04.06.2022
04.06.2022

Чаму дзецям важна чытаць экалагічныя казкі? Гісторыя «зялёнага» жанру

logo
Адукацыя і выхаванне
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сёння з кніжнай паліцы дастаем «экалагічныя казкі» —  адметныя кнігі ў шэрагу не толькі беларускай, але ці не наогул сучаснай дзіцячай літаратуры.

Кнігі для дзяцей

Пачалося ўсё ажно ў 1985 годзе, калі пісьменнік Віктар Гардзей працаваў у часопісе «Родная прырода» і задумаў «…стварыць паэтычную Чырвоную кнігу Беларусі для дзяцей, што, на мой погляд, дужа арыгінальна, бо пра ахоўных жывёл і птушак у вершах яшчэ ніхто не пісаў. Са зборам патрэбных матэрыялаў праблемы не было ад самага пачатку.

Каштоўнай крыніцай інфармацыі найперш стаў часопіс «Родная прырода», у якім з цікавымі артыкуламі пра жывёльны свет нашай краіны пастаянна друкаваліся супрацоўнікі Інстытута заалогіі… Багата патрэбнага матэрыялу для ажыццяўлення сваёй задумы давалі камандзіроўкі і паездкі ў самыя розныя куткі Беларусі. …праца прасоўвалася ўвогуле марудна, што і зразумела. Паспрабуй у кароценькім вершы апісаць у мастацкіх вобразах бадай ці не ўсю біялогію нейкага малавядомага паўзуна, матыля, кажана, птушкі, а да навуковай дакладнасці я акурат і імкнуўся», — расказвае сам пісьменнік.

Больш за дваццаць гадоў пісаў ён «Малую дзіцячую Чырвоную кнігу» і «Малую дзіцячую Чырвоную кнігу. Ахоўная флора», якія выйшлі ў выдавецтве «Беларусь» у 2008 і 2010 гадах адпаведна.

Экалагічныя казкі 2

З экалагічных вершаў Віктара Гардзея пачаўся новы, энцыклапедычна-мастацкі накірунак развіцця прыродазнаўчай тэматыкі і ў вершах, і ў казках. Пісьменнік прапанаваў і новую падачу матэрыяла: кароткія навуковыя звесткі пра аб’ект паэтызацыі з «Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь» прыведзены адразу ж побач з вершам.

Пакуль экалагічныя вершы Віктара Гардзея друкаваліся ў часопісе, ідэю падачы матэрыяла падхапіла літаратурная супольнасць.

У 2003 годзе выйшла «Чырвоная кніга ў казках і вершах беларускіх пісьменнікаў». Склала яе Раіса Баравікова. У кнізе сабраныя творы многіх аўтараў, сярод якіх Віктар Гардзей, Уладзімір Мазго, Віктар Праўдзін,

Гардзей

Людміла Рублеўская, Міхась Пазнякоў, Яўген Хвалей, Віктар Шніп… Прынцып падачы твораў такі ж, як і ў Гардзея — чытач знаёміцца са звесткамі з Чырвонай кнігі і з мастацкім творам — казкай або вершам — створанымі на падставе гэтых звестак.

Выданне цудоўна праілюстраванае мастаком Віталём Дударанкам.

Наступная «Чырвоная кніга ў казках і вершах», аздобленая ілюстрацыямі Мікалая Казлова і Наталлі Суставай, выйшла ў 2007 годзе

У шэрагу твораў, якія складаюць названыя выданні (напрыклад, казкі Раісы Баравіковай «Пра дзвюх сясцёр і чараўніка Магу Тое, На Што Здатны» і «З казак старога астранаўта»; Людмілы Рублеўскай «З казак бабулі Юстыны») свет жывёл і раслін падаецца адухоўленым не толькі праз тое, што маюць галасы. Сваім з’яўленнем на свет яны абавязаны людзям, героям розных гісторый, якія ў выніку пэўных падзей ператвараюцца ў раслін і жывёл — так аўтары міфалагізуюць прыродны асяродак.

Эклагічныя кнігі 3

У беларускім фальклоры, як вядома, шмат песень, легенд і паданняў, якія апавядаюць пра ператварэнні людзей. Нялюбая нявестка, ратуючыся ад злой свякроўкі, перакідваецца ў вярбу. Закаханыя, якім чыніцца пераслед — у явар з калінаю. Ратуючыся ад палону, жанчыны кідаюцца на дно возера — і падымаюцца на яго паверхні белымі кветкамі… З узнікненнем традыцый рамантызму яшчэ ў ХІХ стагоддзі, пісьменнікі звярталіся да фальклору. Легенды і паданні клаліся ў аснову літаратурных твораў. Згадаем баладу «Свіцязянка» Адама Міцкевіча, у якой якраз Свіцязянкі — белыя кветкі, якімі сталі няскораныя чужынцамі-ворагамі дзяўчаты; альбо «Паэму пра явар і каліну» Уладзіміра Караткевіча.

Экалагічныя казкі сучасных пісьменнікаў — з’ява ўнікальная таму, што, наследуючы рамантычнай традыцыі, яны, тым не менш, не адштурхоўваюцца ад вядомых фальклорных сюжэтаў і вобразаў, а ствараюць свой адметны свет, які нагадвае нам пра старажытныя легенды і паданні паходжання раслін, і міфалагізуюць яго.

Экалагічныя кнігі 4

Пераважна ў жанры «экалагічнай казкі» напісаныя творы, сабраныя ў «Лясная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (2008, укладанне Алеся Бадака), «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (2009, укладанне Алены Масла) і «Касмічная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (2010, укладанне Раісы Баравіковай).

«З часам Наяда вельмі змянілася. Яна стала больш падобнай на расліну, чым на дзяўчыну. Яе стройныя ножкі ператварыліся ў доўгае гнуткае сцябло, а ручкі ўжо нагадвалі тоненькія вузенькія лісточкі. Займеўшы карані, яна ўжо не змагла больш усплываць на паверхню. Але нават стаўшы раслінай, яна па-ранейшаму заставалася фарсухай. Толькі ўпрыгожаннямі цяпер ёй служылі ўласныя кветачкі, праўда, не такія яркія і шыкоўныя, якімі яна ўбіралася, жывучы ў моры. Кветачкі выраслі на яе сцяблінах нечакана для самой Наяды. І любіла яна іх куды мацней. Наядзе здавалася, што з’яўленне кветак — гэта водгук яе душы на цудоўныя салаўіныя спевы, якія на ўсё жыццё сталі яе галоўнай уцехай і падтрымкай. Раслінкі, што з’явіліся з насення гэтых кветачак, абралі сабе месцам жыхарства тыя азёры, у якіх вада была хаця б крышачку саланаватай. І раслі яны групкамі, якраз як тыя дзяўчаты — Наяды і Нерыіды, з якіх і пачалася іх гісторыя».

Экалагічная кніга 5

Прыведзены ўрывак з казкі Наталлі Бучынскай «Наяда марская, або Услед за песняй», у якой апавядаецца, як юная Наяда закахалася ў салаўіныя песні і пакінула салёныя марскія воды, сваю радзіму, каб плысці ў нязнаныя краі ўслед за Салоўкам. Як дзяўчына стала кветкай у прэснай вадзе — але мела шчасце слухаць Салаўя.

Прырода — жывая, яна адчувае, думае, пакутуе, любіць і гневаецца, бо людзі — гэта яна. А яна — гэта людзі і ўвесь навакольны свет.

У беларускай традыцыі, якая перадаецца праз фальклорную спадчыну, спрадвечнае разуменне повязі ўсяго жывога. Чаго вартыя толькі народныя прыкметы — не руш гняздо ластавак, бо рабаціннем пакрыешся; не забівай жаб — бародаўкамі абсыпле (альбо дождж пойдзе)…

Дрэва (казка)

Гэтае разуменне — і ў вядомых еўрапейскіх легендах і паданнях пра з’яўленне на зямлі розных кветак: гладыёлусы выраслі на месцы мячоў, якія, не жадаючы біцца на смерць, уторкнулі ў зямлю гладыятары… У кветку нарцыса перакінуўся ганарлівы юнак-прыгажун. Лілеі прараслі там, куды ўпалі кроплі малака з грудзей багіні Геры… Менавіта тэма раўназначнасці ўсяго жывога яднае старажытныя легенды і паданні з творамі сучасных беларускіх аўтараў.

У жанры экалагічнай казкі напісаная кніга Наталлі Бучынскай «Атракцыён для вадзянікоў» (2014) і Алены Масла «Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала» (2009), Раісы Баравіковай «Казкі астранаўта, альбо Касмічныя падарожжы беларусаў» (2006), «Казкі з гербарыя” (2008) і Людмілы Рублеўскай «Карона на дне віра, альбо Казкі з хутара Юстыны» (2008).

У некаторых з гэтых выданнях, праўда, ужо няма спасылак на канкрэтную інфармацыю з Чырвонай кнігі, але назвы твораў, апроч мастацкіх, утрымліваюць назву прадстаўнікоў расліннага свету — напрыклад, «Праўда лірніка Венанцы, альбо Чыставуст каралеўскі» (Рублеўская, «Карона на дне віра»).

Ці бывае свята ў Зямлі? (экалагічная казка)

У «Казках з гербарыя» Баравіковай, да таго ж, ідэя падтрымана мастаком-ілюстратарам — выява кажнай расліны, пра якую апавядаецца казачная гісторыя, пададзена з навуковай назвай.

Галоўная ідэя — повязі ўсяго жывога на Зямлі, міфалагізацыя свету — захаваная пісьменнікамі. Іх творы жыццё ператвараюць у казку, казку — у жыццё. Пачытайце самі – пераканаецеся!

Знайсці пералічаныя кнігі магчыма ў публічных бібліятэках. «Блакітная кніга» з цудоўнымі ілюстрацыямі Тамары Шэлест нядаўна перавыдадзеная і ёсць у продажы.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама