27 студзеня
27.01.2021

Бурак?! Ды не зусім… Мангольд!

logo
Думкі ўслых
0 037
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А ці чулі вы пра такі цуд?! А можа, нават бачылі на свае вочы? Знешне – ну бурак бураком. Толькі сцябліны ярка-чырвоныя, тоўстыя, гонкія і так нізка сядзяць у зямлі, што мімаволі думаеш: а як жа там караняплод той вырасце?! А караняплод у гэтым выпадку і не трэба. Бо ў мангольда спажываюць якраз-такі наземную частку. І гэта, так бы мовіць, ліставы бурак.

Мангольд. Ліставы бурак.

Вы запытаецеся: а чаго гэта я ўзімку пра мангольд прыгадала? Ну, па-першае, час назапашваць да вясны насенне, а то разбяруць! А па-другое… Только во апошнюю порцыю мангольда, якая ляжала ў лядоўні, прыгатавала як першую страву. Смачна! І карысна… Вось і вырашыла распавесці. Тым больш… А раптам і зараз дзесьці ён прадаецца? Гэта ж фактычна салата… А можа, яго варта вырошчаць на падваконні?! Але аб усім (як я люблю) – па парадку.

У мінулы дачны сезон, калі мы з-за страшэннага патопу засталіся без ураджаю, мімаволі прыглядалася, праходзячы міма ўчасткаў іншых: а ў каго што расце?! І вось на ўчастку ўрачоў (!) згледзела гэтую незвычайную расліну, якая сядзела непадалёк ад дарогі.

У гутарцы з уладальнікамі ўчастка тата высветліў, што бурак той – ліставы, з яго можна рабіць салату. А затым яму і ўручылі цэлы ахапак – пакаштаваць.

Мангольд. Рэжам у лядоўню.

Адразу прызнаюся: нават такі прыгожы, але ж – бурак! – крышыць у салату не рызыкнула. Вырашыла выкарыстаць замест звычайнага бацвіння. І паколькі спраў было шмат, а вольнага часу не назіралася… Праз некалькі дзён я той ахапак прамыла пад струменем праточнай вады (па адной сцябліне), прасушыла і… парэзала на дробныя кавалачкі. А затым расклала на невялікія порцыі ды змясціла ў лядоўню.

Натуральна, што прыгатаваць вырашыла ўзімку. Дадала да капусты белакачаннай, зварыла першую страву з фрыкадэлькамі. Першую лыжку каштавала асцярожна. М-м-м-м-м, якая ж смаката! І не зусім бацвінне па смаку. Не магу ні з чым параўнаць. Проста арыгінальна і смачна. І нават крыху шкада, што запасы ўжо закончыліся…

А які прыемны мангольд навобмацак, калі яго дастаеш з лядоўні! Лёгкі, сухі, шамаціць… Рэлакс! 🙂 Раю ўсім… Між іншым, ён можа быць не толькі з чырвоным сцяблом, але і з белым, і нават… ледзь не ва ўсе колеры вясёлкі афарбаваным! Будзем даследаваць… 🙂

Мангольд. Амаль усе колеры вясёлкі.

А што тычыцца карысці мангольда… У ім ёсць вітаміны А, С, К, жалеза, кальцый, лёгказасваяльны бялок, фоліевая кіслата, клятчатка, антыаксіданты… А паколькі маецца яшчэ і біятын, значыць, рэгулярнае спажыванне мангольда паляпшае структуру валасоў, надае ім бляск. І на скуру таксама ўздзейнічае самым найлепшым чынам.

Але, як кажуць, мангольд спажывай – ды меру ведай! Бо вялікая колькасць спажытага на карысць не пойдзе, хутчэй наадварот. А вось пахудзець з яго дапамогай можна, бо ён, апроч іншага, спрыяе добраму абмену рэчываў. Таксама цуда-гародніна паляпшае працаздольнасць мозгу і дапамагае падтрымліваць у норме зрок.

Ну і, вядома ж, з дапамогай мангольда можна падтрымаць імунітэт. Як людзі дасведчаныя раяць яго спажываць у гэтым выпадку? Дадаць да 250 грамаў расліны 2 зубкі часнаку і 1 ст.л. алею (мангольд і часнок здрабніць). Кажуць, што ў прахалоднае надвор’е такая своеасаблівая салата – самае тое…

Мангольд. Вітамінная салата для імунітэту.

А сок мангольда выкарыстоўваюць як для ачышчэння крыві, так і… для яе спынення. Практычна як трыпутнік! Толькі варта змачыць у соку марлю і прыкласці да раны.

Што тычыцца супрацьпаказанняў для ўжывання ўнутр, дык гэта найперш гастрыт, жоўцекамянёвая хвароба, а таксама не раяць есці пры павышанай згусальнасці крыві, камянях у нырках, індывідуальнай непераноснасці.

Да сваёй радасці, прачытала, што ўзімку на падваконні мангольд таксама можна вырошчваць! І ў агародзе расліна да ўмоў непатрабавальная. Нават устойлівая да нізкай тэмпературы. Так што будзем з мангольдам! 🙂

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 37

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.