03.11.2022
03.11.2022

Ці бяспечная электронная цыгарэта?

logo
Здаровы лад жыцця
0 123
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Спрэчкі пра небяспеку электронных цыгарэт не сціхаюць з моманту з'яўлення апошніх. Разам з тым, папулярнасць гэтай прылады для палення расце. І калі частка «прыхільнікаў» электроннай цыгарэты “парыць”, таму што модна і нібыта бясшкодна, іншыя пазіцыянуюць працэс як эфектыўны сродак адмовы ад тытунекурэння.

Ці бяспечная насамрэч электронная цыгарэта і ці дапаможа яна кінуць паліць?

Што такое электронная цыгарэта?

Электронная цыгарэта — гэта прылада, якая працуе па аналогіі з інгалятарам. Падчас удыху ў арганізм трапляе вадкасць у выглядзе пару. Адчуванні пры гэтым узнікаюць практычна тыя ж, што і пры ўдыханні дыму звычайнай цыгарэты. Вадкасцю для курэння запоўненыя спецыяльныя картрыджы, якія пасля выкарыстання мяняюцца альбо запраўляюцца зноў. У складзе вадкасці вытворцам можа быць дададзены ці не дададзены нікацін. Менавіта адсутнасць гэтага рэчыва, а таксама прадуктаў гарэння, якія вылучаюцца пры курэнні звычайных цыгарэт, і ёсць галоўны аргумент, які прыводзяць аматары электронных цыгарэт на сваю карысць.

Разам з тым, электронныя цыгарэты, у адрозненне ад звычайных, не сертыфікаваныя. Таму адназначна казаць пра тое, што яны не наносяць шкоды, не зусім карэктна. Наяўнасць адпаведнага сертыфікату прадугледжвае кантроль утрымання таго ці іншага складніка. У звычайных цыгарэтах «доза» дакладна рэгламентаваная Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ). Электронныя цыгарэты не прайшлі адпаведных выпрабаванняў СААЗ, а толькі былі пратэставаныя некаторымі незалежнымі даследчымі арганізацыямі. Агульнага меркавання пра бяспеку электронных цыгарэт у свеце няма.

Электронная цыгарэта складаецца з:

  • святлодыёда, які імітуе «агеньчык» цыгарэты;
  • акумулятара і мікрапрацэсара;
  • сэнсара;
  • распыляльніка і картрыджа з вадкасцю.

Як працуе электронная цыгарэта

Цыгарэта 3

Вадкасць, якая запраўляецца ў электронную цыгарэту, набываецца асобна і можа ўтрымліваць араматызатары. У яе складзе — змяшаныя ў розных прапорцыях прапіленгліколь і гліцэрын, а таксама нікацін, якога, як ужо адзначалася, можа і не быць.

У складзе традыцыйнага «напаўняльніка» для электронных цыгарэт:

  • 55–62% прапіленгліколю;
  • 30–35% гліцэрыну;
  • 0–3,6% нікаціну;
  • 2–4% араматызатараў;
  • вада ў пэўнай канцэнтрацыі.

Прапіленгліколь — гэта вязкая празрыстая вадкасць, якая практычна не пахне, мае крыху саладжавы прысмак, валодае гіграскапічнымі ўласцівасцямі (здольнасць рэчываў паглынаць вадзяныя пары з паветра). Прапіленгліколь дазволены да ўжывання ў якасці харчовай дабаўкі. Ён досыць шырока выкарыстоўваецца ў розных сферах прамысловай вытворчасці, у тым ліку харчовай, касметычнай і фармацэўтычнай. Прапіленгліколь часткова выводзіцца з арганізма ў першапачатковым выглядзе, а тое, што застаецца, ператвараецца ў малочную кіслату, якая засвойваецца арганізмам.

Гліцэрын таксама з'яўляецца вадкасцю без колеру і ўжываецца ў прамысловасці. Разам з тым, у працэсе дэгідрадацыі, прасцей кажучы, абязводжванні, гліцэрын робіцца таксічным, асабліва для дыхальных шляхоў.

Разбіраемся ў дэталях

На першы погляд, усё проста. Заправіў картрыдж духмянай вадкасцю, паліш і нават здароўю не шкодзіш… Але не ўсё так адназначна. Так, з аднаго боку, шкодныя рэчывы, якія ў вялікай колькасці ўтрымліваюцца ў звычайных цыгарэтах, перастаюць паступаць у арганізм. Адзначаецца нават паляпшэнне самаадчування.

Разам з тым, большасць вытворцаў дадаюць у склад вадкасці нікацін. Адбываецца элементарная замена адной цыгарэты на другую, хіба што электронную. Гэта значыць, што канчаткова развітацца са шкоднай звычкай не атрымаецца. Бо менавіта нікацін выклікае прывыканне, а значыць, арганізм усё адно будзе патрабаваць новую дозу гэтага рэчыва.

Варта ўлічваць, што ўдыханне пару і дыму адрозніваюцца па сваёй сутнасці. Пар не дастаўляе таго пачуцця «насычэння», як дым. Таму чалавек, якія аддае перавагу электроннай цыгарэце, паліць нашмат часцей або выбірае больш «моцную» вадкасць у картрыджы.

Дык усё-ткі шкода ці бясшкоднасць?

Электронная цыгарэта

 

Паводле даследаванняў расійскіх навукоўцаў, пар, які ўдыхае курэц электронных цыгарэт, агрэсіўна ўздзейнічае на лёгкія, можа прыводзіць да развіцця такога захворвання, як эмфізэма. Адмоўна ён адбіваецца і на здароўі людзей, якія знаходзяцца побач з курцом.

Эмфізэма лёгкіх — цяжкае захворванне, пры якім альвеолы, а з іх складаецца лёгачная тканка, перарасцягваюцца і страчваюць здольнасць скарачацца. Гэта прыводзіць да таго, што працэсы насычэння крыві кіслародам і вывядзення з яе вуглякіслага газу парушаюцца.

Да высновы, што электронная цыгарэта нічога, апрача шкоды, не дае, прыйшлі і амерыканскія спецыялісты. Супрацоўнікі Адміністрацыі пакантролі за харчовымі прадуктамі і лекавымі сродкамі (Food and Drug Administration — FDA) выбарачна правялі аналіз картрыджаў для запраўкі электронных цыгарэт. Даследаванне паказала наяўнасць у іх канцэрагенных рэчываў, якія спрыяюць развіццю анкалагічных захворванняў. Акрамя таго, рэальны склад вадкасці не заўсёды адпавядаў таму, што быў заяўлены вытворцам. Напрыклад, у безнікацінавым складзе быў знойдзены нікацін.

У нашай краіне ў санітарных нормах і правілах няма патрабаванняў да паказчыкаў бяспекі электронных прылад, прызначаных для палення. Атрымліваецца, што той, хто набывае электронную цыгарэту, цвёрдай упэўненасці ў іх бясшкоднасці не мае.

Не дапаможа такая цыгарэта і канчаткова пераадолець жаданне «падыміць». Курэнне не толькі фізічная, але і псіхалагічная залежнасць. І замяніўшы звычайную цыгарэту на больш арыгінальную і сучасную, не перастанеш быць курцом. Дарэчы, з меркаваннем, што электронная цыгарэта — гэта не спосаб адмовіцца ад курэння, а ўсяго толькі змена «атрыбута», згодныя псіхолагі і нарколагі.

6 падманлівых міфаў пра курэнне

Прадаваць электронныя цыгарэты забаронена ў 13 краінах свету. У больш як 50 — іх абарот рэгулюецца. Выкарыстоўваць гэтыя прылады ў памяшканнях нельга ў 30 краінах. Так, напрыклад, рэклама, продаж і распаўсюджанне электронных цыгарэт забароненыя ў Аўстраліі, Аргентыне, Грэцыі, Бельгіі, Бразіліі, Фінляндыі, Канадзе, Тайландзе, Мексіцы і ААЭ.

За ці супраць...

Сусветная арганізацыя аховы здароўя выступае супраць выкарыстання электронных цыгарэт. У дакладзе СААЗ, прысвечаным электронным прыладам «дастаўкі нікаціну», гаворыцца пра тое, што электронная цыгарэта наносіць такую ж шкоду арганізму чалавека, як і курэнне.

У нашай краіне плануецца ўвесці шэраг забаронных мер, якія тычацца рэкламы і продажу электронных сістэм для палення.

Менавіта маладыя людзі, спасылаючыся на бясшкоднасць электронных цыгарэт, з'яўляюцца іх актыўнымі выкарыстальнікамі. Але ўздзеянне нікаціну ніхто не адмяняў, і з часам такая даніна модзе можа прывесці да развіцця тытунёвай залежнасці, пераходу на курэнне цыгарэт звычайных.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 123

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама