15.07.2018
15.07.2018

Чарніцы: вялікая карысць маленькіх ягад

logo
Здаровае меню
80 040
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ліпень – самы разгар чарнічнай гарачай пары. Паляўнічыя за ягадамі адпраўляюцца ў лясы ў адзіночку і цэлымі сем'ямі, узброіўшыся вёдрамі, «камбайнамі» і надзвычайным цярпеннем. Зрэшты, стараннасць будзе ўзнагароджана. Чарніцы – ідэальная сыравіна для хатніх нарыхтовак на зіму і крыніца даходу, бо нарыхтоўшчыкі за цаной не стаяць. Але самае галоўнае – ягада мае ўнікальныя ўласцівасці, што прыносяць здароўю выключную карысць. Аднак давайце пра ўсё па парадку.

Чым багатыя чарніцы

Калі казаць пра карысныя кампаненты чарніц, прасцей пералічыць тое, чаго ў ягадах няма. «Разабраўшы» ягаду на складнікі, пры жаданні можна табліцу Мендзялеева вывучаць. Тут і жалеза, і марганец, і медзь, і калій, і сера з фосфарам... Акрамя таго, чарніцы - цудоўная крыніца вітамінаў С, РР і групы В.

Між іншым, усяго 100 г чорных ягад забяспечваюць сутачную патрэбу дарослага чалавека ў жалезе, магніі, марганцы, вітаміне С і каратыне.

Не будзем забываць і пра антыаксіданты, якія ў вялікай колькасці ёсць у чарніцах. А таксама пра незаменныя арганічныя кіслоты (цытрынавую, хінную, шчаўевую, яблычную, малочную) і дубільныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад ягад. У кожнага з кампанентаў чарніц свая роля ў жыватворным уплыве на здароўе чалавека.

У свеце налічваецца не менш як 100 відаў чарніц. І далёка не ўсе яны ўяўляюць сабой добра вядомы нам нізкарослы хмызняк з небуйнымі цёмна-сінімі ягадамі. Напрыклад, кусты каўказскага чарнічніку вырастаюць вышэй чалавечага росту. А вышыня чарнічніку дрэвападобнага і зусім дасягае ўзроўню трохпавярховага дома. У японскага чарнічніку ягады ярка-чырвоныя, а ў індыйскага – белыя.

Карысць чарніц для зроку

Мабыць, самы вядомы факт пра гаючыя ўласцівасці чарніц – гэта іх здольнасць станоўча ўплываць на зрок.

Даказана, што рэчывы, якія ўваходзяць у склад лясной ягады, стымулююць кровазварот сятчаткі і, адпаведна, паляпшаюць зоркасць. Цікавы факт: падчас Вялікай Айчыннай вайны савецкіх лётчыкаў перад начнымі вылетамі ў абавязковым парадку паілі чарнічным кісялём.

Алена Гузік
Загадчыца кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт
У склад чарніц уваходзяць каратыноіды (іх каля 600 відаў), якія неабходныя для добрага зроку. Таму ўжыванне ягад сапраўды карысна для вачэй, а ў перыяд павышаных зрокавых нагрузак асабліва.

Нягледзячы на тое што традыцыйна чарніцы – прадукт № 1 для вострага зроку, тыя ж уласцівасці маюць памідоры, жоўты і чырвоны салодкі перац, зялёная агародніна.

Карысць чарніц для сэрца і сасудаў

Рэгулярнае ўжыванне чарніц – эфектыўны спосаб папярэдзіць інфаркт міякарду. Зразумела, спадзявацца толькі на ягаду занадта неабдумана, калі пры гэтым вы прытрымліваецеся ладу жыцця, далёкага ад здаровага. Але калі звесці да мінімуму негатыўныя фактары і ўключыць у рацыён чарніцы, гэта стане моцным прафілактычным інструментам супраць захворванняў сэрца і сасудаў.

Гэта ў першую чаргу заслуга калію, які ёсць у чарніцах, фоліевай кіслаты і фітахімічных кампанентаў, якія аказваюць гіпатанічнае ўздзеянне (гэта значыць здольныя змяншаць артэрыяльны ціск) і ўмацоўваюць сценкі сасудаў. А таксама антыкаагулянтаў, якія памяншаюць згусальнасць крыві і перашкаджаюць утварэнню тромбаў.

Навукоўцы Гарвардскай школы грамадскай аховы здароўя і Універсітэта Усходняй Англіі правялі даследаванне, у якім прынялі ўдзел больш за 93 тысячы жанчын ва ўзросце ад 25 да 42 гадоў. Было паказана, што рэгулярнае ўжыванне чарніц зніжае рызыку сардэчнага прыступу на 32%.

Карысць чарніц для страўніка і фігуры

У народнай медыцыне чарніцы асабліва шануюцца як надзейны сродак ад страўнікавых праблем. Карысныя валокны, якія маленькая ягада змяшчае ў дастатку, спрыяюць нармалізацыі стрававання, дабратворна ўплываюць на метабалічныя працэсы, аказваюць дэзінфікуючае дзеянне на страўнікава-кішачны тракт. Таму аднолькава эфектыўна чарніцы спраўляюцца з любымі кішэчнымі хваробамі: свежая ягада дапамагае пры запорах, сушаная – пры дыярэі.

А вось для людзей, якія змагаюцца з лішняй вагой, чарніцы – сапраўдная палачка-ратавалачка. Ягадныя пекціны выдатна чысцяць кішэчнік і выводзяць з арганізма прадукты метабалізму, пантатэнавая кіслата паляпшае абмен рэчываў. Чарніцы маюць нізкую каларыйнасць і могуць прэтэндаваць на званне ўнікальнага дыетычнага прадукту.

Энергетычная каштоўнасць 100 г чарніц усяго 40 ккал. Затое ў жмені ягад цэлы кактэйль карысных рэчываў. Чарніцы – натуральная альтэрнатыва сінтэтычным вітамінна-мінеральным комплексам.

Залог вечнай маладосці

Адна з галоўных вартасцей чарніц – антацыянін. Гэта расліннае рэчыва з групы флаваноідаў. Яму ягада абавязаная сваім насычана-сінім колерам. А вось для чалавека карысць антацыяніну знаходзіцца ў яго магутным антыаксідантным дзеянні. Кажучы простай мовай, яно забяспечвае чарніцам здольнасць выводзіць з арганізма шлакі і таксіны, якія паскараюць працэс старэння. Выснова напрошваецца сама сабой: больш чарніц – даўжэй маладосць.

Гэты факт навукова пацверджаны Даследчым цэнтрам ежы Бостанскага ўніверсітэта. Правёўшы выпрабаванні, даследчыкі былі прыемна здзіўлены атрыманымі вынікамі: непатрабавальная да ўмоў росту ягада здольная запускаць працэсы, якія значна запавольваюць старэнне арганізма і аказваюць амаладжальны эфект. Кіраўнік даследаванняў, між іншым, сам стаў заўзятым аматарам чарніц і рэгулярна з'ядае іх на сняданак.

Нездарма чарніцы даволі часта называюць маладзільнай ягадай. Гарачых яе прыхільнікаў вылучаюць чыстая скура, бліскучыя валасы і нязменна бадзёры настрой. Ды і з чаго б ім не ззяць! Пастаянна дадаючы ў меню свежыя чарніцы або стравы з іх, яны забяспечваюць рэгулярнае паступленне вітаміна С, на якім «завязаныя» выпрацоўка і дзеянне калагену, які адказвае за адсутнасць маршчын і агульны стан скуры.

Але ўплыў на арганізм лясной ягады не абмяжоўваецца толькі вонкавым амаладжальным эфектам. Навукоўцы даказалі, што рэгулярнае спажыванне чарніц запавольвае натуральнае зніжэнне пазнавальнай здольнасці ў пажылых людзей, а таксама паляпшае кароткатэрміновую памяць.

Лекі ад усяго

Па праве чарніцы можна назваць не толькі скарбніцай карысных для арганізма нутрыентаў, але і прыродным лекамі. Пальцаў абедзвюх рук не хопіць, каб пералічыць гаючыя ўласцівасці ягады. Рэчывы, што ўваходзяць у склад ягад, маюць супрацьзапаленчыя, дэзінфікуючыя, імунастымулюючыя ўласцівасці. Гэта створаны прыродай натуральны антысептык і антыбіётык.

Прычым аднолькавыя гаючыя ўласцівасці мае не толькі ягада, але і лісце, маладыя парасткі расліны. У якасці лекавага сродку чарніцы сушаць, вяляць, замарожваюць. З лісця рыхтуюць настоі і адвары, якія потым п'юць або выкарыстоўваюць для кампрэсаў і прымочак.

Кампаненты, якія ўваходзяць у склад ягад і лісця чарнічніку, актыўна выкарыстоўваюцца ў вытворчасці касметыкі, паколькі здольныя ўвільгатняць скуру, здымаць ацёкі, памяншаць залішнюю потлівасць.

Выкарыстанне чарніц у фітатэрапіі і касметалогіі настолькі шырока, што мы абавязкова пагаворым пра гэта асобна.

А пакуль атрымлівайце асалоду ад ліпеня і чарніц. Сёлета яе ўраджай незвычайна багаты.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

80 0 40

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».