16.05.2023
16.05.2023

Чарныш (апавяданне) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Першым гэтага маленькага сабачука згледзелі дзеці. Ён стаяў ля ўваходу ў дзіцячы аздараўленчы лагер «Івалга», ветліва матляў тоненькім хвосцікам, пільна, але даверліва глядзеў у вочы кожнаму, павізгваў ад задавальнення, калі яго гладзілі.

Шчанюку было не больш двух-трох месяцаў. Маленькі чорны клубочак з круглымі, нібы медзякі такога ж колеру вачыма, кароценькімі лапкамі і вісячымі лахматымі вушкамі. Ніхто не ведаў, адкуль ён з’явіўся. Можа падкінуў хто з суседняй вёскі, што на другім баку ракі Віліі, а можа сам збег, і згубіўся.

— Давайце назавём яго Чарныш? — прапанавала дзяўчынка.

— А што, здаецца клічка адпавядае, — дружна падтрамала група.

Сабачук быў вельмі гуллівы і актыўны. Ён пастаянна шукаў для сваіх забаў розныя прыгоды, правакуючы кожнага на гульбу. І дзеці не маглі стрымліваць сябе, адказвалі ўзаемнасцю. Яны не менш гэтай жывой і пацешнай істоты таксама чакаюць і для сябе забаў. І зараз, лашчачы Чарныша, спадзяюцца на яго такія ж прыязныя і пацешныя адносіны. Спадзяюцца,  ні чым не рызыкуючы. А ён, гэты маленькі і вясёлы камячок, ці рызыкуе спадзявацца на шчасце, паставіўшы на карту няхай сабе зусім кароткае, але ўласнае жыццё? Калі не адзін, адразу некалькі дзяцей цягнуцца да яго пазабаўляцца. У любую хвіліну можа абвастрыцца тое пачуццё, калі сабачук выклікае і цеплыню, і спагаду, і нейкае жывое трапятанне душы.

Шчанюк

Цяпер Чарныш быў рады ўвазе тых, хто з ім побач. Рады іх ласкавым словам і пачастункам. Суцешаны і накормлены, ён з зычным, як сталы сабака, добразычлівым гаўканнем насіўся вакол дзіцячага гурту. Хапаў зубамі за калашыны спартыўных штонікаў, злосна вурчэў. Больш смелыя дражнілі яго, тады сабачук вешаўся зубамі на калашыну і, нібыта на арэлях раскачваўся, і вурчэў адначасова. І па яго вясёлай мордачцы было бачна, што забавы яму вельмі падабаюцца.

Каля палудня, калі спартыўныя пляцоўкі лагера пусцелі, стомлены беганінай і дзённай спёкай сабачук залез у цень пад лаву і, скруціўшыся абаранкам, задрамаў. Калі сонца павярнулася з адваротнага боку і запякло прама яму ў галаву, прымусіла Чарныша шукаць іншую схованку.

Павыбегшыя пасля абеду дзеці нечаканага адпачываючага на старым месцы не знайшлі. Чарныш знік таксама нечакана як і з’явіўся. Увесь атрад Сяргея Пятровіча, які з дазволу важатага ўзяў над Чарнышом шэфства, падаўся на пошукі чацьвераногага сябра. Увесь прылеглы лесапарк, прыбярэжную зону ракі прачасалі — усё дарэмна.

І дзеці засумавалі. Выказваліся розныя думкі і версіі знікнення Чарныша. Калі зусім нечакана непадалёк ад сталоўкі раздалося знаёмае вясёлае цяўканне, дзеці і дарослыя радасна заўсміхаліся.

Важаты атрада Сяргей Навумовіч узяў шчанюка на рукі і патрапаў па загрыўку.

— Вось ужо накармілі цябе, дык накармілі! Як падняць наперазаўся. — А ці будзеш болей хавацца? — хлопец звярнуўся да шчанюка, як да нашкодзіўшага дзіцяці.

Чарныш апавяданне

Чарныш падазрона паглядзеў на яго, яшчэ больш прыхінуўся да чалавека, прыціснуўшы свой тоненькі хвосцік.

— Глядзі ў мяне! — памахаў перад носам шчанюка ўказальным пальцам. – Толькі з майго дазволу! З гэтай хвіліны я — твой і трэнер, і апякун.

Ажно да самага вечара, колькі дзеці ні гулялі ў розныя развіваючыя гульні, Чарныш ні на крок не адыходзіўся ад свайго трэнера.

Важаты папрасіў калегу з суседняга атрада прыгледзець у сталоўцы за яго групай, а сам з Чарнышом на руках скіраваўся ў свой пакой.

— Сяргей Пятровіч, вы ж добра ведаеце інструкцыю, што ні жывёл, ні птушак, ні паўзучых нельга праносіць, праводзіць у будынак лагера, – усчувала дзяжурная вахцёрка. — Самі ж і парушаеце!

Важаты атрада і не заўважыў, што ў кабіне вахцёра стаяў дырэктар лагера Іван Рыгоравіч. Ён штодня так рабіў, абыходзячы перад адбоем усе пакоі лагера. Абавязкова наведваўся на вахту галоўнага корпуса, каб  нагадаць дзяжурным пра строгі кантроль, і пра парадак дзеянняў падчас непрадбачаных здарэнняў.

Шчанюк

 

Сяргей мацней прыцснуў сабачука да грудзей і ўмольна прасіў:

– Таварыш дырэктар, гэта ж усяго бясшкоднае шчанё. – Гляньце, ён яшчэ зусім маленькі. Ноччу сцюдзёна і страшна такому. Бачыце як дрыжыць.

Дырэктар спакойна і прыязна ўсміхнуўся:

— А інструкцыя для каго пісана, Сяргей Пятровіч? – спытаў дырэктар, кінуўшы погляд на вахцёрку.

— Бачу вы тут самі разбярэцеся! Усё — па інструкцыі! А мне патрэбна яшчэ пяць атрадаў праверыць…

— Чулі, Сярожа? Вось я і кажу, — настойвала на сваім вахцёрка. — Сёння сабаку, заўтра козачку, а пасля ўдаўчыка… У што дзіцячы лагер ператворыцца, калі ў дзяцячых пакоях будуць і брадзячыя сабакі, і разумныя козачкі? — У цырк, Сяргей Пятровіч!

— Але ж ён яшчэ не сабака, а ўсяго толькі нявінны шчанюк, — мкнуўся абараніць Чарныша. – Ніна Іванаўна, паглядзіце! Тым больш, што начаваць ён будзе ў маім пакоі, а не ў дзіцячым. Усяго адну ночку! Раніцою пакармлю і аднясу ў суседнюю вёску. Упэўнены, што такога прыгажуна хто заўгодна возьме. –Гляньце, які ласкавы.

— Яшчэ чаго! — махнула наводмаш вахцёрка. — Усяроўна не пушчу: інструкцыя ў мяне! — Выкінь яго за дзверы, а сам праходзь. І не тлумі мне галаву. Але ж і надумаўся замок адчыніць…

— Ніна Іванаўна, а калі па закону сумлення і спагады да братоў нашых меншых, то трэба ратаваць Чарныша.

— Усяроўна не пушчу: інструкцыя ў мяне! — бабуля стаяла на сваім.

Сяргею нічога не заставалася, як выйсці на вуліцу. Ён не мог паверыць, што такое магло адбыцца. Лічыў гэта звычайнай справай схаваць ад навальніцы маленькага сабачука. А тут…

Шчанюк 5

На дварэ нікога не было.

— Глядзі, Чарныш, якая цішыня. Але ж сярод ночы і прыпарвае. Быццам перад дажджом, — прамовіў Сяргей. — Хаця б навальніцы не было, —пачухаў сабачука па галаве.

Ён адчыніў падсобку дворніка.

— Вось тут, у куточку перакантуешся да раніцы, — дружалюбна прамовіў і пасадзіў Чарныша на разасланую старую куртку. — Хаця якая летам ноч – усяго пяць гадзін.

Сабачук, быццам разумеючы прапанову, прыязна паглядзеў у вочы чалавеку і заматляў хвосцікам у знак згоды. Праз рассохлыя дашчатыя дзверы Сяргей назіраў за ім  яшчэ колькі хвілін, і як абнюхваў сваю ляжанку, і як пазяхаў. А як толькі чалавек зачыніў за сабой дзверы, Чарныш прылёг на пярэднія лапы і закрыў вочкі.

Вярнуўшыся ў свой пакой Сяргей доўга не мог заснуць. Ляжаў, думаў аб вячэрняй гутарцы з вахцёркай. А калі толькі прыдрамаў, пачуў, як ад ветру парыпвалі  балконныя дзверы. Бачна было, як раскачваліся вершаліны дрэў і пачынаў свістаць вецер. Хутка лінуў дождж.

Ён падышоў да акна. За безупыннымі струменямі навальніцы раптам нічога ўжо не было бачна. На імгненне маланка выхапіла з цемры пляцоўку перад уваходам у спальны корпус. І зноў усё навокал зрабілася цемраддзю. Непадалёку завуркатаў гром, і новы парыў ветру з сілай, падобнай да нечаканага самапальнага стрэлу і нейкага незвычайнага свісту зачыніў фортку. І раптам сярод гэтага свісту і грымотаў Сяргей ясна пачуў, прыглушаны пошумам дажджу сабачае выццё. Ён выбег на балкон і прыслухаўся.

– Напэўна здалося, – падумаў ён і скаланушыся ўсім целам.

Праз лічаныя хвіліны выццё паўтарылася з новай сілай. У ім, тым выцці, было столькі смутку, страшэннага жаху і адчаю, што ў будучага настаўніка пахаладзела ўнутры.

— Чарныш, — прашаптаў ён. — Канешне ж, гэта Чарныш. Перапалохаўся, бядняга…

У той жа момант выццё спынілася. Праз якія пяць хвілін зноў усё паўтарылася. У некаторых вокнах лагера пачало запальвацца святло. Гэта няйначай важатыя і выхавальнікі прачыналіся, прыслухоўваліся як да навальніцы, так і да выцця ашалелага ад нечаканага ўпершыню пачутага прыроднага жаху шчаняці.

Чарныш 4

— Добра, каб пачулі тое выццё не толькі ён, Сяргей, але і вахцёрка, і дырэктар. І слабая, але ж усё-такі надзея, зашавялілася ў яго сэрцы.

Аднак зачыняліся вокны і форткі, успыхвала і згасала ў пакоях святло. Але скрозь вокны ў пакой па-ранейшаму даносілася жалобнае выццё шчаняці.

Сяргей уявіў маленькі мокры чорны камячок сярод, як вока выкалоць цемрадзі, разрываемай разрадамі грому і зігзагамі маланак у патоках несканчаемага ліўня, і скурчыўся. Ды так скурчыўся, нібыта сам аказаўся сярод начной прыроднай стыхіі.

Ён падышоў да пасопваючага культмасавіка, хацеў з ім падзяліцца пачутым, але перадумаў і выйшаў у калідор.

Дзяжурнага вахцёра на месцы не было. Сяргей паспрабаваў адчыніць замок уваходных дзвярэй. Але ключ, які быў у замку, чамусьці не праварочваўся. Яго здзіўляла і перашае, і другое: чаму такая прынцыповая і выслужлівая бабуля аставіла ключ у замку? Хутчэй за ўсё проста забылася.

Нарэшце, замок шчоўкнуў і дзверы адчыніліся. Парыў ветру ў спулцы з навальніцай ледзь не збілі хлопца з ног. Навальніца з грукатам цягнула над зямлёй вадзяны дым і смяялася. Сяргей выпрастаўся, але спатыкнуўся аб штосьці і паваліўся. Тут жа ўстаў, пабег да падсобнага памяшкання дворніка.

– Чарныш, Чарныш, – клікаў ён сабачука. – Дзе ты, Чарныш?

Дзверы былі адчынены, хаця з вечара ён прыкрываў на клямку.

Раптам з цемрадзі штосьці мокрае і сцюдзёнае кінулася да яго голых ног. І радасна заскуголіла. Гэта быў Чарныш.

Сяргей узяў яго на рукі, прыхінуў, як дзіця, да сябе. Чарныш дрыжэў, але разам і задыхаўся ад шчасця, цягнуўся мордачкай да чалавека, як і яго выратавальнік да гэтай безабароннай жывой істоты. На яго мокрай спіне сабачука ўся шчэць была зблытана ваўчкамі.

— І куды ж гэта ты залез, га? — ласкава спытаў Сяргей. — Ну, малыш! Ды не хвалюйся ты так! Усё дрэннае засталося ззаду. І накармлю цябе, і абагрэю, і вычашу.

Чарныш працягваў аблізваць рукі Сяргея,  дзякуючы за ўратаванне  ад згубы. Прыгрэўшыся, хутка прыціх, і  прыснуў.

Чарныш і хлопец

А на дварэ ўсё яшчэ раздаваўся сцішана-роздумны водгалас грому і ўсплеск летніх бліскавіц.

Убачыўшы мокрага да ніткі Сяргея і такога ж дрыжачага на яго руках сабачука расхваляваная вахцёрка толькі рукамі развяла:

— Гэта ж так вымак, а маё дзіцятка! — Ды не стой ты! Ідзі ўжо перапранайся. Ды не забудзься і свайго сябра сагрэць: закутай у што-небудзь цёплае. Яны жывучыя.

— У нас з мужам таксама сабака быў, — разгаварылася бабуля. — Шарык беспародны. Ласкавы такі. І вартаўнік добры. Прапаў зімою. Казалі, што паляўнічыя пераблыталі з ваўком. – Не паверыш, плакала я па ім. Што ж гэта я табе байкі баю! А ну, марш у пакой!

Дзяжурная глянула на гадзіннік. Была чацьвёртая гадзіна ночы. Пачало світаць. Яна ўздыхнула, прылегла на канапу. На душы было цяжка і неспакойна. Толькі прымружыла вочы, як перад ёй уставаў мокры і худзенькі малады хлопец з такім жа мокрым і дрыжачым Чарнышом на руках. І столькі болю і адчаю было ў іх вачах, што гэты боль перадаўся і ёй, бабулі Ніне.

«А і на самай справе, — разважала яна, — ці ж звер я, каб двух дзетак не пашкадаваць. Хаця не адна я, многія, відаць, чулі тое сабачае выццё, але ніхто са старэйшых нават не выйшаў на дапамогу. Вось табе і Сяргей Пятровіч, усяго толькі студэнт. А што, калі я забяру Чарныша? Адвязу да сваякоў у вёску, ім у гаспадарцы спатрэбіцца. І старым усё ж весялей. А тое ні дзяцей, ні ўнукаў».

Шчанюк 3

Яна ўстала і падыйшла да акна. Адкрыла фортку і ўздыхнула свежае паслянавальнічнае паветра. «А калі дырэктар даведаецца, што ў лагеры начаваў сабака? – прашаптала бабуля. – Чаго добрага і звольніць могуць. Маўляў, парушыла інструкцыю, сама ва ўсім вінаватая. Ну і няхай сабе звальняюць, – нечакана для сябе падсумавала. – Пенсіі на пражыццё мне хопіць. А інструкцыя? Інструкцыі пішуцца людзьмі і для людзей. І выконваць іх таксама патрэбна па-людску. Калі адну інструкцыю за ўсё жыццё і парушыла — такой бяды. Абы людзям і жывёле на карысць. Гэта ж плакаць ад радасці хочацца, як той сабачук да хлопца цягнецца. Нездарма ж у народзе кажуць, што жывёла ніколі не засне на каленях злога чалавека.

На душы ў вахцёркі стала спакайней, і яна пайшла ўздоўж святлеючых вокнаў вестыбюля.

Пачынаўся новы летні дзень.

Ода жыццю (апавяданне)

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама