04.05.2020
04.05.2020

Ці абароняць ад віруса аднаразовыя пальчаткі?

logo
Хваробы ад А да Я
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Апошнім часам у грамадскіх месцах і нават на вуліцы ўсё часцей можна сустрэць людзей не толькі ў ахоўных масках, але і ў пальчатках. Быццам бы ўсё лагічна. Маска перашкаджае трапленню вірусных часціц у дыхальныя шляхі звонку. Пальчаткі абараняюць рукі ад забруджвання пры дотыку да патэнцыяльна заражаных прадметаў і паверхняў. Але ў адрозненне ад масак, якія СААЗ прызнала адной з неабходных мераў прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, ці з’яўляюцца пальчаткі гэткім жа дзейсным сродкам?
Пальчаткі. Каранавірус. Ці абароняць?

Уяўная абарона

Вучоныя дакладна высветлілі, што вірус SaRS-CoV-2 адносна ўстойлівы ў навакольным асяроддзі і можа заставацца на паверхнях даволі працяглы час – ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. Нягледзячы на тое, што з часам канцэнтрацыя віруса зніжаецца, забруджаныя прадметы і паверхні на працягу ўсяго перыяду з’яўляюцца крыніцай заражэння. Пры дотыку да гэтых прадметаў пальчаткі сапраўды прадухіляюць трапленне вірусных агентаў непасрэдна на скуру рук. Разам з тым, урачы і эксперты СААЗ сцвярджаюць: абарона вельмі адносная, а часам выкарыстанне пальчатак нясе больш шкоды, чым карысці.

Пальчаткі (аднаразовыя або шматразовыя, поліэтыленавыя або гумавыя, тэкстыльныя ці скураныя) толькі ствараюць адчуванне дадатковай абароны, якая на справе аказваецца ўяўнай. Самі па сабе яны застаюцца ўмоўна чыстымі вельмі нязначны тэрмін – да першага дотыку да любой паверхні. Пальчаткі хутка абсемяняюцца і ўжо самі могуць служыць крыніцай інфікавання. Таму, нават выкарыстоўваючы такія дадатковыя сродкі індывідуальнай абароны, важна старанна выконваць асноўныя меры бяспечных паводзінаў:

  • не дакранацца да твару, вачэй, рота, носа, нават калі рукі ў пальчатках – гэта прамая рызыка інфікавання;
  • не чапаць і не папраўляць ахоўныя маскі;
  • не карыстацца тэлефонам, планшэтам. З брудных пальчатак вірусныя часціцы трапляюць на гаджэты, якія без адэкватнай апрацоўкі таксама пераходзяць у катэгорыю асабістых крыніцаў інфікавання.

Дарэчы, урачы і медыцынскі персанал выкарыстоўваюць аднаразовыя пальчаткі, каб пазбегнуць кантакту з крывёю і іншымі біялагічнымі вадкасцямі падчас працы.

Ні ў сістэме аховы здароўя, ні тым больш у побыце аднаразовыя пальчаткі не з’яўляюцца надзейным і эфектыўным бар’ерам для вірусных інфекцый без выканання дадатковых адэкватных мераў прафілактыкі. Іншымі словамі, у паўсядзённым жыцці рэгулярнае мыццё рук з мылам і апрацоўка антысептычнымі сродкамі – больш надзейны спосаб абараніць сябе ад інфекцыі, чым пальчаткі.

Як правільна насіць і апрацоўваць ахоўныя пальчаткі

Пальчаткі. Каранавірус. Абарона

У медыцынскім асяроддзі існуюць строгія інструкцыі па выкарыстанні, апрацоўцы і ўтылізацыі пальчатак як сродкаў індывідуальнай абароны.

Калі ў вас ёсць патрэба і жаданне апранаць пальчаткі ў мэтах асабістай бяспекі ў побыце, прытрымлівайцеся наступных рэкамендацый:

  • перад надзяваннем пальчатак неабходна вымыць рукі з мылам альбо (пры адсутнасці такой магчымасці) апрацаваць антысептыкам;
  • насіць аднаразовыя пальчаткі варта не больш за 1-2 гадзіны. Яны маюць порыстую структуру. Чым даўжэй вы носіце пальчаткі, тым вышэйшая верагоднасць, што патагенныя мікраарганізмы прабяруцца ўнутр і звядуць любыя намаганні абароны на нішто;
  • бессэнсоўна апранаць пальчаткі ў прафілактычных мэтах, калі іх паверхня пашкоджаная: ёсць парывы, дзіркі, парэзы. Калі парушаная цэласнасць толькі адной пальчаткі, мяняць на новыя трэба абедзве;

Пальчаткі. Каранавірус. Абарона.

  • аднаразовыя пальчаткі не прадугледжваюць паўторнага выкарыстання. Перш чым іх выкінуць, сродкі індывідуальнай абароны апрацоўваюць антысептыкам і змяшчаюць у герметычны пакет;
  • калі ёсць спакуса паўторна выкарыстоўваць у побыце гумавыя пальчаткі ў мэтах прафілактыкі інфіцыравання, апрацаваўшы іх антысептыкам, памятайце, што частая апрацоўка парушае герметычнасць сродкаў абароны і тым самым узмацняе пранікальнасць;
  • пасля таго, як вы знялі пальчаткі, спакавалі ў герметычны пакет і выкінулі, рукі неабходна старанна вымыць з мылам на працягу 20 секунд, выконваючы паслядоўнасць рухаў, альбо апрацаваць антысептыкам. Аднаразовыя пальчаткі вырабляюць з матэрыялаў, якія валодаюць вельмі дрэннай паветрапранікальнасцю. Рукі ў іх хутка пацеюць, а вільготнае цёплае асяроддзе з’яўляецца добрай глебай для размнажэння вірусаў і бактэрый;

Пальчаткі. Каранавірус. Мыем рукі.

  • калі вы карыстаецеся тэкстыльнымі альбо скуранымі пальчаткамі, штораз перад паўторным выкарыстаннем іх неабходна правільна апрацоўваць. Тэкстыльныя – мыць пры тэмпературы не ніжэй за 60⁰С, затым папрасаваць прасам з парай. Скураныя – кварцаваць.

Памятайце: у пальчатках вы ці без, у мэтах прафілактыкі віруснага інфікавання гэта не пазбаўляе вас ад неабходнасці не чапаць твар, вочы, нос, вусны; як мага часцей мыць рукі з мылам і захоўваць бяспечную дыстанцыю пры стасунках з іншымі людзьмі. Беражыце сябе!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».