22.03.2023
22.03.2023

Чорная старонка ў гісторыі Беларусі. 80 гадоў трагедыі ў Хатыні

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У вогненным пекле выжыла ўсяго трое. Двое дзяцей, 7-гадовы Віця Жалабковіч і 12-гадовы Антон Бараноўскі, і адзіны дарослы — 56-гадовы каваль Іосіф Камінскі. Яшчэ траім хлопцам удалося схавацца і пазбегнуць хлява, куды сагналі ўсіх астатніх жыхароў вёскі.

У той трагедыі загінулі 149 чалавек, з іх 75-ці не было яшчэ і 16 гадоў. Хатынь, знішчаная ў сакавіку 1943 года, стала імем намінальным, сімвалам пакут ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў, ахвяр бесчалавечнай расправы нацыстаў і іх памагатых.

Гэтая чорная старонка ў гісторыі Беларусі была напісана роўна 80 гадоў таму.

Да фатальнага дня 1943 года гэта была звычайная мірная беларуская вёска, якая налічвала 26 двароў. У дзень трагедыі раніцай з Плешчаніц у напрамку да Лагойска выехалі нямецкія сувязісты пад аховай двух узводаў паліцыі 1-й роты 118-га паліцэйскага ахоўнага батальёна. Два грузавікі і легкавы аўтамабіль патрапілі ў партызанскую засаду. Былі забітыя шэф-камандзір роты Ганс Вельке і двое паліцыянтаў. Партызаны без страт адышлі ў лес.

Хатынь

Немцы выклікалі падмогу. Тым часам былі арыштаваныя лесарубы з вёскі Казыры, якія працавалі непадалёк ад месца засады. Калі лесарубы ўбачылі, што пад'язджае падмацаванне, яны вырашылі, што іх расстраляюць і пачалі разбягацца. Паліцыянты адкрылі агонь і забілі 26 чалавек.

Для пераследу партызан з Лагойска прыбыла рота батальёна СС Дзірлевангера. Усяго — 150-160 паліцыянтаў і каля 100 эсэсаўцаў.

Калі каля трох гадзін дня карнікі выйшлі да Хатыні, партызаны ўсё яшчэ знаходзіліся ў вёсцы. Падчас наступу на вёску тры партызаны былі забітыя і пяць параненыя, былі забітыя і некаторыя жыхары вёскі. Партызаны адышлі ў лес.

Хатынь 3

Карнікі сагналі ўсіх жыхароў у хлеў, у тым ліку і дзяцей, самым маленькім з іх было сямітыднёвае немаўля — сын 19-гадовай Веры Яскевіч. Запоўнены людзьмі хлеў падпалілі. Тых, хто выбягаў, расстрэльвалі. У агні і пад кулямі карнікаў загінулі 149 чалавек, 75 з іх — дзеці.

Падчас трагедыі выжылі толькі шэсць чалавек. Траім дзецям — Валодзю і Соні Яскевічам і Сашы Жалабковічу — удалося схавацца ад гітлераўцаў. Засталіся жывыя двое дзяцей з хлява — Віктар Жалабковіч і Антон Бараноўскі. Адзіным дарослым сведкам хатынскай расправы стаў 56‑гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі. Сярод загінулых аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына. Хлопчык быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі і памёр на руках у бацькі. Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага пакладзены ў аснову стварэння скульптуры «Непакораны чалавек».

Трагедыя Хатыні — не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі. У нашай краіне ў гады Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты знішчылі 2,5 млн. чалавек. Было разбурана 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, з іх 628 спалены разам з жыхарамі. Нацысты правялі больш за 140 карных аперацый супраць мясцовага насельніцтва.

У памяць соцень беларускіх вёсак, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны, і вялізнага ўкладу беларускага народа, які прынёс незлічоныя ахвяры ў імя Перамогі, у 1969 годзе на месцы спаленай вёскі быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Хатынь». На тэрыторыі комплексу знаходзіцца адзіны ў свеце помник «Могілкі вёсак». Мемарыял за ўсе гады наведалі больш за 40 млн чалавек са 100 краін свету.

Могілкі

Стварэнне мемарыяльнага комплексу ішло няпроста, часам пераадольваючы (у тым ліку з непасрэднай дапамогай Пятра Машэрава) бюракратычныя складанасці, але вынік па сіле свайго эмацыйнага ўздзеяння ўвайшоў у гісторыю ўсёй беларускай архітэктуры і манументальнага мастацтва. У 1970 годзе яго аўтары — архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін і скульптар Сяргей Селіханаў, атрымалі Ленінскую прэмію, вышэйшую творчую ўзнагароду Савецкага Саюза.

За мінулы год мемарыял быў рэканструяваны. Сёння, у дзень 80-й гадавіны трагедыі, у дзень памяці Хатыні, на тэрыторыі комплексу адбудзецца адкрыццё новага музея і пройдзе мітынг-рэквіем.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама