18 Верасня
18.09.2020

Брусніцы. Карысць і лекавыя ўласцівасці. Меры засцярогі

logo
Харчуйся правільна
0 0 13
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Брусніцы – гэта не толькі смачныя лясныя ягады, але яшчэ і скарбніца карысці і лекавых уласцівасцяў для арганізма. Іх стагоддзямі, калі не тысячагоддзямі, ужывалі ў ежу і выкарыстоўвалі ў якасці лекаў. Рэчывы, якія ўваходзяць у склад ягад, забяспечылі ім мноства гаючых уласцівасцяў: супрацьзапаленчае, антысептычнае, мачагоннае, вяжучае, антыаксідантнае... У якасці натуральных лекаў брусніцы стаяць у адным шэрагу з малінай, журавінамі, шыпшынай, мёдам...

Брусніцы. Карысць брусніцаў і мёду.

Карысны састаў

У 100 г брусніцаў утрымліваецца 2,6 г клятчаткі і 8,2 г цукру, прадстаўленага, у асноўным, фруктозай і глюкозай. Энергетычная каштоўнасць – каля 56 ккал. Таксама ягады ўключаюць багаты вітамінна-мінеральны комплекс: у іх складзе вітаміны E, групы A, B і K, калій, кальцый, магній і фосфар.

Асаблівую карыснасць брусніцам забяспечваюць раслінныя хімічныя злучэнні, якія змяшчаюцца ў ёй, так званыя  флаваноіды. Асноўная ўласцівасць флаваноідаў – у антыаксідантным эфекце, г.зн. здольнасці нівеліраваць наступствы акісляльных працэсаў, якія вядуць да больш хуткага старэння і гібелі клетак. Па сутнасці, антыаксіданты – гэта асноўныя фактары для ўмацавання здароўя і падаўжэння маладосці. Па сцвярджэнні некаторых даследчыкаў, менавіта брусніцы змяшчаюць больш флаваноідаў, чым любыя іншыя ягады!

Адметнай асаблівасцю брусніцаў можна назваць і прысутнасць у іх складзе бензойнай кіслаты. Гэта свайго роду натуральны антысептык, які перашкаджае развіццю мікробаў і прадухіляе ўзнікненне запаленчых працэсаў.

Брусніцы. Прадухіляюць запаленчыя працэсы.

Карысныя ўласцівасці брусніцаў у той ці іншай ступені захоўваюцца пры любым відзе тэрмічнай апрацоўкі альбо кансервацыі. Але максімальную карысць для здароўя ўяўляюць ягады ў сырым выглядзе альбо бруснічны сок.

Характэрна, што лісце брусніцаў, дзякуючы высокай канцэнтрацыі ў іх біяактыўных злучэнняў, зусім не саступаюць па гаючых уласцівасцях самім ягадам.

Патэнцыяльная карысць брусніцаў для здароўя

Брусніцы нічым не адрозніваюцца ад іншых ягад, якія ўжываюцца чалавекам у ежу, у тым сэнсе, што вучоныя з розных краінаў свету правялі мноства даследаванняў на прадмет вывучэння іх патэнцыяльнай карысці для здароўя. І вось пра якія перавагі ягад заявілі вучоныя.

Брусніцы. Карысць.

Брусніцы спрыяюць павышэнню антыаксідантнага профілю за кошт высокага ўтрымання антыаксідантаў у сваім саставе. Калі хочаце, паміж ягадай і антыаксідантамі можна паставіць знак роўнасці. Мы ўжо не раз пісалі пра тое, наколькі неабходны для фізічнага здароўя і знешняй прывабнасці адэкватны баланс антыаксідантаў у арганізме.

Іх галоўная мэта і задача – нейтралізаваць шкоднае ўздзеянне на арганізм свабодных радыкалаў, якія вядуць да хутчэйшага зносу клетак арганізма і, як следства, пагаршэння знешняй прывабнасці і фізічнага самаадчування. Сярод іншых антыаксідантаў, якія ёсць у брусніцах, асаблівае месца займаюць праантацыянідзіны і антацыяны – высокаэфектыўныя поліфенольныя злучэнні ў барацьбе супраць свабодных радыкалаў.

Супрацьдзеянне запаленчым працэсам, якое ў пэўнай ступені здольныя аказваць брусніцы, даследчыкі звязваюць таксама з наяўнасцю праантацыянідзінаў. Дарэчы, было выяўлена, што дзікія лясныя брусніцы ўтрымліваюць у два разы больш хімічных злучэнняў з гаючымі ўласцівасцямі, чым «акультураныя» ягады, якія вырошчваюцца ў камерцыйных мэтах.

Брусніцы. Перавага лясных ягад над акультуранымі.

Прафілактыка і зніжэнне рызыкі рэцыдываў інфекцый мочавыводзячых шляхоў (ІМШ). Сярод ягад такім выяўленым гаючым эфектам нароўні з брусніцамі валодаюць хіба што толькі журавіны. Ужыванне кактэйляў з камбінацыі бруснічнага і журавінавага сокаў дакладна памяншаюць колькасць рэцыдываў ІМШ, пра гэта даследчыкі ўпэўнена заявілі на старонках брытанскага спецыялізаванага медыцынскага часопіса.

Напрыклад, ёсць дадзеныя: штодзённае (на працягу 6 месяцаў) ужыванне ўсяго 50 мл напою, які змяшчае ў роўных долях сок брусніцаў і журавінаў, зніжае верагоднасць паўторных ІМШ у жанчын і колькасць ІМШ у дзяўчынак 3-12 гадоў.

Брусніцы дапамагаюць захаваць здароўе поласці рота. Дубільныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў ягадах, валодаюць антымікробнымі ўласцівасцямі – да такой высновы прыйшлі вучоныя, правёўшы шэраг клінічных выпрабаванняў. У прыватнасці, дубільныя рэчывы эфектыўна падаўляюць актыўнасць штамаў бактэрый, якія выклікаюць некаторыя захворванні поласці рота.

Брусніцы. Карысць ягад і соку.

Зніжэнне рызыкі раку таксама адносяць да пераваг непатрабавальных лясных ягад. Працыянідзіны, на якія так багатыя брусніцы, у некаторай ступені здольныя прафілактаваць рызыку развіцця раку шыйкі маткі і раку тоўстай кішкі. Таксама ёсць звесткі, што антыаксідантны комплекс у экстракце брусніцаў выклікае апаптоз (прасцей кажучы – «самагубства», самазнішчэнне) клетак, якія правакуюць лейкемію (рак крыві).

Серыя эксперыментаў на мышах, праведзеных заходнімі даследчыкамі, дазволіла таксама вылучыць здагадку, што рэгулярнае ўжыванне брусніцаў можа аказваць станоўчы ўплыў на абменныя працэсы ў арганізме, папярэджваць непажаданы набор вагі, перашкаджаць назапашванню ліпідаў у печані, рэгуляваць узровень цукру ў крыві.

Аднак, пры ўсёй бясспрэчнай карысці брусніцаў людзям з захворваннямі страўнікава-кішэчнага тракта, гастрытам, язвавай хваробай не рэкамендуецца ўжываць іх у ежу. Бруснічны сок раздражняе слізістую страўніка і можа справакаваць абвастрэнне захворвання.

Верасень – бруснічны месяц. Калі вам пашанцуе ці вы ведаеце месцы, дык можаце на свае вочы назіраць, як сотнямі пунсовых іскраў гараць, назапасіўшыся летнім цяплом і сонцам, бруснічныя паляны. Не губляйце часу дарма, збірайце гэты «жыватворны агонь». Узімку, дастаўшы з паліцы слоічак духмяных лекаў, вы не раз скажаце «дзякуй» смачным і карысным ягадам.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 13

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама