10 Верасня
10.09.2018

Бегай, жыві, кахай! Мінскі паўмарафон 2018 адбыўся

logo
Навiны
76 0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

35 тысяч удзельнікаў, 53 краіны свету, 198 населеных пунктаў Беларусі! Мінскі паўмарафон 2018 б'е рэкорды папулярнасці!

Забег стаў гваздом праграмы і добрай традыцыяй у святкаванні Дня горада ў Мінску. Свята здаровага ладу жыцця, аптымізму і згуртаванасці. Кінуць сабе выклік выходзілі і стары і малады.

Ганна, інвалід-калясачнік, удзельнічае ў паўмарафоне ўжо другі раз. Дыстанцыю ў 5 км жанчына адолела ў калясцы з дапамогай добраахвотніка. «Хачу даказаць, што ў любым становішчы нельга здавацца. Трэба выходзіць з дома і атрымліваць станоўчыя эмоцыі. Бег – гэта жыццё!», – упэўнена Ганна.

Паўмарафон сёлета пачаўся з абвяшчэння самай доўгай дыстанцыі ў 21 км. У папярэднія гады яна была апошняй. На думку арганізатараў, самая сур'ёзная і напружаная намінацыя ўсё ж заслугоўвае быць абвешчанай першай, калі збіраецца максімальная колькасць гледачоў. Сёлета быў асобны старт для тых, хто прабягае розную колькасць кіламетраў: 21,1 км, 10,55 км і 5,5 км. Самая маленькая дыстанцыя сабрала каля 25 тысяч чалавек. Пры гэтым удзельнікі  адзначалі выдатную арганізацыю. Вялікая колькасць людзей не стварала  дыскамфорт. А па заканчэнні забегу ўсім прыйшло смс з паведамленнем пра вынік.

Не абышлося сёлета без крэатыўных ідэй. Так, маладыя Юлія Каралёва і Алесь Місуна прабеглі дыстанцыю ў 21 км у вясельных строях. Такім своеасаблівым спосабам яны адсвяткавалі другі дзень вяселля. Кампанію ім склалі госці ў святочных майках. Экстравагантным учынкам маладыя людзі хацелі падкрэсліць свае агульныя мэты і інтарэсы. А яны звязаны з падтрыманнем здаровага ладу жыцця. Дарэчы, у вясельнае падарожжа пара збіраецца ў Берлін. Спрабаваць сілы ўжо ў марафоне

У гэтым годзе сярод гасцей паўмарафону было шмат замежных удзельнікаў – больш за тысячу.

Камандны дух арганізацыі падтрымлівалі майкамі ў фірменным стылі.

Міністэрства аховы здароўя прадстаўлялі каля 200 чалавек. Цэлыя дэлегацыі медыкаў прыехалі ў сталіцу з Гомеля, Магілёва. Актыўна паўдзельнічалі прадстаўнікі «БЕЛФАРМАЦИИ», РНПЦ дзіцячай хірургіі, РНПЦ «Кардиология», РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі ім. М.М. Аляксандрава, РУП «Белмедпрепараты», бальніц і паліклінік сталіцы...

П'едэстал на дыстанцыі 21,1 км занялі прадстаўнікі Кеніі і Эфіопіі. Лепшым стаў эфіопец Абебе Негеве Дегефа з вынікам 1 гадзіна 02 хвіліны.

Першае месца сярод жанчын – у Шэйлы Яроціч (Кенія). Яна прабегла за гадзіну і 12 хвілін. Другой была беларуска Святлана Кудзеліч, трэцяе месца ў Месерэт Гебрэ Дэкеба (Эфіопія).

На дыстанцыі ў 10,55 км усе прызавыя месцы сярод мужчын і жанчын – у беларусаў. Пераможцамі сталі Юры Капцераў з Магілёва і Вольга Краўцова з Гродна.

З дыстанцыяй 5,5 км таксама лепш за ўсё справіліся беларусы. Лідар сярод мужчын – Максім Юшчанка (Гомель). Сярод жанчын – Дар'я Барысевіч (Мінск).

Мінскі паўмарафон зараджае аптымізмам. З кожным годам да гэтага свята бегу далучаецца ўсё больш жадаючых. Арганізатары ўпэўненыя, што ў паўмарафоне 2019 года кінуць сабе выклік змогуць яшчэ больш адважных і пазітыўных людзей.

Фота – Сяргей Міцэвіч, Генадзій Сукач.

Відэа – Генадзій Сукач.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

76 0 27

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.