15.12.2018
15.12.2018

Будні рэаніматолага: 1,3 стаўкі, 11 сутачных дзяжурстваў, 50 рублёў за кандыдацкую (+відэа)

logo
Асобы i лёсы
0 1356
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Госць нашага відэапраекта “Урачы – таксама людзі” - Андрэй Вітушка,  рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі  з палатамі для нованароджаных дзяцей РНПЦ «Маці і дзіця». Доктар распавёў, ці трэба рэаніматолагам памятаць пра пекла, з якіх слоў мусіць пачынацца клятва ўрача, чаму “почки” па-беларуску называюцца ныркамі і для чаго трэба ахалоджваць дзяцей з асфіксіяй.

Пра немаўлят

Вы дапамагаеце неданошаным дзецям вагой ад 500 грамаў, бо па крытэрыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя такія народжаныя пасля 22 тыдняў лічацца ўжо не выкідышам, а чалавекам. А для вас асабіста калі пачынаецца чалавек? 

У філасофскім, глабальным сэнсе чалавек пачынаецца з моманту зачацця. У мяне была магчымасць пераканацца ў гэтым на асабістым прыкладзе. Мой сын у першыя месяцы жыцця пазнаваў тыя казкі, якія мы чыталі яму, калі ён знаходзіўся яшчэ ўнутры маёй жонкі – лепш пад іх засынаў. Калі ён нарадзіўся, у мяне было трывалае ўражанне, што мы даўно знаёмыя, таму што я з ім часта размаўляў, калі ён быў яшчэ плодам.

Які быў самы маленькі пацыент у вашай практыцы? 

Дзяўчынка Эля, якая важыла каля 480 грамаў.

Што вы робіце з такімі немаўляткамі, якія, напэўна, змяшчаюцца на далоні? Ці патрэбна тут асаблівая маторыка рук? 

Калі акушэры паведамляюць нам, што плануецца нараджэнне глыбоканеданошанага дзіцяці ці дзіцяці з іншымі праблемамі (напрыклад, з прыкметамі гіпаксіі, парокамі сэрца ці лёгкіх), мы ідзём у аперацыйную ці радзільную залю са спецыяльным інкубатарам. Гэта такі шкляны дамок, коштам як Мерседэс S-класа, з падвоенымі сценкамі, апаратам вентыляцыі лёгкіх ды іншымі прыладамі. І там аказваем дапамогу нованароджанаму. Безумоўна, дзеткі маленькія, і нашы рухі павінны быць асцярожнымі. Але і ў хірургаў, якія займаюцца траўматалагічнымі аперацыямі і выкарыстоўваюць вялікія “пілы” ды іншы, як яны смяюцца, “слясарны інструмент”, маторыка таксама далікатная. Тэхніка хірургічнай працы зараз скіравана на тое, каб мінімальна шкодзіць тканкам – узрост пацыента не мае значэння.

Колькі дзяцей праходзіць праз вас у год?

Каля 900. У нас вялікае адзяленне на 30 коек. Гэта вельмі шмат.

Колькі разоў на дзень вы мыеце рукі? Ці пакутуе ад гэтага скура?

Пэўна, сотні разоў. У кантакце з дэзінфектантам мы знаходзімся дастаткова часта: ты мусіш апрацаваць рукі, калі прыходзіш на працу, калі ўваходзіш у палату з пацыентам, перад тым, як дакрануцца да пацыента, пасля кантакту… Гэта важны спосаб прафілактыкі ўнутрыбальнічнай інфекцыі, але скура, безумоўна, высыхае. Мажам яе звычайнымі крэмамі. У Аўстрыі і Германіі я бачыў, што шпіталі закупаюць спецыяльныя крэмы для рук. Спадзяюся, і у нас так будзе.

Пра мінусы прафесіі

Прачытала даследаванне, што ўрачы ў сярэднім жывуць менш за пацыентаў на 15 год. А рэаніматолагі і анестэзіёлагі яшчэ менш - з-за прафесійнага стрэсу. У вас ёсць ужо сігналы нейкай знясіленасці арганізма?

Медыцынская прафесія – гэта кантакт чалавека з чалавекам. Я дзесьці чытаў, што для чалавека нішто не з’яўляецца такім выпрабаваннем, як іншы чалавек. І калі ты пастаянна працуеш з людзьмі, калі нясеш адказнасць, праца інтэнсіўная – непазбежна надыходзіць эмацыйнае прафесійнае выгаранне. Тады ты не можаш хадзіць на працу, цябе раздражняюць калегі і пацыенты, і ты аўтаматычна выконваеш свае абавязкі. Амерыканцы звярнулі сур’ёзную ўвагу на гэтую праблему 5 гадоў таму, бо правялі вялікае даследаванне і высветлілі, што сярод хірургічных рэзыдэнтаў, якія праходзяць чатырохгадовую паслядыпломную стажыроўку, ужо на трэці год амаль у 30%  былі прыкметы эмацыйнага выгарання. То бок спецыяліст яшчэ нават не сертыфікаваны доктар, а ўжо становіцца прафесійна непрыдатным. Пасля гэтага ў Штатах адбыліся пэўныя змены ў графіку працы, дактароў пачалі падтрымліваць псіхолагі. У нас агучылі гэтую тэму, але, на жаль, пакуль не стварылі таго ж псіхалагічнага суправаджэння рэаніматолагаў, хірургаў ды іншых урачоў, бо ў тэрапеўта, думаю, не менш псіхатраўмуючых фактараў.

У вас было выгаранне?

Так, я ўжо перажыў гэта.

Як вы выкараскаліся?

Гэта было няпроста. Мне неяк своечасова трапілі публікацыі на гэтую тэму, я распазнаў прыкметы. Мабыць, у мяне праблема не далёка зайшла, раз я змог справіцца. У гэтай сітуацыі дапамагаюць хобі, змена дзейнасці і стаўлення да сябе.

Пра адказнасць

Знайшла ў інтэрнеце апублікаваны дзённік былога рэаніматолага. Ён так піша пра прафесію: "Калі пекла і рай існуюць, мы будзем гарэць. За ўсе памылкі і чалавечыя смерці". У вас стаўленне да працы падобнае?

Які самакрытычны калега! Не, у мяне няма такога стаўлення. Не чалавеку вырашаць, куды ён трапіць – у пекла ці рай.

Ёсць усім вядомая клятва Гіпакрата. Сусветная медыцынская асацыяцыя раз на пяць год робіць яе апдэйт з улікам новых патрэб часу. Але першы яе пункт застаецца нязменным: “Пацыент мусіць быць маім першым клопатам”. Калі ты на працы думаеш пра здароўе свайго пацыента, робіш усё, каб ён ачуняў, калі ў цябе ёсць перакананне, што ты зрабіў усё, што мог, то пытанне пекла і раю для цябе не стаіць.

Так, бываюць сітуацыі, калі дактары памыляюцца. Усе людзі памыляюцца – і мы не выключэнне. Але кожная такая сітуацыя мусіць быць дэталёва разабраная, каб не паўтараць памылку далей. І з гэтым, на жаль, узнікаюць праблемы. У нас любяць хаваць і не аналізаваць памылкі.

Вось нядаўна прынялі новы Кодэкс урачэбнай этыкі. Я таксама падаваў прапановы падчас грамадскага абмеркавання праекта. У Кодэксе ёсць норма, што доктар павінен перадаваць свой станоўчы досвед калегам. Я пісаў распрацоўшчыкам, што таксама важна перадаваць адмоўны вопыт, каб вучыцца не на сваіх новых памылках, а на старых памылках калег. Але гэтую прапанову не ўключылі ў новую рэдакцыю.

Клятва ўрача Республікі Беларусь, у адрозненне ад пашыранай у свеце клятвы Гіпакрата, пачынаецца з фразы пра тое, што ўрач абавязаны аказваць медыцынскую дапамогу ўсім, незалежна ад сацыяльнага статусу і г.д. Гэта цудоўна, але ніяк не раскрывае, якім чынам гэта рабіць, нічога няма пра якасць гэтай дапамогі. А вось фраза “Пацыент – мой першы клопат”, калі яна забіваецца ў галаву з першага моманту навучання ў медуніверсітэце, становіцца жыццёвым імператывам, правілам, якім чынам працаваць. Гэта фраза, дарэчы, ёсць у клятве дактароў Расіі, Украіны.

А заканчваецца наша клятва фразай, што ўрач нясе адказнасць перад беларускім народам і дзяржавай. На маю думку, адзіны чалавек, перад якім нясе адказнасць доктар, – гэта ягоны пацыент. Усе астатнія: загадчык адзялення, начмед, галоўны ўрач, міністр аховы здароўя – потым. І гэта сур’ёзная змена, якая мусіць быць успрынятая нашай сістэмай.

Пра Бога

У адным інтэрв'ю вы казалі, што доктар гэта інструмент у руках Бога. Вы паверылі ў Бога праз прафесію? Ці гэта было з дзяцінства?

Гэта было з дзяцінства, але хутчэй нейкім фонам. Разумееце, працуючы ў рэанімацыі цяжка быць няверуючым чалавекам. У Ягора Летава ёсць такія словы: “Не бывает атеистов в окопах под огнем”. У рэанімацыі таксама, бо там перыядычна здараюцца цуды. Пацыенты, якія не павінны былі выжыць па ўсіх паказчыках, ачуньваюць, і наадварот, нягледзячы на ўсе нашы намаганні, навыкі і апаратуру, мы часам не можам уратаваць дзіця, у якога ад пачатку, здавалася б, не было сур’ёзных праблем.

Пра умовы працы

Вы працуеце на стаўку?

Я не бачыў яшчэ дактароў, якія працуюць на адну стаўку. У мяне зараз дзесьці 1,2-1,3 стаўкі. Гэта прыкладна 9-11 сутачных дзяжурстваў. Нездарма ж ёсць байка, чаму доктар працуе на паўтары стаўкі: бо калі ён будзе працаваць на адну стаўку, яму не будзе чаго есці, а калі на дзве – калі есці. Усё сваё прафесійнае жыццё я працую больш чым на адну стаўку. І зараз у мяне надышоў больш разняволены перыяд, бо ўжо стаў кандыдатам навук, урачом вышэйшай катэгорыі.

Як вы аднаўляецеся, калі пасля начных дзяжурстваў яшчэ трэба працаваць днём?

Доўгія-доўгія гады трэніроўкі.

Праца ў медыцыне вымагае дадатковых актыўнасцяў, калі ты хочаш карміць сям’ю. І вельмі шмат маіх калег вымушаны зарабляць яшчэ чымсьці. Я, напрыклад, паралельна з працай у шпіталі пісаў для дзіцячага часопіса, інтэрнэт-партала, працаваў на тэлебачанні, дзе мы здымалі мілую праграму пра здароўе дзетак з мядзведзікам Топам. Таксама працаваў у кампаніі, якая аказвае амбулаторныя педыятрычныя кансультацыі, нядаўна завяршыў працу ў РНПЦ медыцынскіх тэхналогій, дзе пісаў заданні для праграмістаў па распрацоўцы сістэмы падтрымкі клінічных рашэнняў.

Я ў свой час скончыў вядомую мінскую матэматычную школу №50. Мае аднакласнікі ў асноўным пайшлі або на факультэт прыкладной матэматыкі, альбо ў эканамічны універсітэт. І мая мама аднойчы спытала мяне: “А ці не задумваўся ты, сынок, пра тое, каб быць не добрым доктарам, а кепскім праграмістам?..”

А што дае кандыдацкая?

50 рублёў на месяц. І не проста так. Напрыканцы года ты мусіш падаваць справаздачу, што зрабіў як кандыдат: дзе выступаў, якія артыкулы напісаў. І кіраўніцтва вырашае, даваць гэтыя 50 рублёў ці не.

Сёння рэаніматолагі-анестэзіёлагі вучаць замежныя мовы і шукаюць працу за мяжой. Вы асабіста гэта бачыце? Чаму гэта адбываецца, на ваш погляд?

Беларусы вельмі прывязаныя да сваёй зямлі, ментальна менш мабільныя, чым іншыя. Але даволі масавая эміграцыя відавочна адбываецца. Усё часцей калегі рыхтуюць дакументы на выезд.

Чаму? Таму што шукаюць прафесійнай самарэалізацыі, нават не грошы.

Што замінае самарэалізацыі тут?

Нейкая інэртнасць сістэмы. Каб штосьці давесці, змяніць, ты мусіш гэта прабіваць. Не ўсе да гэтага гатовыя.

Пра змены

Што б вы памянялі ў нашай сістэме аховы здароўя?

Па-першае, трэба думаць пра матывацыю дактароў. У нас многае трымаецца на энтузіязме людзей. Такіх людзей надзіва шмат. Але на энтузіязме жыць вечна немагчыма. Чалавек стамляецца і бачыць, што можа быць больш эфектыўным у іншай сістэме па-за межамі краіны.

Па-другое, трэба адкрываць сістэму. Зараз яна вельмі закрытая. Журналісты скардзяцца, што каментар у нашага міністэрства цяжэй атрымаць, чым нават у КДБ. Але і ўнутры сістэмы няма механізма, каб меркаванне практыкуючага доктара было данесена да людзей, якія прымаюць рашэнні пра яго працу.

Па-трэцяе, у сістэме мусіць быць больш цвярозага розуму. Сёння вельмі шмат рэчаў скіравана не на тое, каб лепш аказаць дапамогу пацыентам, а на тое, каб забяспечыць выкананне нейкіх паказчыкаў. Просты прыклад: мы пастаянна спрачаемся з акушэрамі, якія просяць нас не ставіць нізкую ацэнку па шкале Апгар дзецям, якія па розных прычынах нараджаюцца ў цяжкім стане. Маўляў, гэта ідзе ў статыстыку, і потым акушэры будуць вінаватыя, што нарадзілі дзіця ў цяжкім стане. Трэба, каб паказчыкі не заміналі працаваць, а дапамагалі. Калі прымаюцца нейкія новаўвядзенні, трэба, каб яны перш за ўсё адказвалі на пытанне: якім чынам гэта палепшыць нашы магчымасці дапамагаць людзям.

Калі гаварыць пра змены службы рэанімацыі нованароджаных, я спадзяюся, што будзе створана сістэма катамнэзу неданошаных дзяцей, якая на ўзроўні сусветных стандартаў адсочвае, як яны растуць і развіваюцца далей. Ва ўсім цывілізаваным свеце так робіцца. Гэта дазваляе адсачыць, як працуе дапамога неданошаным дзецям і наладзіць аптымальную рэабілітацыю гэтых дзяцей і дапамогу іх сем’ям. Проста расказваць пра нізкія лічбы дзіцячай смяротнасці ў нашай краіне – мы на ўвесь свет крычым, якія мы малайцы.Так, малайцы. Але нашы калегі пытаюцца: “Ок, а як потым развіваюцца гэтыя дзеці?” І мы не можам ім нічога адказаць.

Таксама я вельмі спадзяюся актыўна паўдзельнічаць у стварэнні сістэмы дапамогі дзецям з асфіксіяй. Кіслароднае галаданне падчас родаў выклікае праблемы развіцця галаўнога мозгу, і гэта часта прыводзіць да інваліднасці. Ёсць спосаб дапамагчы такім дзецям – гіпатэрмія: калі немаўлятка ў першыя 6 гадзін пасля нараджэння ахалоджваецца да 33,5-34 градусаў і захоўваецца ў такім стане трое сутак. Ахалоджванне дазваляе зменшыць пашкоджанне галаўнога мозгу. У свеце гэта адзіны эфектыўны спосаб лячэння такіх пацыентаў. Я вельмі спадзяюся, што ў Беларусі будзе створана сетка такіх цэнтраў дапамогі. Гэта патрабуе выдаткаў і сур’ёзнага прафесіяналізму медработнікаў, але іншага шляху даць шанц такім дзецям пакуль няма.

Пра мову

Вы пачалі гаварыць па-беларуску свядома ў пэўны момант ці гэта была сямейная традыцыя?

Я, як смяецца мая жонка, “пародзісты” беларус. Уся мая радня паходзіць з Маладзечанскага раёна, я ведаў мову з дзяцінства, для мяне яна абсалютна натуральная. Цалкам я перайшоў на беларускую мову 20 гадоў таму. Гэта палова майго жыцця.

Па якіх крыніцах вы вывучалі беларускія медыцынскія тэрміны?

Тут не так усё складана. Шмат якія кнігі і публікацыі выйшлі ў 20-30-я і 90-я гады мінулага стагоддзя, былі і ёсць практыкуючыя беларускія лекары і выкладчыкі. Да таго ж медыцынская тэрміналогія – інтэрнацыянальная. Аорта будзе аортай і па-англійску, і па-нямецку і па-беларуску.

Але ж ныркі – гэта яўна не з лацінскай. Ці ведаеце чаму “почки” называюцца ныркамі?

Калі разбіралі свінню, каб знайсці гэтыя ныркі, трэба было “даць нырца” ўнутр тушы, бо яны знаходзяцца глыбока, каля спіны. Можа таму яны так і называюцца.

Пра свабоду

Наколькі для доктара важныя свабода сумлення і свабода слова?

Свабоду сумлення я разумею як адказнасць перад пацыентам і перад сабой, гэта магчымасць і Божы дар сказаць, што я зрабіў усё, што мог для яго здароўя. А свабода слова не можа быць аддзеленая ад прафесіі. Ты, як спецыяліст, не толькі маеш права, ты абавязаны казаць пра тое, як можна лепш аказваць дапамогу пацыентам, як палепшыць сістэму. Таму што, паўтаруся, пацыент – гэта наш першы клопат. І ў гэтым сэнсе свабода слова абавязкова мусіць быць. Як і ў іншых таксама.

Фота і відэа - Геннадзь Сукач.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 1356

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама