Зараз у нашай краіне пражывае больш за 2,7 млн.сем’яў. Сёння, 15 мая, яны адзначаюць сваё «прафесійнае» свята – Міжнародны дзень сям’і. Напярэдадні гэтай даты пра тое, навошта ў Беларусі патрэбная ідэалогія моцнай сям’і, праблему позніх родаў, работу службы ранняга ўмяшання і многае іншае распавялі журналістам у Нацыянальным прэс-цэнтры:
- намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў;
- начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан;
- галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.
Сацыяльная падтрымка
Па словах Валерыя Кавалькова, сёння ў краіне створаны самыя спрыяльныя ўмовы для мацярынства, нараджэння і выхавання дзяцей. Прававыя гарантыі прадастаўляюцца жанчыне яшчэ да нараджэння дзіцяці. Гэта адпачынак па цяжарнасці і родах з выплатай дапамог, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. Пасля нараджэння дзіцяці прадастаўляецца адпачынак па яго догляду на 3 гады з выплатай дапамогі.
Пераглядаюцца ўмовы для больш камфортнага сумяшчэння прафесійных і сямейных абавязкаў. У прыватнасці, у праекце Працоўнага кодэкса прадугледжана развіццё гнуткіх формаў занятасці, у тым ліку дыстанцыйнай працы. Валерый Кавалькоў выказаў надзею, што гэтая норма дазволіць сям’і атрымаць дадатковую крыніцу даходу і палегчыць працэс выхавання дзяцей.
Як распавёў намеснік міністра, з 2015 года ў нашай краіне рэалізуецца праграма «Сямейны капітал». Па дадзеных на 1 мая, у аддзяленнях «Беларусбанка» ўжо адкрыта амаль 68 тыс.асабовых дэпазітных рахункаў. Увядзенне сямейнага капіталу, адзначыў Валерый Кавалькоў, у пэўнай ступені паўплывала на павелічэнне колькасці дзяцей, якія нараджаюцца трэцімі і наступнымі. Калі ў 2010 годзе такіх малышоў з’явілася на свет 13,5 тыс., дык у 2018 – ужо звыш 20 тыс.
Работа па развіцці сацыяльна-эканамічных стымулаў вядзецца паралельна з дзейнасцю па павышэнні прэстыжу інстытута сям’і ў грамадстве. На жаль, за мінулы год на 1 тыс.шлюбаў прыпала 546 разводаў. Калі было заключана 60 тыс.700 шлюбаў, дык 33 тыс. з іх распаліся. Гэта сведчыць пра тое, упэўнены Валерый Кавалькоў, што наспела неабходнасць у фарміраванні ідэалогіі моцнай сям’і.
Медыцынская дапамога
Праблему позніх родаў адзначыла і Алена Богдан. Самы спрыяльны ўзрост для нараджэння дзяцей, распавяла эксперт, – 21-26 гадоў. Сёння ж усё часцей першае дзіця беларускі нараджаюць ва ўзросце 29-31 года, а наступныя дзеці з’яўляюцца пасля 30-ці.
Пазнейшыя роды, распавяла эксперт, цягнуць за сабой павышаную рызыку развіцця розных паталогій у дзяцей, бо мама часта ўжо мае свой «багаж» хвароб. Менавіта таму ў нашай краіне вядзецца праца па стварэнні службы ранняга ўмяшання, задзейнічаны ў якой будуць не толькі сістэма аховы здароўя, але і сферы адукацыі і сацыяльнай абароны.
Падобны цэнтр паспяхова дзейнічае на базе 19 дзіцячай гарадской паліклінікі г.Мінска. Задача на сёння – укараніць работу службы па ўсёй рэспубліцы. Ранняе ўмяшанне мае на ўвазе своечасовае выяўленне фактараў рызыкі на этапе цяжарнасці і пасля нараджэння дзіцяці, перадачу гэтай інфармацыі ў дзіцячую паліклініку, каб ужо ў раннім узросце выявіць тыя ці іншыя парушэнні, своечасова іх скарэктаваць.
Адукацыя і выхаванне
Важнасць таго, каб дзіця з моманту нараджэння да яго станаўлення выхоўвалася ў любячай сям’і, адзначыла Алена Сімакова. Прафілактыка сямейнай нядобранадзейнасці і стварэнне ўмоў для выхавання дзяцей – адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасці Міністэрства адукацыі.
Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.