19 Жніўня
19.08.2020

Частаваць яблыкамі – гэта па-нашаму. Яблычны Спас!

logo
Думкі ўслых
0 0 59
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Шчырая душа беларуса праяўляецца ў многіх учынках. І ў тым ліку – у падтрымцы, дапамозе, суперажыванні, звычаі талакі і… гасціннасці ды частаваннях. А сёння якраз ёсць нагода праявіць апошняе. Бо 19 жніўня да нас традыцыйна прыходзіць самы вядомы з трох Спасаў – Яблычны.
Яблычны Спас.

На жаль, на нашым дачным участку сёлета з-за патопу і не толькі з ураджаем толькі адна яблыня. І яблыкі на ёй – зімовыя. Зарана яшчэ іх здымаць, частавацца ды частаваць. А былі ж гады, што не было куды іх падзець! І аднойчы мая мілая мамачка вырашыла нават наладзіць частаванне яблыкамі ў нашым пад’ездзе. Акурат на Яблычны Спас

А яшчэ мама вельмі любіла сушаныя яблыкі і кампот з іх. У нас заўсёды быў запас такіх яблыкаў у шкляных слоіках… Яны стаялі побач з сушанымі баравікамі… І зараз ёсць, яшчэ мамачкай высушаныя…

А тым часам праваслаўныя адзначаюць сёння Ператварэнне Гасподняе ды асвечваюць у царкве не толькі яблыкі, але і іншую садавіну, а таксама гародніну. На Яблычны Спас яблыкі пакідаюць на магілах блізкіх.

У адрозненне ад груш, якіх не з’ясі многа (ды і нельга іх многа есці, бо шкодна для здароўя), яблыкаў можна спажыць і пабольш. Галоўнае, каб не было супрацьпаказанняў да іх ужывання. Напрыклад, у аднаго майго знаёмага алергія на чырвоныя яблыкі. А зялёныя спажываць можа… Магчыма, тут спрацоўвае псіхалагічны фактар, а магчыма, штосьці ў гэтым і ёсць…

Яблычны Спас. Чырвоныя і зялёныя яблыкі: у чым розніца?

А яшчэ ж яблыкі можна дадаваць у розныя стравы, запякаць, гатаваць пюрэ і шмат чаго іншага. Памятаю, як у багаты на яблыкі сезон я гатавала пюрэ яблычнае шакаладнае – з даданнем какавы… І колер, і смак – выдатныя.

Дзялюся рэцэптам! І адразу шчыра прызнаюся: прапорцыі не вытрымлівала, гатавала «па адчуваннях», але атрымалася ўсё роўна смачна! 🙂

Інгрэдыенты:

  • яблыкі – 1 кг;
  • какава – 2 ст.л.;
  • цукар – 250 г (але можа быць + альбо –, у залежнасці ад салодкасці яблыкаў);
  • масла сметанковае – 70 г;
  • вада – невялікая колькасць (у залежнасці ад сакавітасці яблыкаў).

Яблычны Спас. Прыгатванне шакаладнага пюрэ.

Прыгатаванне:

  1. Добра вымытыя яблыкі пазбаўляем скуркі і насення.
  2. Рэжам долькамі альбо больш дробнымі кавалачкамі (хутчэй прыгатуюцца).
  3. Складваем у каструлю, пажадана з тоўстым дном, засыпаем цукрам, дадаем крыху вады.
  4. Пад зачыненай накрыўкай на невялікім агні трымаем 20-30 хвілін, перыядычна памешваючы (да мяккасці).
  5. Любым зручным спосабам робім пюрэ.
  6. Вяртаем на агонь, дадаем какаву і сметанковае масла.
  7. Памешваючы, трымаем да першых бурбалак. Можна крыху праварыць.
  8. Затым альбо закручваем на зіму, альбо спажываем пасля астывання. Можна зрабіць начынне для пірага!

Смачна есці!

Ну, і шарлотка ў гэты дзень – класіка, вядома ж! Думаю, у кожнай гаспадыні знойдзецца свой улюбёны рэцэпт. Майму ўжо, напрыклад, гадоў 30! 🙂 І пастаянна штосьці дадаю. Толькі некалькі гадоў таму пачала выкарыстоўваць замест соды разрыхляльнік для цеста. Выдатны вынік! Шарлотка не ападае пасля таго, як дастанеш з духоўкі!

Яблычны Спас. Шарлотка.

Не ведаю, як у вас, а ў мяне звычайна назіраецца такое стаўленне да яблыкаў. Калі іх шмат, есці не хочацца. Затое калі год неўраджайны… Раз-пораз набываю ў крамах… Хаця не скажу, што гэта мой самы любімы від садавіны. І ўсё ж сёння – Яблычны Спас. Таму ў цэнтры ўвагі – яны, яблыкі.

Крыніца вітамінаў А, групы В, С, К, калію, медзі, марганцу. Садавіна з нізкім глікемічным індэксам, якая падыходзіць для ўжывання і хворым на цукровы дыябет 2-га тыпу. Раяць есці людзям з дэпрэсіяй (!).

А яшчэ ёсць парады для ахвотных пахудзець. Калі з’ядаць яблык альбо некалькі яго кавалачкаў перад асноўным прыёмам ежы, дык апошняй будзе спажывацца меней. І, магчыма, гэта адмінусуе да 200 калорый. 200 у адзін дзень, 200 – у другі… Так і назбіраецца… мінус… 🙂

Яблычны Спас. Яблыкі для пахудзення.

А ў плюсе – паляпшэнне мазгавой дзейнасці, стрававання, умацаванне касцей…

Таму сёння, як ёсць магчымасць, частуемся яблыкамі і частуем іншых! Яблычны Спас – усяму час!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 59

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.