03.03.2021
03.03.2021

Чакаем аўсянку-птушку і… ашчаджаем слых!

logo
Думкі ўслых
0 036
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Па шчырасці, я не ведаю, ці бачыла калі аўсянку (птушку, а не кашу!) жыўцом. 🙂 Магчыма, і бачыла. Толькі не ведала, што гэта яна. А значыць, не чула і яе спеваў. Таму не магу сказаць, гучныя яны ці ціхія, меладычныя ці наадварот. Таму слух ашчаджаем зусім не таму, што можам пачуць спеў аўсянкі. Проста сёння дзень такі…

Аўсянка. Беражом слых.

Значыць, што ў нас трэцяга сакавіка? Па народным календары – Аўсянкі, альбо Ярыла з аўсянкай. Па медыцынскім – Міжнародны дзень аховы здароўя вуха і слыху. А яшчэ – Сусветны дзень пісьменніка, Сусветны дзень дзікай прыроды і – чарговы Дзень чакання цуду. Выбіраем і адзначаем! 🙂

А найперш, вядома ж, адшукваем, як тая аўсянка-птушка выглядае. Каб, у сваю чаргу, выглядаць яе ў нябесных прасторах альбо на дрэвах-кустоўях сёння. Бо нашыя продкі прыкмячалі: калі прыляціць аўсянка трэцяга сакавіка, значыць, варта чакаць хуткага надыходу цяпла. Толькі пакуль сіноптыкі, як вядома, вяртанне зімы на выходныя прадказваюць. Таму нам тэрмінова патрэбная аўсянка! З крыламі! 🙂

Ну, а другая назва гэтага народнага свята – Ярыла з аўсянкай. Лічылася, што ён, бог сонца і ўрадлівасці ў паганскім (язычніцкім) уяўленні беларусаў, менавіта ў гэты дзень аглядаў сельскагаспадарчыя прылады – саху, барану – на прадмет іх падрыхтоўкі да, як мы зараз кажам, веснавых палявых работ. І дбайныя гаспадары таксама аглядалі свае. Калі было нескладана, ладзілі іх самі. Калі мелася патрэба ў добрым рамонце, неслі-везлі да вясковых умельцаў.

Аўсянка. Ярыла з аўсянкай. Аглядаем саху і барану.

Але калі ў нас ні сахі, ні бараны… Усё ж сёння мы можам адзначыць гэты дзень, прыгатаваўшы аўсянае пячэнне пад назвай «аўсянікі». Яно сапраўды звязанае з аўсянкай-кашай. Але не са шматкамі хуткага прыгатавання, а з аўсянай мукой.

Рэцэпт, які адшукаўся ў сеціве, як падалося мне, на шмат чалавек разлічаны, не на адну сялянскую сям’ю! 🙂 Таму тым, хто наважыцца яго спячы, варта падумаць над прапорцыямі і зменшыць іх.

Інгрэдыенты:

  • мука аўсяная – 400г;
  • мука пшанічная – 400 г;
  • малако – 250 мл;
  • цукар – 300г;
  • крухмал – 1 ст.л.;
  • сода – 2 ч.л.;
  • масла сметанковае – 200 г.

Прыгатаванне:

  1. Падагрэць малако.
  2. Размякчыць масла.
  3. Змяшаць усе інгрэдыенты, каб атрымалася аднароднае цеста.
  4. Раскатаць у пласт.
  5. Выразаць кругі альбо паўмесяцы.
  6. Спячы.

«Цячэ зверху – знізу марозіць», – казалі ў гэты час нашыя продкі. Фактычна такое ж надвор’е абяцаюць і нам… 🙂

Аўсянка. Надвор'е на 3 сакавіка.

А паколькі сонца ўжо таксама паказваецца і грэе… Варта не забывацца, што пакуль гэтае цяпло досыць падманлівае. І не трэба спяшацца скідваць шапкі ды капюшоны, асабліва калі назіраецца даволі моцны вецер. Ашчаджаем уласныя вушы і слых! Тым больш, што і нагода сёння адпаведная – Міжнародны дзень аховы здароўя вуха і слыху.

Памятаем пра цяпло вушэй, а таксама пра шкоднасць для слыху моцных гукаў. І гэта не толькі пра тое, што на шкоднай вытворчасці з высокім узроўнем шуму варта ўвесь час карыстацца навушнікамі. Гучная музыка – з калонак, слыхавак, дынамікаў і г.д. – таксама можна стацца прычынай праблемаў са слыхам! Варта памятаць пра гэта ўвесь час.

Ну, і гігіену вушэй ніхто не адмяняў. А вось на ватовыя палачкі лепей забыцца. Усе ж памятаюць, чым можа скончыцца калупанне ў вушах, ды яшчэ калі і староннімі прадметамі?! Лепей не правяраць на практыцы…

Аўсянка. Беражом слых. Без ватных палачак.

Ведаеце такі сумны, але праўдзівы анекдот? «Сяджу я, гляджу тэлевізар, у вушах ручкай калупаюся… І раптам у тэлевізары гук знікае…»

Хто ў нас складае анекдоты? Правільна, часцей за ўсё – народ. А хто піша іншыя творы? Пісьменнікі. І сёння – іх дзень! Сусветны дзень пісьменніка… І мы шчыра віншуем усіх, хто мае да яго дачыненне, і зычым творчых поспехаў, новых цікавых публікацый, кніг і зборнікаў!

Не забываемся таксама і на тое, што прыродныя багацці ў большасці сваёй, на жаль, вычарпальныя. А паколькі сёння, да ўсяго, Сусветны дзень дзікай прыроды… Памятаем пра гэта і пра беражлівае стаўленне да яе. І таксама не адзін-два разы на год, а пастаянна.

Аўсянка. Сусветны дзень дзікай прыроды.

І на заканчэнне – Дзень чакання цуду! 🙂 Ну што яшчэ пра яго сказаць? Насамрэч варыянтаў тут два. Альбо чакаць таго цуду, альбо… ствараць яго самім, для кагосьці! А вы што выбіраеце?! 🙂

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 36

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.