02.02.2023
02.02.2023

Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі

logo
Падарожжы
0 61
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Балота – адметнасць беларускага ландшафту, ці не вызначальная рыса беларускай прыроды. Таямнічы і жудасны свет, дзе гінулі звяры і людзі, поўны незвычайных з’яў. Адкуль бяруцца балоты? Згодна навуцы, яны ўзнікаюць альбо там, дзе зарастаюць вадаёмы, альбо – дзе доўга збіраецца і застойваецца вада.

А легенды прапануюць нам вось такую версію:

…І стварыў Бог зямлю сярод пракаветнай вады – гладкай, роўнай, шырокай, круглай. І выправіў чорта на самае донца – зачэрпні там і прынясі зямлі. Чорт нырнуў і прынёс поўны падол, дый яшчэ поўна за шчокамі. Бог раскідаў тую зямлю па вадзе. З таго і ўзялася зямля.  І загадаў Бог, каб раслі на ёй дрэвы і травы. Натуральна, тыя пачалі расці. Але растуць яны і ў чортавым роце, бо нячысцік нічога не сказаў пра схаваную зямлю.  І так расперла чорта, што ён не вытрымаў і выплюнуў тую зямлю. Куды толькі пляваў чорт, там і стала вадзяная зямля з дрэвамі і травой. Вось так з’явіліся балоты».

У міфалогіі шмат якіх народаў вада звязаная з Сатварэннем свету. Балота – у першую чаргу Вада. Таму культ балот – тое самае абагаўленне вады, нароўні са стыхіямі Агню і Паветра!

Балота стала імем назоўным, калі вядзецца пра застой, разлажэнне, безнадзейнасць. Згадайце, як кажуць пра месца бесперспекыўнае: «Там балота!»

Балота – баяцца, бо гэта месца, поўнае жахаў і невядомасці. Тут гінуць жывёлы і людзі...

Але ж балота – вартаўнік і ахоўнік! Ад ворагаў бараніла непраходная дрыгва, сцежкі ў якой ведалі толькі свае. Хавала ад ліхіх людзей у навалу. Карміла і леквала сваім зёлкавым разнатраўем.

Згадаем хаця б толькі сфагнум – мох, які ратаваў у вайну параненых – пры адсутнасці медыкаментаў і перавязачных матэрыялаў з яго дапамогай загойвалі нават гнойныя раны. А яшчэ, аказваецца, даўней гэты цуда-мох служыў «памперсам» немаўлятам!

Брусніцы

Балоты адорваюць надзвычай карыснымі ягадамі. Журавіны, брусніцы, буякі  – у народнай медыцыне іх выкарыстоўваюць для лячэння шматлікіх захворванняў, сярод якіх бактэрыяльныя і вірусныя інфекцыі, дыябет, авітаміноз. З іх дапамогай умацоўваюць імунітэт, адужваюць хранічную стому – ды і проста гатуюць процьму розных смакоццяў. Падлічана, што ў год у Беларусі збіраюць прыкладна 300 тон журавін – гэта вітамінны скарб.

Некалі чытала гісторыю пра японскую дзяўчынку, якая расла вельмі кволай – за шаснаццаць год жыцця мела шаснаццаць пнеўманій. Дзіця літаральна гінула. І тады яе ўзяў да сябе дзядуля – ён жыў на ўскрайку балота. Праз два гады хвароба адступілася, такім лекавым сталася для дзяўчыны балотнае паветра. Гаворка вядзецца пра верхавое балота, пакрытае сфагнумам. Цікава пачуць меркаванне спецыялістаў пра гэты аповед, бо традыцыйна лічыцца, што балотнае паветра, наадварот, спрыяе колькасці захворванняў дыхальных органаў і толькі множыць сухоты.

На працягу года адзін гектар балота ў 7-15 разоў больш, чым гектар леса, паглынае вуглякіслага газу і ў столькі ж разоў больш, чым лес, вылучае кіслароду. Праз балоты адбываецца натуральная фільтрацыя вады і паветра. Пыл мае тэндэнцыю рухацца ў бок нізкай тэмпературы, і за год гектар балота паглынае да 3 тон пылу.

Вось таму балоты называюць лёгкімі планеты.

«Лёгкія Еўропы» – Беларусь.

У нас каля 7000 балот. Іх агульная плошча (разам з асушанымі) – 2 мільёны 939 тысяч гектараў (гэта 12,3% тэрыторыі краіны). Самыя старажытныя – палескія. Іх узрост каля 11 тысяч гадоў. У Віцебскай вобласці балоты маладзейшыя – ім «усяго» 5-9 тысяч гадоў.

Заказнік Ельня

Спецыялісты адзначаюць, што ў натуральным стане захавалася 30% беларускіх балот. Для параўнання, у Германіі – усяго 4%. Не лёгка дыхаецца планеце з такімі пашкоджанымі лёгкімі. А разам з ёй – і нам, людзям.

Вось таму неабхона аднаўляць балоты, скалечаныя меліярацыяй. Сучасны свет разумее гэта, на рээанімацыю балот міжнароднымі арганізацыямі вылучаюцца фінансы, ладзяцца супольныя праграмы.

Як прыклад – Рэспубліканскі гідралагічны заказнік Ельня, створаны ў 1968 годзе. Гэта пятае па велічыні сярод дзесяці верхавых балотаў Еўропы і найбуйнейшае верхавое балота ў Беларусі. Ельня знаходзіцца на Віцебшчыне, у межах Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Ёй – амаль 10 000 год. Па велічыні балота амаль як Мінск, на ім – 118 вялікіх і малых азёраў! Заказнік мае статус Рамсарскага ўгоддзя, які прысвойваецца самым значным для захавання воднага балансу на планеце тэрыторыям.

З 2012 года ў сярэдзіне верасня тут ладзіцца фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» – свята, прызванае прыцягнуць увагу да праблем балот, пазнаёміць з яго разнастайным светам.

Заказнік Ельня 2

Адчынены і дзейнічае візіт-цэнтр, дзе кожны ахвотны можа здзейсніць віртуальнае падарожжа па балоце, а таксама на самой Ельні пракладзена экалагічная сцежка – трохярусны памост з дошак.

Па гэтай сцежцы ў туфліках можна хадзіць, слухаючы аповеды экскурсаводаў пра рэдкіх птушак, якія жывуць на Ельні; пра разнастайнасць чырвонакніжных раслін, у якіх ёсць шанец выжыць і захавацца менавіта на непраходных балотных абшарах; пра тое, што балотную ваду піць – можна! Толькі напіцца ёй немагчыма: сфагнум ачышчае яе да стану дыстыляванай. І калі хочаш спатоліць смагу, упрыкуску да балотнай вады трэба мець або салёны агурок, або дробак солі!

Некалькі год таму пасля наведвання візіт-цэнтру «Ельні» і вандроўцы па экалагічнай сцежцы з дырэктарам заказніка Іванам Барком пад яго аповеды пра ўнікальнасць і спецыфіку балотнага свету былі паламаныя і знішчаныя мае асабістыя стэрэатыпы пра балота як месца адно толькі жудаснае і гіблае.

Выраз «лёгкія Еўропы» ў дачыненні да беларускіх балот стаў зразумелым менавіта з той вандроўкі. А яшчэ прыйшло параўнанне балот з Антарктыдай: і тут, і там – каштоўныя запасы прэснай вады.

Балотныя прыгоды

Тады задумалася, напісалася і ўжо выдадзена кніга для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі».

Па запрашэнні візіт-цэнтра разам з мастачкай кнігі Аксанай Аракчэевай на сёлетнім фестывалі «Журавы і журавіны» мы ладзілі прэзентацыю кнігі для дзяцей. Праз гісторыі, выкладзеныя ў кнізе, нам таксама ўдалося шмат якія адмоўныя стэрэатыпы ў дачыненні да балотаў пабурыць!

А перадусім – зрабіць яшчэ адзін крок у накірунку разумення цэласнасці навакольнага свету, неабходнасці чуйнага і паважлівага стаўлення да яго,  бо прырода – жывы, разумны, прадуманы арганізм. Нават «застрашлівы» і «гіблы» свет балотаў у ім – неабходны нам. Так, як і чыстае паветра.

У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі, забяспечаныя Рэспубліканскім гідралагічным заказнікам Ельня, і з архіву аўтара.

https://bel.24health.by/nevyadomaya-belarus-kudy-paexac-kab-palyubavacca-pryrodaj-netypovaj-arxitekturaj/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 61

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця