05.07.2022
05.07.2022

Быць запатрбаваным, або рыжае шчасце-2

logo
Адукацыя і выхаванне
90 0 58
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

 

Мінулы раз, паважаны мой чытач, развіталіся з нашым героем катком  Рыжыкам, праводзіўшы яго ў свет — самастойную жыццёвую дарогу. Шукаць шчасця па сваіх здольнасцях.

Вырашыў ўсё ж прыслухацца да парадаў сваіх братоў і сястры і падацца ў цырк: раптам пашчасціць і ён свае найлепшыя акрабатычныя здольнасці будзе паказваць не вузкаму колу, а масаваму гледачу. І будзе запатрабаваным.

Што такое цырк Рыжык уяўляў па тэлевізійнаму прагляду аднойчы, яшчэ калі быў маленькім кацяняткам.

Адна справа бачыць па тэлевізары, другая – увачавідкі назіраць, прадстаўленне. А яшчэ лепш быць на арэне сярод  выступаючых артыстаў. І весяліць гледачоў – вялікіх і малых. А чаму б і не!

Рыжык

Ішоў Рыжык у вялікі горад і марыў. Ішоў і забаўляўся. Калі з гары скоціцца ці «боты пашые» каменьчыкам, імпэтна пусціўшы іх па водным люстэрку. А яшчэ ў дарозе шмат карысных спраў зрабіў. Надоечы выратаваў маленькага чорненькага сабачку з прыдарожнага ляснога азярка. І як ён туды забрыў, калі гаспадары былі далёка, ля самага ўзлеску распачыналі шашлык смажыць.

Рыжае шчасце (казка)

Аднак выратавальніка цікавіла толькі адно: як дапамагчы таму малому жэўжыку. Усяго некалькі ўзмахаў спрытных і лоўкіх лап Рыжыка было дастаткова, каб схапіць таго цікаўнага малечу за каўнер і выцягнуць на бераг. Чорнавухі толькі дружалюбна завурчэў, матляючы беленькім хвосцікам, і збег да няўважлівых гаспадароў.

Доўга ці коратка вандраваў адважны і рызыкоўны каток Рыжык, толькі ў вялікі горад ён увайшоў упэўнена і ў добрым настроі. Яшчэ і цыркавыя афішы парадавалі, абвясціўшы пра новы атракцыён.

 

Калі пераступіў парог цыркавога будынка, думаў толькі пра тое, як патрапіць унутр яго: папрасіцца да каго на рукі, не пагодзяцца – вялікі ўжо, хутчэй прагоняць як блудлівага. А можа прашмыгнуць незаўважна?  На ўваходзе ён ціхенька пралез між нагамі людзей бліжэй да мяжы, якой служыла білецёрка.

І калі тая маладжавая і ветлая жанчына ўзнімала вочы на чарговага шчаслівага ўладальніка квітка, Рыжык прыціскаўся да сцяны і, азіраючыся па баках, каб хто выпадкова не наступіў на яго, незаўважна прашмыгнуў між людскіх ног і схаваўся за шырмай арэны.

Рыжык

– Чым бы гэта сёння здзівіць публіку? – разважаў пра сябе Рыжык. – А каб узяў ды нечакана для ўсіх выбег на арэну ў рундадзе! А што, прыжковая акрабатыка – пераварот з паваротам, які выконваецца спінаю па накіраванню разбегу ў яго яшчэ з маленства выпрацавалася…

Пасля парад-пралога, прывітання да гледачоў на арэне з’явіліся  клоуны Федзя і Захар. Яны разыгрывалі буфанадныя камічныя сцэнкі з паветранымі шарамі, якія штораз то ўцякалі, то стралялі аўтаматнымі чэргамі. Рыжыку асабліва спадабаўся вяртлявы, як вугор, клоун Федзя, у якога атрымліваліся спрытныя кульбіты з пераваротам уперад і назад перакатам праз галаву. Ён пільна сачыў за кожным рухам артыста і ўсё намерваўся выскачыць са свайго ўкрыцця і даць ім фору сваімі ёмкімі і больш складанымі кульбітамі. Але стрымліваў сябе. Чакаў галоўнага прадстаўлення.

Цырк

А клоуны забаўлялі публіку. І гледачы смяяліся. Асабліва, калі яны аблівалі адзін аднаго вадою з патаемных фантанчыкаў, што былі замаскіраваны пад вопраткай і спрацоўвалі пры падняцці  артыстамі сваіх ног ці абменьваліся гарачымі апачы – ілжывымі аплявухамі.

Але гэта не надта забаўляла Рыжыка — яму не хапала экстрыму. Ён так чакаў паветраных гімнастаў, ажно лапкі свярбелі і вочкі гарэлі.

Нарэшце загрымелі барабаны, зайграла музыка, і на арэне з’яўляюцца паветраныя гімнасты. І Рыжык разам з залай заапладзіраваў.

Рыжык 3

Рознакаляровымі агнямі пералівалася арэна, і зыркія, перасякаючыя  промні высвечвалі ўзнімаючую пад самы купал  смелую гімнастку. Рыжык з заміраннем сэрца задраў голаў і сачыў за кожным рухам той рызыкоўнай гімнасткі. У яго душы штосьці роднаснае адзывалася на падобную рызыку, і яму хацелася нібыта нават падказаць, якія дзеянні павінны быць наступнымі.

Услед за першай пачалі ўзнімацца і другі, і трэці гімнасты... Рыжык  наструніўся, бо яму не даводзілася гуртам выконваць  піруэты. А тут такое!

Як толькі зверху, з-пад купала, спусціліся вяровачныя лескі, гімнасты пачалі на іх разгойдвацца і пералятаць з адной на другую. І не проста пералятаць, а з паваротам і спрытным прызямленнем ў стойку на руках.

Смоўжык іграе на скрыпачцы (казка)

– Во гэта кла-а-с! – ад радасці Рыжык забыўся пра сваю патаемную прысутнасць і амаль услых вымавіў:

– Банало! Маё практыкаванне! – Так. Назва прыйшла ад прозвішча першага італьянскага выканаўцы. Гімнастычнае практыкаванне – пералёт з аднаго турніка на другі з паваротам на 180 градусаў. Яго выконваў, калі мне не было і паўгода. Ух ты, здорава! Мне б зараз туды! І поўсць яго імгненна ўзнялася дыбам.

Зала ад здзіўлення охае і ахае. І ён чуе, здаецца, знаёмыя галасы.

Гімнасты

А гімнасты працавалі – кружыліся, вярцеліся, скакалі..

А як спусціліся ўсе ў святлавы круг арэны, зала шчыра выкупала іх у гарачых апладысментах.

-Ай, малайцы! Бра-а-ва-а! – раздаваліся авацыі.

А калі па нацянутым канаце з балансірам у руках пайшоў чарговы гімнаст, Рыжык ледзь стрымаў смех. Для яго гэты нумар быў зусім дзіцячым.

– Ды я па тым канаце хоць зараз прабягу-у ва ўвесь дух без аніякага балансіру, – абураўся Рыжык.

І ўжо хацеў кінуцца ў гушчыню цыркавога прадстаўлення, але стрымаўся.

І толькі, калі выстраіліся дзве  акрабатычныя калоны з пяці акрабатаў кожная, стаячых на плячах адзін аднаго з заднім сальта з калоны на калону на вышыні за дваццаць метраў ды без страхоўкі, Рыжык захлопаў першым:

–Здорава! Ма-а-ла-а-йцы! – крычаў, пасмялеўшы Рыжык. – І гэта было страшна захапляльна. І пры гэтым трымаць кураж…

Цырк

Але тую падзяку ніхто не чуў, бо голас яго патанаў ў глядацкім гаманкім тысячагалоссі.

–А-а-ах! – здзіўлялася зала, калі на манежы з’явіліся два рыжыя статныя канякі. Рыжык у той момант ажно вальсэт (падскок – Аўт.) зрабіў.

І вось нясуцца па манежы два прыгожыя канякі, а іх вершнікі – жанчыны-акрабаты – на бягу выконваюць балетна-акрабатычныя трукі. Гэта і ёсць тое самае па-дэ-дэ – танец удвух.

Не паспеў Рыжык запомніць як след асноўныя элементы практыкавання, як канферансье аб’явіў джыгітоўку. І разагрэліся коні. І панёсся ва ўвесь дух манеж. І яснымі зоркамі засвяціліся вочы  ў прысутных. Цікаўныя дзеці нават прыўставаць пачалі.

І запаліўся агеньчык задору ў Рыжыка. Ён успомніў, як некалі ўскочыў на спіну суседскай казе, што пасвілася на прывязі і штораз пацвялялася з яго рыжай поўсці. Яму толькі і заставалася, што паказытаць ёй сівую хрыбеціну. Як тая насілася па крузе! Насілася, ажно пакуль ланцуг не пэнкнуў і не разляцеўся  асобнымі звёнамі па сенажаці.

Зорны карагод над возерам (казка)

А як адчула волю, то падскочыла ў акрабатычным кульбіце вышай пяціпавярховага дома, ды як забляе-забляе, што мусіць за сто кіламетраў чуваць была яе  радасць. А вершнік стойка вытрымаў накал непачцівасці рагатай артысткі. Толькі з тае пары каза больш ні з каго не пацвяляецца…

–Лацвей на такіх разумных і паслухмяных конях гойсаць! – разважаў Рыжык. – Нават арапнік зрэдчас прымяняюць і тое, каб падахвоціць  чацьвераногага артыста да хутчэйшага бегу. – Бо там, дзе засталіся яго браты і сястра, конь не толькі ўпарты, але і злы.  Пад аброць яго не кожнаму пад сілу ўзяць, а тым больш верхам праскакаць.

Конь у цырку

Брава-а-а! Бра-а-ва-а! – раздаюцца зноў жа, нібыта знаёмыя галасы.

І зноў – новы цуд. На арэне – тыгры з ільвамі. Рыжык глядзеў на вялікіх дзікіх кошак і здзіўляўся, як такая дробненькая ўтаймавальніца ладзіць з імі. Але больш у той момант яго цікавілі тыя галасы з залы, што падаліся яму знаёмымі.

Пакуль ён разважаў над уласнымі пытаннямі, выступленне  звяроў закончылася.

Раптам выйшаў вясёлы канферансье і нечакана для ўсіх прысутных прапанаваў самаму смеламу і спартыўнаму гледачу паўтарыць хаця б адзін акрабатычны нумар паветраных гімнастаў. Зала сцішылася.

Рыжык, хто з цікавасцю сачыў за кожным рухам паветраных гімнастаў, і сам прызнаў іх сапраўднымі віртуозамі, вырашыў зрабіць смелы крок. А раптам гэта і будзе той самы правільны крок да яго мары?

Ніхто нават і не падазраваў, што звычайны рыжы кот будзе тым адзіным смяльчаком, каторы кіне выклік прафесійным акрабатам. Але ён павінен гэта зрабіць, бо даў слова. А калі штосьці абяцаеш, павінен выконваць.

Цырк 5

Вось ён выскачыў з-за шырмы і, як сапраўдны артыст, раскланяўся гледачам, прадставіўся – Рыжык!

І ва ўсёй сваёй рыжай прыгажосці адразу ж выскачыў у заліхвацкай рундадзе. У прыжковай акрабатыцы, як і марыў, калі паварот з пераваротам, выканваецца спінаю па накіраванню разбегу. І ён гэты нумар чыста выканаў.

І зноў жа, без перадыху – на другі снарад. Павіс на спускаючыя з-пад купала цырка вяровачныя лескі. І ў імгненне вока  знік там, увысі. Але праз яшчэ адзін узмах  маленькі чатырохногі артыст ужо бегаў па канаце. Уявіце толькі: не проста рухаўся маленькімі крокамі з балансірам ці страхоўкай, а запраста, як па тратуарнай сцежцы, бегаў па канаце. Ды яшчэ на такой вышыні!

Зала ўстала. Артысты-прафесіяналы, якія толькі што адпрацавалі самыя складаныя нумары, былі здзіўлены выступленнем Рыжыка.

 

Цырк 6

Зала апладзіравала. Раздаваліся воклічы:

– Малайчына! Брава! –Давай, Рыжык!

Затым круціў  на турніку і «сонца» і «сальта-мартале» з … дзесяццю пераваротамі і пад рознымі вугламі. Што ён толькі не вытвараў!  На ўсіх снарадах! Гэта было неверагодна: пяці-шасці…кратнае сальта з піруэтамі, кувыркамі, шпагатамі, нібы птушынымі пералётамі за дзесяць метраў з перакладзіны на перакладзіну. І нават  лопінг – «мёртвая» пятля па замкнёнаму колу лёгка скарылася пачынаючаму артысту.

Зала гудзела. Зала охала і ахала. Зала хадзіла хадуном. Шчоўкалі фотакамеры. Гулялі сафіты, высвечваючы галоўнага артыста атракцыёна – Рыжыка.

І гэта быў цыркавы цуд! І гэта было цыркавое шчасце!

Як толькі Рыжык выйшаў на паклон да гледачоў, побач з’явіўся дырэктар цырка. Ён уручыў Рыжыку поўны вазок корму.

– А гэта за вошта? – здзівіўся Рыжык.

– За выступленне артыста. Сапраўднага артыста. Вельмі чэсна зароблена.

Рыжае шчасце 5

– Мне б лепш колькі рублікаў на білет на вячэрняе прадстаўленне для маіх братоў і сястрычкі.

– Не патрэбны больш табе білеты, Рыжык. – З гэтай мінуты ты афіцыйна залічаны ў штат цырка. І родных можаш запрашаць на свае спектаклі.

– Здорава! Я працую ў цырку.

Тут падбеглі яго браты Вугалёк, Рабчык, Попел і сястрычка Муся. Яны віншавалі Рыжыка, успаміналі сваю выратавальніцу.

Радаваліся шчаслівай запатрабаванасці. Няхай у самай непрыкметнай справе, абы карысць для іншых была. А тут адразу такое! Іх, рыжае шчасце.

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

90 0 58

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».