11.03.2022
11.03.2022

Баліць душа, а церпіць цела? Што такое псіхасаматыка

logo
Здароўе дарослых
0 58
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці было ў вас адчуванне, што пасля моцнага стрэсу, якой-небудзь цяжкай жыццёвай сітуацыі баліць літаральна ўсё? А між тым, аналізы і вынікі медыцынскіх абследаванняў у поўным парадку. У чым жа прычына?

Нярэдка камяк у горле, праблемы са страваваннем, боль у суставах, галаўны боль і інш. могуць быць выкліканыя менавіта нашымі душэўнымі перажываннямі.

Расстройствы, якія праяўляюцца ў целе і могуць быць справакаванымі псіхагеннымі фактарамі, урачы называюць псіхасаматычнымі.

Ці могуць эмоцыі зрабіцца прычынай дрэннага самаадчування? Ці ёсць залежнасць парушэнняў у рабоце арганізма ад псіхічных праблемаў?

Гэтыя і іншыя пытанні мы задалі вучонаму сакратару РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдату медыцынскіх навук Юліі Камінскай.

Псіхасаматыка

Псіхасаматыка у перакладзе з грэчаскай – «душа і цела»

Псіхасаматыка. Што адбываецца, калі падаўляецца агрэсіўнасць.

Псіхасаматыка – накірунак у медыцыне, які апісвае захворванні з пункту гледжання псіхалагічных прычынаў, а не арганічных парушэнняў у арганізме.

Нягледзячы на ​​існаванне шматлікіх тэорый, якія апісваюць уплыў псіхалагічных фактараў на ўзнікненне псіхасаматычных захворванняў, ніхто не зможа адназначна патлумачыць, чаму чалавека спасцігла тая ці іншая хвароба, кажа Юлія Камінская.

Тэорыі па-рознаму трактуюць іх патагенэз (развіццё), дзесьці дапаўняючы адна адну, а дзесьці нават супярэчачы. Адны тэорыі кажуць, што псіхалагічныя праблемы могуць выцясняцца ў несвядомае, а затым выяўляцца якім-небудзь цялесным расстройствам. Пры гэтым цялеснаму сімптому надаецца сімвалічнае значэнне. Напрыклад, агіда ці непрыняцце чаго-небудзь (каго-небудзь) можа выяўляцца парушэннем работы страўніка, ванітамі. Адбываецца канверсія псіхалагічнага ў фізіялагічнае.

Амерыканскі ўрач і псіхааналітык Александэр вылучыў вегетатыўныя неўрозы. Ён лічыў, што вегетатыўныя расстройствы з'яўляюцца нармальным і заканамерным вынікам хранічнага эмацыянальнага негатыўнага стану, а спецыфіка расстройства, якое развілося, залежыць ад асаблівасцяў эмацыянальнага канфлікту. Напрыклад, нейрадэрміт можа ўзнікнуць у чалавека, які мае парушаныя на несвядомым узроўні межы цялеснага вобразу «Я», якія вызначаюць яго адносіны з навакольнымі, мае нездаволеную патрэбу ў блізкім аб'екце, падаўленую агрэсіўнасць.

Паводле тэорыі псіхолага Ф.Данбар, стыль эмацыянальных рэакцый залежыць ад асобы чалавека, а значыць, існуе схільнасць людзей з пэўнымі асаблівасцямі асобы да адпаведных псіхасаматычных расстройстваў.

Яна выдзеліла тыпы асобы: гіпертанічны, каранарны, алергічны і г.д.

Аднак і гэтая тэорыя не ўлічвае ўсё, напрыклад тое, што і само захворванне прыводзіць да зменаў псіхікі.

Юлія КамінскаяЮлія Камінская:

– Вельмі шмат можна гаварыць пра існуючыя тэорыі, але ўсе яны паказваюць на адно: псіхалагічныя канфлікты, эмацыянальныя перажыванні могуць аказваць сур'ёзны ўплыў на наша цела. Напрыклад, дзеці рэагуюць цялеснымі сімптомамі на эмацыянальныя цяжкасці. Банальны прыклад: дзіця можа пачаць часта хварэць у сілу патрэбы ва ўвазе маці, недастатковай па пэўных  прычынах, бо калі яно хворае, мама побач, і яно атрымлівае больш цяпла і пяшчоты.

Прычыны развіцця псіхасаматычных расстройстваў множныя, і нельга разглядаць кожны з фактараў ізалявана. На іх развіццё могуць уплываць: адносіны ў сям'і (асабліва ў дзяцінстве), генетычная схільнасць, асобасныя асаблівасці чалавека, зыходны псіхафізіялагічны стан у момант псіхатраўмуючых падзей, неспрыяльнае сацыяльнае асяроддзе, асаблівасці самой стрэсавай сітуацыі і інш.

Якімі бываюць псіхасаматычныя расстройствы

Псіхасаматычныя расстройствы падзяляюцца на групы: канверсійныя сімптомы, псіхасаматозы, функцыянальныя сіндромы.

Канверсійныя сімптомы з'яўляюцца ў выніку канверсіі псіхалагічнай праблемы ў цялеснае праяўленне, якое носіць сімвалічны характар. Звычайна закранаюцца органы пачуццяў і рухальныя функцыі. Гэта істэрычныя паралічы, парастэзіі (страта адчувальнасці), псіхагенная слепата альбо глухата, ваніты, болевыя сіндромы і інш.

На развіццё псіхасаматозу таксама ўплывае пэўнае канфліктнае перажыванне, развіваецца цялесная рэакцыя з парушэннем функцый органаў і марфалагічнымі (арганічнымі) зменамі ў іх.

Псіхасаматыка. Як праўляюцца дзіцячыя праблемы.

Існуе пералік захворванняў, так званая «класічная чыкагская сямёрка», якія называюць сапраўднымі псіхасаматозамі:

  • Язва дванаццаціперснай кішкі альбо страўніка
  • Артэрыяльная гіпертэнзія
  • Язвавы неспецыфічны каліт
  • Бранхіяльная астма
  • Нейрадэрміт
  • Рэўматоідны артрыт
  • Гіпертырэоз.

У апошні час гэты спіс папаўняецца, напрыклад, цукровым дыябетам і нават ракавымі захворваннямі.

Псіхасаматыка. Адкуль праблемы з дыхальнай сістэмай.

Функцыянальныя сіндромы адрозніваюцца парушэннем функцый якіх-небудзь органаў (сістэмаў органаў) без развіцця арганічнай паталогіі ў іх. У гэтую групу трапляе большасць «праблемных» пацыентаў, калі скаргі ёсць, а розныя даследаванні нічога не знаходзяць. Пры гэтым скаргі чалавека не выдуманыя, ён сапраўды пакутуе.

Згодна з 10-й міжнароднай класіфікацыяй хваробаў, выкарыстоўваецца тэрмін «Саматаформныя расстройствы». Яны выяўляюцца ў выглядзе скаргаў і сімптомаў, якія нагадваюць саматычнае захворванне, але пры гэтым не пацвярджаюцца даследаваннямі.

Псіхасаматыка. З-за чаго баліць галава.

Важным крытэрыем іх дыягностыкі з'яўляецца наяўнасць празмернай заклапочанасці (трывогі) пацыента пра сваё фізічнае здароўе. Пры гэтым чалавек просіць шматразовых даследаванняў і не давярае ўрачу, які кажа, што саматычнага захворвання няма.

Часцей сустракаецца саматаформная вегетатыўная дысфункцыя сардэчна-сасудзістай сістэмы, дыхальнай, страўнікава-кішэчнага тракта і інш. У залежнасці ад таго, у рамках якой сістэмы органаў пераважаюць скаргі.

Юлія Камінская:

– Разам з тым, да гэтага часу ніхто не можа адказаць на пытанне, які патагенэз таго ці іншага псіхасаматычнага захворвання. А каб вылечыць яго, трэба ведаць першапрычыну, што ж паслужыла тым штуршком, які выклікаў хваробу. Таму, калі мы лечым пацыентаў з такімі расстройствамі, заўсёды падыходзім індывідуальна, аналізуем псіхалагічны стан чалавека.

Нявыказаныя эмоцыі – значыць хвароба?

Да гэтага часу механізмы, якія выклікаюць псіхасаматычныя захворванні, не зусім зразумелыя. Аднак спецыялістамі былі вызначаныя некаторыя заканамернасці, якія тычацца іх патагенэзу.

Вельмі наглядна можна паказаць узаемасувязь эмоцый і цела, калі мы трапляем у стрэсавую сітуацыю. Пад уздзеяннем вострага стрэс-фактару з'яўляюцца такія негатыўныя эмоцыі, як страх (спалох), гнеў. У нас пачынае часта біцца сэрца, халаднеюць рукі, перасыхае ў роце, з'яўляецца патлівасць.

Псіхасаматыка. Калі пацыент незадаволены ўрачом.

Гэта толькі частка з цэлага каскаду змяненняў у нашым целе, якія ўзнікаюць у выніку выкіду гармонаў стрэсу і актывацыі сімпатычнага аддзела вегетатыўнай нервовай сістэмы. Дзякуючы такім зменам арганізм рыхтуецца для актыўнага супрацьстаяння «пагрозе», і ўсе зрухі накіраваныя на забеспячэнне мышцаў энергіяй і павышэнне трываласці.

Такую рэакцыю на стрэс апісаў фізіёлаг У.Кэнан у сваёй тэорыі «ўцёкаў і барацьбы», згодна з якой негатыўныя эмоцыі (страх і гнеў) мэтазгодныя і запускаюць механізмы для фізічнага выжывання шляхам сутычкі (барацьбы) альбо ўцёкаў.

Юлія Камінская:

– Аднак у чалавечым грамадстве стрэс часцей псіхасацыяльны. Сутыкнуўшыся з непрыемнай інфармацыяй, мы ўнутрана напружваемся, у нас павышаецца ціск, пачашчаецца пульс, напружваюцца мышцы і інш., але мы не ўцякаем і не б'емся. Выкарыстоўваць сілавыя адказы непрымальна, і мы іх падаўляем. Атрымліваецца, што нашыя эмоцыі застаюцца неадрэагаванымі, цела доўга знаходзіцца ў перанапружанні, і нервовая сістэма паступова высільваецца, прыходзіць у разлад абмен рэчываў. Гэта можа прыводзіць да дысфункцыі і фарміравання тых ці іншых захворванняў.

Вось толькі некаторыя прыклады, якія паказваюць сувязь паміж эмоцыямі і целам.

Калі ўвесь час адчуваць трывогу, турбавацца з кожнай нагоды, бесперапынна думаць аб праблеме – парушаецца сон, узнікае тахікардыя, павышаецца артэрыяльны ціск, пагаршаецца работа страўнікава-кішэчнага тракта, узнікае галаўны боль і інш.

Псіхасаматыка. Як баліць цела ў стрэсе.

Боль бывае рознай лакалізацыі і этыялогіі, але не трэба забывацца, што ён можа ўзнікаць альбо ўзмацняцца з-за эмацыянальных перажыванняў. Напрыклад, чалавек доўга штосьці напружана абдумвае, але не можа знайсці рашэнні. Як вынік – галаўны боль напружання.

Пастаяннае напружанне, немагчымасць расслабіцца часта прыводзіць да з'яўлення болю ў вобласці спіны. Тут можа ўтварыцца заганнае кола: у адказ на боль мышцы спазмуюцца, парушаецца іх сілкаванне, боль яшчэ больш узмацняецца, у адказ – яшчэ большы спазм.

Падаўленая агрэсія, стрыманы гнеў могуць зрабіцца прычынай захворванняў суставаў, пачуццё віны – розных формаў парушэння харчавання.

Чалавек у дзяцінстве недаатрымаў увагі і любові з боку бацькоў (ці ён так лічыць) – могуць пачацца праблемы з дыхальнай сістэмай.

Пра тое, якія методыкі варта выкарыстоўваць для самадапамогі, чытайце ў нашым наступным матэрыяле.

Глыбокае дыханне і энергія святла. Самадапамога пры эмацыянальных перагрузках

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 58

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».