10.05.2017
10.05.2017

Роды без болю – ужо не фантастыка

logo
Цяжарнасць i роды
0 147
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вашыя роды могуць стаць адным з самых прыемных момантаў у жыцці. Без доўгіх гадзін цяжкага болю, пры гэтым максімальна бяспечна для вас і дзіцяці. А яшчэ – абсалютна натуральна. Гучыць, як апісанне фантастычнага рамана, асабліва для тых, хто ўжо калісьці атрымаў асалоду ад болевых адчуванняў у родах на сабе. Аднак гэта не казка. Роды без болю існуюць! А самае галоўнае: яны даступныя не нейкім міфічным персанажам ці зоркам, а любой беларускай жанчыне.

 

Пра тое, які метад найбольш эфектыўны і бяспечны, мы запыталіся ва Ўладзіслава Рымашэўскага.

 
Уладзіслаў Рымашэўскі
Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА

Боль падчас родаў многія жанчыны называюць самым моцным, які ім даводзілася адчуваць на працягу ўсяго жыцця. Яго параўноўваюць з такім станам, калі табе адначасова пераламалі 20 касцей. Лічыцца, што арганізм чалавека здольны вытрымаць боль інтэнсіўнасцю да 45 del (адзінка вымярэння болю). Аднак падчас родаў жанчына адчувае боль да 57 del.

Фактары рызыкі выяўленага болевага сіндрому ў родах:

  • першыя роды;
  • балючыя менструацыі да цяжарнасці;
  • познія роды (пасля 30 гадоў);
  • праблемы з шыйкай маткі. Напрыклад, лячылі эрозію;
  • дрэнная псіхапрафілактыка. Нават той факт, што жанчына, напрыклад, самотная, істотна павялічвае рызыку моцнага болю.

Для таго, каб абязболіць натуральныя роды, ёсць 2 групы метадаў: немедыкаментозныя і медыкаментозныя.

Немедыкаментозныя метады абязбольвання родаў:

  • роды ў вадзе;
  • свабодны рэжым жанчыны;
  • акупунктура;
  • ароматэрапія;
  • фітбол;
  • спецыяльнае дыханне і інш.

Гэтыя спосабы могуць камбінавацца, прымяняцца па чарзе. Яны сапраўды працуюць і здымаюць частку болю. А галоўнае, супакойваюць. У жанчыны ўзнікае адчуванне кантролю працэсу родаў, удзелу ў сітуацыі. Аднак уплыў кожнага з гэтых метадаў на арганізм строга індывідуальны, прадказаць яго немагчыма.

Пра карысць псіхапрафілактыкі на асабістым прыкладзе. Калі я сама рыхтавалася стаць мамай, то паставілася да родаў вельмі адказна, наведвала падрыхтоўчыя курсы ў 2-м гарадскім клінічным радзільным доме Мінска. Трэніравалася правільна дыхаць. Але больш за ўсё тады чамусьці на мяне паўплывала фраза нашага выдатнага ўрача і лектара Марыны Барысаўны Раўкоўскай: «Уявіце, якім павінен быць ваш ідэальны дзень родаў у дэталях, настройцеся на самае лепшае і верце, што так яно і адбудзецца». Здавалася б, звычайныя словы падтрымкі. Але я ўявіла. І ведаеце, што? Спрацавала! І роды пачаліся самі, і ў тэрмін, і асобная палата для партнёрскіх родаў цудам апынулася вольная, і нават першы снег пайшоў менавіта ў гэты дзень! І хоць фітбол асабіста мне прыносіў больш болю, чым палёгкі, я была гатовая адкрыцца ёй насустрач і ўспрымаць толькі як натуральны этап перад сустрэчай са сваім доўгачаканым сынам.

Роды запомніліся мне як пазітыўныя і ўдалыя. Тым не менш, калі мне давядзецца яшчэ раз наведаць родзалу, мой выбар пасля размовы з нашым экспертам адназначна – за бяспечнае медыкаментознае абязбольванне. Працэс максімальна натуральны, а ўсе болевыя адчуванні «знятыя».

Медыкаментозныя метады абязбольвання родаў

Самы эфектыўны спосаб абязбольвання ў родах – рэгіянарная анальгезія (эпідуральная, спінальная, спінальная-эпідуральная).

Чым яна добрая?

  • Пры анальгезіі «выключаецца» толькі боль. Жанчына не перастае адчуваць ногі. Яна можа хадзіць, адчуваць схваткі, патугі, але без болю (ці адчуваючы яго максімум як пры менструацыі);
  • эфект ад гэтага метаду заўсёды ёсць, і ён прадказальны.
 
Уладзіслаў Рымашэўскі
Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА
У РНПЦ «Маці і дзіця» мы выкарыстоўваем методыку, што называецца «эпідуральная пацыентка, якая ходзіць». Спецыяльная мабільнае прылада (эластамерная помпа), такі сабе сіліконавы мяшок, запаўняем растворам мясцовай анестэзіі, далучаем яго да порта. Ён увесь час падае раствор у эпідуральную прастору. Пры гэтым жанчына можа ляжаць, хадзіць, класці гэты «мяшок» у кішэню, на ложак. Тэхналогіяй можна кіраваць. У помпу лёгка дадаць лекі, напоўніўшы яе растворам зноў. Такім чынам анальгезія прысутнічае на ўсім працягу родаў, колькі б яны ні доўжыліся. У РНПЦ «Маці і дзіця» асобны анестэзіёлаг, замацаваны толькі за родзалай. Нараджаць з ужываннем эпідуральнай анальгезіі хоча кожная трэцяя пацыентка. Сучасная пазіцыя медыкаў такая: само па сабе жаданне жанчыны паменшыць боль у родах – гэта ўжо нагода для выканання анальгезіі (пры адсутнасці супрацьпаказанняў). Бо такім чынам роды праходзяць больш гуманна. І не пакідаюць непрыемных успамінаў.

Як паўплывае эпідуральная анальгезія на роды? Яны не спыняцца?

Гэтая анальгезія ніяк не ўплывае на натуральны працэсу родаў. Яна толькі здымае боль.

Як адчувае сябе мама?

Выдатна. Не крычыць, не пакутуе ад болю. Рухомая, адчувае ногі, можа хадзіць.

Як такое абязбольванне ўплывае на дзіця?

Доза анестэзіі, што зараджаюць для эпідуральнага абязбольвання, мінімальная. Яна не ўплывае ні на працу сэрца мамы, ні на матачна-плацэнтарный краваток, ні на малога. Дзеткі, якія нараджаюцца ва ўмовах абязбольвання, адчуваюць сябе так жа добра, як і тыя, якія з'явіліся на свет без яго. А часам і лепш. Бо боль у родах часта прыводзіць да таго, што жанчына рэзка і глыбока дыхае, што можа выклікаць парушэнне краватоку для плода і выклікаць кіслароднае галаданне (гіпаксію).

Не залежна ад таго, які метад абязбольвання прыйдзецца даспадобы менавіта вам: правільнае дыханне, псіхалагічны настрой, ароматэрапія, медыкаментознае зняцце болю, важна ведаць: роды без болю ва ўмовах сучаснай медыцыны – зусім не цуд, а цалкам ажыццявімая рэальнасць.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 147

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама