10.05.2017
10.05.2017

Бясплоднасць — не прысуд! Здымаем псіхалагічныя блокі

logo
Цяжарнасць і роды
116 029
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Бяссонныя ночы, бясконцыя паходы да гінеколага, штомесячныя тэсты на цяжарнасць. І — нічога... У пагоні за марай пра мацярынства жанчыны часцяком ператвараюцца цалкам знерваваных істот. А далікатныя і прыемныя моманты з мужам — у абавязковую праграму па зачацці. Бывае так, што са здароўем у пары ўсё ў парадку, а жаданая цяжарнасць не наступае. У наш час такое паняцце, як «псіхалагічнае бясплоддзе», сустракаецца ўсё часцей. А лекары агучваюць часам нечаканы вердыкт: «Звярніцеся да псіхолага!».

Псіхалагічныя блокі — бар'еры, якія перашкаджаюць цяжарнасці на ўзроўні падсвядомасці. Свядома жанчына можа марыць і прагнуць гэтага, але падсвядома баяцца мацярынства і ўсяляк яго пазбягаць. Самыя моцныя блокі звязаныя са страхамі — памерці, нашкодзіць жыццю і здароўю дзіцяці, не справіцца з роляй маці...

Якія псіхалагічныя прычыны могуць перашкаджаць цяжарнасці? Пра гэта Здаровыя людзі.бел даведаліся ў кіраўніка Цэнтра сямейнага кансультавання, сямейнага і рэпрадуктыўнага псіхолага, аўтара і вядучай арт-тэрапеўтычнага праекта для будучых маці «У чаканні цуду» Ганны Матуляк.

 «Шчыты» ад цяжарнасці

1. Стасункі з мамай

Гэта цэлы пласт адкрыццяў пра сябе і ўласнае жыццё, асабліва пра мацярынства. Бо мама самы важны чалавек, у адносінах з ёй можна знайсці адказы на мноства пытанняў. Мама — галоўны ўзор мацярынства для нас, менавіта ў яе мы неўсвядомлена вучымся, таму тут могуць выявіцца прыхаваныя канфлікты. Якой мамай для вас была ваша матуля, калі вы былі дзіцем? Хацелі б вы быць такой? Як яна сама ацэньвала сваё мацярынства ў той перыяд? Ці была яна шчаслівая або самааддана ахвяравала сабой, і ў вас назаўжды адклалася: быць маці значыць адмовіцца ад асабістага шчасця?

Стасункі, якія складваюцца з мамай зараз, таксама ўплываюць. Занадта моцная сувязь можа перашкаджаць мацярынству, бо, каб нарадзіць, трэба «вырасці і аддзяліцца ад мамы». А занадта канфліктныя, пратэстныя адносіны дзейнічаюць па прынцыпе: калі я не прымаю сваю маці, значыць, я не прымаю жанчыну ў сабе і, як вынік, маю праблемы з жаночым здароўем.

Што рабіць?

Прааналізуйце стасункі з маці. Ці ўсё вас задавальняе? Ці адчуваеце сябе дарослай? Ці можаце знаходзіцца з мамай у цёплых адносінах, але пры гэтым самастойна будаваць сваё жыццё? Калі зносіны з мамай канфліктныя або напружаныя, паспрабуйце напісаць ёй ліст (без адпраўлення). Пішыце ўсе, што будзе прыходзіць у галаву: пра свае дзіцячыя крыўды, прэтэнзіі, траўмы. Ваша задача вызваліцца ад цяжару перажыванняў, які, магчыма, вы носіце даўно. Калі разумееце, што адносіны занадта блізкія, то добра б адказаць сабе на пытанне: ці задавальняе вас такая блізкасць? Калі не, то з якіх прычын вы падтрымліваеце яе?

2. Сістэмныя прычыны

Гэта паўторныя сцэнарыі, лёсы, траўматычныя падзеі мінулага. Напрыклад, цэлае пакаленне жанчын мела цяжкасці з нараджэннем дзяцей. Ці ўсе жанчыны па кудзелі былі няшчасныя ў шлюбе. Часам мы несвядома «падхопліваем і нясём» праблемы нашых продкаў або «караем» сябе за тое, што рабілі не мы.

Мамчыны або бабуліны аборты могуць легчы цяжарам на плечы дачкі або ўнучкі. У такім выпадку важна вывучыць сваё генеалагічнае дрэва, падзеі і лёсы продкаў, «навесці парадак» — усё і ўсіх расставіць па месцах, сумленна падзяліць адказнасць. Зняць з сябе тое, што фактычна належыць іншым. Калі бацька пасля нараджэння дачкі сышоў з сям'і, гэта магло накласці свой адбітак. Падсвядома аберагаючы будучае дзіця ад падобных перажыванняў, жанчына не можа зацяжарыць.

Што рабіць?

Складзіце сваю генаграму. Прааналізуйце гісторыю вашага роду: як складваліся справы з мацярынствам, ці былі страчаныя дзеці, ці былі няшчасныя і шчаслівыя маці ў вашым родзе? Якія пачуцці вы да іх маеце? Можна паспрабаваць арганізаваць віртуальны дыялог з асобамі, якія выклікаюць найбольшы водгук. Шчаслівых маці папрасіць дабраславіць вас на мацярынства, а тым, хто быў няшчасны, выказаць сваё спачуванне.

3. Няўдалыя цяжарнасці ў мінулым

Аборты, выкідышы, замерлыя, пазаматачныя цяжарнасці і нават няўдалыя спробы ЭКА — цяжкія выпрабаванні для жанчыны. Акрамя таго, што гэтыя падзеі ў прынцыпе няпроста перажыць, у нашай культуры і менталітэце яшчэ і стаўленне да такіх страт часцяком абыякавае.

Акружэнне ігнаруе тое, што адбылося, пазбаўляючы тым самым магчымасці перажыць, аплакаць і адпусціць гэтую страту: «Ды не хвалюйся, маладая, народзіш яшчэ!», «Чаго ты так пераймаешся? Гэта яшчэ не дзіця!» і г. д. Як вынік, жанчына перажывае ўсё на адзіноце і носіць боль у душы, не адпускаючы, займаючы тым самым месца іншага дзіцяці...

Ганна Матуляк
Кіраўнік Цэнтра сямейнага кансультавання, сямейны і рэпрадуктыўны псіхолаг, аўтар і вядучая арт-тэрапеўтычнага праекта для будучых маці «У чаканні цуду»
Любая страта павінна быць аплаканая, перажытая. На гэта патрэбныя сілы і час, якога жанчыне, бывае, проста не даюць. Важна ведаць, што самы востры перыяд — гэта першы год. На працягу гэтага часу стан можа мяняцца: смутак змяняецца аптымізмам і верай, потым зноў самота. Калі не знаходзіце падтрымкі ў сваім коле, звяртайцеся да спецыялістаў.

4. Страхі

Напрыклад, неўсвядомлены страх памерці падчас родаў або нарадзіць дзіця з адхіленнямі. Або боязь таго, як зменіцца жыццё пасля родаў — кар'ера, стасункі з мужам, знешнасць. Часцей за ўсё гэта несвядомыя страхі, пра якія мы нават не падазраём і калі спытаць пра гэта, то на ўзроўні свядомасці мы адкажам, што ўсё ў парадку. Аднак менавіта гэтыя думкі вельмі часта здольныя блакаваць наша цела, не дазваляючы яму зацяжарыць.

Што рабіць?

Напішыце сачыненне на тэму «Я баюся стаць мамай, таму што...». Гэта можа быць звязаны тэкст або асобныя тэзісы. Не задумвайцеся, не крытыкуйце і не аналізуйце тое, што пішаце. Хай гэта будзе, на першы погляд, «трызненне». Чым больш зможаце напісаць, тым больш шанцаў дастукацца да несвядомага. Калі спіс або сачыненне будзе гатова — прааналізуйце свае страхі. Спачатку падзяліце іх на рацыянальныя ды ірацыянальныя. Калі страх рацыянальны, напрыклад, страх нарадзіць нездаровае дзіця, бо ў родзе ёсць захворванне, якое перадаецца па спадчыне, то трэба звесці да мінімуму напружанне і трывогу за кошт інфармацыі. Даведайцеся, якія рызыкі канкрэтна ў вас, што можна зрабіць, як засцерагчы сябе і г. д. Калі гаворка ідзе пра ірацыянальныя страхі, прычыны якіх не ясныя, можна самастойна працаваць з імі сродкамі арт-тэрапіі: маляваць, ляпіць, а потым ірваць, спальваць, «выкідваць».

5. Ідэалізацыя ролі маці

Такая жанчына ведае, як правільна выхаваць самае лепшае дзіця. Яно часцей за ўсё ўспрымаецца як узнагарода за правільнае і прыстойнае жыццё. Тут неабходна працаваць са сваімі ўяўленнямі пра мацярынства і карэктаваць іх. Бо ідэальных дзяцей і маці няма, а малыя любяць прыходзіць туды, дзе іх проста будуць любіць, а не туды, дзе іх жыццё яшчэ да нараджэння распланавана на 18 гадоў наперад.

Што рабіць?

Дапамагчы зможа кантакт з рэальным малым — сяброўкі, сёстры. Правядзіце з ім час, пагаварыце з яго мамай, задайце ўсе пытанні, якія вас хвалююць. Кнігі пра выхаванне дзяцей дапамогуць упэўніцца ў тым, што з цяжкасцямі сутыкаюцца ўсе бацькі.

6. Стрэсы

Сучасны рытм жыцця бывае вельмі напружаным. Жанчыны не саступаюць пазіцый моцнай палове чалавецтва ў кар'еры, пры гэтым нярэдка бяруць на сябе адказнасць і за побыт. У пастаянным цэйтноце часта не хапае часу нармальна паесці, паспаць.

Калі стомленасць назапашваецца, могуць з'явіцца парушэнні менструальнага цыклу. А значыць, зніжаецца і здольнасць зацяжарыць. Адсутнасць цяжарнасці запускае новы стрэс, і так па коле: «У мяне стрэс, таму я не магу зацяжарыць, я не магу зацяжарыць, і на гэтай глебе ў мяне стрэс».

Што рабіць?

Перагледзьце свой рэжым працы, адпачынку і харчавання. Будзьце больш уважлівай да сябе і памятайце: для таго, каб наступіла цяжарнасць, напружання павінна быць як мага менш.

Бясплоддзе можа быць падарункам?

Наш эксперт Ганна Матуляк ведае пра праблему другаснага бясплоддзя не па чутках. 7 гадоў сям'я марна спрабавала зачаць другое дзіця, прычым з першай дачкой цяжарнасць адбылася з першага разу. Дыягназ «другаснае бясплоддзе» прымусіў пра многае задумацца. Ад стадыі адчаю муж і жонка прыйшлі да прыняцця і адчування радасці жыцця ў любым варыянце развіцця падзей.

Ганна Матуляк
Кіраўнік Цэнтра сямейнага кансультавання, сямейны і рэпрадуктыўны псіхолаг, аўтар і вядучая арт-тэрапеўтычнага праекта для будучых маці «У чаканні цуду»
Неяк я трапіла на семінар да вядомага псіхатэрапеўта Рымантаса Качунаса. Ён распавёў пра няпростую і доўгую працу з дзяўчынай, якая падвяргалася гвалту. Аднойчы псіхатэрапеўт спытаў у яе: «Калі б гэта згвалтаванне было тваім падарункам, што гэта магло б быць?» Гучыць жудасна, але пытанне дазволіла зірнуць на праблему зусім іначай. Яна ўжо ёсць. З ёй нічога зрабіць нельга. Можна толькі падумаць, як выкарыстаць сітуацыю максімальна спрыяльна для сябе. У выніку дзяўчына паступіла ва ўніверсітэт на факультэт псіхалогіі і стала працаваць з ахвярамі гвалту. Падобны паварот адбыўся і ў маім жыцці. Я працавала выкладчыкам, псіхолагам, у сферы кіравання персаналам. Але не адчувала сваёй дарогі. Даведаўшыся пра свой дыягназ і пагутарыўшы са многімі жанчынамі, я зразумела, як шмат з іх маюць патрэбу ў падтрымцы. Рэпрадуктыўная псіхалогія стала маёй любоўю і справай жыцця. Шмат гадоў мне задавалі пытанне: «Як вы можаце працаваць з бясплоддзем, калі самі не змаглі стаць мамай у другі раз?» На гэта я заўсёды адказвала так: «Не ў маёй уладзе, і нават не ва ўладзе ўсіх медыкаў свету гарантаваць 100% узнікненне цяжарнасці, але прыняць сітуацыю і жыць поўным і радасным жыццём, што б ні здарылася, можна!».

...А цуд усё ж такі адбыўся. І праз 7 гадоў абсалютна шчаслівыя і гатовыя да любога зыходу бацькі атрымалі запаветны пераднавагодні падарунак — дачушку Вікторыю. Перамога!

У кожнай пары свае прычыны і свой шлях пераадолення няпростай сітуацыі. Калі вы не спраўляецеся, калі стрэсаў і болю зашмат, не бойцеся звярнуцца па дапамогу да спецыяліста.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

116 0 29

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама