06.05.2020
06.05.2020

Ці прымаць вітамін D? Меркаванне эксперта

logo
Здароўе дарослых
0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці варта прымаць прэпараты вітаміну D дадаткова, бо яго асноўнай крыніцай для арганізма чалавека з'яўляецца сонечнае святло, а ва ўмовах ізаляцыі з-за сітуацыі з COVID-19 як ніколі востра адчуваецца яго недахоп?

Гэтае пытанне мы задалі нашаму пастаяннаму эксперту – прафесару кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыні БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» Але Шапялькевіч.

Такі важны вітамін D

Вітамін Д. Больш быць на сонцы...

Шматлікія даследаванні паказалі, што значэнне вітаміну D для арганізма чалавека значна шырэйшае, чым прафілактыка касцявых захворванняў. Яго дэфіцыт цесна звязаны з павышанай рызыкай развіцця цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, сардэчнай недастатковасці, захворванняў перыферычных артэрый, вострага інфаркту міякарда, розных формаў раку, аўтаімунных і запаленчых захворванняў, зніжэннем імуннай абароны арганізма і павышэннем узроўню смяротнасці.

Вітамін D прысутнічае ў многіх тканках арганізма, напрыклад, у імунных і міелоідных клетках, у кары наднырачнікаў, у клетках тлушчавай тканкі, тоўстым кішэчніку, кардыяміяцытах (мышачных клетках сэрца), скуры, клетках цэнтральнай нервовай сістэмы і многіх іншых.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Вітамін D аказвае вялікі ўплыў на імунную сістэму і на працэсы дзялення клетак у цэлым. Даказаная таксама яго роля ў рэалізацыі важных біялагічных функцый у арганізме, у тым ліку на ўзроўні генетыкі. Напрыклад, кальцытрыёл здольны рэгуляваць актыўнасць звыш 200 генаў.

Дарэчы, на думку экспертаў СААЗ, вітамін D умацоўвае прыроджаны імунітэт (выступае ў ролі імунамадулятара). Акрамя гэтага, быў зарэгістраваны ахоўны эфект дадаткаў вітаміну D у дачыненні да рэспіраторных інфекцый. Прадстаўнікі навуковай супольнасці сёння выказваюць меркаванне, што недахоп вітаміну D можа спрыяць больш працягламу і цяжкаму цячэнню COVID-19.

У прыродзе ёсць дзве формы вітаміну D: D2 і D3. Першы, але ў невялікай колькасці, мы атрымліваем з прадуктамі харчавання, а другі, які з'яўляецца асноўнай крыніцай вітаміну D, сінтэзуецца толькі пад уздзеяннем сонца.

Не хапае вітаміну D. Як даведацца?

Вітамін Д. Як адчуваецца недахоп.

Ці можна па якіх-небудзь асаблівых прыкметах вызначыць, што ў арганізме мала вітаміну D? На гэтае пытанне Ала Шапялькевіч дае адназначны адказ – спецыфічных сімптомаў таго, што ў арганізме не хапае «сонечнага вітаміну», няма.

Сігналы арганізма, якія могуць сведчыць пра тое, што ёсць дэфіцыт вітаміну D, даволі няпэўныя: стомленасць і мышачны боль, слабасць, страта апетыту, бяссонніца, паленне ў роце і ў горле, зніжэнне вагі і пагаршэнне зроку. Многія з пералічаных прыкметаў могуць сведчыць як пра наяўнасць дэфіцыту іншых вітамінаў і мікраэлементаў, так і захворванняў, падкрэсліла эксперт.

У пацыентаў з дэфіцытам і/або недахопам вітаміну D адзначаюцца ізаляваны і/або генералізаваны боль, непрыемныя адчуванні ў касцях і мышцах. Дэфіцыт вітаміну D прыводзіць да міяпатыі, што можа выяўляцца мышачнай слабасцю, асабліва ў праксімальных групах мышцаў, цяжкасцямі пры хадзе, падтрыманні раўнавагі і схільнасцю да падзенняў, што заканамерна павялічвае рызыку пераломаў, дадала прафесар.

У групу рызыкі дэфіцыту вітаміну D уваходзяць: жанчыны, старэйшыя за 50 гадоў, асабліва тыя, у каго ёсць захворванні касцявой тканкі, сталыя людзі ва ўзросце, старэйшым за 60 гадоў, а таксама людзі з атлусценнем, цяжарныя і жанчыны, якія кормяць.

Акрамя гэтага, верагоднасць недахопу «сонечнага вітаміну» высокая ў пацыентаў з хранічнымі захворваннямі печані і нырак, у тых, у каго парушаная ўсмоктвальнасць у кішэчніку, у хворых на туберкулёз.

Зніжаць утрыманне ў арганізме вітаміну D можа таксама прыём некаторых прэпаратаў, у прыватнасці, картыкастэроідных, супрацьвірусных, супрацьгрыбковых і супрацьсутаргавых.

Вітамін Д. Адкуль браць?

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Дэфіцыт вітаміну D можна вызначыць толькі лабараторным шляхам, здаўшы кроў з вены. Самастойна прызначаць прэпараты вітаміну D для лячэння нельга! Нават калі вы здалі аналізы і яны паказалі дэфіцыт вітаміну D, дазіроўку лекавага сродку, кратнасць і працягласць прыёму можа вызначыць толькі ўрач. Перадазіроўка вітаміну D можа прывесці да негатыўных наступстваў для арганізма.

Лішак «сонечнага» вітаміну далёка не бясшкодны. Магчымыя сімптомы перадазіроўкі: слабасць, страта апетыту, млоснасць, запоры ці дыярэя, рэзкі боль у суставах, галаўны і мышачны боль, ліхаманка, павышэнне артэрыяльнага ціску, сутаргі, запаволенне пульса, цяжкасць дыхання, адклад соляў кальцыю ў органах, які ўскладняе іх работу. Лішак вітаміну D можа стаць прычынай сур'ёзнага пашкоджання нырак!

Дарэчы, значэнні ўзроўню вітаміну D у крыві могуць вар'іравацца. Напрыклад, у асенне-зімовы сезон з-за недахопу сонечных дзён дэфіцыт будзе больш выяўлены.

Як папоўніць дэфіцыт вітаміну D

Вітамін Д. Як папоўніць дэфіцыт.

Для таго каб запусціўся працэс сінтэзу вітаміну D, трэба прымаць «сонечныя ванны» на працягу не менш за 20-30 хвілін. Пасля гэтага ўзровень у крыві вітаміну D3 раўнацэнны прыёму прэпарата, які змяшчае 10 тысяч МА (міжнародных адзінак) вітаміну D3. (Парада: шпацыруйце на свежым паветры ў сонечнае надвор'е не менш за паўгадзіны, пазбягаючы людных месцаў, або выходзьце на балкон для таго, каб прымаць «сонечныя ванны»).

З ежай у арганізме засвойваецца толькі 5-7% вітаміну D. Разам з тым, у нашым рацыёне абавязкова павінны прысутнічаць прадукты, якія яго ўтрымліваюць: марскія прадукты (тлустыя гатункі рыбы: сёмга, селядзец, сардзіны, скумбрыя), ялавічына і свініна, ялавічная печань, розныя алеі (у тым ліку сметанковае масла), яйкі, арэхі і семачкі, печань траскі, сыр, малочныя прадукты (ад тварагу да кефіру).

Натуральныя харчовыя крыніцы вітаміну D (D2 або D3) MА/100 г:

Дзікі ласось 600-1000
Ласось, вырашчаны на ферме 100-250
Селядзец 294-1676
Кансерваваныя сардзіны 300-600
Кансерваваная макрэль 250
Грыбы, апрамененыя УФ 446
Грыбы, не апрамененыя УФ 10-100
Сметанковае масла 52
Малако 2
Смятана 50
Сыр 44
Ялавічная печань 15-45
Рыбін тлушч 400-1000/1 ст. лыжка
Малако, узбагачанае вітамінам D 80-100/на шклянку
Яечны жаўток 20/1 шт
Кансерваваны тунец 236
 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Кампенсаваць дэфіцыт вітаміну можна таксама з дапамогай лекавых сродкаў. Улічваючы высокую распаўсюджанасць дэфіцыту вітаміну D у Беларусі, асабліва ў перыяд з кастрычніка па красавік, магчымае прызначэнне лекавых сродкаў у прафілактычных дозах, якія не патрабуюць абавязковага лабараторнага кантролю ўзроўню вітаміну D. Падобныя рэкамендацыі могуць быць выкарыстаныя і ва ўмовах вымушанай ізаляцыі на працягу доўгага часу.

Вітамін Д. Прымаць прэпараты.

Для прафілактыкі дэфіцыту вітаміну D ужываюць калекальцыферол (D3) і эргакальцыферол (D2). Дзве гэтыя формы вітаміну D называюць «натыўнымі». Натыўны вітамін D можа прымяняцца з ежай або нашча.

Для прафілактыкі дэфіцыту вітаміну D рэкамендуецца:

  • асобам ва ўзросце 18-50 гадоў атрымліваць не менш за 600-800 MА вітаміну D у суткі;
  • асобам, старэйшым за 50 гадоў, – не менш за 800-1000 MА вітаміну D у суткі;
  • цяжарным і жанчынам, якія кормяць, – не менш за 800-1200 MА вітаміну D у суткі.

На фоне прыёму прафілактычных і падтрымліваючых дозаў вітаміну D кантроль 25 (OH) D (кальцыдыёлу) у крыві мэтазгодна праводзіць кожныя 6-12 месяцаў, што звязана з верагоднасцю зніжэння яго ўзроўню ніжэй за мэтавыя значэнні.

Працяглыя даследаванні па вывучэнні прымянення высокіх дозаў вітаміну D адсутнічаюць. Аднак, большасць экспертаў лічаць, што развіццё таксічных праяў вітаміну D з'яўляецца вельмі рэдкай з'явай і звязанае з ненаўмысным прыёмам унутр вельмі высокіх дозаў вітаміну D, адзначыла спецыяліст.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Яшчэ раз звяртаю ўвагу, што любыя лекі для лячэння дэфіцыту вітаміну D можна прымаць толькі пасля лабараторных даследаванняў і кансультацыі з урачом, які прааналізуе прычыны і ступень зніжэння ўзроўню вітаміну D, падбярэ форму, дозу і рэжым прыёму прэпарата, а таксама перыядычнасць лабараторнага кантролю ўзроўню вітаміну D. Як правіла, першасны маніторынг праводзіцца праз 8-12 тыдняў пасля пачатку лячэння дэфіцыту вітаміну D.

Вітамін Д. Прэпараты.

Для лепшага засваення вітаміну D урачы рэкамендуюць дадаткова есці прадукты з высокім утрыманнем вітамінаў групы В, Е і С.

Няпросты вітамін Д

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 34

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама