28 Сакавіка
28.03.2019

Бяспечны адпачынак. Эксперты распавялі пра меры прафілактыкі небяспечных інфекцый

logo
Падарожнічай
58 0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як, адпачываючы ў гарачых краінах, не заразіцца жоўтай ліхаманкай? Дзе рэгіструюцца выпадкі чумы і халеры? Якія меры трэба распачаць, калі вас пакусала хворая на шаленства жывёла?

Пра гэта і многае іншае распавялі ў Нацыянальным прэс-цэнтры:

  • прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, д.м.н. Сяргей Жаваранак;
  • загадчыца аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анастасія Ляшкевіч.

Сабраліся ў краіны Афрыкі? Патрэбна прышчэпка супраць жоўтай ліхаманкі

Па словах Анастасіі Ляшкевіч, у многіх краінах, якія карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў, асаблівасці клімату (цёпла і вільготна) спрыяюць актыўнаму размнажэнню насякомых, у прыватнасці, камароў, якія з'яўляюцца пераносчыкамі шэрагу небяспечных інфекцый: жоўтай ліхаманкі, ліхаманак Дэнге, Зіка, Заходняга Ніла і інш.

 
Анастасія Ляшкевіч
Загадчыца аддзялення асабліва небяспечных інфекцый РЦГЭіГЗ
Гэта ўсе краіны з цёплым трапічным кліматам, з сезонамі дажджоў, дзе вільготна і цёпла круглы год: Тайланд, В'етнам, Гоа, Індыя, краіны Паўднёвай Амерыкі (Бразілія, Перу, Аргенціна), краіны Афрыкі, якія знаходзяцца паблізу экватара, а таксама краіны Міжземнаморскага басейна.

Калі вы збіраецеся ў краіны, нядобранадзейныя ў плане жоўтай ліхаманкі (краіны Паўднёвай Амерыкі, Бразілія, Аргенціна і Венесуэла), за 10 дзён ад даты ад'езду варта вакцынавацца супраць гэтай інфекцыі. Зрабіць такую прышчэпку можна ў 19-й цэнтральнай раённай паліклініцы Першамайскага раёна г.Мінска. Варта ўлічваць, што ў некаторых краінах у вас могуць запатрабаваць сертыфікат аб правядзенні вакцынацыі супраць жоўтай ліхаманкі.

На жаль, адзначыла Анастасія Ляшкевіч, вакцыны супраць іншых відаў ліхаманак не існуе. Таму засцерагчы сябе ад заражэння можна з дапамогай прафілактычных мер, якія дапамогуць абараніцца ад укусаў насякомых:

  • адзенне павінна быць максімальна закрытым;
  • пазбягайце месцаў, дзе магчымы выплод камароў (неглыбокія добра прагрэтыя вадаёмы, фантанчыкі або водныя збудаванні, дзе невялікая глыбіня і вада доўга застойваецца);
  • выкарыстоўвайце рэпеленты, а таксама механічныя сродкі абароны (спецыяльныя полагі або сеткі на вокны).

У Дамініканскай Рэспубліцы, Гаіці, Індыі і Гоа высокая рызыка заражэння халерай. Інфіцыравацца можна праз ваду, забруджаныя харчовыя прадукты, а таксама кантактна-бытавым спосабам.

 
Анастасія Ляшкевіч
Загадчыца аддзялення асабліва небяспечных інфекцый РЦГЭіГЗ
Для піцця, мыцця гародніны і садавіны варта выкарыстоўваць гатаваную альбо бутыляваную ваду прамысловай вытворчасці. Купацца варта толькі ў тых вадаёмах, якія прадугледжаны праграмай тура. Пры плаванні пазбягайце пападання вады ў рот. Акрамя гэтага, неабходна выконваць патрабаванні па прыгатаванні ежы, не купляць яе ў вулічных гандляроў. Для астуджэння напояў не варта выкарыстоўваць лёд, бо не заўсёды вядома, з якой вады ён выраблены. Усе гэтыя правілы датычацца не толькі халеры, яны працуюць і ў дачыненні да прафілактыкі іншых кішэчных інфекцый, якія рэгіструюцца ва ўсіх краінах свету, асабліва з цёплым кліматам.

Акрамя гэтага, спецыяліст параіла не забывацца мыць рукі ці, калі няма такой магчымасці, выкарыстоўваць гель-антысептык для рук альбо сурвэткі, напітаныя антысептыкам.

На Мадагаскары зарэгістравана ўспышка чумы. Тым, хто збіраецца наведаць гэтую краіну, варта памятаць, што захворванне перадаецца праз укусы блыхаў і праз кантакт з хворымі жывёламі (грызунамі).

 
Анастасія Ляшкевіч
Загадчыца аддзялення асабліва небяспечных інфекцый РЦГЭіГЗ
Старайцеся не чапаць рукамі тушкі грызуноў, што загінулі, асабліва без сродкаў абароны рук і органаў дыхання. Дарэчы, пераносчыкамі могуць быць і жывыя жывёлы.

Па-за сезонам і межамі

У большасці краін свету рэгіструецца шаленства. Асабліва неспрыяльныя ў гэтых адносінах краіны Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыкі. Захворванне смяротнае, без своечасовай прафілактыкі ў 100% выпадкаў прыводзіць да смяротнага зыходу. У Беларусі з 2013 года, дзякуючы прафілактычным мерапрыемствам, не было зарэгістравана выпадкаў заражэння шаленствам сярод людзей. Разам з тым, выпадкі шаленства сярод жывёл – не рэдкасць.

Калі хворая жывёла пакусала, неадкладна, у гэты ж дзень звярніцеся па медыцынскую дапамогу. Небяспечнымі з'яўляюцца не толькі ўкусы, але і абдрапванне або асліненне скурных пакроваў. Гэта звязана з тым, што вірус шаленства можа пракрасціся ў арганізм нават праз мікраскапічныя пашкоджанні скуры. Звяртацца можна ў паліклініку па месцы жыхарства. Урач, які вас агледзіць, накіруе да хірурга або траўматолага для аказання антырабічнай дапамогі. Спецыяліст правядзе хірургічную апрацоўку раны. Гэта можна зрабіць і самастойна, прамыўшы месца ўкусу цёплай вадой з мылам і апрацаваўшы ёдам.

 
Анастасія Ляшкевіч
Загадчыца аддзялення асабліва небяспечных інфекцый РЦГЭіГЗ
Хірургі вызначаць, у адпаведнасці з наяўнымі пашкоджаннямі, аб'ём антырабічнай дапамогі. Гэта можа быць увядзенне вакцыны альбо імунаглабуліну і вакцыны. Імунаглабулін прызначаецца ў выпадках, калі ёсць небяспечнае пашкоджанне. Небяспечнымі лічацца пашкоджанні галавы, твару, шыі, кісці і пальцаў рук, геніталій, пальцаў ног, ступняў. Гэта звязана з тым, што там знаходзіцца шмат нервовых канчаткаў. Шаленства – захворванне, якое выклікае паталогію нервовай сістэмы. Таму чым бліжэй месца кантакту да нервовых канчаткаў, тым хутчэй можа развіцца інфекцыя.

Чым раней пачнецца правядзенне антырабічнай дапамогі, тым большая яе эфектыўнасць. Самастойна адмяняць вакцынацыю або адмаўляцца ад яе катэгарычна нельга!

Энцэфаліт, барэліёз і яшчэ каля 10 інфекцый

Штогод у нашай краіне фіксуецца каля 1 тыс.выпадкаў Лайм-барэліёзу. Пераносчыкамі гэтай інфекцыі з'яўляюцца кляшчы. Зрэшты, гэтыя членістаногія з'яўляюцца крыніцай яшчэ больш за 10 небяспечных інфекцый, у тым ліку клешчавога энцэфаліту, анаплазмозу і тулярэміі.

Пасля ўкусу кляшча, падкрэсліў Сяргей Жаваранак, трэба абавязкова наведаць урача і прайсці курс антыбіётыкатэрапіі. У выпадку павышэння тэмпературы або з'яўлення плямаў на целе, галаўнога болю ці сімптомаў, звязаных з парушэннем мазгавой дзейнасці, варта неадкладна звяртацца па дапамогу да доктара.

Аматарам шашлыкоў са свініны, дзіка і аляніны эксперт параіў добра прасмажваць мяса, каб пазбегнуць заражэння гепатытам Е. Якасная тэрмічная апрацоўка забівае гэты вірус.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

58 0 24

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».