29.02.2020
29.02.2020

Чым пры «жаночым» раку дапамогуць ФДТ, гіпертэрмія і імунатэрапія

logo
Здароўе дарослых
0 49
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пошук новых магчымасцяў барацьбы з ракам вядзецца ў навуковых інстытутах і лабараторыях усяго свету. Тое, што было прысудам у мінулым стагоддзі (напрыклад, харыёкарцынома), сёння вылечваецца ў 80-90% выпадкаў.

Ствараюцца новыя метады лячэння, вядзецца пошук захворванняў, з якімі яны могуць справіцца. Распавяду пра некаторыя з іх, якія практыкуюцца ў Беларусі.

Ірына Касенка, урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава:

Новыя метады лячэння пухлінаў

  • Фотадынамічная тэрапія (ФДТ)

ФДТ – новы метад лячэння пухлінаў. У кроў пацыенткі ўводзяць асаблівыя прэпараты – фотасенсібілізатары гематапарфірыны, якія назапашваюцца менавіта ў пухліне. Затым пацыентку падвяргаюць лазернаму ўздзеянню пэўнай даўжыні хвалі. Гематапарфірыны ў клетках пухліны «ўлоўліваюць» гэтае выпраменьванне. І што адбываецца? Правільна! Лазер знішчае клеткі, у якіх назапасіліся гематапарфірыны, а менавіта – пухлінныя. Нармальныя тканкі пры гэтым не пакутуюць, бо не «нахапаліся» фотасенсібілізатара.

У РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі распрацаваная і ўжываецца ФДТ пры перадраку шыйкі маткі (дысплазія, неінвазіўны рак) з выкарыстаннем фотасенсібілізатара фаталону. Ініцыятар распрацоўкі – Таццяна Лапцэвіч, кандыдат медыцынскіх навук.

Гэты арыгінальны варыянт лячэння быў распрацаваны сумесна з доктарам медыцынскіх навук Ю.П.Істоміным, якога можна назваць «піянерам» ФДТ у Беларусі. Апраменьванню лазерам падвяргаюць толькі шыйку маткі.

Праз 2-3 месяцы пасля лячэння шыйка маткі пакрываецца новым здаровым эпітэліем, застаецца эластычнай і паўнавартаснай ва ўсіх сэнсах: маладыя пацыенткі могуць зацяжарыць і мець здаровых дзяцей. Кажу гэта з веданнем справы, бачыла на ўласныя вочы.

Тэрапія. ФДТ у анкалогіі.

Другі варыянт фотадынамічнай тэрапіі можа быць выкарыстаны пры распаўсюджаным раку шыйкі маткі. Калі пухліна прарастае ў похву, каляматачныя тканкі, цела маткі, лімфатычныя вузлы, дык трэба ўздзейнічаць лазерам на ўсю зону росту пухліны.

Як гэтага дасягнуць? У кроў хворай уводзяць фотасенсібілізатар фаталон. А потым лазерам апраменьваюць кроў, якая «прыходзіць» да пухліны і яе адсеваў ва ўсім арганізме. І лазер забівае рак. ФДТ добра пераносіцца пацыентамі.

Адзінае абмежаванне – не дазваляецца знаходзіцца на яркім сонечным святле на працягу 3-х сутак, бо ў гэты час фотасенсібілізатар «працуе» ў арганізме і павышае адчувальнасць тканак да святла.

  • Гіпертэрмія

Спроба лячыць розныя захворванні, у тым ліку пухліннай прыроды, з дапамогай павышэння тэмпературы біялагічных тканак налічвае некалькі тысячагоддзяў. Аднак найбольшае развіццё методык гіпертэрміі прыпала на сярэдзіну-заканчэнне XX стагоддзя.

У СССР родапачынальнікам вывучэння клінічнага ўздзеяння павышаных тэмператур на развіццё злаякасных новаўтварэнняў быў доктар медыцынскіх навук, першы дырэктар нашага РНПЦ М.М.Аляксандраў.

У выніку даследаванняў было ўстаноўлена, што пры награванні пухліна ў параўнанні з нармальнымі тканкамі павольна губляе цяпло. Таму цяпло ў пухліне назапашваецца (да 43-44°С) і выклікае гібель клетак. А пры тэмпературы 40-42°С адбываецца павышэнне адчувальнасці пухліны да прамянёвай і лекавай тэрапіі.

Сёння існуюць устаноўкі для мясцовай (лакальнай), рэгіянальнай (вобласць цела) і агульнай гіпертэрміі.

Жаночы рак. Гіпертэрмія пры анкалогіі.

Супрацьпухлінны эфект гіпертэрміі ўзмацняецца ва ўмовах павелічэння ўтрымання цукру ў крыві. Бліскучая ідэя прафесара-біяхіміка У.С.Шапоты пра супрацьпухліннае дзеянне гіперглікеміі (высокага ўзроўню глюкозы) знайшла эксперыментальнае і клінічнае пацверджанне ў сценах нашага РНПЦ. Ракавыя клеткі прымітыўныя, не маюць «вышэйшых» спецыфічных функцый, затое ўмеюць харчавацца і размнажацца. Пры лішку глюкозы клеткі пухліны захопліваюць яе без кантролю. І што атрымліваецца? Тое ж самае, што з «перагрэвам» гіпертэрміяй! Глюкоза ў вялікай колькасці расшчапляецца ў пухліне да малочнай кіслаты і «падкісляе» пухліннае асяроддзе. А рак кіслае асяроддзе не «любіць». Таму частка клетак гіне.

Зараз у РНПЦ выкарыстоўваецца методыка сумеснага прымянення гіпертэрміі да 42°С, гіперглікеміі і хіміятэрапіі. Навошта хіміятэрапія? Справа ў тым, што ва ўмовах павышэння тэмпературы тканак да 40-42°С лекавы прэпарат у большай меры пашкоджвае пухліну. Вы ж ведаеце, што соль, да прыкладу, значна хутчэй раствараецца ў гарачай вадзе, чым у халоднай. Так і лекі – дзейнічаюць больш актыўна ва ўмовах награвання.

Апісаная вышэй методыка паслужыла асновай для распрацоўкі новага спосабу лячэння распаўсюджанага раку шыйкі маткі, апрабацыю якога мы праводзім зараз.

Тэрапія. Імунатэрапія пры анкалогіі.

  • Імунатэрапія

У 70-х гадах мінулага стагоддзя стала вядома, што пры злаякасных пухлінах назіраюцца глыбокія парушэнні імунітэту. Нашы даследаванні ў 80-х гадах мінулага стагоддзя пацвердзілі гэты факт для раку шыйкі маткі. Далей было ўстаноўлена, што падчас прамянёвай і/або хіміятэрапіі парушэнні імунітэту пагаршаюцца. Што рабіць? Мы апынуліся ў складанай сітуацыі.

Зразумела, што імунітэт трэба ўзмацніць. Але! У інстытуце нас вучылі, што пры злаякасных пухлінах прымяняць імунатэрапію катэгарычна забаронена. І раслінныя імунамадулятары: жэньшэнь, элеутэракок калючы, радыёлу ружовую, леўзею сафралападобную – таксама нельга выкарыстаць. Меркавалі, што, актывуючы імунітэт, мы будзем спрыяць росту пухліны. Але аказалася, што пухліна прымітыўная і аўтаномная, яна «без цара ў галаве» і не рэагуе на імунатэрапію.

Таму ў 90-х гадах мы правялі даследаванне па выкарыстанні імунастымулятараў у хворых на рак шыйкі маткі. Выкарыстоўвалі прэпараты, распрацаваныя нашымі калегамі з Ленінградскай ваенна-медыцынскай Акадэміі: д.м.н., прафесарам У.Х.Хавінсанам і д.м.н., прафесарам У.Г.Марозавым. Гэта былі тымалін, тымаген і эпіталамін (выцяжкі з такіх важных структураў мозгу, як тымус і эпіталамус).

Аказалася, што даданне эпіталаміну і тымаліну да прамянёвай тэрапіі ў хворых на рак шыйкі маткі спрыяла нармалізацыі імуннага статусу і знізіла колькасць прамянёвых рэакцый больш чым у 2 разы – у параўнанні з тымі жанчынамі, якім прэпараты дадаткова не давалі. Акрамя таго, мы высветлілі, што імунамадулятары не стымулявалі рост пухліны. Таму сродкі, якія ўзмацняюць імунітэт, знайшлі шырокае прымяненне ў лячэнні нашых анкалагічных хворых. А канкрэтна тымалін і тымаген пачалі вырабляцца ў Беларусі.

Асобна трэба сказаць пра інтэрфероны, якія выпрацоўваюцца клеткамі імуннай сістэмы арганізма. Сёння вучоныя сінтэзавалі гэтыя рэчывы (інтэрлейкін-2, раферон А, інтроны А), і яны з поспехам выкарыстоўваюцца пры лячэнні раку шыйкі маткі ў шэрагу клінік.

Зараз імунатэрапія раку перажывае бурнае развіццё. У прыватнасці, у нашым Цэнтры ідуць даследаванні па распрацоўцы супрацьракавых вакцынаў з выкарыстаннем дэндрытных клетак пры каларэктальным раку і гліяльных пухлінах галаўнога мозгу. На гэтыя распрацоўкі ўскладаюцца вялікія надзеі.

Тэрапія. Імунатэрапія анкалогіі.

Цяпер вы знаёмыя з новымі метадамі супрацьракавага лячэння, якія прапануе афіцыйная медыцына. Напэўна, захочаце пачуць ад мяне канкрэтныя дадзеныя пра магчымасці лячэння гэтымі метадамі.

Традыцыйная медыцына, накіраваная на знішчэнне пухліны, вылечвае рак у крыху больш за палову пралечаных людзей.

Пры раку цела і шыйкі маткі гэты паказчык складае каля 60%.

У выпадку раку маткі I-й стадыі шанцы вылечыцца павышаюцца да 80-98% (чым меней пухліна, тым вынік лепшы).

Хачу асобна заўважыць, што такога высокага выніку сёння не можа даць ні адзін з вышэйапісаных альтэрнатыўных метадаў лячэння.

Чытайце ў наступным матэрыяле: Ці дапаможа пры раку фітатэрапія, галаданне, сыраядзенне ды іншая альтэрнатыва.

Іншыя матэрыялы аўтара глядзіце тут.

 

 

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 49

Урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Глядзіце таксама