17.04.2018
17.04.2018

Чаму радавацца на Радаўніцу?

logo
Беларускі код
0 45
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Праваслаўныя хрысціяне Беларусі адзначаюць дзявяты дзень пасля Вялікадня адмысловым чынам – ідуць на могілкі да блізкіх з кветкамі і пачастункамі. Гэта Радаўніца, якая сёлета выпадае на 17 красавіка. Журналіст партала 24health.by пагаварыла са спецыялістам пра важнасць гэтага дня для народнай культуры, яго вытокі і традыцыі.

Дзе вытокі?

Радаўніца – старажытная традыцыя, якая ўзнікла на нашай тэрыторыі яшчэ да з’яўлення беларусаў як народу.

 
Сяргей Грунтоў
Этнолаг, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Не выклікае сумневу тое, што паміналі продкаў яшчэ ў дахрысціянскія часы і плямёны з тэрыторыі Беларусі, і іх суседзі. І паколькі адбывалася гэта ў часы дагістарычныя, калі не было пісьменнасці, то бессэнсоўна спрабаваць высветліць, хто пачаў святкаваць раней. З упэўненасцю можна сказаць, што адбылося гэта да з’яўлення беларусаў, таксама як рускіх ці ўкраінцаў.

Нягледзячы на тое, што Радаўніца – паганскі абрад, ён захаваўся ў народнай традыцыі і пасля прыходу хрысціянства.

 
Сяргей Грунтоў
Этнолаг, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Хрысціянізацыя Беларусі па ўсходнехрысціянскім абрадзе адбывалася разам з іншымі землямі Кіеўскай Русі. Заходнебеларускія землі з 13-га стагоддзя сталі калыскай фарміравання Вялікага княства Літоўскага, дзе на дзяржаўным узроўні паганства мела ўплыў аж да другой паловы 14-га стагоддзя. З улікам гэтага дахрысціянскія традыцыі адзначэння веснавога дня памерлых захоўваліся тут асабліва доўга.

Дарэчы, ў розных рэгіёнах гэты дзень называюць па-свойму – Радаўніца, Радуніца, Радуніцкія Дзяды, Провады, Могілкі.

Як і навошта адзначалі Радаўніцу

Дакладных звестак пра тое, што рабілі ў гэты дзень нашы продкі ў дахрысціянскія часы, няма з-за амаль поўнай адсутнасці пісьмовых крыніц.

 
Сяргей Грунтоў
Этнолаг, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Мяркуючы па ўсім, сённяшняя традыцыя збірацца на могілках і прыносіць пачастункі памерлым, а таксама, як гэта прынята ва Усходняй і часткова Цэнтральнай Беларусі, ладзіць сімвалічнае застолле над магілаю блізкага паходзіць ад старажытнай практыкі, якая называлася «трызна». Яна вядомая нам па пісьмовых крыніцах, да якіх, праўда, трэба ставіцца вельмі асцярожна, бо яны хрысціянскія, а значыць перадузятыя ў дачыненні народных вераванняў.

Трызна – гэта своеасаблівае паднашэнне памерлым ад жывых. Падчас яе сем’і збіраліся над магіламі блізкіх і ладзілі там застолле, якое суправаджалася спевамі, танцамі і паленнем вогнішчаў.

 
Сяргей Грунтоў
Этнолаг, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Гэта адбывалася ўвесну – перад пачаткам сельскагаспадарчых работ і гаспадарчага году, ад паспяховасці якога залежыў дабрабыт, а часам і само выжыванне супольнасці. Людзі верылі ў магчымасці памерлых спрыяць сваім жывым сваякам, разлічвалі на іх дапамогу. Інакш кажучы, яны чакалі ад іх дару ў адказ у выглядзе заступніцтва. Гэты механізм з’яўляецца добра вядомым і на прыкладзе хрысціянскай культуры з яе малітвамі-просьбамі, асабліва перад выявамі святых і машчамі. Таму дахрысціянскія традыцыі здолелі даволі добра зліцца з хрысціянскімі, нягледзячы на незадаволенасць царквы трызнамі тысячу год таму ці традыцыяй есці і піць на могілках у нашыя дні.

Сучасныя традыцыі

Па словах Сяргея Грунтова, святкаванне Радаўніцы ў сучаснай Беларусі – гэта вынік нацыятворчага працэсу, які зрабіў агульнанацыянальным днём памінання памерлых другі аўторак пасля Вялікадня. Але на тэрыторыі краіны існуе даволі шмат лакальных традыцый і памінальных дзён.

 
Сяргей Грунтоў
Этнолаг, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
У розных рэгіёнах маглі хадзіць на могілкі не ў аўторак, а ў панядзелак ці нават у нядзелю. На Усходняй Віцебшчыне фіксуецца звычай наведваць могілкі на Вялікдзень, нягледзячы на негатыўнае стаўленне да гэтага праваслаўнай царквы. У Заходняй Беларусі гэта свята ўвогуле менш папулярнае, чым на Усходзе. Скажам, на Заходняй Берасцейшчыне прынята было прыбіраць могілкі яшчэ перад Вялікаднем. На мой погляд, разнастайнасць лакальных традыцый з’яўляецца важнейшай часткай Радаўніцы. Важна памятаць, што не існуе ніякіх агульных для ўсіх правілаў святкавання Радаўніцы, хто б іх ні навязваў – царква ці людзі, якія лічаць сябе экспертамі ў гэтай справе. Трэба ў першую чаргу прытрымлівацца тых традыцый, якія прыняты ў той мясцовасці, адкуль вы родам.

Радаўніца – гэта свята ці дзень жалобы?

Пра паходжанне назвы гэтага дня існуюць розныя меракаванні, але няма агульнага. Так, прыхільнікі праваслаўнага пункту гледжання выводзяць яе ад слова «радавацца». Прычым радасць яны звязваюць з Вялікаднем і чаканнем будучага ўз’яднання ўсіх памерлых. Па іншай тэорыі слова «Радаўніца» мае балцкія карані і адпавядае, напрыклад, літоўскаму слову rauda – «галашэнне».  

 
Сяргей Грунтоў
Этнолаг, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Парадаксальна, з аднаго боку мы маем радасць, а з іншага – плач. На мой погляд, важна памятаць, што Радаўніца – гэта ў першую чаргу свята ўз'яднання жывых і памерлых, калі першыя прыходзяць у госці да другіх на могілкі. І як заўсёды, калі сустракаецца сям’я, адбываецца застолле. Канечне, ад тэмы смерці нікуды не дзецца, але ўсё ж трэба адрозніваць, скажам, гадавыя памінкі па памерламу блізкаму, якія з’яўляюцца менавіта днём жалобы, і Радаўніцу, калі ўзгадваюць усіх памерлых разам – людзей, раны па страце якіх ужо ў нейкай ступені здолелі загаіцца. Таму называць Радаўніцу святам цалкам карэктна, гэта адпавядае яе ўспрыняццю ў беларускай народнай культуры.

Радаўніца ў Беларусі – заўсёды выхадны дзень, у той час як у суседніх Расіі і Украіне яна не ўключана ў каляндар дзяржаўных святаў. Выхадным зазвычай з’яўляецца і папярэдні панядзелкак. Многія беларускія сем’і карыстаюцца гэтай магчымасцю, каб сабрацца разам на малой радзіме.

 
Сяргей Грунтоў
Этнолаг, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Мая сям’я, як і многія іншыя ў Беларусі, адзначае Радаўніцу наведваннем магіл блізкіх, прычым для гэтага не існуе нейкага агульнага абавязковага дня – выбіраецца той, калі ўсім зручней сабрацца. Як і для многіх беларусаў, гэты дзень звязаны з доўгім падарожжам, больш як 400 кіламетраў у абодва бакі, бо сёння з-за агульнай мабільнасці людзі часта жывуць не там, дзе іх бацькі, а тыя ў сваю чаргу не там, дзе нарадзіліся. Сама неабходнасць ехаць некуды, свайго кшталту паломніцтва, стала важнай часткай сучаснага святкавання Радаўніцы. Мы наведваем могілкі, прыбіраем і прыносім кветкі, пасля чаго збіраемся са сваякамі ў доме на невялікае застолле. Такая мадэль, пазбаўленая многіх традыцыйных элементаў, вынік прыналежнасці да гарадской секулярнай культуры ў некалькіх пакаленнях. Але ж я з сімпатыяй стаўлюся да людзей, якія збіраюцца на могілках, каб памянуць памерлых з чаркай у руках, – яны належаць да тысячагадовай традыцыі і, нягледзячы на самую розную крытыку, упэўнена працягваюць яе.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 45