29 Сакавіка
29.03.2018

Баліць душа? Ідзіце ў «Лютэю»!

logo
Адчувай шчасце
64 0 156
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Першы псіхалагічны тэатр «Лютэя» (Любоў, тэатр і я) быў заснаваны ў Мінску ў кастрычніку 1994 года як навуковы праект псіхолага, прафесара кафедры кіравання і эканомікі вышэйшай школы РІВШ, кандыдата педагагічных навук, дацэнта па спецыяльнасці «псіхалогія» Наталлі Раманчык. Місія тэатра — псіхалагічная дапамога гледачам сродкамі мастацтва.

Карэспандэнт партала 24health.by сустрэлася з кіраўніком псіхалагічнага тэатра «Лютэя»  Наталляй Раманчык і папрасіла расказаць пра сваё незвычайнае захапленне.













За 23 гады існавання псіхалагічныя спектаклі «Лютэі»  многім сваім гледачам не толькі дапамаглі выйсці з няпростых жыццёвых сітуацый, але і паглядзець на свет па-новаму, палюбіць жыццё і сябе.

Надоўга запамінаюцца душэўнай гаючай сілай тэатральныя работы аматарскага калектыву: «Эльфійская казка» (1995), «Міжсезонне. Пятая пара года» (1997), «Залюстроўе майго дзяцінства» (2000), «Крылы для анёла» (2014) і інш., а таксама спекталі-святы з абрадавымі элементамі. З 2003 года здзейснены некалькі вялікіх перформанс-праектаў – «Перформанс майго жыцця»,  «Ся, які жыве ўнутры», «Звычка быць шчаслівым».

– Калі і як нарадзілася «Лютэя» і ў чым яе адметнасць?

– Гэта было 8 мая 1994 года. У Мінскім тады яшчэ педінстытуце, дзе я выкладала псіхалогію, да мяне падышлі мае студэнты і прапанавалі прыдумаць такі праект, у якім мы былі б патрэбныя іншым людзям. Менавіта тады прыйшла ідэя стварыць тэатр псіхалагічнай дапамогі, які назвалі «Лютэяй». У якасці калектыўнага псіхолага тут выступае акцёрская група. Базавая аснова такога спектакля — мадэль няпростай жыццёвай сітуацыі і магчымыя варыянты выхаду з яе. Тэксты і сцэнічныя вобразы максімальна абагульненыя для ўспрыняцця гледачамі тэатральнага дзейства як уласнай жыццёвай сітуацыі.

Гледачы могуць пасіўна глядзець спектакль альбо актыўна ўдзельнічаць у пастаноўцы. Як правіла, шмат часу ідзе на тое, каб падрыхтаваць такі спектакль. Спачатку вызначаем навукова-метадалагічную аснову яго сцэнарыя, прадумваем мастацкае ўвасабленне. Акцёры праходзяць курс групавой псіхатэрапіі для вырашэння асабістых праблем па тэме спектакля. У «Лютэі» — своеасаблівая прасторавая арганізацыя: блізкая адлегласць паміж гледачамі і акцёрамі (да 4 метраў). Сцэна адсутнічае. Няма мяжы паміж акцёрамі і гледачамі. Каб атрымаць тэрапеўтычны эфект, спектакль разлічаны на невякую аудыторыю: ад 1 да 40 чалавек, якія сядаюць па коле.

– Любоў да тэатра для вас — выпадковасць ці заканамернасць?

– Тэатр захапляў мяне з дзяцінтсва. Памятаю, яшчэ ў трохгадовым узросце ў мяне ўжо быў уласны лялечны тэатр. Мае пластылінавыя лялькі –артысты жылі ў вялікай кардоннай скрыні ад торта. Сваіх незвычайных акцёраў я прыклейвала да драўляных шпулек з-пад нітак. Уключала настольную лямпу і казка пачыналася… Урэшце ў 27 гадоў мая мара здзейснілася. Тандэм псіхатэрапіі і тэатральнага мастацтва — эксперыментальны праект, які доўжыцца па сёння.

– Нядаўна давялося паглядзець ваш першы спектакль «Эльфійская казка». Работа энергетычна светлая, з добрым псіхалагічным эфектам. Гледачы — бацькі і іх дзеці — атрымалі не толькі шмат пазітыўных эмоцый, але і карысных падказак пра тое, як наладзіць стасункі ў сям’і, зрабіць іх камфортнымі. Як з’явіўся спектакль?

– Быў дзень нараджэння вельмі добрага  чалавека, якому тэрмінова спатрэбілася псіхалагічная дапамога. Мы вырашылі зрабіць тэрапеўтычны падарунак для аднаго гледача — дзень у эльфійскім лесе, дзе ён сустракаецца з цудамі, выконваюцца ўсе яго жаданні, дзе можна быць свабодным, спантанным, дзе шмат любві…

У мінулым годзе яго ўзнавілі, зрабіўшы спектакль-трэнінг, мэта якога — навучыць любіць сябе, сваё жыццё, быць адказным за яго.

Уражвае і спектакль «Міжсезонне. Пятая пара года» — мадэль пражывання сітуацыі страты, дзе кожны шукае выйсця з уласнага міжсезоння...

– Гэта даволі складаная работа пра тое, як перажыць смерць родных і блізкіх. Тры акцёры прадстаўляюць унутраны свет чалавека, астатнія яго вонкавы свет, барацьбу пачуццяў. Ідзе тэрапеўтычная псіхалагічная дапамога: гледачы разам з акцёрамі перажываюць гора і атрымліваюць вопыт правільнага выйсця з цяжкай жыццёвай сітуацыі.

– На спектаклі «Залюстроўе майго дзяцінства» ў кожнага ёсць магчымасць вярнуцца ў свет маленства, дзе не толькі зелянейшая трава і шчадрэйшыя дажджы, а і вельмі балючыя душэўныя траўмы, якія часам застаюцца на усё жыццё...

– Для гэтага спектакля нашы акцёры самастойна робяць лялькі, кожная з якіх — тое ўнутранае Дзіця, што жыве ў душы кожнага. Дзея дае магчымасць наноў перажыць, загаіць тыя псіхалагічныя траўмы, якія балючымі стрэмкамі засталіся ў душы з часоў маленства і сталі праблемамі дарослага чалавека.

Гэта і страх адзіноты, крыўды, пачуццё віны… Задача нашай драматычнай і псіхалагічнай працы — даць магчымасць гледачу зразумець сваё ўнутранае Дзіця, дараваць крыўды і палюбіць яго, вярнуўшы непасрэднасць светаўспрымання, свабоду і радасць быцця.

Адна з апошніх нашых псіхолага-драматургічных работ «Крылы для анёла», якая нарадзілася 6 гадоў таму з праекта «Звычка быць шчаслівым». Яна пра тое, як пераадольваць жыццёвыя крызісы, як шукаць унутраныя сілы, упэўненасць і натхненне. Душа чалавека праходзіць праз сем смяротных грахоў і ўрэшце знаходзіць выйсце, набывае першародныя крылы. Спектакль дапамагае зазірнуць у глыбіню чалавечых пачуццяў, сустрэцца з той часткай сваёй існасці, што даецца нам пры нараджэнні — яна заўсёды памятае, дзеля чаго мы прыйшлі на свет…

З 2003 года мы здзейснілі перформанс-праекты «Перформанс майго жыцця», «Ся, які жыве ўнутры» і «Звычка быць шчаслівым» . Гэта — новая форма работы, калі кожны наш акцёр ставіць маленькі спектакль на тэму той базавай псіхалагічнай праблемы, якая не дазваляе яму быць шчаслівым. У маленькай дзеі ( да сямі мінут) ён не толькі паказвае праблему, але прапануе выйсце з яе.

– Што дае работа ў псіхалагічным тэатры?

– Вялікае прафесійнае і маральнае задавальненне. Наш праект, як вы ўжо зразумелі, не камерцыйны, і мы за гэта не маем ніякіх матэрыяльных выгод. Праўда, некалькі гадоў таму, калі выступалі ў Германіі, атрымалі пэўныя грошы, за якія набылі лекі для цяжка хворых дзяцей.

– Якія змены адбыліся за гэты час у «Лютэі» і ў вашым асабістым жыцці?

– Дзякуючы гэтаму незвычайнаму тэатру я набыла шмат сяброў, сустрэла сваё каханне і выйшла замуж. Цяпер наша дзесяцігадовая дачка Арсенія — адна з актыўных акцёраў «Лютэі». Яна не толькі выконвае драматычныя ролі, але і хораша спявае. У Арсеніі ёсць свой маленькі лялечны тэатр. Праўда, лялькі там не пластылінавыя, як некалі ў маім дзяцінстве, а сапраўдныя (смяецца). У мужа Андрэя — сваё хобі. Ён здымае фільмы пра нашы псіхалагічныя спектаклі. Тэатр стаў сямейным захапленнем, часткай нашай душы.

На жаль, па сёння не маем свайго памяшкання. У апошнія гады нам ахвотна прадастаўляе сваю залу Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Часта выступаем там, дзе запросяць. Нядаўна паказвалі «Эльфійскую казку» на базе адпачынку «Волма» у Дзяржынскім раёне, куды нас запрасіла грамадская арганізацыя «Родныя людзі». Пасля спектакля прыемна было пачуць цёплыя водгукі: «Ваш спектакль — падарунак лёсу мне і майму дзіцяці», «Мы адпачылі душой»…

Бываюць на нашых спектаклях і замежныя госці — з Італіі, Германіі, Іспаніі, Украіны, Японіі, Расіі. Калі аднойчы ніяк не маглі знайсці перакладчыка для замежнага гледача з Германіі, ён аптымістычна ўсклікнуў: «Не трэба перакладу! Нам і так зразумела, бо тут — вяртанне традыцыйных духоўных каштоўнасцей і душэўнага здароўя чалавека. Усё, як па Біблі!».

Фота – Сяргей Міцэвіч.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

64 0 156

Журналіст
Наверх