
Тыдзень, вядома ж, вясёлы. Штодня – пэўныя традыцыі ды завядзёнкі. Панядзелак – «сустрэча», сваты ідуць адзін да аднаго ў госці. Аўторак – «зайгрыш». У сям’і ёсць дзяўчаты на выданне? Тады яны ўдзельнічаюць у своеасаблівым аглядзе нявест. Серада – «лакамка». Вы – зяць і ў вас ёсць цёшча? Выпраўляйцеся ў госці на бліны! Гэта – ваш дзень!
Чацвер – «разгул». Красамоўная назва, праўда? Менавіта з чацвярга пачыналіся святкаванні шырокай Масленіцы. Пятніца – «цёшчын вечар». Вы – зяць і да цёшчы на бліны ў сераду хадзілі?! Зараз ваша чарга ў сябе цёшчу прымаць ды блінамі частаваць!
Субота – «залоўчыны вячоркі». Нявесткі запрашаюць на бліны заловак ды іншых родных мужа. Нядзеля – «даравальная». Дзень асаблівы і самы галоўны ў Масленічным тыдні, калі спальваюць пудзіла Зімы і просяць адзін у аднаго прабачэння.
Цікавыя традыцыі, праўда?! Штодня – гулянні, частаванні… І – бліны, бліны, бліны! Тоўстыя і тонкія, на вадзе і кефіры, з розным начыннем… Смачна, але… Не так ужо і карысна. Таму, як кажуць, блінамі частуйся, ды меру ведай!
Вось што пра іх кажуць дыетолагі? Высокакаларыйныя, шмат тлушчаў і вугляводаў. Аматарам здаровага харчавання іх можна есці ўсяго пару разоў на тыдзень, 2-3 штучкі і лепей – на сняданак. Але што ж рабіць, калі і традыцыі парушаць не хочацца, і пакаштаваць розныя блінцы ну так і цягне?! Бо памятаеце?! У Якуба Коласа ў «Новай зямлі»?!
Дзень быў святы. Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне,
І ўжо пры печы з чапялою
Стаяла маці…
Ёсць, ёсць пэўныя прыёмы, якія і бліны могуць зрабіць хаця б крыху карыснымі! Спецыялісты раяць, па-першае, не дадаваць цукар у цеста. Альбо зусім крыху. Па-другое, рабіць яго не на малацэ, а на кефіры, прычым нізкай тлустасці. Можна выкарыстоўваць для асновы і мінеральную ваду, тады бліны атрымаюцца, як карункі.
Па-трэцяе (і, як мне падаецца, самае галоўнае), трэба муку ўзяць не пшанічную, а іншую – карысную. Іржаную, напрыклад, аўсяную, ячменную ці грэцкую. Да таго ж, і самі бліны набудуць зусім іншы – арыгінальны –смак. Па-чацвёртае, пячы іх лепей з мінімумам масла альбо алею, гэта ж датычыць і подмазкі кавалкам сала.
Не забываемся пра начынне, калі такое плануецца. Лепей узяць нятлусты тварог, несалёную рыбу, гародніну… Добра было б у цеста дадаць дробна парэзанай свежай зеляніны.
Здаецца, няхітрыя парады ад дыетолагаў. І выканаць іх нескладана. Але калі так хочацца бліноў традыцыйных і з чымсьці тлусценькім… Можна, калі асцярожна: не штодня і не шмат.
Асабіста мяне так і цягне скарыстацца менавіта гэтым варыянтам. Бо, напрыклад, у нашай сям’і ёсць рэцэпты такіх бліноў з начыннем, якія сапраўды гатуюцца традыцыйна толькі раз у год – на Масленіцу. Гэтак жа, як велікодныя булкі – толькі на Вялікдзень, а жаўрукі з цеста – на Саракі…
Але які б варыянт вы ні абралі, смачнага і вясёлага Масленічнага тыдня – шчыра, ад душы!
Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.