31.05.2019
31.05.2019

Час «Ч» усё бліжэй, або Кінь цыгарэту зараз!

logo
Думкі ўслых
118 045
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Гэтага дня асабіста я чакаю з нецярплівасцю і надзеяй. 27 ліпеня 2019 года ўступае ў сілу антытытунёвы Дэкрэт №2. Вядома ж, не спадзяюся, што ўсе разам кінуць паліць… Хаця так хацелася б… Проста цяпер як быццам бы ў нас, пасіўных курыльшчыкаў, якіх дзень за днём шматразова прымушаюць удыхаць атруту, будзе больш правоў. І больш месцаў, дзе курэнне альбо цалкам забароняць, альбо будуць там толькі спецыяльна выдзеленыя для яго зоны.

Калі яшчэ 27 студзеня пісала свае разважанні на гэтую тэму, ліпеньская дата была далёкай і нерэальнай. Але вось ужо заўтра і першы дзень каляндарнага лета. І закруціцца яно, панясецца, паляціць гэтак жа хутка, як зіма і вясна… А сёння, між іншым, Сусветны дзень без тытуню. Ён жа – Сусветны дзень барацьбы з курэннем! Чым не нагода, каб кінуць паліць?!

Многія ўпэўненыя, што гэта немагчыма ў прынцыпе – пазбавіцца ад заганнай звычкі. Хтосьці спасылаецца на слабую сілу волі, хтосьці на тое, што гэта ўжо хвароба… Мне спадабалася меркаванне знаёмага доктара, які прывёў у якасці прыкладу вось гэты сумны анекдот.

«Завезлі на бязлюдны востраў хворага на туберкулёз, хворага на анкалогію,  заўзятага курца, наркамана і пакінулі там на год. Пасля вызначанага тэрміну прыязджаюць і бачаць такі малюнак. Хворыя на туберкулёз і анкалогію памерлі. Курэц і наркаман бегаюць такія здаровыя, з ружовымі шчокамі… Курэц крычыць: «Дайце хутчэй цыгарэту! Я ж цэлы год не паліў!» Наркаман: «А я год не шыраўся! Дайце «дуры»!»

«Дык хто з іх сапраўдны хворы?!» – спытаўся мой знаёмы доктар. І дадаў: «А калі людзі толькі спрабуюць, толькі пачынаюць паліць ці выпіваць… Яны што – хворыя?!»

На шчасце, ведаю сапраўды шмат людзей, маіх знаёмых, якія кінулі паліць 10, 20 гадоў таму. І не цягне. З імі прыемна сустракацца ў любы час і ў любым месцы, бо дакладна ведаю: не абкураць, не прымусяць удыхаць дым… І вось ведаеце, сапраўды іх паважаю за тое, што атрымалася кінуць. А не так, як яшчэ ў адным… Анекдоце-не анекдоце… Вядомым выслоўі: «Кінуць паліць? Дык гэта сапраўды лёгка! Ведаеце, колькі разоў я сам кідаў?!» Як кажуць, без каметароў…

Мне рэальна дрэнна ад цыгарэтнага дыму. Адразу пачынаецца кашаль. Стрымлівай-не стрымлівай, а ён прарываецца. І гэта не мая прыхамаць, а індывідуальная рэакцыя арганізма. Вось таму так пакутліва штодня праходзіць па вуліцах Мінска і Чэрвеня. Асабліва праз аўтобусныя прыпынкі, дзе тых аматараў зацягнуцца столькі… Стараюся не ўдыхаць атрутнае паветра, калі іду міма. Але калі ланцужок курцоў расцягнуты не на адзін метр… Ажно лёгкія затым баляць…

Я разумею, што дарослых людзей ужо не перавучыш. І што колькі б у Сусветны дзень барацьбы з курэннем ні ўшчувалі б іх, колькі б лозунгаў ні абвяшчалі, колькі б акцый ні праводзілі… Масавых вялікіх аднамомантных зрухаў мы, на жаль, не ўбачым. Магчыма, хтосьці задумаецца. Магчыма, зменшыць спажыванне, а затым і зусім кіне. Але такіх мала… Іх так мала!

І чаму курцы не задумваюцца пра сваё здароўе?! Чаму самаўпэўнена думаюць: «Мяне гэта не датычыцца», «Са мной гэта ніколі не здарыцца…» А калі ўсё ж здараецца, дык шчыра не разумеюць, што гэта – наступствы курэння.

Яны не вераць, што рызыка ўзнікнення інфаркта міякарду ўзрастае прама прапарцыянальна колькасці спажытых цыгарэт. Што абсалютная большасць выпадкаў аклюзіённых паражэнняў перыферычных сасудаў канечнасцяў звязана з курэннем. А смяротнасць ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў у тых, хто паліць, у 2 разы перавышае той жа паказчык сярод людзей, у якіх няма гэтай шкоднай звычкі. А калі і задумваюцца, дык часцяком запознена…

І ўсё ж я чакаю 27 ліпеня 2019 года! І яшчэ больш – дзён наступных. А раптам шэрагі аматараў палення, асабліва ля прыпыначных пунктаў, сапраўды парадзеюць?! І больш не давядзецца пераадольваць іх подбегам, старанна зацсікаючы нос і імкнучыся не выкашляць лёгкія… Пачакаем?!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

118 0 45

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.