12.07.2019
12.07.2019

«Чакай Пятра – сыру з’ясі…»

logo
Беларускі код
0 246
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як часта мы вымаўляем гэта, прычым досыць іранічна, праўда?! Але вось нарэшце і Пётр! Дачакаліся! Сёння, 12 ліпеня, праваслаўныя ўшаноўваюць святых апосталаў Пятра і Паўла і – заканчваюць трымаць Пятроўскі пост.

Пётр і Павел. 12 ліпеня.

«Пётр-Павел на гадзіну дзень убавіў, Ілля-прарок – дзве ўвалок», «Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – апала два» – таксама адны з самых вядомых народных прыкметаў на гэты дзень. А сам пост нашы продкі звалі, як вядома, «Пятроўка-галадоўка». Здагадаліся, чаму?! Так, бо старыя запасы практычна з’елі, а новых яшчэ шмат не зрабілі.

Але разгаўляцца раілі менавіта тым самым згаданым сырам,  а яшчэ – маслам. А калі гэтага не зрабіць, дык такога разгавення не дачакацца чалавеку і праз год. Праўда, калі 12 ліпеня прыпадала на дні посныя – сераду ці пятніцу (як сёлета), тады каштаванне сыру пераносілася на дзень наступны.

Пётр і Павел. Чакай Пятра – сыру з'ясі.

Што датычыцца народных успрыманняў гэтага дня, дык святыя Пётр і Павел найперш лічыліся памочнікамі сялян улетку – у касьбе і жніве, на пашы і ў агародзе: «Святы Пётра ў косы звоніць, святы Паўла граблі робіць», «Святы Пятро талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць», «Святы Пятро жытцо спеліць», «Святы Пётра серпы востра»… А яшчэ ж Пётр, сын рыбака і сам рыбак, лічыцца апекуном прафесіяналаў і аматараў рыбнай лоўлі.

На Беларусі нямала храмаў, пабудаваных у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Для мяне адзін са знакавых – у горадзе Узда, на малой радзіме майго таты. Калі зазірнуць у гісторыю, дык даведаемся, што яшчэ першыя ўладальнікі мястэчка, магнаты Корсакі,  у 16 стагоддзі пабудавалі драўляную царкву менавіта апосталаў Пятра і Паўла. А Тадэвуш Завіша, які валодаў мястэчкам у 19 стагоддзі, узвёў храм ужо з каменю, а побач – званіцу. У знакавым 1905-ым храм чакала перабудова. І зараз ён выглядае вось так.

Пётр і Павел. Царква ў іх гонар ва Уздзе.

Працягваючы тэму веры… У 2013-ым мне пашчасціла пабываць у Ватыкане, у саборы святога Пятра – галоўным каталіцкім храме, рэзідэнцыі Папы Рымскага. Веруючы ты ці няверуючы, праваслаўны ці каталік, але там сапраўды штосьці такое адчуваецца… невытлумачальнае. Магічнае месца з незвычайнай энергетыкай, якая літаральна віруе там паўсюль.

Да гэтага часу памятаю ўнутранае абуладкаванне храма, скульптурную групу «П’ета» («Аплакванне Хрыста») Мікеланджала… І, вядома ж, бронзавую статую самога святога Пятра (шэраг даследчыкаў сцвярджае, што яго магіла знаходзіцца пад саборам), які сядзіць на папскім прастоле і трымае ў руцэ ключы ад Валадарства Нябеснага.

Пётр і Павел. Ватыкан, сабор святога Пятра.

Да статуі заўсёды стаяць чэргі з турыстаў. Лічыцца, што калі загадаць жаданне і, узяўшыся за ступню статуі, з верай папрасіць пра яго выкананне, усё абавязкова спраўдзіцца.  Ведаеце, калі знаходзішся ў тым знакавым месцы, дык у галаву і не прыходзіць папрасіць штосьці такое, канкрэтнае і мірское. Мая просьба была даволі… аб’ёмнай. Ну што магу сказаць… Яна сапраўды спраўджваецца на працягу ўжо амаль 6 гадоў. Таму «Прасіце – і вас пачуюць» – працуе…

І зноў пераходзім да народнага. Сёння, у дзень святых Пятра і Паўла, у вёсцы Язоўкі Чэрвеньскага раёна ладзіцца Пятроўскі кірмаш. На яго традыцыйна прыязджаюць не толькі з суседніх вёсак, Чэрвеня, Мінска, але, бывае, нават з-за межаў Беларусі.

Аўтэнтычнае такое свята атрымліваецца, душэўнае. А ладзіць яго гаспадыня аднаго з язоўскіх падворкаў, няўрымслівая Валянціна Ладуцька. Чаму менавіта гэтае свята вырашыла адрадзіць? Мо, таму, што сама – Пятроўна, разважае. Ды і шмат гадоў пражывання і працы ў Мінску толькі ўзмацнілі любоў да сваіх традыцый, каранёў, роднай беларускай мовы.

Пётр і Павел. Свята на падворку Валянціны Ладуцькі з Язовак.

Колькі гадоў таму яна стварыла ў гаспадарчай пабудове прыватны музей сялянскага побыту. Даўнейшыя рэчы з Язовак і суседніх вёсак займаюць тут цяпер пачэснае месца. Калі ж звязваць дзень святых Пятра і Паўла, апякунства першага святога над рыбаловамі і гэтае памяшканне, дык тут маецца рыбалоўная сетка, сплеценая татам Валянціны Пятроўны. Усё ж, атрымліваецца, шмат сярод Пятроў аматараў рыбалоўства. Імя, так бы мовіць, абавязвае?!

Падчас Пятроўскага кірмашу гасцей чакае цікавая культурная праграма са спецыяльна запрошанымі гасцямі, гульні, конкурсы і частаванне. Вядома ж, не абыходзіцца тут і без традыцыйных фотасесій, вынікам якіх стануць шматлікія публікацыі ў сацыяльных сетках. Так і яднаецца даўнейшае народнае з сучасным.

А яшчэ сёння можна паваражыць на наступнае надвор’е, калі ўдумацца ў народныя прыкметы і паназіраць за наваколлем. Як жа нам надакучылі гэтыя дажджы сёлета ў ліпені, праўда?! І што ж могуць «паабяцаць» святыя Пётр ды Павел?! «На Пятра дождж – будзе жыта, як хвошч, …сенакос мокры, …на Новы год будзе страшная мяцеліца» (а вось апошняга хацелася б!), «Калі Пётра з Паўлам плачуць, дык людзі праз тыдзень свету не ўбачаць». Ну, так сабе апошняе пажаданне… Улічваючы, што якраз на сёння сіноптыкі па-ранейшаму абяцаюць нам ападкі…

Пётр і Павел. Прыкметы надвор'я.

Але як бы там ні склалася з надвор’ем, галоўнае, што дзень у гонар святых Пятра і Паўла сапраўды тоіць у сабе пэўную магію. Толькі трэба ўмець яе пачуць і правільна растлумачыць. Ці дзесьці на моры, ці ў Ватыкане, на падворку ў Язоўках альбо ў храме ў гонар святых Пятра і Паўла, проста на працоўным месцы… Душэўнага спакою нам усім, любасці і светлых узнёслых пачуццяў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 246

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама