26.06.2020
26.06.2020

Без чаго не абысціся?! І за гэта – помнік ёй! :)

logo
Думкі ўслых
0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вось гэта я разумею – рэч вынайшлі калісьці. Без якой мы не ўяўляем свайго жыцця. І гэта не мабільнік, не камп’ютар і нават не інтэрнэт! Гэта звычайная… зубная шчотка! Настолькі звыклая, настолькі, можна сказаць, незаўважная… Да яе мы ўранні і ўвечары ў ванным пакоі машынальна працягваем руку і нават не задумваемся, што маглі б яе не мець. І, тым не менш, яна ў нас ёсць! І больш за тое! Сёння – імянінніца!

Віншуйма сваю зубную шчотку з Днём народзінаў!

Зубная шчотка. Дзень народзнаў.

І хаця яна ўжо добра немаладая, але па-ранейшаму бадзёрая і спраўная! Калі ўсё правільна занатавана ў гісторыі, дык сёння зубной шчотцы – 240 гадоў! Адлік вырашылі весці ад 26 чэрвеня 1780 года, калі жыхар Англіі Уільям Эдзіс вырашыў наладзіць першую прамысловую вытворчасць зубных шчотак.

А што ж да гэтага, запытаецеся вы. Людзі не чысцілі зубы?! Гісторыя сведчыць: чысцілі-чысцілі! Толькі – хто чым мог… Так, сцвярджаюць, што кітайцы яшчэ ў 15-ым стагоддзі чысцілі зубы палачкамі з расшчапленнямі на заканчэнні. А Пётр I загадваў навакольным рабіць гэта вільготнымі анучкамі з тоўчаным мелам. Ну, фактычна зубным парашком! 🙂 А нашы далёкія пра-пра-пра… ( і так да бясконцасці) быццам бы пучкамі травы карысталіся.

З часу вынаходніцтва зубныя шчоткі, вядома ж, удасканальваліся. І па форме, і па матэрыялу, але больш за ўсё – па шчацінні. Думаю, кожны спрабаваў чысціць зубы шчоткамі з натуральным і штучным шчаціннем?! А потым выбіралі тое, што больш спадабалася. Маюць прыхільнікаў і электрычныя зубныя шчоткі. Праўда, з-за свайго кошту часцяком робяцца не неабходным набыткам, а падарункам! 🙂

Зубная шчотка. Электрычная ў падарунак.

Дарэчы, найбольш ушанавалі зубную шчотку ў Германіі, калі ў 1983 годзе паставілі ёй помнік у горадзе Крэфельд! Ды які! 6 метраў у вышыню!

Зубная шчотка. Помнік у Германіі.

Хаця на выгляд… Мне вось гэты, з зубам, падаўся больш цёплым… Бо з дрэва…

Зубная шчотка. Помнік шчотцы і зубу з дрэва.

А вось гэты і ўвогуле мілата, праўда?! 🙂

Думаю, кожны памятае, што чысціць зубы трэба не менш за 2-3 хвіліны? І мяняць зубную шчотку праз 3 месяцы?! Што даволі зручна: па сезонах. Але калі яна «стачылася» раней, дык і праз карацейшы прамежак часу… І лепей выбіраць шчотку сярэдняй цвёрдасці – самы аптымальны варыянт. Што, зрэшты, асабіста я даўным-даўно і раблю…

Ну, і тое, што зубная шчотка – рэч вельмі індывідуальная, таксама памятаем?! 🙂 І захоўваюць яе без футляра. Ён патрэбны толькі падчас вандровак. А інакш бактэрыі будуць размнажацца…

Зубная шчотка. Захоўваем правільна.

А ці чулі вы выраз: «Чысціць не паста, а шчотка»?! Зрэшты, як падаецца, праўды ў ім напалову. Пустой шчоткай, без пасты ці парашку, асабліва і не пачысціш зубы. А вось непрыемныя адчуванні гарантаваныя. Гэтак жа, як і без шчоткі. Напрыклад, выціснуўшы зубную пасту на палец. Быццам бы і павазілі ў роце… Але адчування чысціні няма… Зрэшты, калі раптам няма зубной шчоткі, дык лепей так, пальцам з пастай, чым ніяк… 🙂

Так што сёння надайце сваёй зубной шчотцы максімум увагі – імянінніца ўсё ж такі! 🙂 Здаровых зубоў усім!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 43

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама