31.05.2023
31.05.2023

Была такая прафесія — прышчэпліваць воспу. Асаблівасці і адметнасці

logo
Здароўе
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Тысячагоддзямі чорная воспа выкошвала цэлыя гарады і вёскі, забраўшы не менш жыццяў, чым чума і халера разам узятыя. Яна стала першай інфекцыяй, супраць якой вынайшлі вакцыну, а пазней — першай і да гэтага часу адзінай, якую ўдалося цалкам вынішчыць.

Амаль да канца 18 стагоддзя самым частым эпідэмічным захворваннем ва ўсім свеце, за выключэннем Аўстраліі і невялікх выспаў, была воспа — вострая заразная хвароба — натуральная воспа ці чорная воспа. Лацінская назва — variola. Звесткі пра самае даўняе ў гісторыі захворванне на воспу атрыманы падчас даследавання муміі егіпецкага фараона Рамзэса V, які памёр у 1145 г. да н.э.

Гандляры з Егіпта занеслі воспу ў Індыю, потым яна распаўсюдзілася ў Кітай і Японію, дзе загубіла больш за 30 % насельніцтва. У канцы I тысячагоддзя н.э. пошасці воспы фіксуюцца ў Еўропе. У канцы 16 стагоддзя воспа патрапіла ў Амерыку, дзе ад яе паміралі мільёны індзейцаў. Гэта хвароба суправаджалася высокай тэмпературай, галаўнымі болямі, болямі ў спіне, ліхаманкай. Спачатку на твары, а потым і па ўсяму целу з’яўлялася сып з гнайнічкоў, якія ў выніку пакрываліся струпамі і адпадалі.

воспа

У канцы 18 стагоддзя некалькі назіральнікаў звярнулі ўвагу на каровіну воспу, хваробу, якая часта сустракалася ў коней і кароў. У апошніх яна выяўлялася ў выглядзе пустул — бурбалак з гнойным змесцівам на вымені, якія вельмі нагадвалі воспенныя высыпанні ў чалавека. Аднак каровіна воспа ў жывёл працякала значна лягчэй, чым натуральная воспа ў чалавека, і магла яму перадавацца. Даяркі нярэдка заражаліся каровінай воспай, але пасля ўжо не хварэлі на натуральную.

Ангельскі ўрач і натураліст Эдвард Дженер, які 30 гадоў назіраў за натуральнымі выпадкамі каровінай воспы, у 1796 годзе вырашыў ужыць публічны досвед прышчэплівання каровінай воспы. У прысутнасці лекараў і проста цікаўнай публікі Джэнер зняў воспу з рукі маладой даяркі, якая выпадкова заразілася каровінай воспай, і прышчапіў яе васьмігадоваму хлопчыку Джэймсу Фіпсу. Воспа прынялася, развілася толькі на прышчэпленых двух месцах, і хвароба працякала нармальна. Затым 1 ліпеня таго ж года Джэнер прышчапіў Фіпсу натуральную чалавечую воспу, якая, як у абароненага ахоўнай прышчэпкай хлопчыка, не прынялася.

Эдвард Энтані Дженер

Так з самага канца 18 стагоддзя пачалося воспапрышчэпліванне. У Маскве і Пецярбургу воспапрышчэпліванне пачалося ў кастрычніку 1801 года. У 1802 годзе ў дзяржаўныя медыцынскія ўстановы Санкт-Пецярбурга пра пачатак воспапрышчэплівання рапартавала Віцебская, а ў 1803 годзе – Магілёўская губернская ўрачэбная ўправа. Спачатку людзі вельмі баяліся воспапрышчэплівання. У народзе спрадвеку лічылі, што любыя хваробы нападаюць на людзей за іх грахі.

У традыцыйнай народнай культуры беларусаў воспу называлі: воспіца, воспік, ліхая, рабая, рабуха, шчарбачка і інш. Гэтую хваробу ўяўлялі ў выглядзе злоснай старэчы, агіднай жанчыны-падарожніцы з адным моцным зубам. Лічылі, што яна вызначае сабе ахвяру, пырскае слінаю ў твар, і таму на ім застаюцца адмысловыя сляды.

У 1811 годзе для нагляду за воспапрышчэпліваннем былі заснаваныя Губернскія воспенныя камітэты, але па прычыне баявых дзеянняў 1812 года дзейнасць камітэтаў была прыпынена, і аднавілася яна толькі ў другой палове 1820-х гадоў. Падставай да актывізацыі супрацьвоспенай працы паслужыла хваля эпідэмічных захворванняў, у прыватнасці, вялікая эпідэмія воспы ў Магілёўскай губерні ў 1824-1825 гадах. Прывіванне воспы стала абавязковым. Губернскія воспенныя камітэты ўзначальвалі губернатары. У склад камітэта ўваходзілі віцэ-губернатар, губернскі маршалак дваранства, старшыня палаты дзяржаўных маёмасцяў, інспектар урачэбнай управы, прадстаўнікі духавенства і купецтва. Губернскія камітэты падпарадкоўваліся Міністэрству ўнутраных спраў. Адначасова былі заснаваны і павятовыя воспенныя камітэты.

Воспапрышчыпленне

Да аднаўлення воспенных камітэтаў прышчэпліванне пасоўвалася вельмі марудна. Паводле архіўных дадзеных за 1817 год, па Полацкаму павету было прышчэплена толькі 263 чалавекі, Дрысенскаму 296 чалавек, Гарадоцкаму 1.022 чалавекі. Але потым праца пайшла хуткімі тэмпамі. Спачатку воспапрышчэпліваннем займаліся цырульнікі, лекарскія вучні, акушэркі. Але гэтых адмыслоўцаў не ставала на ўсіх і таму сталі рыхтаваць вузкіх спецыялістаў – воспапрышчэплівальнікаў. Вучоба на воспапрышчэплівальніка ішла пры ўрачэбных управах цягам года. На атрыманне такой спецыяльнасці набіралі людзей з розных сацыяльных слаёў, але ў першую чаргу з сялян, таму што насельніцтва вёсак больш давярала выхадцам са свайго асяроддзя.

Лімфу для воспапрышчэплівання прывозілі ва ўрачэбныя аддзяленні з Санкт-Пецярбурга з медыцынскага дэпартамента, і толькі значна пазней ў Вільні была заснавана воспапрышчэплівальная ўстанова, якая забяспечвала лімфай суседнія губерніі.

Воспапрышчэплівальнікі павінны былі штодня весці запісы і ў канцы месяца прадстаўляць у павятовыя воспенныя камітэты спісы прышчэпленых. Павятовыя камітэты адпраўлялі спісы ў губернскія камітэты. Мясцовыя ўлады абавязаны былі забяспечваць воспарышчэплівальнікаў транспартам і кватэрамі. Задачай павятовых воспенных камітэтаў было сачыць, ці паўсюдна стае спецыялістаў суадносна наяўнаму насельніцтву. Дапамогу воспапрышчэплівальнікам павінны былі аказваць святары і тлумачыць насельніцтву неабходнасць прышчэпак. Каб эфектыўна ўздзейнічаць на розум прыхаджан, якія часам нават хавалі сваіх дзяцей, ці спрабавалі адкупіцца, дзяцей святароў прышчэплівалі першымі.

Фота віруса воспы пад мікраскопам

Працу воспапрышчэплівальнікаў рэвізавалі сябры воспенных камісій, і на гэта ім вылучалікамандовачныя і транспартныя (прагонныя) грошы. Калі выяўлялася, што воспапрышэпвальнік узяў хабар і хоць адно дзіця пакінуў без прышчэпкі, то ён трапляў пад суд.

Прышчэпкі ў асноўным рабілі маленькім дзецям. Воспапрышчэпвальнік павінен быў інструктаваць бацькоў як некалькі дзён назіраць за прышчэпленым. Калі прышчэпка прайшла паспяхова, то воспапрышчэпвальнік павінен быў выпісаць даведку належнай формы.

За паспяховую працу воспапрышчэпвальнік мог атрымаць залаты ці срэбны медаль, але дзеля гэтага трэба было сабраць велізарную колькасць рознага кшталту даведак, і таму справы цягнуліся гадамі.

Воспа ў Расіі

Воспенныя камітэты дзейнічалі да 1865 года, а потым іх абавязкі былі перададзены ўрачэбным аддзяленням губернскіх праўленняў. Пазней прышчэпліваннем воспы сталі займацца земскія і гарадскія медычныя ўстановы. Практычна ўся тэрыторыя Беларусі была пазбаўлена ад воспы, але яшчэ і ў 1920-я гады ў глухіх паселішчах сярод балотаў Палесся трапляліся выпадкі, калі немаўляты заставаліся без прышчэпак воспы.

10 красавіка 1919 года выйшаў дэкрэт СНК РСФСР «Аб абавязковым воспапрышчэпліванні», які меў усеагульны характар. У 1924 годзе быў выдадзены новы закон аб абавязковай вакцынацыі і рэвакцынацыі. У 1919 годзе было зарэгістравана 186 000 хворых натуральнай воспай, у 1925 годзе — 25 000, у 1929 годзе — 6 094, у 1935 годзе — 3 177; да 1936 года натуральная воспа ў СССР была ліквідаваная.

І палечыць, і вецер адверне: доктар у народным светаўспрыманні беларусаў

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0