26.10.2022
26.10.2022

Ці бачым мы ў цэнтры ўвагі беларуса? Фільмаграфія ў жыцці Уладзіміра Караткевіча

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Уладзімір Караткевіч быў не толькі таленавітым, геніяльным аўтарам кніг, якімі ўсе зачытваюцца да гэтага часу, але і сценарыстам якасных і асэнсаваных фільмаў.

На Кінапоіске пад аўтарствам Уладзіміра Сымонавіча Караткевіча пазначаны 7 фільмаў і адзін мультфільм, якія былі зняты ў перыяд з 1961 па 1991. Нават пасля смерці аўтара.

Адразу варта падкрэсліць, што два фільмы не дадуць нам ніякіх ведаў пра крыніцу нацыяналізму ў Караткевіча – «Кражонак» і «Чырвоны агат». Таму што абодва яны для дзяцей і пазбаўлены пэўныз надзвычайных адметнасцяў. Аднак вельмі пяшчотныя і кранальныя, падыходзяць для сямейнага прагляду.

Кіно як жыццё, жыццё як кіно

Першыя званочкі, якія ў будучых фільмах пераўтвараюцца ў аркестр, заўважны ўжо ў самай першай сур’езнай працы Уладзіміра Караткевіча – «Аповеды пра юнацтва».

Знятая ў 1961 годзе карціна, павінна была быць зборам кароткіх 20-30-хвілінных кінаапавяданняў пра жыццё савецкай краіны.

Апавяданні пра юнацтва

Гладкія і сухія гісторыі пра будаўнікоў, калгаснікаў, партызанаў і маладых сакратароў, якія вераць у светлую сацыялістычную будучыню. Яны мусілі быць па-за часам і дэманстраваць адзіны савецкі народ. Але ў першым жа эпізодзе, калі малады сакратар камсамола ідзе па сваёй вёсцы, то на фоне гучыць не гімн Інтренацыянала, а беларуская Купалінка.

Зараз, праз столькі год у нас застаецца дзве версіі такога эфекту. Альбо Караткевіч і іншыя стваральнікі ў той час атаясамлялі сваю радзіму з усёй яенай культурай,  менавіта з дадзенымі падзеямі. Альбо яны наўмысна звярнуліся да беларушчыны, каб падкрэсліць адрозненне.

Наступны фільм аўтара выйшаў у 1967 годзе і пасля першага прагляду не верыцца, што на самой справе гэта работа аднаго чалавека.

«Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка» была экранізацыяй рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», які быў напісаны ў 1966.

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

І калі ў першым фільме нашае сэрца радуюць толькі матывы знаёмай «Купалінкі», то разглядаючы другі фільм класіка можна зразумець толькі адно: «На Беларусі Бог жыве». Акцёр батлейкі (самага беларускага з мастацтваў на свеце) Юрась Братчык лёсам вымушаны выконваць ролю Хрыста.

Колькі разоў не глядзі фільм, а не зразумееш, калі на самой справе Братчык стаў Хрыстом. Падаецца, гэта адбылося недзе па-за фільмам і не можа быць намі заўважана.

У дзяцінстве мая бабуля распавядала мне казкі пра Хрыста, Марыю і святых так, быццам яны жылі на гэтай зямлі, а не невядома дзе. Я хадзіла па беларускай зямлі і ўспрымала, што ўсе адбылося тут. Кожны народ наноў прыдумляе свайго бога, а ў дадзеным выпадку Караткевіч дапамог нам перапрыдумаць свайго айца.

Тым цікавей час, у які быў зняты фільм. Ужо сышоў Хрушчоў, прыйшоў Брэжняў. Аднак ніхто не адмяняў дзяржаўнага атэізму, што панаваў і ў БССР.  Таму не дзіва, што фільм быў пакладзены на палічку на доўгія гады. Хоць з эстэтычнага і мастацкага бакоў фільм бездаганны.

Пасля няўдачы з пракатам «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка» доўгія 12 гадоў Караткевіч не вяртаецца да сур’езных сцэнараў. Толькі дзіцячыя, згаданыя вышэй.

Але ўсё ж такі ў 1979 годзе выходзіць сумесны з Валерыям Рубінчыкам фільм  «Дзікае паляванне караля Стаха».

Дзікае паляванне Караля Стаха

Краевугольны раман для беларускага народа ўбачыў свет у 1964 годзе. Калі ў папярэднім фільме аўтар павярнуў у Беларусь Бога, то ў гэтай карціне ён аддаў уладу за будучыню краю з рук шляхты, што ўжо заняпала настолькі, што і можа толькі пужаць свет старымі легендамі, у рукі моцнага і разумнага сялянства, як мінімум, у постаці Рыгора.

Крок за крокам у фільме ствараецца рэчаіснасць мінуўшчыны беларускага Палесся – глыбокага, дзікага, вар’яцкі-шэрага балота, што было знішчана за савецкім часам праз меліярацыю. Пісьменнік паказаў беларусам, якую Беларусь мы ўсе згубілі. Яшчэ раней, чым адбылася меліярацыя, калі здрабнела шляхта.

Тэма шляхецтва працягнута і ў наступным фільме «Чорны замак Альшанскі», зняты ў 1984 годзе сумесна са знакамітым рэжысёрам Міхаілам Пташуком. Кніга ж была напісана яшчэ ў 1979 годзе. Цяпер да папсаванай славы шляхты дадаецца яшчэ адна рысы – неверагодныя багацці.

Чорны замак Альшанскі

Такія, што абавязкова існуюць і абавязкова ў Беларусі. Толькі разумны гісторык і археалагіня змогуць адшукаць іх, схапіць злога нашчадка Альшанскіх і зрабіць так, каб на Беларусі панавала толькі дабро.

Нажаль, гэта быў апошні фільм, які ўбачыў сам Караткевіч, таму што ў сярэдзіне 1984 года ён памёр.

Пасля ў 1987 годзе выйшаў мультфільм «Ладдзя роспачы» па аднайменнаму апавяданню. І калі ў «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка» Уладзімір Сымонавіч павярнуў у Беларусь Бога, Іісуса і святых, то праз гэта апавяданне на нашую зямлю вяртаецца і смерць. Ды як!

Выбітны жыццялюб Гервасій Выліваха жыве ў слаўным горадзе Рагачове, бадзяецца па свеце, любіць жанчын і сварыцца з ксяндзамі. Карацей, паводзіць сябе, як сапраўдны беларус. Ды не доўга такому беларусу жывецца тут, прыходзіць за ім смерць.

Няма нават сэнсу казаць пра тое, колькі крылатых выразаў засталося ў беларускага народа, дзякуючы гэтаму твору. Таму і нельга пераацаніць вартасць і значнасць гэтай стужкі для нашай нацыі.

Апошні на сённяшні дзень фільм зняты па апавяданню Караткевіча гэта «Сівая легенда» у 1991 годзе.  Быццам адчуваючы сваю правіну за руйнаванне шляхецкага міфа, што так доўга тут панаваў, у сусвеце Караткевіча з’яўляецца Раман Ракутовіч.

Седая легенда

Ганарлівы і разумны шляхціч, у якога закохваюцца ўсе жанчыны, а славу ён сабе здабыў на поле сваім мячом. Ён адрозніваецца ад іншых сваіх супляменнікаў, а больш за ўсё ад Аляхно Кізгайлы, свайго сябра дзяцінства, які стане ягоным катам.

Раман не цураецца хамаў. І дзяўчына Ірына, яго абраніца, з простых. І армію потым для бунту ён сабе збірае з сялянскіх людзей, а не шляхты. Хай ягоную жанчыну аслепяць, а яму за паўстанне адрубяць рукі, але гонар і вартасць у яго не адніме нічога.

Уладзімір Караткевіч

Не гледзячы на ўсё, ёсць два значных недахопа, што не дазваляюць поўнасцю адчуць усё, што скіроўвае на нас аўтар. Мова і акцёры. Ніводзін з іх не зняты на беларускай. З большага на рускай, а апошні на польскай. А акцёры альбо русскія, літоўскія ці польскія. Сюжэты знаёмыя, а мы сябе там не пазнаём.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0