28.11.2018
28.11.2018

Чай зялёны? Чорны? Ройбуш!

logo
Думкі ўслых
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ройбуш, ён жа – ройбус, ён жа ройбас, ён жа... Карацей, як бы яго ні называлі, а ў мяне моцна засела ў памяці менавіта першая назва – праз "у". Гэта гарбата, ці чай – каму як звыкла называць.

Дарэчы, заўсёды цікавіла, чым адрозніваецца чай ад гарбаты. Калі не памыляюся, яны – сінонімы. Проста запазычаны з іншых моў. І хтосьці нават лічыць гарбату словам састарэлым... Сустракала і такі пункт гледжання: гарбата – гэта з зёлак, а чай – зялёны ці чорны. І чамусьці даспадобы менавіта гэтая версія. А як такі напой называеце вы, сябры?! Вы ўжываеце чай ці гарбату?!

Вядома ж, кожны выбірае сабе чай па густу. Ёсць аматары звыклых усім чорнага і зялёнага. Таксама, ведаеце, спрачаюцца. Які больш карысны. А я вось штосьці ўпадабала якраз ройбуш. А ён, сунічны, калі заварыцца – чырвонага колеру.

Адны пішуць, што ў ім мора ўсялякіх мікраэлементаў і вітамінаў, таму ён настолькі карысны! Іншыя гэтую інфу аправяргаюць. Самае цікавае, што і тыя, і тыя за свае дыяметральна супрацьлеглыя даследаванні атрымліваюць грошы!  Але зараз не пра іх – пра ройбуш.

ройбуш

Упершыню я яго набыла і пакаштавала... Ажно не памятаю, калі. Даўнавата. Гэта былі яшчэ тыя часы, калі шмат чаю-кавы не прадавалася на рынках, а па ўстановах і арганізацыях хадзілі «тарбэшнікі» і прапаноўвалі набыць у іх рэдкія гатункі. Быў і ў нашым горадзе такі прадавец. Набыла ў яго той самы чай у празрыстым пакуначку. Было напісана, што ройбуш – гэта куст, які расце ў Паўднёвай Афрыцы. Сунічныя пах і смак. Таму і спакусілася.

ройбуш – гэта куст, які расце ў Паўднёвай Афрыцы

Памятаю сваё поўнае захапленне, калі пакаштавала ройбуш упершыню! Кажуць, што яго можна піць і калі галава баліць. Больш за тое! Сцвярджалася, што пры такім стане ён нават аказвае дапамогу! Прыгожы насычаны колер у чырвона-аранжавы... Выдатны смак!

ройбуш

Галоўнае, што таго невялікага пакуначка хапала вельмі надоўга, бо для заваркі бралася чайная лыжачка ройбушу, а ён такі дробненькі, з іголачкамі... Пасля гэты гатунак растварыўся ў безлічы іншых... Затым нашым улюбёным на доўгі час стаў ройбуш у індывідуальных пакуначках. Праўда, ужо з дабаўкамі. Але таксама вельмі смачна, купляем з серыі "Грынфілд".

А нядаўна так захацелася таго, які заварваць трэба! Паглядзела ў сеціве, ёсць і з дастаўкай... Думала-думала... У Мінску зайшла ў сеткавую краму... І вось жа ён, мой любімы ройбуш!!! Праўда, убачыла, што, апрача сунічнага, ёсць і яго іншыя гатункі. Але ўзяла звыклы... 50 грамаў – 5 рублёў. Папрасіла 100 грамаў.

Дзяўчына вельмі прыгожа насыпала яго шкляным шуфлікам у шкляную ж місачку, тады ссыпала ў пакуначак! Экалагічны, між іншым, папяровы! Сэрвіс! І нічога, што да гэтага яна размаўляла па тэлефоне і клікаць давялося «да бар'еру» два разы. Дазвалася ж!

Вось цяпер п'ю свой любімы ройбуш... А нядаўна вырашыла прачытаць пра яго ў сеціве падрабязна. Вау! Колькі новага і цікавага даведалася! Але думаю напісаць асобны матэрыял, каб не загрувашчваць свой блог морам інфы.

ройбуш

Распавяду толькі, як раяць заварваць ройбуш (цытую!):

Тэхналогія заварвання ройбушу даволі простая: 1 ч.л. сухой заваркі дадаць у 200-250 мл кіпеню (90-95 °) і настойваць 5 хвілін (для дасягнення больш насычанага смаку – 10 хвілін) пад шчыльна зачыненай накрыўкай, каб ён добра запарыўся. Чай вельмі насычаны, калі раней выкарыстаную заварку прымяніць паўторна, то смак практычна нічым не будзе адрознівацца ад першапачатковай. Адну порцыю можна заварваць 2-3 разы – гэта зусім не паменшыць яго карысных уласцівасцяў і нават дазволіць адчувальна зэканоміць».

А хто яшчэ любіць ройбуш?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".