26.03.2020
26.03.2020

Чаму няма каранціну і ці перанясуць ЦТ. Эксперты адказалі на пытанні

logo
Навiны
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Анлайн-трансляцыя «Тваё пытанне Міністэрству аховы здароўя і Мінадукацыі пра сітуацыю з COVID-19 у Беларусі» 25 сакавіка прайшла ў Нацыянальным прэс-цэнтры. На пытанні адказалі міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Уладзімір Каранік, намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска Алег Скрыпко і начальнік Галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч.

Перад пачаткам анлайн-канферэнцыі Уладзімір Каранік распавёў, што каранавірусы – гэта не новыя вірусы. Яны вядомыя з 1965 года, і многія з іх цыркулююць ужо даўно. Некаторыя выклікаюць толькі лёгкую прастуду, іншыя, напрыклад, SARS, больш сур'ёзныя захворванні – атыповую пнеўманію.

Каранавірус. Сімптомы.

Разам з тым, падкрэсліў міністр, у выпадку з каранавірусамі SARS і MERS крыніцай інфекцыі быў хворы чалавек. У большасці захворванні працякалі з выяўленымі клінічнымі сімптомамі. COVID-19 можа працякаць у лёгкай форме або форме носьбіцтва. І яго асаблівасць у тым, што чалавек можа быць заразным, нават калі ў яго няма ніякіх клінічных праяў. Гэтае «адрозненне» шмат у чым і абумовіла такое шырокае распаўсюджванне віруса.

Асноўная задача службы – не дапусціць некантраляванай ланцуговай рэакцыі, утрымліваць сітуацыю ў рамках магчымасцяў і рэсурсаў сістэмы аховы здароўя. На думку міністра, у нашай краіны гэта атрымліваецца. Зарэгістраваныя 86 пацыентаў, у якіх атрыманы станоўчы тэст на наяўнасць РНК віруса, прычым 29 пацыентаў ужо маюць ад 1 да 3 адмоўных вынікаў. Частка з іх выпісаная, частка рыхтуецца да выпіскі.

Верагоднасць захварэць на каранавірус павышаецца пры цесных стасунках з інфіцыраваным. Таму, яшчэ раз нагадаў Уладзімір Каранік, варта пазбягаць непатрэбных кантактаў, выконваць банальныя патрабаванні гігіены і абмежаваць візіты да сваіх сталых сваякоў, каб не стаць крыніцай інфекцыі.

Каранавірус. Менш наведваць сталых людзей.

Чаму няма каранціну?

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Эксперты адзначаюць, што 81-85% людзей пераносяць каранавірусную інфекцыю як лёгкую прастуду, без сур'ёзных праблемаў. 10-14% маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, але выходзяць з гэтага стану без сур'ёзных клінічных наступстваў. Яшчэ 5-6% неабходная інтэнсіўная тэрапія. Як правіла, гэта пацыенты старэйшых узроставых групаў са спадарожнымі паталогіямі. Гэта найбольш цяжкая катэгорыя пацыентаў.

Свет заклапочаны гэтай пандэміяй і мерамі па рэагаванні і мінімізацыі наступстваў. Чаму такая рэакцыя? Шмат у чым таму, што заўсёды палохае штосьці невядомае. А гэта новы вірус, лічыць міністр. Кожная краіна выбірае сваю стратэгію барацьбы з вірусам, зыходзячы са сваіх магчымасцяў і рэсурсаў, няхай гэта будзе каранцін альбо абмежаванне перамяшчэння.

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Каб не прымаць памылковых рашэнняў, мы шмат увагі ўдзяляем вывучэнню вопыту Кітая, суседніх краінаў, і пастараліся выпрацаваць навукова абгрунтаваны падыход у барацьбе з дадзенай інфекцыяй. Асноўная задача – не дапусціць перагрузкі сістэмы аховы здароўя, каб колькасць пацыентаў не перавысіла магчымасць аказання медыцынскай дапамогі. Тут мы ўжываем кропкавы падыход за кошт кантролю па перыметры нашай краіны. Гэта санітарна-кантрольныя пункты, якія арганізаваныя ва ўсіх кропках уезду ў рэспубліку, дзе ўсе, хто прыязджае, праходзяць вымярэнне тэмпературы цела (яна праводзіцца стацыянарнымі цеплавізарамі ў патоку). Больш за 250 чалавек з павышанай тэмпературай былі выяўленыя гэтак, у абсалютнай большасці з іх аказаліся грып, адэнавірусная і рынавірусная інфекцыі. У любым выпадку сістэма працуе.

Каранавірсу. Цеплавізар у аэрапорце.

Па-другое, заўсёды пры выяўленні станоўчых вынікаў тэсту праводзіцца ацэнка кантактаў. Асабліва гэта тычыцца тых, хто блізка меў стасункі з хворымі (кантакты першага ўзроўню): працавалі ў адным кабінеце, ляцелі ў самалёце ў радыусе двух метраў. У тых жа, хто кароткачасова меў стасункі, верагоднасць заражэння мінімальная, але яны таксама бяруцца пад ўлік (кантакты другога ўзроўню).

Каэфіцыент перадачы віруса складае прыкладна 1 да 2-2,5. У 41 пацыента станоўчы тэст быў выяўлены ўжо ў працэсе назірання. Калі б яны не былі ізаляваныя, дык на працягу 18-19 дзён мы б атрымалі больш за 1 тысячу новых выпадкаў, падкрэсліў міністр.

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Чаго мы баімся, дык гэта развіцця сітуацыі, як у Італіі, дзе асноўнай крыніцай распаўсюджвання інфекцыі стаў медперсанал. Акрамя гэтага, распаўсюджванне вельмі хутка пайшло ў бальніцах, у якіх і так ляжалі людзі са спадарожнымі паталогіямі. Таму першапачаткова было прынятае рашэнне пра падзел патокаў пацыентаў і перапрафіляванне нашых бальніц, каб пазбегнуць перасячэння хворых з каранавірусам і пацыентаў пасля хірургічнага лячэння, інфарктаў ці інсультаў.

Ці ўвядуць каранцін ва ўніверсітэтах?

Каранавірус. Студэнты ў масках.

 
Сяргей Каспяровіч
Начальнік Галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі
Увядзенне каранціну ва ўніверсітэтах або каледжах з улікам сітуацыі не з'яўляецца мэтазгодным. Увесь комплекс дзеянняў, які накіраваны на прафілактыку і мінімізацыю кантактаў, уведзены ў сістэме адукацыі. На пазнейшыя тэрміны перанесеныя масавыя мерапрыемствы, скарэктаваныя графікі вучэбных заняткаў.
Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
У нас ужо быў негатыўны вопыт пераводу на дыстанцыйнае навучанне студэнтаў БНТУ, калі мы прапанавалі праводзіць навучанне дыстанцыйна і не пакідаць Мінск. У выніку каля 600 студэнтаў БНТУ раз'ехаліся па гарадах і вёсках, і мы потым на працягу сутак перадавалі інфармацыю ў органы аховы здароўя, каб узяць іх на кантроль. Больш за сотню былі шпіталізаваныя ў розныя ўстановы з прыкметамі ВРІ. Ні ў адным выпадку каранавірус не пацвердзіўся.

Нават пры невялікіх прыкметах віруснай інфекцыі варта заставацца дома, выклікаць урача і не ехаць на заняткі. Мы рэкамендавалі перанесці пачатак заняткаў, каб не дапускаць у гадзіны пік перапоўненага транспарту, падзяліць патокі тых, хто едзе на працу і вучобу. На дадзеным этапе гэта найбольш рацыянальны падыход.

Ці трэба адмовіцца ад наведвання сталовай, бібліятэкі, ці можна заразіцца праз кнігу або на спатканні?

 
Алег Скрыпко
Начальнік Галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі
У сталовай, калі ўсе паверхні і посуд апрацоўваюцца, як належыць, павышанай рызыкі няма. У бібліятэцы верагоднасць заражэння тэарэтычна існуе, калі вы будзеце гартаць старонкі і аблізваць пальцы, церці вочы. Калі няма магчымасці памыць рукі, можна выкарыстоўваць вільготныя сурвэткі.

Ці варта насіць марлевыя павязкі і пазбягаць людных месцаў?

 
Алег Скрыпко
Начальнік Галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі
Марлевая павязка ў сілу сваёй структуры не адфільтруе вірус. Калі насіць яе доўгі час, яна зробіцца вільготнай, на ёй могуць з'явіцца мікробы. Сэнс ёсць у захаванні адлегласці паміж людзьмі і ў мерах асабістай гігіены.

Ёсць інфармацыя, што вірус гіне пры высокіх тэмпературах...

 
Алег Скрыпко
Начальнік Галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі
Любыя вірусы гінуць пры высокіх тэмпературах. Думаю, маецца на ўвазе, ці не знікне ўспышка каранавіруса пры павышэнні тэмпературы навакольнага асяроддзя. Паглядзім. Мы пакуль не ведаем. Магчыма, пры ўсталяванні дадатных тэмператураў ўспышка захворвання будзе змяншацца.

Што рабіць, калі думаеш, што захварэў? Ці ёсць сэнс у прыёме супрацьвірусных прэпаратаў для прафілактыкі?

 
Алег Скрыпко
Начальнік Галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі
Заставацца дома і звяртацца па медыцынскую дапамогу. Калі вы нядаўна наведвалі эпідэміялагічна няспрыяльныя краіны, варта выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу. Калі выезду за межы краіны не было, у выпадку дрэннага самаадчування неабходна выклікаць урача на дом. Прымаць супрацьвірусныя прэпараты не трэба. Іх павінен прызначаць урач.

Ці будуць перанесеныя тэрміны ЦТ альбо самой уступнай кампаніі?

 
Сяргей Каспяровіч
Начальнік Галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі
Калі казаць пра этап, які папярэднічае цэнтралізаванаму тэсціраванню (рэпетыцыйные тэсціраванне), дык прынятае рашэнне пра яго перанос пераважна на май. Рашэння пра перанос цэнтралiзаванага тэсцiравання, рэгістрацыя на якое праводзіцца ў маі, а таксама прыёмнай кампаніі не прымалася.

Чаму вірус адзін, але па-рознаму пераносіцца рознымі людзьмі?

 
Алег Скрыпко
Начальнік Галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі
Лічыць, што ў адным выпадку – лёгкая «версія», а ў іншым – цяжкая, не варта. Трэба ўлічваць ўзроставую структуру насельніцтва. Ужо даказана, што лёгкае цячэнне захворвання, як правіла, адзначаецца ў маладых. У нашай бальніцы асобы 25-35 гадоў пераносяць каранавірус у лёгкай форме, з тэмпературай на працягу некалькіх дзён і без пнеўманіі. Асобы, старэйшыя за 50 гадоў, маюць больш значныя клінічныя праявы.

Ці можна заразіцца каранавірусам паўторна?

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Меркаванне экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя такое, што пасля перанесенай інфекцыі фарміруецца імунітэт. Наколькі ён будзе ўстойлівы – пакажуць далейшыя назіранні.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».