24.09.2022
24.09.2022

Бацькі і дзеці. Як новы спектакль віцебскага тэатра «Лялька» уплывае на сямейную псіхалогію

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прыгожы будынак віцебскага тэатра «Лялька» – нібы куфэрак з дзівосамі. Стаіць ён у самым цэнтры горада, на беразе Дзвіны. Ля ўвахода – бронзавая скульптура казачнага чарадзея Хатабыча. Аўтар знакамітай казкі («Старик Хоттабыч») Лазар Лагін (Гінзбург) нарадзіўся ў Віцебску, і ў 2017 годзе землякі ўшанавалі яго памяць адкрыццём гэтага помніка.

Хто чытаў казку, памятае: ажыццяўляючы жаданні, Хатабыч вырываў валасок са сваёй барады. Цікава, калі білетаў у «Ляльку» не дакупіцца (а такое часта бывае!) – чарадзейства Хатабыча дапаможа?

Скажу пад сакрэтам – мне дапамагло! Я мела моцнае жаданне трапіць у «Ляльку» на адкрыццё тэатральнага сезона – і патузала старога за бараду.

Старык Хатабыч

Так я апынулася ў файе, дзе віравала свята. Гасцей сустракаў элегантны канферансье, перад пачаткам спектакля артысты вучылі вадзіць лялек, кожны ахвотны мог атрымаць паперу і алоўкі, каб памаляваць. Пасля лепшых мастакоў узнагародзілі размаляванымі пернікамі, і пад спевы юных выхаванак дзіцячай мастацкай школы зладзілі вясёлыя скокі.

Па ўсім было бачна: за час адпачынку тэатр засумаваў па гледачах, а гледачы – па тэатру. Наперадзе ж чакала дзея, якая і сабрала ўсіх разам тым вераснёўскім днём: прэм’ерны паказ спектакля па п’есе Святланы Дарожкі «на адну дзею і шэсць малюнкаў» «Каля-Маля».

Спекаткль "Каля-Маля"

Занавес расхінуўся і цуд, дзеля якога давялося турбаваць чарадзея Хатабыча, пачаўся!

Хлопчык Віця – юны мастак. Ён не выпускае з рук алоўка і пэндзлі, таму і завуць яго ў сям’і Каля-Маля. Мама – строгая дагледжаная пані, заўжды не задаволеная сынам і тузае яго ўвесь час: у пакоі непарадкі, малюнкі раскіданыя. Раззлаваўшыся, яна аднойчы збірае і выкідвае іх у сметніцу.

Пасля гэтага Каля-Маля знікае з дому і апынаецца ў свеце сваіх малюнкаў -- так ён ратуецца ад Мамы.

Мама ж кідаецца шукаць сына, і следам за ім трапляе ў намаляваны свет. У гэтым свеце Мама таксама намаляваная — такой, якой бачыць і ўспрымае яе сын. Гэтай выявы палохаюцца нават Цмокі!

Спектакль "Каля-Маля"

Калі нехта з дарослых на гэтых словах злякнецца і падумае: «Што ж там за мама такая?» — давайце падыйдзем да люстэрка і ўгледземся ў сваё адлюстраванне, шаноўныя бацькі. І калі адразу з вушэй у нас не шугане полымя і не адаб’ецца ў люстранай гладзі хвост, проста згадайма стасункі з уласнымі дзецьмі.

«Не руш, не чапай, не раскідвай, няма часу!» — колькі разоў раздражнённа выгаворвалася ўласнаму дзіцяці? Як часта прыпыняліся неадкладныя справы, каб услухацца ў расказы маленькага чалавека? А размаляваныя юнымі мастакамі шпалеры віталіся апладысментамі і ўхваленнямі — ці шлапакамі і крыкамі?

Калі адназначных адказаў не знаходзіцца, а наперабой спяшаюцца апраўданні пра нястачу часу, неабходнасць шмат працаваць, пра шматзадачнасць дзелавога і пабытовага жыцця -- вітаю! Пасля спектакля «Каля-Маля» робіцца ясна, як божы дзень: мы ў камандзе людзей, страшнейшых за цмокаў, бо менавіта такімі могуць бачыць нас нашыя дзеці!

Спектакль "Каля-Маля" 3

Як спрактыкаваны псіхолаг, аналізуючы дзіцячыя малюнкі, можа па палічках раскласці не толькі стан дзіцяці, але і расказаць пра стасункі ў сям’і, узаемадачыненні паміж бацькамі і дзецьмі, так спектакль «Каля-Маля» дае магчымасць кожнаму з нас глянуць на сябе вачыма дзіцяці – і напаткаць горкія адкрыцці.

Але ж і выйсце падказваецца! «Каля-Маля» нібы яшчэ раз нагадвае (а некаму, магчыма, і ўпершыню давядзе): любіць – значыць прымаць чалавека, а не ламаць пад сябе і свае ўяўленні пра тое, як мае быць.

Вось і Мама знаходзіць у намаляваным свеце свайго Віцю, свайго любага Каля-Маля, як толькі пачынае гэта разумець. Яна вяртаецца дадому, у рэальны свет, дарэшты змененай. Па заканчэнні спектакля разам з Татам яны дапамагюць Каля-Маля і яго сяброўкам-Мастачкам рыхтавацца да выстаўкі …

Театр Лялька

Эмпатыя – моцная тэма «Каля-Маля», і працуе ў абодва бакі: «дарослыя-дзеці» і «дзеці-дарослыя». Юныя гледачы таксама мелі магчымасць пабачыць сваіх бацькоў збоку – і, магчыма, падумаць пра тое, што і дарослым часам патрэбная падтрымка і дапамога. Рэжысёру Віктару Клімчуку, мастаку-сцэнографу Крысціне Баранавай разам з акцёрамі ўдаўся сапраўдны цуд. Спектакль атрымаўся нiбы партал, праз якi дарослыя i дзецi атрымалі магчымамць здзейснiць падарожжа адзiн да аднаго — i паразумецца. Верыцца, што «Каля-Маля» палюбiцца, прыжывецца на сцэне i стане чаканым госцем на гастролях i фестывалях, а прафесійныя тэатральныя крытыкі не пакінуць яго па-за ўвагай.

Бацькі і дзеці. Каля маля

Я ж, як захоплены глядач-тэатрал, кажу «Ляльцы» шчыры «дзякуй» за новы яскравы спектакль і шчыра раю паглядзець яго і дзецям, і дарослым.

https://bel.24health.by/muzej-pad-adkrytym-nebam-yakiya-mescy-u-polacku-vy-dakladna-ne-zabudzece/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця