29.07.2020
29.07.2020

Бурсіт. Лячэнне і дыягностыка

logo
Хваробы ад А да Я
0 19
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У чалавечым арганізме паміж скурай, мышцамі, сухажыллямі і косцю размешчаныя так званыя сінавіяльныя сумкі, запоўненыя сінавіяльнай вадкасцю і знаходзяцца ў тых месцах паблізу суставаў, дзе адбываецца трэнне тканак. Яны  служаць своеасаблівымі амартызатарамі, змякчаюць розныя рухі і ўздзеянні.

З-за пэўных прычынаў у гэтых месцах можа ўзнікаць запаленне (бурсіт), характэрнымі прыкметамі якога з'яўляюцца боль, асабліва пры руху, і ацёк тканак. Падрабязна пра бурсіт суставаў, яго дыягностыку і лячэнне журналісту Слушна распавёў траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леанід Глазкін.

Хваробы суставаў

Бурсіт.

Што такое Бурсіт?

Бурсіт – вострае або хранічнае запаленне сінавіяльнай сумкі. Прычыны яго ўзнікнення часцяком невядомыя. Разам з тым, траўма, паўторная альбо вострая, інфекцыі і розныя артрапатыі (захворванні суставаў) могуць справакаваць развіццё дадзенай паталогіі. Узнікнуць захворванне можа практычна ў любым узросце.

 
Леанід Глазкін
Траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Сінавіяльных сумак у арганізме вельмі шмат, але, як правіла, запаляюцца толькі некаторыя з іх. Гэта субакраміяльная сустаўная сумка (знаходзіцца ў вобласці плечавога сустава), бурса локцевага адростка на верхняй канечнасці, на ніжняй – сумка вялікага вертлюга (у вобласці тазасцегнавага сустава), прэпатэлярная і інфрапатэлярная бурсы ў вобласці каленнага сустава і пятачная сумка ў вобласці прымацавання ахілава сухажылля.

Прычыны бурсіта

Бурсіт. Часцяком бывае ў спартсменаў.

Чаму развіваецца захворванне? Часцей за ўсё прычына – мікратраўмы, якія адбываюцца з-за працяглай моцнай нагрузкі.

Напрыклад, бурсіты – часты «спадарожнік» спартсменаў. Мікратраўмы спрыяюць узнікненню запалення. У выніку ў сінавіяльнай сумцы выпрацоўваецца больш вадкасці, чым неабходна ў норме. Яна павялічваецца ў памеры, запаляецца і прыносіць боль пры нагрузцы.

Да запалення сінавіяльнай сумкі можа прывесці і інфекцыя. У такім выпадку размова ідзе пра інфекцыйны бурсіт.

Сімптомы бурсіту

Бурсіт суправаджаецца болем, асабліва падчас руху альбо пры нагрузцы. У спакоі, як правіла, боль сціхае. Можа ўтварыцца прыпухласць, ацёк альбо ўшчыльненне, у некаторых выпадках – пачырваненне. Рухі ў суставе абмежаваныя, хваравітыя.

 
Леанід Глазкін
Траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Інфекцыйны бурсіт можа суправаджацца гіперэміяй (пачырваненнем). Гэтае месца робіцца гарачым альбо цёплым навобмацак. Часам даводзіцца нават ускрываць гэтую бурсу, каб прыбраць гной і прамыць яе. Інфекцыянаванне можа адбыцца ў выпадку дробнай траўмы, прычым нават нязначная драпіна часам прыводзіць да заражэння.

Інфекцыя можа патрапіць і з суседніх тканак (інфекцыйны цэлюліт, артрыт), больш рэдкі шлях – эндагенны, калі інфекцыя пераносіцца крывёю.

Бурсіт каленнага сустава. Інфекцыйны бурсіт.

Дыягностыка бурсіту

Дыягностыка захворвання заснаваная на клінічнай ацэнцы, выніках УГД, даследаванні сінавіяльнай вадкасці (пункцыя).

Пункцыя, а таксама агульны аналіз крыві (неабходны для выключэння сістэмнага запаленчага працэсу) часцей за ўсё выконваецца пры падазрэнні на інфекцыйны бурсіт.

Бурсіты маюць тры стадыі развіцця: вострую, падвострую і хранічную.

У вострай стадыі з'яўляецца рэзкі боль, ацёк і абмежаванне рухаў у суставе, стадыя доўжыцца 1-2 тыдні. Калі не лячыць, яна паступова пераходзіць у падвострую і хранічную стадыі. Небяспека нялечанага інфекцыйнага бурсіту заключаецца ў развіцці сістэмнага інфекцыйнага працэсу (інфекцыя можа патрапіць у кроў і распаўсюдзіцца па арганізме).

 
Леанід Глазкін
Траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Хранічны бурсіт можа працягвацца некалькі месяцаў і часта рэцыдываваць. Абвастрэнні доўжацца ад некалькіх дзён да тыдняў. Хранічны бурсіт цягне за сабой хранічны боль, і вылечыць яго значна складаней.

Лячэнне бурсіту

Бурсіт. Хранічны бурсіт.

Пры лячэнні захворвання ўжываюць імабілізацыю  (канечнасць абмяжоўваюць у руху), а таксама халодныя кампрэсы, мясцовую тэрапію.

 
Леанід Глазкін
Траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Пры неінфекцыйным вострым бурсіце карысныя спакой, часовая імабілізацыя. Да хворага месца можна прыкладваць холад, які спрыяе звужэнню сасудаў, памяншэнню ацёку і запалення. Прызначаюцца таксама фізіяпрацэдуры для зняцця запаленчай рэакцыі.

Выкарыстоўваецца і мясцовая тэрапія – мазі, якія валодаюць супрацьзапаленчым і абязбольвальным дзеяннем.

Калі боль моцны, прызначаюцца лекавыя сродкі аналагічнага дзеяння, у цяжкіх выпадках – ін'екцыі глюкакартыкастэроідаў.

 
Леанід Глазкін
Траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Лячэнне інфекцыйнага бурсіту акрамя пералічаных метадаў абавязкова ўключае ў сябе антыбактэрыяльную тэрапію.

Прафілактыка захворвання складаецца ў ліквідацыі прычыны, якая можа выклікаць траўмаванне сінавіяльнай сумкі.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 19

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».