05.10.2020
05.10.2020

Асаблівасці прыёму седатыўных раслінных прэпаратаў: форма, дозы, працягласць і ўзаемадзеянне з іншымі лекамі

logo
Здароўе дарослых
0 19
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Заспакаяльныя лекі на расліннай аснове, якія прадаюцца ў аптэках без рэцэпта, валодаюць назапашвальным дзеяннем і не прадугледжваюць імгненнага эфекту. Пра гэта, а таксама пра састаў, уласцівасці і паказанні да прымянення безрэцэптурных седатыўных прэпаратаў мы падрабязна распавялі ў папярэднім матэрыяле.

Седатыўныя раслінныя прэпараты. Набываем без рэцэпту.

Як правільна прымяняць безрэцэптурныя лекі заспакаяльнага дзеяння? Якая форма найбольш эфектыўная: таблеткі, спіртавыя настойкі альбо травяныя зборы? Ці можна іх прымаць разам з іншымі лекавымі прэпаратамі? Праз які перыяд часу робіцца зразумелым, працуе заспакаяльны сродак ці надышоў час мяняць яго на іншы? Ці могуць седатыўныя лекі вольнага доступу выклікаць прывыканне? Працягваем актуальную размову з клінічным фармаколагам Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска Алегам Кендзенковым.

Ці адрозніваюцца па эфекту розныя формы седатыўных прэпаратаў?

Алег Кендзянкоў.

Седатыўныя лекавыя сродкі выпускаюцца ў розных формах: гэта і таблеткі, і капсулы, і настойкі, і сухое рэчыва для самастойнага прыгатавання настою альбо адвару. Сапраўды, існуе меркаванне, што адна форма больш эфектыўная за іншыя, прычым у каго ні спытайся, кожны мае свой пункт гледжання на гэты конт.

Фактычна ж, калі параўноўваць розныя формы менавіта раслінных седатыўных прэпаратаў, дык эфектыўнасць у іх хутчэй за ўсё будзе аднолькавай. Чаму не кажам пэўна? Бо вельмі цяжка ацаніць фармакакінетыку лекаў на расліннай аснове (тое, як лекі ўсмоктваюцца, колькі іх паступае ў кроваток, як доўга яны знаходзяцца ў крыві і г.д.) з-за таго, што дзеючымі рэчывамі раслінаў з седатыўным эфектам з'яўляюцца мноства розных злучэнняў.

Больш за тое, фармакакінетыку гэтых лекаў ніхто, па сутнасці, не вывучаў. На пачатку станаўлення фармакалогіі не было магчымасці, цяпер па шэрагу прычынаў – няма неабходнасці. Сёння ў аптэках ёсць на парадак больш эфектыўныя сінтэтычныя седатыўныя прэпараты з вывучаным механізмам дзеяння. Тым не менш, выводзіць з абароту раслінныя зусім не абавязкова, бо ў большасці выпадкаў, каб вярнуць сабе спакой і сон, не патрэбныя моцнадзейныя прэпараты.

Трэба памятаць, што чым вышэйшая эфектыўнасць лекавага сродку, тым больш шкоды ён можа нанесці, калі выкарыстоўваць яго не па паказаннях. Самастойна, не маючы медыцынскай адукацыі, дакладна вызначыць паказанні бывае не заўсёды проста.

Раслінныя заспакаяльныя прэпараты прадаюцца без рэцэпту, бо падыходзяць практычна ўсім і не маюць строгіх указанняў, калі, каму і навошта іх прымяняць.

Калі эфект раслінных седатыўных прэпаратаў аднолькавы, у чым тады перавага адной лекавай формы перад іншай?

Наогул шматлікасць розных формаў прэпаратаў у фармакалогіі звязаная са зручнасцю выкарыстання, шляхамі ўвядзення і самае галоўнае – хуткасцю надыходжання эфекту. У цэлым вадкія формы (напрыклад, настойкі, адвары, настоі) ўсмоктваюцца значна хутчэй, чым цвёрдыя (таблеткі, капсулы, пілюлі). Але, улічваючы, што даступныя ў аптэцы раслінныя седатыўныя прэпараты валодаюць назапашвальным эфектам, дык хуткасць усмоктвання ў дадзеным выпадку не мае абсалютна ніякага значэння, і выбар паміж настойкай, таблеткай ці капсулай залежыць выключна ад асабістых перавагаў і зручнасці прыёму.

Седатыўныя раслінныя прэпараты. Формы выпуску.

Адзінае, што варта адзначыць, – вадкія формы можна больш тонка дазіраваць. Скажам, трэба 65 мг дзеючага рэчыва. Цвёрдая форма (таблетка, капсула) мае стандартную дазіроўку – напрыклад, 50 альбо 100 мг дзеючага рэчыва, і адмераць 65 мг вельмі цяжка. Затое з вадкімі формамі можна адмяраць неабходную дозу і па колькасці кропель, і па аб'ёме. У выпадку з чыста расліннымі седатыўнымі прэпаратамі гэта не мае асаблівага значэння, але калі прэпарат камбінаваны і змяшчае ў саставе, напрыклад, фенабарбітал, дык дозу можна падабраць індывідуальна.

Не варта забывацца, што ў настойках змяшчаецца этылавы спірт, які сам па сабе ў невялікіх дозах аказвае седатыўны эфект, здольны ў пэўнай меры ўзмацняць тармозячае дзеянне заспакаяльных прэпаратаў. Калі ж у большасці інструкцый да таблетак альбо капсул раслінных заспакаяльных прэпаратаў прапісана, што яны не рэкамендаваныя для прыёму цяжарным у сувязі з адсутнасцю дастатковых дадзеных, дык настойкі ім канкрэтна супрацьпаказаныя.

Гэтак жа прыём настоек з-за этылавага спірту ў саставе супрацьпаказаны пры кіраванні аўтамабілем і пры працы, якая патрабуе павышанай канцэнтрацыі ўвагі і хуткасці рэакцый. Таксама лекі, якія ўтрымліваюць спірт, на смак даволі непрыемныя, што падыходзіць далёка не ўсім.

Седатыўныя раслінныя прэпараты. Якія не варта ўжываць вадзіцелям.

Што тычыцца настояў і адвараў, лепей устрымацца ад іх самастойнага заварвання, калі вы не знаёмыя з тэхналогіяй падрыхтоўкі такіх формаў ці не гатовыя строга прытрымлівацца інструкцыі. У адваротным выпадку высокія рызыкі проста сапсаваць лекавыя рэчывы, якія плануецца атрымаць з раслінаў, ці, наадварот, атрымаць з іх толькі тое, што выкліча пабочныя эфекты.

Якія ёсць нюансы ў прыёме седатыўных раслінных прэпаратаў адначасова з іншымі лекамі?

Лекавыя расліны з'яўляюцца хаця і вельмі слабымі, але ўсё ж лекамі. Натуральна, паміж імі і больш актыўнымі прэпаратамі могуць быць міжлекавыя ўзаемадзеянні. Напрыклад, не рэкамендуецца спалучаць прыём валяр'яны і антыдэпрэсантаў, бо высокая рызыка галавакружэнняў і павышанай дрымотнасці. Таксама нельга прымаць адначасова супрацьсутаргавыя прэпараты, аральныя кантрацэптывы, некаторыя антыбіётыкі і святаяннік.

Напэўна, шэраг лекавых раслінаў гэтак жа нельга спалучаць адно з адным з-за антаганізму (прама супрацьлеглага дзеяння). Менавіта таму аптымальна пракансультавацца з урачом перад пачаткам прыёму лекавага прэпарата, нават калі ён прадаецца ў аптэцы без рэцэпту.

Седатыўныя раслінныя прэпараты. Пракансультавацца з урачом.

Чаму эфект надыходзіць толькі праз некаторы час рэгулярнага прыёму і ці можна ўжываць седатыўныя раслінныя прэпараты прэвентыўна, на апярэджанне?

Лічыцца, што заспакаяльны эфект раслінных лекавых сродкаў гарманічны. Ён надыходзіць плаўна, мякка, не выклікаючы дысбалансу ў медыятарных сістэмах мозгу (у адрозненні ад штучна сінтэзаваных малекулаў). З гэтага вынікае, што эфект развіваецца паступова. Чым даўжэй вы прымаеце прэпарат, тым больш выяўлены эфект.

У выпадках працяглага стрэсу нервовая сістэма падчас прыёму «седатыкаў» перабудоўваецца і вучыцца рэагаваць на перагрузкі адэкватна сітуацыі, выпрацоўваюцца правільныя патэрны рэакцыі без празмерных эмацыянальных успышак. Гэтыя патэрны спатрэбяцца і будуць выкарыстоўвацца ў наступным пасля адмены прэпарата, калі вы зноў сустрэнецеся з падобнай праблемай.

На жаль ці на шчасце, сярод аптэчных раслінных заспакаяльных няма прэпаратаў з імгненным эфектам. Стрэс па сутнасці з'яўляецца кампенсатарнай рэакцыяй арганізма, якая дапамагае нам прыстасоўвацца да неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя. Аднак жыць у пастаянным стрэсе дрэнна, бо ўнутраныя рэзервы рана ці позна вычэрпваюцца і можа здарыцца катастрофа.

Седатыўныя раслінныя прэпараты. Калі накрывае стрэс.

Таму лепшы варыянт – плаўна супакойваць нервовую сістэму, бо мозг заўсёды шукае рашэнне праблемы, якое запатрабуе найменшых выдаткаў энергіі. Але  хуткае і простае, яно не заўсёды аказваецца правільным. Той выпадак, калі на экзамене перанерваваўся і, ведаючы прадмет на выдатна, даў няправільны адказ на пытанне. Альбо на заўвагу калегі па адказнай справаздачы нахаміў замест таго, каб спакойна абгрунтаваць пазіцыю.

Таму я б рэкамендаваў пачынаць прымаць раслінныя заспакаяльныя прэпараты мінімум за 1-1,5 тыдня да маючай адбыцца адказнай падзеі. За гэты час дзеючае рэчыва лекаў паспее назапасіцца і седатыўны эфект выявіцца.

І ўсё ж такі, як доўга трэба чакаць, каб зрабілася лепей, калі прымаць лекі не прафілактычна? Тыдзень? Месяц? І ўвогуле, як доўга можна піць заспакаяльныя раслінныя прэпараты?

Як правіла, калі на працягу двух тыдняў ад пачатку прыёму лекаў вы не адчуваеце эфекту, дык яго ўжо і не будзе. І тут трэба альбо мяняць прэпарат, альбо звяртацца да ўрача па дапамогу. Жорсткіх абмежаванняў па працягласці прыёму раслінных заспакаяльных прэпаратаў няма. Калі вы адчуваеце, што яны вам дапамагаюць, дык прымаць іх можна месяцамі. Але гэта не тычыцца прэпаратаў, якія ўтрымліваюць спірт. Для іх я б рэкамендаваў абмежаваць працягласць рэгулярнага прыёму да 1 месяца максімум.

Седатыўныя раслінныя прэпараты. Асцярожна! Этылавы спірт.

Ці можа ўзнікнуць прывыканне да седатыўных раслінных прэпаратаў?

Прывыкання да раслінных седатыўных прэпаратаў у звыклым сэнсе не ўзнікае. Гэта значыць, пасля спынення курсу няма сіндрому адмены. Але праз два-тры месяцы рэгулярнага прыёму проста можа выпрацавацца звычка, што трэба выконваць пэўны рытуал у пэўны час, напрыклад, адмяраць колькасць кропель, выпіць капсулу пасля ежы і г.д. Гэта не страшна, але на пэўны перыяд часу пасля спынення прыёму лекаў гэтага рытуалу можа не хапаць, асабліва людзям з павышанай эмацыянальнасцю.

Пэўную насцярожанасць павінен выклікаць працяглы прыём лекавых сродкаў, якія ўтрымліваюць спірт, бо рэгулярны прыём этанолу (у адрозненні ад раслінных кампанентаў) можа выклікаць рэальную залежнасць. Але ролю тут адыгрывае не столькі доза, колькі сам факт рэгулярнасці ўжывання.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 19

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама