02.04.2023
02.04.2023

Бяспечнае чытанне. Правілы выбару дзіцячых кніг

logo
Адукацыя і выхаванне
0 74
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У стагоддзе глабальнай інфарматызацыі звычайная друкаваная кніга, здавалася б, паступова зжывае сябе, саступаючы месца смартфонам, планшэтам ды іншым гаджэтам. Але не, кніжныя паліцы – усё яшчэ неад'емны атрыбут хатняга інтэр'еру. І іх змесціва папаўняецца асабліва актыўна са з'яўленнем у доме малыша.

Дзіцячая літаратура – тая ніша, якую трывала займаюць сучасныя выдавецтвы, штогод выпускаючы мільёны кніг на любы ўзрост і тэматыку: развіваючыя, мастацкія, навукова-папулярныя, для дадатковай адукацыі і вольнага часу. І даволі проста разгубіцца ў гэтай разнастайнасці, выбіраючы чарговы «лепшы падарунак» свайму дзіцяці.

Больш за тое, не ўсякая дзіцячая кніга такая ўжо насамрэч і дзіцячая. Чым тады кіравацца пры выбары? Якасцю паперы або яркасцю малюнкаў? Імем аўтара ці рэкамендацыямі сяброў, настаўнікаў, знаёмых? Разбіраемся ў нюансах з нашым экспертам, загадчыкам лабараторыі дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены Наталляй Грэкавай.

Не нашкодзь

 
Наталля Грэкава
Загадчык лабараторыі дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены
Мала хто ведае, што існуюць навукова абгрунтаваныя гігіенічныя патрабаванні бяспекі да кніг і часопісаў для дзяцей. Яны распрацаваныя з улікам узроставых асаблівасцяў фізіялогіі чытання і выкладзеныя ў тэхнічных нарматыўных прававых актах нацыянальнага заканадаўства і заканадаўства Еўразійскага эканамічнага саюза – Тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза «Пра бяспеку прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў» ТР МС 007/2011. У іх, у прыватнасці, адлюстраваныя патрабаванні да хімічнай і біялагічнай бяспекі друкаваных выданняў для дзяцей.

Хімічная бяспека мае на ўвазе, што кніга ці часопіс, якія вы купіце свайму дзіцяці, не будуць вылучаць хімічныя рэчывы (напрыклад, фенол і фармальдэгід) у канцэнтрацыях, небяспечных для здароўя. У выданнях для дзяцей да 3 гадоў патрабаванні хімічнай бяспекі распаўсюджваюцца таксама на цяжкія металы (свінец, мыш'як, хром, цынк). Добрая, якасная кніга павінна быць не толькі цікавай, але і бяспечнай.

 

Дзіцячыя кнігі

Біялагічная бяспека вызначаецца якасцю паперы, прыёмамі афармлення тэксту і параметрамі шрыфта. Пры гэтым патрабаванні да выданняў у залежнасці ад іх выгляду, узросту чытача, аб'ёму тэксту адначаснага прачытання прад'яўляюцца розныя. Іншымі словамі, мастацкая кніга, дзіцячая энцыклапедыя і «размалёўка» будуць адрознівацца не толькі зместам, але якасцю паперы, памерамі шрыфта, малюнкаў і г.д.

Кнігі, вырабленыя з нізкапробнай паперы і з размытым друкам, здольныя пазбавіць дзіця не толькі задавальнення ад чытання, але нават нашкодзіць здароўю. Доўгае ці рэгулярнае чытанне такіх кніг негатыўна ўплывае на зрок, можа справакаваць або пагоршыць анамаліі рэфракцыі. Менавіта з гэтай прычыны выкарыстанне газетнай паперы для вырабу дзіцячых кніг і часопісаў недапушчальнае. Выключэнне робяць толькі для друкаванай прадукцыі аднаразовага выкарыстання: экзаменацыйных білетаў, тэставых заданняў, крыжаванак для дзяцей і г.д. Затое ў дачыненні да шрыфта кампрамісы непрымальныя: дзіцячыя выданні павінны мець выразны друк.

 

 
Наталля Грэкава
Загадчык лабараторыі дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены
Сёння шматлікія аўтары і выдавецтвы імкнуцца зрабіць сваю прадукцыю максімальна яркай і кідкай. Для гэтага выкарыстоўваюць каляровы друк і для тэксту, і для фону. Усё часцей сустракаецца друк – светлыя літары на цёмным фоне. Часцяком гэтыя прыёмы сапраўды спрацоўваюць: яркая кніга больш прывабная для дзяцей. У той жа час трэба разумець, што празмерная стракатасць зніжае бачнасць і лёгкачытальнасць тэксту, павялічвае нагрузку на вочы, выклікае дадатковае напружанне глядзельнага аналізатара. Таму да друку тэксту на каляровым фоне і шматкаляровых ілюстрацыях прад'яўляюцца асаблівыя патрабаванні.

Эксперт раіць: пераканацца ў тым, што абраная вамі дзіцячая кніга ці часопіс адпавядаюць патрабаванням бяспекі, можна, папрасіўшы прадаўца паказаць Дэкларацыю пра адпаведнасць тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза (ЕўрАзЭС). Гэты дакумент выступае гарантам якасці і бяспекі тавару. Калі дакумента няма або прадавец адмаўляецца яго прад'явіць, ад набыцця лепей устрымацца.

Узрост кнізе не перашкода. Ці?..

 

 
Наталля Грэкава
Загадчык лабараторыі дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены
Ёсць яшчэ два крытэрыі, якія прымяняюцца ў дачыненні да друкаваных выданняў для дзяцей: узроставае адрасаванне i ўзроставая катэгорыя. Даволі часта яны выклікаюць пытанні і блытаніну ў бацькоў. Узроставае адрасаванне ўстанаўліваецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі гігіенічнай бяспекі. А ўзроставая катэгорыя прысвойваецца, каб засцерагчы дзяцей ад інфармацыі, якая можа нанесці шкоду іх здароўю і развіццю.

Узроставае адрасаванне заўсёды паказваецца на абароце тытульнага ліста альбо на апошняй старонцы выдання і выглядае наступным чынам:

  • на выданнях, прызначаных для дзяцей 3-6 гадоў – «Для дзяцей дашкольнага ўзросту»;
  • на выданнях, прызначаных для дзяцей 7-10 гадоў – «Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту»;
  • на выданнях, прызначаных для дзяцей 11-14 гадоў – «Для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту»;
  • на выданнях, прызначаных для дзяцей 15-18 гадоў – «Для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту».

Акрамя таго, на дзіцячых кніжных выданнях можна сустрэць маркіроўку «Для чытання дарослымі дзецям». Гэта азначае, што дадзенае кніжнае выданне не рэкамендаванае дзецям для самастойнага чытання. Бо гарнітура, напісанне і памер шрыфта, даўжыня радка і іншыя параметры тэксту ў кнізе цяжкія для дзіцячага ўспрымання і вачэй.

Знак узроставай катэгорыі размяшчаецца на старонцы друкаванага выданняЗнак узроставай катэгорыі размяшчаецца на старонцы друкаванага выдання, якая змяшчае выходныя звесткі, альбо на вокладцы і выглядае наступным чынам:

  • «0+» – на выданнях без узроставых абмежаванняў;
  • «6+» – на выданнях, прызначаных для дзяцей, якія дасягнулі 6 гадоў;
  • «12+» – на выданнях, прызначаных для дзяцей, якія дасягнулі 12 гадоў;
  • «16+» – на выданнях, прызначаных для дзяцей, якія дасягнулі 16 гадоў;
  • «18+» – на выданнях, прызначаных для дзяцей, якія дасягнулі 18 гадоў.
 
Наталля Грэкава
Загадчык лабараторыі дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены
Звярніце ўвагу: не заўсёды ўзроставая катэгорыя адпавядае ўзроставаму адрасаванню! Напрыклад, кніга дзіцячых казак вялікага фармату, з мноствам яркіх ілюстрацый і друкам на каляровым фоне, можа мець знак узроставай катэгорыі «0+» (г.зн. без абмежаванняў па ўзросце), але пры гэтым утрымліваць маркіроўку «Для чытання дарослымі дзецям».

— Або яшчэ прыклад: кніга, разлічаная на дарослую чытацкую аўдыторыю, выдадзеная на газетнай паперы і таму не прызначаная для чытання дзецьмі, можа мець знак узроставай катэгорыі «12+». Таму бацькам абавязкова трэба ведаць і дыферэнцыраваць існуючыя адрозненні ва ўзроставай маркіроўцы друкаванай прадукцыі для дзяцей!

Дзіцячая кніга 2

Калі вы хочаце купіць дзіцяці кнігу, якая не выкліча зрокавай стомы, абавязкова звяртайце ўвагу на ўзроставае адрасаванне, падкрэслівае эксперт. Яно паказвае на адпаведнасць кнігі ўзроставым асаблівасцям фізіялогіі чытання. А таксама памятайце: чым больш пастараўся выдавец прыцягнуць увагу дзіцяці да кнігі (выкарыстоўваючы ўсю палітру фарбаў, рознагарнітурных шрыфтоў, не эканомячы на колькасці і памерах малюнкаў і г.д.), тым вышэйшая верагоднасць, што ад чытання такой кнігі дзіця стоміцца хутчэй, а сэнс прачытанага зразумее і запомніць меней.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 74

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама