13.04.2018
13.04.2018

Букмекерскія канторы: выйграюць яны, прайграеш ты

logo
Адукацыя і выхаванне
0 474
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пісаць пра тое, што перажыў асабіста, значна прасцей. Уласны вопыт і перажытыя эмоцыі ніколі не параўнаюцца няхай нават з самым дэталёвым вывучэннем праблемы, пошукам яе следстваў і прычын. Нездарма многія журналісты з поспехам выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці «метад маскі», прымяраючы на сябе незвычайныя ролі.

Прызнаюся, калі ўпершыню захапіўся стаўкамі ў букмекерскай канторы, зусім не думаў пра распаўсюджаны журналісцкі прыём. Не буду хітраваць: проста не ведаў пра яго. У няпоўныя шаснаццаць цікавілі іншыя рэчы: спорт, дасягненні, рэкорды, перамогі. Паколькі самому ў прафесійным спорце замацавацца не ўдалося, а запал да яго застаўся, роля назіральніка спадабалася і прыжылася.

У пэўны момант бяскрыўдны азарт трансфармаваўся ў згубную гульнявую залежнасць. Я апынуўся ў патрэбны час, у патрэбным месцы, у кампаніі патрэбных людзей, якія ахвотна распавялі пра лёгкі і хуткі заробак. Людзі, варта сказаць, з часам дзейнасць сваю прыпынілі, але я, самы руплівы і ўстойлівы, у дадатак – залежны,і сёння застаюся ў гульні. Для таго, каб перасцерагчы ўсіх тых, хто збіраецца рушыць услед, распавяду пра стадыі сваёй гульнявой залежнасці. Змагацца з ёй вельмі няпроста, таму лепей прадухіліць.

1. Цікавасць

Першая і самая бяспечная стадыя. Наогул сёння складана адшукаць чалавека, які б ніколі не чуў пра стаўкі на спорт. Зачаравальная, добра прадуманая маркетолагамі рэклама букмекерскіх кантор з кідкімі лозунгамі сустракаецца сёння паўсюдна: у інтэрнэце, на тэлебачанні, у метро, на вулічных плакатах. Галоўная мэта ўсяго гэтага прасоўвання, масавай раскруткі – выклікаць цікавасць у грамадзян, прыцягнуць іх увагу да таго, што грошы можна зарабіць вельмі лёгка, па сутнасці, нават без вашага непасрэднага ўдзелу. Усё, што ад вас патрабуецца, гэта проста ўнесці стартавы капітал – і далей фінансы будуць прымнажацца.

Скажоную карціну лёгка разгледзець сталаму чалавеку, які разумее, што за любым поспехам, у першую чаргу, стаіць цяжкая праца. Але ўсвядоміць гэтую вечную ісціну ў раннім узросце пад сілу далёка не кожнаму. Менавіта таму вельмі важна своечасова данесці каштоўную інфармацыю да малодшага пакалення і засцерагчы яго ад памылак.

Акрамя таго, павальная рэклама ставак арыентаваная на распальванне азарту ў людзей. А азартных асобаў у нашым грамадстве нямала. І калі ім на кожным кроку паўтараюць пра выйгрышы, яны абавязкова захочуць выпрабаваць поспех. Гэта псіхалогія.

У маім выпадку знаёмства з букмекерскай канторай і поўным спісам паслуг, што ажыццяўляецца ёю, адбылося ў 15 гадоў. Тады ж з дапамогай больш дарослых прыяцеляў атрымалася заключыць з букмекерамі першы заклад. Вопыт аказаўся няўдалым, але цікавасць, падмацаваная выдатнымі ведамі ў свеце спорту, толькі ўзрасла. У хуткай будучыні наступіла наступная стадыя.

2. Азарт

Прайшло зусім няшмат часу – і цікавасць змянілася азартам. Стаўкі больш не ўспрымаліся як штосьці новае, нязведанае. Паходы ў букмекерскую кантору ўжо не выклікалі ранейшых пачуццяў, сталі звыклымі і штодзённымі. У той самы момант цікаўнасць канчаткова «мутававала» ў жаданне нажывы. Захацелася даказаць усім і перш за ўсё сабе, што я разумнейшы, хітрэйшы, магу перамагаць, а значыць, выйграваць грошы. Надышоў этап жорсткага суперніцтва з сабой і букмекерам. Прычым азарт больш за ўсё падагравалі не паражэнні, а выйгрышы. Рэдкія перамогі рабілі ілжывы эфект: давалі адчуць сябе спецыялістам, прымушалі паверыць у тое, што надалей заробак зробіцца рэгулярным. Гэтае зманлівае ўяўленне вымушала зноў і зноў ісці ў заклад.

3. Звычка

Паступова азарт пачаў згасаць. Выйгрышы калі і здараліся, не прыносілі былой радасці. Паражэнні, з'явы больш частыя, засмучалі ўжо не так моцна. Успрыманне ўсяго таго, што адбываецца, прыняло зусім будзённы характар. Стаўкі зрабіліся руцінным, звыклым працэсам, падобным да прыняцця душа ці ежы. І хаця працэс гэты быў ужо не гэтакі захапляльны, як раней, абысціся без яго было нельга. Інакш жыццё губляла свае фарбы, здавалася непаўнавартасным, ненармальным.

Усе сімптомы выразна нагадваюць наркаманію, ці не так?

4. Задавальненне ад працэсу

Відавочна, што свядомасць мая хаця і была пашкоджаная хваробай, але яшчэ захоўвала здольнасць аналізаваць падзеі, што адбываюцца ў жыцці. Я выдатна разумеў увесь жах сітуацыі, якая склалася, і спрабаваў супрацьстаяць ёй, знаходзіць нейкія іншыя альтэрнатывы, новыя інтарэсы, захапленні. На час гэта дапамагала спыніцца, ненадоўга перапыніць маё галоўнае хобі. Праўда, цяга да спорту, якая ніколі не знікала, аказвала негатыўнае ўздзеянне. Пры праглядзе кожнага футбольнага матчу, тэніснага або баксёрскага паядынку мяне нястомна наведвала пачуццё, што я магу правільна спрагназаваць яго вынік. Як ні дзіўна, часцяком гэта атрымлівалася. І тады зноў з'яўлялася ўпэўненасць, і хобі аднаўлялася.

З цягам часу я пачаў атрымліваць задавальненне ад самога працэсу. Як заўзяты грыбнік, паляўнічы або рыбак. Выйграю або прайграю – зрабілася пытаннем другасным. Галоўнае – займацца ўлюбёнай справай.

5. Залежнасць

Фінальная стадыя, калі я выразна ўсвядоміў, што самому з праблемай мне не справіцца. Раней хаця б прысутнічала нейкае ілюзорнае ўяўленне пра тое, што ў любы момант змагу завязаць без чыёйсьці дапамогі. Цяпер нават уяўная надзея знікла.

Апошняму этапу папярэднічалі неаднаразовыя, бывала, нават гадавыя прыпыненні. Аднак спыніць раз і назаўсёды так і не выйшла. Абавязкова вяртаўся ў гульню, каб даказаць, што на гэты раз усё будзе інакш, мінулыя памылкі не паўторацца, грошы заробяцца, даўгі пагасяцца. Але не працуе…

Вера ў лёгкі заробак, які не патрабуе высілкаў, за доўгія гады залежнасці кардынальна змяніла псіхалогію. Выйгрышы досыць буйных сум пачалі душыць жаданне працаваць, прыкладаць стараннасць, старанне. Навошта? Можна ж проста зрабіць стаўку і чакаць.

Апошняя стадыя ўкараніла ў маёй галаве ўтапічнае мысленне, з якім даводзіцца жыць штодня. Самая складаная, але адначасова правільная задача – ставіць перад сабой канкрэтныя мэты і выконваць іх. Напісаны артыкул – адна з іх.

Цікавы факт

Бясспрэчна, абыграць букмекера аднойчы ці нават шмат разоў запар магчыма. Гэта атрымлівалася і ў мяне. Праўда, хачу перасцерагчы ўсіх чытачоў: упадаць у эйфарыю дакладна не варта. Рана ці позна ўсе вашыя выйгрышы дакладна перакрые адно буйное паражэнне. І тады вы застаняцеся ні з чым.

І яшчэ. Рэгулярна зарабляць на стаўках можна і без якіх-небудзь ведаў у спорце. Галоўнае – быць геніяльным матэматыкам. Па статыстыцы, такіх усяго 2%. За кошт астатніх 98%, у лік якіх ўваходжу і я, узбагачаюцца букмекеры. Перад тым, як пайсці з імі ў заклад, добра ацаніце свае шанцы.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 474

Глядзіце таксама