15.06.2018
15.06.2018

Быць донарам – гэта высакародна!

logo
Навiны
0 8
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Інфармацыйна-адукацыйная агітацыйная акцыя, прысвечаная Сусветнаму дню донара, прайшла ў ГЗЦ «ГАЛЕРЭЯ Мінск» пад дэвізам «Падумай пра іншых. Здай кроў. Падзяліся жыццём!».





















Арганізатары акцыі – Міністэрства аховы здароўя, РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, Служба крыві - выказалі вялікую падзяку ўсім, хто добраахвотна і бескарысліва здае кроў для выратавання чалавечага жыцця.

Адраджаць бязвыплатнае донарства ў Беларусі пачалі з 2013 года. Сёння колькасць добраахвотнікаў у параўнанні з мінулымі гадамі павялічылася ў 16 разоў.

Ларыса Гушчына, намеснік дырэктара па трансфузіялогіі РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій:

– Акцыю такога маштабу мы ўпершыню праводзім у гандлёва-забаўляльным цэнтры для шырокага прыцягнення ўвагі грамадскасці да донарства. Звычайна падобныя мерапрыемствы праходзілі на базе нашага цэнтра – мы запрашалі ганаровых донараў (тых, хто здаў кроў больш за 400 разоў), сямейныя дынастыі донараў, а таксама актыўных донараў сярод медработнікаў. На працягу года нашы выязныя брыгады на пастаяннай аснове праводзяць акцыі бязвыплатнага донарства ў ВНУ і працоўных арганізацыях.

Донарскі рух прыйшлі падтрымаць грамадскія арганізацыі «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын», Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускае таварыства ўрачоў, супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый, байкеры, студэнты і тыя, хто загадзя стэлефанаваўся з РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій і запісаўся на данацыю.

Выстава малюнкаў дзяцей – рэцыпіентаў крыві з РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі стала яркім упрыгажэннем у рамках акцыі.

Урачыстую цырымонію ўзнагароджання ганаровых донараў адкрыў міністр аховы здароўя Валерый Малашка. У сваім выступленні ён падзякаваў усім донарам за гуманны крок і выказаў спадзяванне на тое, што шэрагі донарскага руху з кожным разам будуць папаўняцца.

– Сёння сучасная фармацэўтычная навука не прыдумала замены натуральнай цэльнай крыві. На жаль, мы схільныя да шматлікіх захворванняў, лячэнне якіх магчыма толькі прэпаратамі крыві і яе кампанентамі. Мне вельмі хочацца, каб вы расказалі сваім сябрам пра тое, што гэта не балюча, даступна і высакародна, – сказаў міністр.

Кожны трэці пацыент, які паступае на лячэнне, хоця б раз мае патрэбу ў пераліванні кампанентаў і прэпаратаў крыві. Без донарскай крыві немагчыма аказанне медыцынскай дапамогі пры лячэнні пацыентаў з хірургічнай, акушэрска-гінекалагічнай, анкалагічнай і гематалагічнай паталогіяй.

Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, доктар медыцынскіх навук, дацэнт Людміла Макарына-Кібак:

– Нават аднаразовая здача крыві - гэта маленькі подзвіг кожнага чалавека.

Уладзімір Сарокін, ментар Рэспубліканскага сацыяльнага праекта па развіцці бязвыплатнага донарства крыві «У Беларусі – Добрае Сэрца»:

– Па выніках 2017 года донарамі крыві ў Беларусі сталі каля 100 тысяч чалавек, з іх больш за 47 тысяч на бязвыплатнай аснове. Наш донарскі рух у рамках праекта «У Беларусі - Добрае Сэрца» актыўна падтрымлівае студэнцкая моладзь, ваенныя, супрацоўнікі сферы IT-тэхналогій, розныя ўстановы і прадпрыемствы ўсіх сфер дзейнасці.

Сабраная кроў была дастаўлена ў РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, дзе кожная доза была пратэсціраваная на біяхімічныя паказчыкі і маркеры віруснай інфекцыі.

Ларыса Гушчына, намеснік дырэктара па трансфузіялогіі РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій:

– У першую чаргу мы зацікаўлены, каб кожная данацыя была бяспечная для таго, каму пасля кроў будзе пераліта.

Фота – Алеся Лазарава, Аксана Жураўлёва.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 8

Журналіст. Радыёвядучая. Вышэйшая адукацыя. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Родам з горада Маладзечна Мінскай вобласці. Адукацыя: сярэдняя агульнаадукацыйная школа мастацтваў г.Маладзечна з 1987 па 1998 год. З 2003 года дыпламаваны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю. Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя». Праца: усвядомленую працоўную дзейнасць пачала ў 1999 годзе, калі стала пазаштатным карэспандэнтам у «Маладзечанскай газеце» і на радыё «Маладзечна». З 2001 года працавала журналістам і спецыялістам па сувязях з грамадскасцю ў Грамадскім прэс-цэнтры, у прэс-цэнтры УУС Мінаблвыканкама, Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь і журналістам у часопісе «Галоўны бухгалтар» ТАА «Агенцтва Уладзіміра Граўцова». З ліпеня 2003 года – рэдактар Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё. Пасаду адказнага сакратара атрымала ў 2005 годзе ў дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё. Акрамя забеспячэння планава-фінансавай дзейнасці канала «Культура», вядзення справаводства, актыўна займалася журналістыкай. З'яўлялася аўтарам і вядучай многіх музычна-забаўляльных праграм. Займаючы актыўную жыццёвую пазіцыю ў структуры Белтэлерадыёкампаніі, была абрана сябрам рэвізійнай камісіі прафсаюзнай арганізацыі. Са снежня 2017 года – рэдактар аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся рэдактарам сайта газеты «Медыцынскі веснік», журналістам інфармацыйнага партала «Здаровыя людзі» і сайта «Слушна».