05.05.2020
05.05.2020

Ці можа ўкус кляшча абцяжарыць цячэнне каранавіруснай інфекцыі?

logo
Адказваюць спецыялісты
0 102
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Наша анлайн-канферэнцыя па прафілактыцы і лячэнні захворванняў ад кляшчоў. Калі ўкусіў клешч, ці варта ва ўмовах пандэміі каранавіруса піць антыбіётыкі, саслабляючы тым самым імунітэт? Ці існуюць прышчэпкі ад клешчавога энцэфаліту і каму/калі варта іх зрабіць? Ці могуць ад даксіцыкліну дранцвець пальцы рук? Ці бывае хвароба Лайма хранічнай?

На пытанні адказвае Мікіта Салавей, дацэнт кафедры інфекцыйных хваробаў БДМУ, кандыдат мед.навук, галоўны пазаштатны інфекцыяніст камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама.

Кансультацыя інфекцыяніста

Мікіта Салавей, дацэнт кафедры інфекцыйных хваробаў БДМУ, кандыдат мед.навук, галоўны пазаштатны інфекцыяніст камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама.

Калі ўкусіў клешч, ці варта ва ўмовах пандэміі каранавіруса піць антыбіётыкі, саслабляючы тым самым імунітэт?

Антыбіётыкі не аказваюць прамога ўплыву на імунную сістэму чалавека, гэта памылковая думка. Механізм дзеяння антыбіётыкаў накіраваны на падаўленне жыццядзейнасці бактэрый. Таму па паказаннях дадзеная група прэпаратаў павінна выкарыстоўвацца ў клінічнай практыцы, у тым ліку пры бактэрыяльных інфекцыях, якія перадаюцца кляшчамі.

Каб антыбіётыкі не аказвалі негатыўнага ўплыву на мікрабіёту кішэчніка, рэкамендуецца прымаць іх з прабіётыкамі.

Ці варта наогул зараз выязджаць на прыроду дзеля паветра і сонца? Сонца сапраўды забівае каранавірус?

На жаль, сёння няма дадзеных пра тое, што прыродныя ўмовы: сонечнае выпраменьванне, тэмпература навакольнага асяроддзя, павышаная ці паніжаная вільготнасць і г.д. згубныя для каранавірусаў. У любым выпадку, пры выездзе на прыроду ў перыяд павышанай захваральнасці на COVID-19 варта памятаць пра меры сацыяльнага дыстанцыявання, пазбягаць масавага збору людзей у папулярных месцах адпачынку.

Ці можа ўкус кляшча абцяжарыць цячэнне каранавіруснай інфекцыі? І як адрозніць сімптомы хваробы Лайма ад COVID-19? Бо для абодвух захворванняў характэрныя павышаная тэмпература, галаўны боль, млоснасць.

Такіх дадзеных на сёння няма, хаця можна выказаць здагадку, што любая новая інфекцыя можа ўскладняць цячэнне ўжо наяўнага ў арганізме захворвання.

Пры хваробе Лайма практычна не бывае высокай тэмпературы, не ўласцівыя выяўленая інтаксікацыя і кашаль. Галаўны боль, млоснасць і/або ваніты, якія могуць сустракацца пры абодвух захворваннях, у выпадку з COVID-19 знікаюць пры ўжыванні адэкватнай колькасці вадкасці ўнутр і прыёме гарачкапаніжальных прэпаратаў.

Ці існуюць прышчэпкі ад клешчавога энцэфаліту і каму/калі варта іх зрабіць?

Так, вакцыны ад клешчавога энцэфаліту існуюць і даступныя ў шэрагу амбулаторна-паліклінічных устаноў краіны. Улічваючы невялікую распаўсюджанасць клешчавога энцэфаліту ў Беларусі (дадзеная інфекцыя сустракаецца ў 10 разоў радзей за хваробу Лайма), вакцынацыя абавязкова рэкамендуецца толькі групам прафесійнай рызыкі па інфіцыраванні клешчавым энцэфалітам (работнікі лясных гаспадарак, геолагі, паляўнічыя і г.д.). У выпадку змены распаўсюджанасці клешчавога энцэфаліту ў краіне паказанні да вакцынапрафілактыкі ў будучым могуць пашырыцца.

Якія віды кляшчоў найбольш распаўсюджаныя на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці? Як правільна прымаць антыбіётыкі: колькі дзён мінімум?

На тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, існуе мноства разнастайных відаў кляшчоў, аднак вялікая частка з іх не з'яўляецца пераносчыкамі інфекцый для чалавека. Найбольш значныя для нас – шырока распаўсюджаныя іксодавыя кляшчы (перш за ўсё – лясны клешч), а таксама лугавыя кляшчы роду Dermacentor. Большасць узбуджальнікаў клешчавых інфекцый пераносяцца іксодавымі кляшчамі.

Працягласць прыёму антыбіётыкаў залежыць ад канкрэтнай клінічнай сітуацыі. Напрыклад, для прафілактыкі развіцця хваробы Лайма дастаткова аднаразовага прыёму антыбіётыку ў першыя 72 гадзіны пасля прысмоктвання кляшча, а пры развіцці некаторых формаў дадзенай інфекцыі ўжо можа спатрэбіцца да 30 дзён бесперапыннага лячэння.

Мікіта Салавей, інфекцыяніст

Ці можа ўкус кляшча быць смяротным?

На шчасце, у нашай краіне большасць інфекцый, што перадаюцца кляшчамі, не характарызуюцца хуткім і цяжкім цячэннем. Своечасовы зварот па медыцынскую дапамогу пры з'яўленні якіх-небудзь праяў, магчыма, абумоўленых прысмоктваннем кляшча, дазваляе ўрачу прызначыць правільнае лячэнне і пазбегнуць ускладненняў і неспрыяльных зыходаў пры ўсіх клешчавых інфекцыях.

2 мая 2020 г. злавіў кляшча, выцягнуў пры дапамозе ніткі, ён яшчэ варушыўся. На наступны дзень у паліклініцы прапісалі разава выпіць 2 таблеткі даксіцыкліну. Здаў кляшча на аналіз для даследавання на барэліёз. Гэтага дастаткова?

Гэтага больш чым дастаткова. Прыём антыбіётыку ў першыя 72 гадзіны пасля прысмоктвання кляшча дазваляе на 96% паменшыць верагоднасць развіцця сімптомнай хваробы Лайма. Дадаткова рэкамендуецца назіраць за месцам прысмоктвання кляшча яшчэ на працягу месяца. У выпадку з'яўлення на гэтым месцы суцэльнай альбо колцападобнай плямы, якая расце, – паўторна звярнуцца для агляду да ўрача.

Звярну ўвагу, што на сёння лабараторнае даследаванне вынятых кляшчоў на ўзбуджальнікі клешчавых інфекцый не з'яўляецца абавязковым і не ўплывае на прыняцце рашэнняў пра тактыку вядзення пацыента. Пацыент мае права самастойна даследаваць кляшча на ўзбуджальнікі клешчавых інфекцый, аднак у дадзеным выпадку аналіз выконваецца за кошт уласных сродкаў.

Як у цяперашніх умовах варта дзейнічаць людзям, якія самастойна выцягвалі кляшча, але на месцы ўкусу засталося джала? Ці можна абмежавацца прыёмам лекаў і апрацоўкай месца ўкусу, чакаючы выхаду джала? Я такія рэкамендацыі атрымаў пры звароце да ўрача, пры гэтым джала мне не выцягнулі.

Часам пры выманні кляшча ў ранцы можа застацца яго частка (часцей галоўка кляшча). Рэшткі кляшча дастаюцца, як і звычайная стрэмка: стэрыльнай іголкай (лепей ад аднаразовага шпрыца) з наступнай апрацоўкай ранкі антысептыкам (лепей спіртазмяшчальным). Гэта можна выканаць у хатніх умовах, не абавязкова звяртацца ў медыцынскую ўстанову.

Аднакратны прыём антыбіётыку (так званая постэкспазіцыйная прафілактыка) прызначаецца пацыентам у першыя 72 гадзіны пасля прысмоктвання кляшча, нават пры яго поўным выманні са скуры, і накіраваны на прадухіленне развіцця хваробы Лайма.

Дзіця ўкусіў клешч, а выявілі гэта позна ўвечары, калі ўсе паліклінікі былі зачыненыя. Што рабіць?

Калі няма магчымасці дастаць кляшча самастойна, можна звярнуцца па дапамогу ў любыя прыёмныя аддзяленні стацыянараў, якія аказваюць хірургічную дапамогу, або ў інфекцыйны стацыянар. Яны працуюць кругласутачна і дапамогуць дастаць пераносчыка клешчавых інфекцый. У іх створаныя ўмовы для бяспечнага наведвання ў перыяд пандэміі.

Пасля прыёму даксіцыкліну пачалі дранцвець пальцы рукі. Гэта можа быць пабочнай праявай прэпарата?

Дадзены непажаданы эфект не апісаны для названага лекавага сродку. Магчыма, у арганізме маюцца іншыя прычыны гэтай з'явы. Калі штосьці пайшло не так пасля прыёму любога лекавага сродку, лепей звязацца са сваім урачом, які ацэніць сур'ёзнасць сітуацыі і парэкамендуе пры неабходнасці дадатковае лячэнне.

Мікіта Салавей, інфекцыяніст

Дзіця (3 гады) 3-га мая ўкусіў клешч ля вуха. Мы яго выцягнулі цалкам, месца ўкусу апрацавалі ёдам. Для прафілактыкі хваробы Лайма нам параілі некалькі дзён даваць антыбіётык. Ці варта гэта рабіць?

Урач прызначае прафілактыку развіцця хваробы Лайма, улічваючы шэраг фактараў: як доўга мог знаходзіцца клешч у скуры пацыента, у якім геаграфічным раёне адбылося прысмоктванне, ці ёсць у пацыента спадарожныя захворванні і г.д. У любым выпадку, пры звароце па медыцынскую дапамогу заўсёды рэкамендуецца прытрымлівацца парадаў спецыялістаў.

Цяжарная, 19 тыдняў. Дастала на выхадных кляшча. Калі прапішуць антыбіётыкі, ці можна мне іх прымаць і якія менш таксічныя?

Сёння ў клінічнай практыцы не выкарыстоўваюцца «таксічныя» для арганізма чалавека антыбіётыкі. Дадзеная група лекавых сродкаў створаная такім чынам, каб максімальна падаўляць жыццядзейнасць хваробатворных бактэрый і пры гэтым мінімальна ўздзейнічаць на арганізм чалавека.

Неабходнасць і магчымасць прызначэння антыбіётыкаў пасля прысмоктвання кляшча ацэньвае ўрач. Для цяжарных выкарыстоўваюцца антыбіётыкі, якія не ўплываюць на развіццё дзіцяці. Даксіцыклін цяжарным не паказаны.

Ці бывае хвароба Лайма хранічнай?

Традыцыйна хранічнай называюць хваробу, прычыну якой мы не можам ліквідаваць. У выпадку хваробы Лайма гэта не так: нават III стадыя захворвання, якая ў рэдкіх выпадках можа быць не дыягнаставаная на працягу некалькіх месяцаў-гадоў, выдатна лечыцца аднаразовым курсам правільнай антыбактэрыяльнай тэрапіі. Узбуджальнік пры гэтым выдаляецца з арганізма, інфекцыя спыняе прагрэсаванне. Таму казаць пра хранічную хваробу Лайма не даводзіцца.

Ці праўда, што калі клешч знойдзены і выцягнуты на працягу 36 гадзін пасля ўкусу, верагоднасць захварэць на хваробу Лайма малая, а рызыка ўзрастае, калі клешч застаецца на целе больш за два дні?

Дадзенага прынцыпу прытрымліваюцца ўрачы ў ЗША, калі прымаюць рашэнне пра неабходнасць прызначэння прафілактыкі развіцця хваробы Лайма пасля даставання кляшча. На жаль, вопыт у краінах Еўропы, у тым ліку наш уласны, паказвае, што гэтае правіла працуе не заўсёды. Верагодна, гэта звязана з рознымі відамі кляшчоў і рознымі падвідамі барэлій у ЗША і еўрапейскіх краінах. Мы рэгістравалі развіццё мігруючай эрытэмы (тыповай праявы хваробы Лайма) у месцы прысмоктвання кляшчоў нават пры іх выманні на працягу некалькіх гадзін ад моманту прысмоктвання. Таму большасці пацыентаў, якія не маюць супрацьпаказанняў для прызначэння антыбіётыкапрафілактыкі хваробы Лайма, яна рэкамендуецца.

Чым даўжэй клешч застаецца прысмоктаным да скуры, тым вышэйшая рызыка перадачы ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў. Пасля 72 гадзін ад моманту прысмоктвання антыбактэрыяльная прафілактыка не эфектыўная. У гэтых выпадках застаецца назіраць за месцам прысмоктвання і ўласным станам, а пры з'яўленні павышанай тэмпературы і іншых сімптомах як мага раней звярнуцца па дапамогу да ўрача.

Мікіта Салавей, інфекцыяніст

Чула, што калі на працягу дзвюх гадзін пасля знаходжання на прыродзе і ўкусу кляшча прыняць душ, гэта знізіць рызыку перадачы хваробы Лайма ад кляшча чалавеку. Ці так гэта?

Гэта не так. Звычайны душ не дазваляе пазбавіцца ад кляшчоў, якія ўжо прысмакталіся. Больш важна праводзіць рэгулярныя сама- і ўзаемаагляды скурных пакроваў пасля знаходжання на прыродзе, у тым ліку пасля працы на прысядзібных участках, наведвання лесапаркавых зонаў, прагулак па месцах з высокай расліннасцю і г.д.

Чаму адмовіліся ад практыкі апрацоўваць лес ад кляшчоў? Калі будуць гэта зноў рабіць?

Апрацоўка акарыцыднымі (згубнымі для кляшчоў) сродкамі тых ці іншых участкаў расліннасці праводзіцца па рашэнні санітарна-эпідэміялагічнай службы з улікам вынікаў эпідэміялагічнага нагляду (як шмат кляшчоў маецца на адзінку плошчы, які працэнт кляшчоў у дадзеным рэгіёне з'яўляецца пераносчыкам інфекцыйных узбуджальнікаў і г.д.). Дадзенае мерапрыемства не дазваляе цалкам пазбавіцца ад кляшчоў, а толькі памяншае іх колькасць на адзінку плошчы тэрыторыі і мае абмежаваную па працягласці эфектыўнасць – у сярэднім каля 30 дзён. Менавіта таму не менш важныя меры прафілактыкі прысмоктвання кляшчоў, якія залежаць ад кожнага чалавека: нанясенне на адзенне адпужваючых кляшчоў сродкаў, светлае адзенне, якое дазваляе лёгка ўбачыць кляшча, сама- і ўзаемаагляды і г.д.

Часцей за ўсё кляшчы кусаюць у лесе, на дачы. Якія меры трэба прыняць, каб знізіць наступствы ўкусу, улічваючы абмежаванасць медыкаментаў?

Асноўныя меры прафілактыкі дзеляцца на дзве групы: прафілактыка прысмоктвання кляшча і прафілактыка развіцця хваробы пасля таго, як здарылася прысмоктванне. У першым выпадку рэкамендуецца апранаць светлую вопратку, пазбягаць наяўнасці адкрытых участкаў скуры, выконваць апрацоўку адзення сродкамі, якія адпужваюць кляшчоў, сама- і ўзаемаагляды адзення і скурных пакроваў кожныя 2-3 гадзіны. У другім выпадку вельмі важна як мага акуратней дастаць кляшча, які прысмактаўся, і аднаразова прыняць антыбіётык, калі прайшло менш за 72 гадзіны з моманту прысмоктвання.

На сёння праблемаў з лекавымі сродкамі, неабходнымі для прафілактыкі і лячэння клешчавых інфекцый, няма. Большасць з іх з'яўляюцца безрэцэптурнымі прэпаратамі. Можна набыць прэпарат загадзя перад паездкай на дачу.

Ці могуць антыбіётыкі гарантаваць, што чалавек, якога ўкусіў клешч, не захварэе на энцэфаліт?

На жаль, не. Клешчавы энцэфаліт – віруснае захворванне, антыбіётыкі не працуюць у дачыненні да вірусаў. Эфектыўным сродкам прафілактыкі клешчавога энцэфаліту можа з'яўляцца вакцынацыя. Іншая справа, што від віруса клешчавога энцэфаліту, распаўсюджанага ў Беларусі, вельмі рэдка прыводзіць да развіцця энцэфаліту чалавека. На нашай тэрыторыі дадзеная інфекцыя часцей працякае ў ліхаманкавай форме і ў форме няцяжкага серознага менінгіту.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 102

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).