07.08.2020
07.08.2020

«Барыс з Ганнай не гуляюць, святой Іллі памагаюць»… А мы ямо бульбу! :)

logo
Беларускі код
0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вы заўважалі, шаноўныя сябры, як прыкметна скарачаюцца ўжо светлавыя вечары?! І складваецца ўражанне, што Ілля-прарок не «дзве гадзіны звалок», а па мінімуму – паўдня… 🙁 Але яшчэ па ўсіх прыкметах працягваецца лета. І святы нашых продкаў, якія выпадаюць на 6-7 жніўня, маюць такі ж назоў. 6 жніўня – Барыс і Глеб Летнія («Барыс і Глеб – паспеў хлеб»), 7 жніўня – Ганна Летняя. Але яна ж – і Зімаўказчыца.

Ганна. Жніво працягваецца.Ганна (альбо Ганны) даўней з’яўлялася не толькі днём сялянскай працы, калі яшчэ магло працягвацца жніво («Святыя Ганны да помачы жаць сталі, вязь вязалі, копы клалі»), але і днём, калі дазвалялася ўжо капаць першую бульбу. А яна ж, ранняя, такая смачная… Асабліва, калі свая. На жаль, асабіста мы з-за патопу на дачы сёлета гэтай радасці пазбаўленыя… Таму ўсё спадзяванне – на гандаль.

Пра бульбу ўжо столькі ўсяго сказана, станоўчага і адмоўнага… То карысная, то шкодная… То можна ўжываць людзям з цукровым дыябетам, то нельга… То ад яе папраўляешся, то можна пахудзець… Але хачу сказаць, што, нягледзячы на розныя меркаванні, я – той самы шчыры аматар бульбы, які практычна з дзяцінства любіць яе адназначна і ў любым выглядзе! 🙂

А цяпер давайце крыху ўзгадаем, што ж канкрэтна пра карысць і шкоду бульбы вядома. Але гэта будзе толькі мале-е-е-енечкая частка інфармацыі. Бо калі ёсць 500 і нават 1000 страў з бульбы, значыць, ёсць мора «за» і мора «супраць» гэтай гародніны.

Ганна. Дзень, калі ядуць бульбу.

І вельмі шмат акалічнасцяў, калі адно можа пераходзіць у другое. Бо карысць бульбы залежыць ад яе гатунку, утрымання крухмалу, месца вырошчання, падкормак, што выкарыстоўваліся, умоў захавання і шмат чаго іншага. А на першым месцы, зразумела ж, спосаб прыгатавання.

Бо смешна казаць пра карысць той жа бульбы фры ў параўнанні з бульбай адварной. Хаця па смаку, магчыма, пераможа першае. А вы не ведаеце, чаму практычна ўсё шкоднае такое смачнае?! 🙂

Значыць, якія карысныя элементы ўтрымліваюцца ў бульбе? Згодна з даследаваннямі, вітамін В6 і С, фоліевая кіслата, арганічныя кіслоты, марганец, фосфар, калій, медзь… А вітамін В6, як вядома, змагаецца з анкалогіяй, абараняе сардэчна-сасудзістую сістэму, выводзіць таксічныя рэчывы з арганізма.

Ганна Зімаўказчыца. Бульба.

Думаю, абсалютна ўсе ведаюць, што бульба – даволі наядная, скажам так. Як яе ні прыгатуй. Таму калі пры пэўных дзеяннях гэтую гародніну можна выкарыстоўваць пры дыеце, усё ж трэба сачыць за частатой і колькасцю ўжывання.

А пры цукровым дыябеце 2-га тыпу… Раяць спажываць бульбы няшмат, не часта і ні ў якім разе не смажаную. А яшчэ – сачыць за ўзроўнем цукру ў крыві. Плюс улічваць той момант, што бульба назапашвае крухмал па меры выспявання ды «сталення». Таму найбольш карысная для дыябетыкаў бульба маладая. Ранняя. Так што прыгатаваць і з’есці яе сёння – самае тое! 🙂

І мы зноўку вяртаемся да Ганны Зімаўказчыцы і народных прыкметаў на гэты дзень. Самае вядомае і папулярнае – «Якое надвор’е да абеду, такая зіма да снежня. Якое надвор’е пасля абеду, такая зіма пасля снежня». Калі дзень цёплы і светлы, зіма мяркуецца халоднай, а калі задажджыла – цёплай і снежнай. А вы якую выбіраеце?! 🙂

Ганна. Народныя прыкметы.

Назіралі даўней 7 жніўня і за мурашкамі. Калі яны пачыналі павялічваць свае дамкі, дык чакалі халоднай зімы. А калі ўжо буслы пачыналі рыхтавацца да адлёту, зіма меркавалася ранняй ды марознай. Затое вясну чакалі… цёплую!

«Прызапашвае да Ганны зіма халодныя ранішнікі», – казалі ў народзе. І мелі рацыю. Нават калі сёлета на пачатку жніўня на дзень абяцалі плюс 26-28, раніцы ўжо надараліся даволі «мярзлявымі»… Вось нам і лета, калі ўжо ўсе назіранні ды меркаванні не тое што пра восень – пра зіму…

… А вы прыдумалі, якую страву з бульбы прыгатуеце сёння?! 🙂

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 43

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама