07.07.2019
07.07.2019

Лазня як панацэя ад розных хвароб – міф ці праўда?

logo
Здаровы лад жыцця
0 51
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Лячэнне экстрэмальнымі тэмпературамі набірае папулярнасць. У гэтым выпадку самы даступны з «награвальных» метадаў аздараўлення – лазня. Але вось спадзявацца на тое, што яна вылечыць любую хваробу, не варта. У некаторых выпадках наведванне лазні можа сур'ёзна нашкодзіць.

Дзе праўда, а дзе міфы, Слушна распавялі прафесіяналы лазневага мастацтва Генадзь Мароз і Сняжана Каўрыга.

Лазня для здароўя

Ці дапаможа наведванне парной вылечыцца ад любой «напасці»?

Ці дапаможа наведванне парной вылечыцца ад любой «напасці»?

Генадзь Мароз
Прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі лазневага мастацтва (МАЛМ) у Беларусі, прафесійны парыльшчык па версіі «РусПар», бронзавы прызёр чэмпіянату свету па паранні 2011 года, арганізатар штогадовага лазневага свята «Лазенькі», суддзя міжнароднай катэгорыі па лазневым мастацтве
Лазня лечыць здаровых. Калі вы з высокай тэмпературай на пачатку захворвання прыйшлі ў лазню, дык можаце не сумнявацца: на наступны дзень не здолееце падняцца з ложка. Аднак калі ваша прастуда ідзе на спад і тэмпература цела ўжо нармальная, дык наведванне лазні будзе спрыяць акрыянню. У якасці аднаго з варыянтаў загартоўвання лазня карысная і для людзей, якія часта і доўга хварэюць.

Каму нельга ў лазню?

Сняжана Каўрыга
Кіраўнік Гарадскога цэнтра здароўя г.Мінска, урач-валеолаг, спецыяліст па нутрыцыялогіі
Лазневае цяпло можа нашкодзіць людзям, у якіх маюцца: запаленчыя захворванні верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў; артэрыяльная гіпертэнзія; ішэмічная хвароба сэрца (стэнакардыя, інфаркт міякарда); кардыяміяпатыя рознага генэзу; прыроджаныя або набытыя парокі сэрца; анкалагічныя захворванні; парушэнні згусальнасці крыві; тромбафлебіт; вянозная недастатковасць ніжніх канечнасцяў ды інш.

Пры паталогіі нырак неабходна пазбягаць перагрэву, каб не выклікаць абвастрэнне хранічнага працэсу. Для правільнай работы жоўцевага пузыра лазневыя працэдуры рэкамендуюцца, а вось людзям з абвастрэннем язвавай хваробы яны супрацьпаказаныя.

Лазня адназначна супрацьпаказаная цяжарным у першым трыместры. Надалей жанчына можа наведваць лазнева-аздараўленчы комплекс, але вельмі асцярожна і ў ашчаджальным рэжыме, абавязкова пасля кансультацыі са сваім гінеколагам.

Дабратворны ўплыў лазні на сардэчна-сасудзістую сістэму вядомы, аднак для гэтага трэба паступова прывучаць сябе да ўсіх відаў лазневых працэдур.

Пры паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы неабходна ўзважана падыходзіць да свайго фізічнага стану і ніколі не рызыкаваць. Перад наведваннем лазнева-аздараўленчага комплексу абавязкова наведайце ўрача i парайцеся, што з прапанаваных працэдур будзе для вас карысным ці хаця б не нашкодзіць.

Лазня як сродак прафілактыкі розных захворванняў

Сняжана Каўрыга
Кіраўнік Гарадскога цэнтра здароўя г.Мінска, урач-валеолаг, спецыяліст па нутрыцыялогіі
Гэтае сцвярджэнне мае месца быць. Напрыклад, для паляпшэння стану скуры лазневыя працэдуры – ідэальны варыянт. Разгладжваюцца зморшчыны, пашыраюцца і ачышчаюцца поры. Скура робіцца гладкай і шаўкавістай. За кошт вялікай страты вадкасці паляпшаецца кровазварот ва ўсім арганізме. Пасля штодзённых псіхалагічных і фізічных нагрузак рэгулярнае наведванне лазнева-аздараўленчага комплексу дазваляе расслабіцца і аднавіць працаздольнасць.

Кантраст тэмператур у лазні, ці настолькі ён добры?

Лазня ад розных хвароб – міф ці праўда

Генадзь Мароз
Прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі лазневага мастацтва (МАЛМ) у Беларусі, прафесійны парыльшчык па версіі «РусПар», бронзавы прызёр чэмпіянату свету па паранні 2011 года, арганізатар штогадовага лазневага свята «Лазенькі», суддзя міжнароднай катэгорыі па лазневым мастацтве
Кантраст добры, калі ён робіцца правільна і да месца. Неабходна паступова прывучаць сябе да рэзкай змены тэмператур. Прагрэліся трошкі – значыць, пасля можна прыняць летні душ, ледзь мацней – астудзілі сябе прахалоднай вадой, а вось калі ваша цела ўжо дастаткова моцна прагрэлася, тут ужо можна і ў купель нырнуць, і ў снезе ўзімку пакачацца. І яшчэ адзін важны момант: акунацца трэба цалкам з галавой, інакш ёсць верагоднасць атрымаць кровазліццё ў мозг за кошт звужэння сасудаў цела.

Пахудзенне з дапамогай лазні – міф?

 

 

Сняжана Каўрыга
Кіраўнік Гарадскога цэнтра здароўя г.Мінска, урач-валеолаг, спецыяліст па нутрыцыялогіі
Так! Гэта яшчэ адна памылка! З дапамогай лазні губляецца вадкасць, але не спальваецца тлушч. Вядома, лазня стымулюе ўсе абменныя працэсы, паляпшае лімфа- і кровазварот, што ў цэлым спрыяльна адбіваецца на арганізме. Аднак гэтага мала, каб пахудзець. Патрабуецца комплексны падыход. Абавязкова спалучайце лазню з фізічнымі нагрузкамі і правільным харчаваннем.

Устойлівы вынік будзе, калі наведванне лазні стане вашым ладам жыцця, а не часовай маніпуляцыяй.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 51

Журналіст. Радыёвядучая. Вышэйшая адукацыя. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Родам з горада Маладзечна Мінскай вобласці. Адукацыя: сярэдняя агульнаадукацыйная школа мастацтваў г.Маладзечна з 1987 па 1998 год. З 2003 года дыпламаваны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю. Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя». Праца: усвядомленую працоўную дзейнасць пачала ў 1999 годзе, калі стала пазаштатным карэспандэнтам у «Маладзечанскай газеце» і на радыё «Маладзечна». З 2001 года працавала журналістам і спецыялістам па сувязях з грамадскасцю ў Грамадскім прэс-цэнтры, у прэс-цэнтры УУС Мінаблвыканкама, Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь і журналістам у часопісе «Галоўны бухгалтар» ТАА «Агенцтва Уладзіміра Граўцова». З ліпеня 2003 года – рэдактар Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё. Пасаду адказнага сакратара атрымала ў 2005 годзе ў дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё. Акрамя забеспячэння планава-фінансавай дзейнасці канала «Культура», вядзення справаводства, актыўна займалася журналістыкай. З'яўлялася аўтарам і вядучай многіх музычна-забаўляльных праграм. Займаючы актыўную жыццёвую пазіцыю ў структуры Белтэлерадыёкампаніі, была абрана сябрам рэвізійнай камісіі прафсаюзнай арганізацыі. Са снежня 2017 года – рэдактар аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся рэдактарам сайта газеты «Медыцынскі веснік», журналістам інфармацыйнага партала «Здаровыя людзі» і сайта «Слушна».