22.05.2019
22.05.2019

Ах, якое сонца майскае... пякучае

logo
Думкі ўслых
0 72
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вось не хоча апошнім часам наша прырода быць гэткай жа памяркоўнай, як большасць беларусаў! Дзе ўмеранасць?! Дзе разумнае чаргаванне цеплыні-гарачыні і дажджоў? Не ліўняў з градам, не ветру, які зносіць, здаецца, усё на сваім шляху...

А каб так: пастаяла сонечнае надвор’е  – паліло перасохлую зямлю. І далей гэтак жа, па плану. Эх, мары-мары...

А ў маі найчасцей бывае па-іншаму. З’явілася сонца – і мы радасна спяшаемся распрануцца, каб пазагараць. Забываючыся пра тое, што патроху трэба, паступова. А мы – адразу, даўжэй і пабольш, імкнучыся назапасіць сонечных промняў у арганізме, бо так адчайна засумавалі па цеплыні!

Але ж сонца майскае – каварнае і пякучае. Здаецца – ну, яшчэ хвілінку, яшчэ пяць хвілінак, а тады надзенем кашулю з доўгім рукавом. Але чаму ж так смыляць рукі-ногі?! А гэта ўжо чырвань ад сонца пайшла. Падсмажыліся! Вось табе і пяць хвілінак. Цяпер хутчэй па крэмы-бальзамы ці па тую ж смятану, каб зняць пачуццё смылення. Аздаравіліся, называецца...

І спыніцца б на гэтым, стаць больш асцярожнымі. Ды дзе там! Смыленне-чырвань праходзіць, саступаючы месца неблагому такому загару. І, дачакаўшыся чарговых пагодных майскіх дзянькоў, мы зноў спяшаемся распрануцца... Бо ў галаве – спрэс станоўчае. Выпрацоўка вітаміну Д, сератаніну для выдатнага настрою, умацаванне імунітэту...

«А што, гэта ўсё няпраўда?!» – запытаецеся вы. Ды праўда, праўда. Толькі і шкоднасць каварнага майскага сонца не трэба недаацэньваць. А я пра ўсё гэта думаю і разважаю, бо сама штогод апынаюся ў шэрагу тых, каму ў маі яно для загару – у радасць.

Не скажу, што гэта – мая мэта. Асабліва-то і не люблю загараць. Тым больш, лежачы на адным месцы. Проста так атрымліваецца – у працэсе шчыравання на дачы па выхадных. Ну горача ж у кашулі з доўгім рукавом увесь час! Таму спачатку загараю пяць хвілін... А, ну сонца ж быццам бы і не так смажыць. Яшчэ пяць... І яшчэ... У выніку да зваранага рака далекавата, але рухаюся ў правільным кірунку.

Асцярожна гарачыня! Крэмы ад сонца, галаўныя ўборы, спецыяльныя акуляры

А вучоныя ж сцвярджаюць, што менавіта вось такая быццам бы неадчувальнасць – самая небяспечная, у тым ліку і ў веснавым яшчэ месяцы маі. Бо сонечная радыяцыя, аказваецца, дастаткова моцная, каб нанесці шкоду непадрыхтаванаму арганізму. Плюс паветра яшчэ недастаткова і нядоўга прагрэтае. Таму і здаецца, што ад веснавога пяшчотнага (быццам бы!) сонейка яшчэ няма патрэбы абараняцца.

«Ёсць патрэба!» – пераконваюць нас шматлікія даследчыкі. І нагадваюць: крэмы ад сонца, галаўныя ўборы, спецыяльныя акуляры ў маі ўжо больш чым дарэчы – яны неабходныя! Бо скура пасля зімы-вясны з невялікай колькасцю сонечных дзён перад сонцам якраз і не абароненая ў маі. А гэта і алергія, і апёкі, і заўчаснае старэнне, маршчыны, пігментныя плямы... І даволі сур’ёзныя захворванні можна займець (цьфу-цьфу-цьфу!).

А пра тое, што пры гарачыні неабходна як мага больш ужываць чыстай вады і ўмерана – мінеральнай, памятаем?! Зрэшты, вось тут арганізм сам хутчэй нагадае – смагай. Але каб у галаве ўключыўся ўяўны будзільнік, які б прымусіў абмежаваць напачатку знаходжанне на сонцы... Не заўсёды своечасова, на жаль, ён у мяне запускаецца. А ў вас?!

...Атрымаўшы ў мінулую нядзелю на дачы пачырваненне лытак (умеранае), твару і шыі (невялікае), уключаю галаву! Цяпер буду загараць патроху і непрацяглы час. Зрэшты, прыгадаць пра гэта пасля першага такога сёлетняга лёгкага «падсмажвання» яшчэ нядрэнна, як мне падаецца. Таму і пішу гэтыя думкі ўслых. Каб і вы таксама ўспомнілі, што майскае сонца можа быць не толькі сябрам...

Таму закупляемся крэмамі «да», «для» і «пасля», бяром з дому сонцаахоўныя акуляры, галаўны ўбор і... Толькі прыемных усім уражанняў ад сонца! Яго пяшчотных, а галоўнае – неагрэсіўных дотыкаў...

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 72

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".