:

– Адмова пацыента ад шпіталізацыі пры пашкоджаным галаўным мозгу юрыдычнай сілы не мае. Пацярпелы можа знаходзіцца ў неадэкватным стане, не здольны прыняць правільнае рашэнне, не разумець усёй небяспекі адмовы ад шпіталізацыі для яго здароўя. А прымусіць яго да шпіталізацыі ўрач не мае права, калі пацыент у свядомасці і адмаўляецца ад медыцынскай дапамогі. Сілаю не шпіталізуем. Спрабуем максімальна даходліва растлумачыць, што яму пагражае. Магчыма, праз сваякоў. Калі пацыент самавольна сыходзіць, мы перадаем актыў у паліклініку па месцы жыхарства, часам звяртаемся па дапамогу ў міліцыю.

У якім выпадку паведамляюць у праваахоўныя органы аб пацыенце, прывезеным у бальніцу з ЧМТ?

Калі ёсць падазрэнне на крымінальны характар траўмы, у праваахоўныя органы паведамляецца ў абавязковым парадку. Калі пацыент паступае без прытомнасці і немагчыма высветліць абставіны, пры якіх атрыманая траўма, таксама перадаецца паведамленне ў міліцыю. Аб пацыентах, якія атрымалі траўму ў ДТЗ, паведамляем у ДАІ.

Выпадак з практыкі

У бальніцу паступіў пацыент, які неафіцыйна працаваў на будоўлі. Ён зваліўся з лясоў і стукнуўся скроняю аб ручку будаўнічага пісталета. У выніку – невялікая рана, рассяканне мяккіх тканак у скроневай вобласці. Свядомасці не губляў, млоснасці і галавакружэння не было. Мужчына звярнуўся па дапамогу, каб яму зашылі рану на скроні. З-за тоўстай скроневай мышцы і вялікага крывацёку са скуры абследаваць дно раны не ўяўлялася магчымым. Медыкаў, якія зашывалі рану, гэта насцярожыла, пацыента накіравалі на камп'ютарную тамаграфію.

У прыёмным аддзяленні на той момант было шмат пацыентаў. Мужчына счакаў 10 хвілін. І паколькі яго нічога не турбавала, вырашыў самавольна пакінуць бальніцу.

Праз паўтары гадзіны яго даставіла брыгада хуткай дапамогі ўжо без прытомнасці. Чаму гэта адбылося?

З-за ўнутрычарапной гематомы – яе выявілі на КТ. У месцы ўдару будаўнічага пісталета выявіўся пералом з мноствам аскепкаў – востры прадмет пашкодзіў скроневую косць, якая вельмі тонкая і знаходзіцца пад мышцай, валокны якой зрушыліся і не дазволілі агледзець дно раны. Калі мужчына прыйшоў з бальніцы дадому і пачаў вячэраць, у працэсе жавання скроневая мышца пачала ссоўваць абломкі косці. Гэта прывяло да надрыву сасудаў кары і цвёрдай мазгавой абалонкі. У выніку ўтварылася вялізная ўнутрычарапная гематома.

Калі гэты пацыент паступіў па хуткай у другі раз, пасля правядзення КТ у суправаджэнні рэаніматолага ён быў адразу ж дастаўлены ў аперацыйную. Часу прайшло, на шчасце, няшмат, яго ўдалося выратаваць, але выздараўленне заняло каля трох месяцаў. Калі б спазніліся на 15-20 хвілін, наступіла б аклюзія жалудачкавай сістэмы, і чалавек бы памёр. Разам з тым, калі б ён не пакінуў прыёмнае аддзяленне і дачакаўся сваёй чаргі на КТ, дык выканалі б хірургічную апрацоўку пералому чэрапа, выдалілі абломкі косці і спынілі крывацёк.

Медыцынскія работнікі нагадваюць, што да любой чэрапна-мазгавой траўмы трэба ставіцца вельмі сур'ёзна.

https://bel.24health.by/drymotnasc-svetly-pramezhak-i-koma-da-chago-pryvodzic-cherapna-mazgavaya-trauma/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 19

Вядучы рэдактар рускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст