08.09.2017
08.09.2017

Бег яднае краіны на Мінскім паўмарафоне

logo
Навiны
0 11
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Больш як 20% сталічных жыхароў прытрымліваюцца актыўнага ладу жыцця. Усё больш запатрабаванымі становяцца веладарожкі, пляцоўкі воркаута, лыжаролерныя трасы. Багацце масавых забегаў сведчыць аб яшчэ адной пазітыўнай тэндэнцыі – у Мінску, як і ва ўсёй Беларусі, расце колькасць людзей, якія займаюцца аздараўленчым бегам.

Перадумоў для гэтага шмат, лічыць Святлана Дзямешка, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама. У дапамогу бегуноў 26 паркаў і 159 сквераў горада. Плюс у Мінску шмат шырокіх вуліц, якія таксама могуць стаць пляцоўкай для ранішняга ці вячэрняга шпацыру.

Самым масавым мерапрыемствам для аматараў бегу і актыўнага ладу жыцця стане Мінскі паўмарафон. Ён адбудзецца ў гэтыя выхадныя, 10 верасня, і будзе прымеркаваны да 950-годдзя Мінска. Пабягуць каля 30 тысяч удзельнікаў. Свае сілы паспрабуюць як жыхары з усёй Беларусі, так і больш за 700 замежных грамадзян (чакаецца, што да канца рэгістрацыі іх колькасць будзе каля тысячы чалавек).

Спартыўны, спаборніцкі дух дададуць элітныя спартсмены з Кеніі, Эфіопіі, Украіны, Латвіі, Узбекістана. Сярод найбольш вядомых пераможца паўмарафона мінулага года сярод мужчын Кіптун Майо. Заўзець можна будзе і за нашых: Уладзіслава Прамова, Марыну Даманцэвіч, Ніну Савіных, Ірыну Сомаву, Людмілу Ляховіч.

Відовішча абяцае быць па-сапраўднаму спартыўным і захапляльным. Акрамя асноўнага мерапрыемства адбудзецца конкурс на лепшы касцюм, лепшы плакат ад балельшчыка, дзіцячы забег і многае іншае.

Нягледзячы на тое, што ў гэты дзень многія цэнтральныя вуліцы сталіцы будуць перакрытыя з самай раніцы і да 16.30, мінчане з разуменнем і падтрымкай ставяцца да правядзення Мінскага паўмарафона. Так, летась ад жыхароў бліжэйшых дамоў не паступіла ніводнай скаргі.

Вячаслаў Дурноў, першы намеснік Міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь: «Мэта паўмарафона папулярызацыя лёгкай атлетыкі, здаровага ладу жыцця не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Мерапрыемства праходзіць ужо больш за 20 гадоў, але ў апошнія гады стала сапраўды супервядомым. Летась свае сілы выпрабавалі каля 20 тысяч удзельнікаў. Сёлета чакаем 30 тысяч. Спрыяць папулярнасці і даступнасці будзе і адмысловая пастанова Саўміна, якая прадугледжвае бязвізавы ўезд і знаходжанне ў нашай краіне на працягу 5 дзён для замежных удзельнікаў.
Мерапрыемства адбудзецца пры любым надвор'і і, упэўнены, пройдзе на самым высокім узроўні, з выдатным настроем».

Вадзім Дзевятоўскі, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі: «Як бы пафасна ні гучала, але здароўе нацыі гэта яе будучыня. Нам асабліва радасна за тых, хто ўпершыню кінуў сабе выклік і вырашыў праверыць сваю фізічную форму. Сёння ў нашым жыцці шмат статыкі. Моладзь доўга сядзіць за камп’ютарамі і іншымі гаджатамі. Наш паўмарафон выдатны шанец перагледзець свой лад жыцця, матывавацца прыкладам іншых людзей. Добрым стымулам для пачатку можа стаць і прыгожы медаль. У гэтым годзе наш забег прысвечаны юбілею горада, таму і ўзнагароды зроблены ў тэматычным стылі. «Бронзу» атрымае той, хто прабяжыць 5 км, «срэбра» ў таго, хто адолее 10 км. Ну а «золата» па праву дастанецца таму, хто прабяжыць самую вялікую дыстанцыю ў 21,1 км».

Прызавы фонд даволі салідны. Пераможца забегу атрымае 6 тысяч беларускіх рублёў, за другое месца 5 тысяч, за трэцяе 4 тысячы, за чацвёртае 3 тысячы, за пятае 2 тысячы, за шостае 1 тысячу беларускіх рублёў. За рэкорд трасы прадугледжана дадатковае заахвочванне ў памеры 2-х тысяч рублёў.

Арганізатары папярэджваюць: рэкорды для прафесійных спартсменаў. Перад стартам кожны павінен сам ацаніць стан свайго здароўя. Пры ўзнікненні сімптомаў хваробы лепш адмовіцца ад забегу ці знізіць тэмп.

Падчас правядзення Мінскага паўмарафона на трасе будуць дзяжурыць 8 брыгад хуткай дапамогі, а таксама медыкі-валанцёры. У спецыяльных пунктах можна будзе памераць ціск ці атрымаць масаж, а таксама зрабіць экспрэс-аналіз крыві.

Радуе, што культура правядзення спартыўных мерапрыемстваў у Беларусі ацэненая на высокім міжнародным узроўні. У гэтым годзе Мінскі паўмарафон пройдзе паводле стандартаў Бронзавага статусу. Арганізатары прыклалі ўсе намаганні, каб заслужыць да наступнага года пераход на прыступку вышэй. Галоўная ж умова для ўдзельнікаў – добры настрой, актыўнасць і драйв.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 11

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.