04.04.2022
04.04.2022

Беражом зубы з маленства: як змагацца з карыесам у дзяцей і падлеткаў?

logo
Здароўе дзяцей
0 46
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Праблема псавання зубоў была і застаецца актуальнай ва ўсе часы. Аднак медыцына не стаіць на месцы. Прапануем азнаёміцца з некаторымі варыянтамі барацьбы з карыесам, існуючымі на сённяшні дзень. У пытанні дапамагла разабрацца ўрач-стаматолаг, кандыдат медыцынскіх навук Наталля Кавальчук.

Што такое карыес і ў чым прычыны яго развіцця?

Карыес – гэта паталагічны працэс у цвёрдых тканінах зуба. На пачатковай стадыі характарызуецца дэмінералізацыяй эмалі (прыводзіць да яе разбурэння). У выпадку несвоечасовага звароту да ўрача можа выклікаць наступствы, напрыклад, пульпіт.

карыес

Традыцыйнае ўяўленне пра карыес як шматфактарнае і інфекцыйныйнае захворванне было пастаўлена пад сумнеў. Сучаснае этыялагічнае разуменне хваробы падкрэслівае галоўную ролю цукроў у развіцці карыесу. З-за іх частага спажывання ствараецца стан дысбактэрыёзу ў зубной біаплёнцы.

Прычыны з'яўлення:

1) Недастатковая і няправільная гігіена.

2) Незбалансаванае харчаванне, дэфіцыт неабходных мінералаў, ферментаў і вітамінаў.

3) Ротавае дыханне. Пры дыханні такога тыпу паветра не саграваецца і не фільтруецца. Акрамя таго, сухасць рота перашкаджае самаачышчэнню. Усё гэта таксама садзейнічае развіццю карыеса.

Пра гігіену

З чаго павінен складацца набор для даглядання за зубамі?

У сучаснага чалавека ў гігіенічным арсенале павінна быць тры віда шчотак.

Выбар зубной шчоткі

  • Звычайная (мануальная) шчотка. Пры выбары яе варта звяртаць увагу на колькасць шчацінак, чым яна больш, тым лепш. Бюджэтны варыянт шчоткі, якую мы купляем у краме, ўтрымлівае каля 300-400 шчацінак. Для параўнання, у дарагіх варыянтах іх больш – ад 3000 да 5000.
  • Монапучковая шчотка. Яна дапамагае пачысціць зубы ў цяжкадаступных месцах, ямачках і фісурах. Акрамя таго, яна дазваляе чалавеку пачысціць кожны зуб паасобку. Яе можна таксама выкарыстоўваць пры прарэзванні зубоў у маленькіх дзяцей.
  • Электрычная шчотка. У сярэднім такі інструмент здольны зрабіць ад 16000 да 30000 рухаў, зразумела, чалавек зробіць менш. Аднак варта памятаць, што і электрычнай шчоткай можна зрабіць імітацыю чысткі. Нельга выкарыстоўваць шчотку такога тыпу з адбельвальнай пастай.

Што датычыцца паст, то для дзяцей, у якіх ёсць рызыка карыесу, лепш за ўсё выбіраць пасту з фторам і ферментамі. Ёсць пасты з фторам рознай канцэнтрацыі. Лічыцца, што першыя зубы можна чысціць з фторам канцэнтрацыяй 1000 ррм. Акрамя таго, гэтую пасту пажадана камбінаваць з іншай, у склад якой уваходзіць гідраксіапацыт – элемент, што рэмінералізоўвае і ўмацоўвае зубную эмаль. Гэты крышталь насыціць зубы кальцыем і завершыць пабудову часткі эмалі, пашкоджанай працэсамі дэмінералізацыі.

Вбіраем зубную шчотку

Набор трэба папоўніць адмысловымі ёршыкамі для чысткі прамежкаў паміж зубамі і ніткай для зубоў. Сёння зубныя ніткі – асноўны сродак для ачысткі прамежкаў паміж зубамі. Выкарыстоўваць іх лепш увечары, альбо па неабходнасці. Выбіраць можна любую, але лепш аб'ёмную і з трымальнікам: зручней карыстацца. Памятайце, што ніткай нельга нічога пашкодзіць, пачынаць чысціць можна дзецям ва ўзросце ад двух гадоў.

Апалосквальнік можна ўводзіць з 6 гадоў дзецям, якія кантралююць глытанне і ўмеюць сплёўваць усё без астатку. Ён рэкамендаваны дзецям з высокай рызыкай карыесу па прызначэнні ўрача. Пачынаць трэба з пробнага паласкання. Няхай маці ў мерную шкляначку наліе 20 мл вады і папросіць сваё дзіця паласкаць гэтым рот 30 секунд. Далей дзіця павінна сплюнуць назад, калі аб'ём роўны з тым, што было раней – можна выкарыстоўваць.

Якія гігіенічныя рэкамендацыі па доглядзе за зубамі можна даць падлеткам?

Па-першае, чысціць зубы два разы на дзень: адразу як прачнуўся, альбо пасля сняданку і ўвечары. Увечары чысціць зубы і выкарыстоўваць зубную нітку.

Барацьба з карыесам

Па-другое, з раніцы, пасля сняданку паласкаць рот какосавым алеем (1 гарбатная лыжка на працягу 10 хвілін і сплюнуць ў сурвэтку). Пры высокай інтэнсіўнасці карыесу ў роце шмат кіслотаўтваральных і карыесагенных мікраарганізмаў, а гэты алей як раз валодае добрым антымікробным эфектам. Да таго ж бяспечна.

Па-трэцяе, 1-2 разы на тыдзень не пашкодзіць выкарыстоўваць таблеткі для індыкацыі зубнога налёту, іх можна набыць у аптэцы. Так вы зможаце зрабіць першапачатковую ацэнку сваёй гігіены поласці рота і вычысціць зубы якасна.

Чаму на зубах белыя плямкі і чорны налёт? Тлумачыць стаматолаг

Па-чацвёртае, (па прызначэнні доктара) будзе карысным курс нанясення мінеральнага геля на зубы.

Ці варта ўжываць жавальную гумку?

Яе можна выкарыстаць тады, калі вы наеліся салодкага і потым запілі гэта ўсё колай. Галоўнае, каб у яе склад ўваходзіў ксіліт (натуральны замяшчальнік цукру) і жаваць не больш чым 10 хвілін. Аднак памятаем, што гэта не замяняе сапраўдную чыстку.

Прафесійная гігіена ў стаматолага: што гэта і навошта?

Гэта механічны спосаб выдалення бактэрыяльнага налёту і зубнога каменя, у тым ліку таксінаў, назапашаных на паверхні зуба. Дарэчы, мікрабіом ротавай поласці – цэлая біясістэма, у якую ўваходзіць больш за 700 відаў мікраарганізмаў, як карысных, так і шкоднасных.

Прафесійная гігіена ліквідуе біапленку па ўсёй паверхні зубоў, зніжае ўзровень патагеннай мікрафлоры. Наведваць стаматолага дзеля правядзення прафесійнай гігіены дзецям (у якіх палечана больш 4 зубоў) трэба каля 4 раз у год, дарослым – 1-2.

Прафесійная гігіена зубоў

Мала каму сёння незразумела, што толькі знешняй гігіенай забяспечыць здароўе зубоў немагчыма. З кровазабеспячэннем зубы знутры атрымліваюць ўсе неабходныя мікраэлементы для фарміравання тканін. Дзякуючы розным клеткам тыпу адантабластаў зубы абараняюцца ад патагенных бактэрый і інфекцый.

Адантабласты не могуць рабіць сваю працу без патрэбнай колькасці вітаміна Д, для засваення якога патрэбны магній. Працэс не будзе прыносіць патрэбных вынікаў на фоне дэфіцыту вітаміна К2. Вітамін А дапамагае актывізаваць касцяныя клеткі асцеакласты, што важна ў перыяд актыўнага росту дзяцей.

Што ўключыць у рацыён харчавання для захавання здароўя зубоў?

карзіна харчавання для зубоў

  1. У дзень павінна быць 3-4 прыёму ежы без перакусаў. У перапынках толькі вада, пажадана з добрым мінеральным складам. Трэба даваць магчымасць папрацаваць сліне (насыціць зубы мінераламі) ад 3 да 5 гадзін у перапынках паміж прыёмамі ежы.
  2. На сняданак бялкова-тлушчавыя прадукты. Выкарыстоўваем разнастайны алей (аліўкавы, гарбузовы, какосавы і іншыя). Ствараем умовы для засваення тлушчараспушчальных вітамінаў, пасля сняданку абавязкова прымаем вітамін D, рыбны тлушч.
  3. 2-3 порцыі рыбы ў тыдзень і 2-3 порцыі субпрадуктаў – крыніца кальцыя, фосфару, вітаміна К2.
  4. Дадаем 1 порцыю ферментаваных прадуктаў у дзень: квашаную капусту, брусніцы. Ствараем спрыяльныя ўмовы для мікрабіома.
  5. У кожны прыём ежы дадаем зеляніну і гародніну.
  6. Малочная ежа ў выглядзе казінага малака і прадукцыі з яго (ёгурт, тварог, сыр) – крыніца кальцыя, фосфару.
  7. Абавязкова есці насычаныя булёны з курыцы і ялавічыны (лепш за ўсё хатніх або фермерскіх). У іх шмат кальцыя, магнію і фосфару – мікраэлементаў, без якіх не можа існаваць касцяная тканіна.
  8. Выключаем з рацыёну цукар і цукаразмяшчальныя, а таксама вугляводазмяшчальныя прадукты. Скарачаем або цалкам прыбіраем «смеццевыя» прадукты: булкі, печыва, чыпсы, газіроўку, фастфуд, рафінаваныя алеі.
  9. І памятаем, што калі мы на 80 % прытрымліваемся правільнага рацыёну харчавання, 20% няправільнай ежы не прынясуць вялікай шкоды, але калі іх ужываць вельмі рэдка.

Як захаваць свае зубы? Адказваюць стаматолагі

Здароўе – гэта бясцэнны дар і не адзін доктар не дасць чароўнай таблеткі! Толькі праца кожнага чалавека над сваім здароўем – тое што становіцца актуальным у нашы дні.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 46

Студэнтка факультэта журналістыкі БДУ