16 Мая
16.05.2020

Ці рабіць прышчэпку ад пнеўмакоку? Раімся з урачом-інфекцыяністам

logo
Вакцынацыя
340 0 124
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У перыяд пандэміі для прафілактыкі інфекцыйных ускладненняў многія міжнародныя рэкамендацыі раілі вакцынацыю ад грыпу і пнеўмакоку. Пра прышчэпку ад грыпу большасць ведае. А вось пнеўмакокавай вакцынай да нядаўняга часу цікавіліся нямногія. Ад якіх хваробаў і каму яна можа дапамагчы? Ці варта яе рабіць цяпер, у разгар эпідэміі каранавіруса? Ці не будзе пераборам для арганізма дзве прышчэпкі – ад грыпу і пнеўмакоку? Разбіраемся ў тэме з дацэнтам кафедры інфекцыйных хваробаў і дзіцячых інфекцый БелМАПА, кандыдатам медыцынскіх навук Мікалаем Галабародзькам.

Ад чаго абароніць прышчэпка супраць пнеўмакоку?

Ад атыту, пнеўманіі, гнойнага менінгіту, сэпсісу і цяжкай пнеўманіі.

– Пнеўмакок і гемафільная палачка – асноўныя ўзбуджальнікі вострых сярэдніх атытаў і пнеўманій у дзяцей, а таксама «інвазіўных» інфекцый, пры якіх мікроб пранікае ў кроў і выклікае сэпсіс (заражэнне крыві), гнойны менінгіт або пнеўманію з бактэрыямі, – тлумачыць Мікалай Галабародзька. – Абодва гэтыя мікробы шырока распаўсюджаныя сярод здаровых дзяцей і дарослых. Гэта значыць, яны ўжо жывуць на нашых слізістых абалонках. І мы хутчэй захворваем не ад таго, што заразіліся імі, а таму, што адбылася падзея, якая іх актывізавала. Такой падзеяй можа быць вірусная прастуда, стрэс, пераахаладжэнне.

Перанесены грып у 100 разоў павялічвае верагоднасць захварэць на бактэрыяльную пнеўманію, а ў дзяцей першых 3-х гадоў жыцця ў 40% выпадкаў скончыцца вострым сярэднім атытам, прыводзіць прыклад эксперт і тлумачыць, чаму так адбываецца:

– Па-першае, вірусы па сутнасці злушчваюць эпітэліяльнае высціланне слізістых абалонак трахеі, бронхаў, і яны перастаюць быць надзейным бар'ерам ад звычайных бактэрый, таго ж пнеўмакоку, які можа выклікаць пнеўманію. Па-другое, выкліканае вірусам запаленне слізістых абалонак часта дае выяўлены ацёк, калі ў нас закладвае нос. Ацёк слізістых абалонак насаглоткі можа перакінуцца на слыхавыя трубы, па якіх у норме ў насаглотку адцякае вадкасць з поласці сярэдняга вуха. Ацёк слыхавых трубаў выкліча застой вадкасці ў поласці сярэдняга вуха, у якой могуць размножвацца мікробы (у тым ліку пнеўмакок), што прывядзе да нагнаення – вострага сярэдняга атыту.

Ад абодвух мікробаў існуюць прышчэпкі.

  • Вакцына супраць гемафільнай палачкі тыпу b (хіб-інфекцыі) ўваходзіць у Нацыянальны каляндар прышчэпак, гэта значыць, яе робяць усім дзецям у нашай краіне ва ўзросце 2, 3, 4 месяцы (выкарыстоўваецца камбінаваная вакцына, якая змяшчае кампаненты супраць віруснага гепатыту В, коклюшу, дыфтэрыі, слупняку, гемафільнай інфекцыі).
  • Вакцына супраць пнеўмакоку ў абавязковым парадку робіцца толькі дзецям з групы рызыкі.

Каму паказаная прышчэпка супраць пнеўмакоку?

У групу рызыкі ўваходзяць:

  • дзеці, якія часта хварэюць: перанеслі больш за 3 эпізоды вострага сярэдняга атыту або паўторныя пнеўманіі на працягу года;
  • дзеці з хранічнымі захворваннямі: бранхіяльная астма, цукровы дыябет, прыроджаныя парокі сэрца і дыхальных шляхоў, бронхалёгачная дысплазія;
  • дзеці з імунадэфіцытнымі станамі;
  • дзеці з устаноўленым кахлеярным імплантатам і тыя, каму плануецца правядзенне дадзенай аперацыі.

Ці варта вакцынаваць дзяцей не з групы рызыкі?

У прынцыпе, гэтая прышчэпка можа быць карысная для ўсіх дзяцей, лічыць Мікалай Галабародзька. І калі бацькі хочуць дадатковай абароны, можна вакцынаваць дзіця. Гэта лепей рабіць да 5 гадоў, бо найбольш часта і найбольш цяжкія інфекцыі здараюцца менавіта ў дзяцей першых 5 гадоў жыцця, і нашмат радзей – у школьным узросце. Тое ж і з гнойнымі менінгітамі.

Пнещмакок. Вакцына супраць пнещмакоку. Вакцынацыя дзяцей.

У будучым у Нацыянальным календары плануецца пашырэнне паказанняў на ўсіх дзяцей, як гэта адбылося з вакцынай супраць ХІБ-інфекцыі, удакладняе эксперт.

Наколькі эфектыўная прышчэпка?

У вакцыны ўваходзіць вызначаны набор сератыпаў пнеўмакоку – найбольш распаўсюджаных і «злых» (звычайна 10 ці 13 сератыпаў). Іх адбіраюць па крытэрыях шырыні распаўсюджвання ў папуляцыі, інвазіўнасці (здольнасці выклікаць цяжкое захворванне), а таксама па адчувальнасці да антыбіётыкаў, якімі звычайна лечаць рэспіраторныя прастудныя інфекцыі.

Прышчэпка практычна цалкам (на 97%) дазволіць не захварэць на цяжкія інвазіўныя формы інфекцый, якія могуць прыводзіць да інваліднасці і смерці, і прыкладна ў два разы знізіць частату звычайных атытаў і пнеўманій, прычым выкліканых не толькі сератыпамі пнеўмакоку, якія ўваходзяць у вакцыны, але і тымі, што не ўваходзяць (хаця і ў меншай ступені), – прыводзіць лічбы эксперт.

Акрамя таго, падкрэслівае ўрач, зніжэнне частаты носьбіцтва пнеўмакокаў у насаглотцы ў прышчэпленых дзяцей прыводзіць да таго, што яны не распаўсюджваюць іх сярод аднагодкаў, а таксама гэта зніжае рызыку захворвання і ў дарослых, якія кантактуюць з дзецьмі.

Ёсць і яшчэ адзін плюс вакцынацыі.

– Паколькі прышчэпка зніжае рызыкі захварэць на інфекцыі, выкліканыя ўстойлівымі да антыбіётыкаў пнеўмакокамі (у першую чаргу, да амаксіцыліну, які шырока ўжываецца ў педыятрыі), не трэба выкарыстоўваць больш сур'ёзныя антыбіётыкі, а таксама вялікія дозы прэпаратаў. Напрыклад, дазіроўка амаксіцыліну пры лячэнні атыту ў прышчэпленых дзяцей ніжэйшая ў параўнанні з непрышчэпленымі ў два разы.

Прнещмакок. Вакцына супраць пнеўмакоку.

Якія прышчэпкі выкарыстоўваюцца ў Беларусі?

У нашай краіне ўжываюцца дзве кан'югаваныя вакцыны: Сінфлорыкс уключае 10 сератыпаў пнеўмакоку, Прэвенар – 13 сератыпаў.

У кан'югаваных вакцынах полісахарыдныя антыгены звязаныя (кан'югаваныя) з бялком, тлумачыць урач-інфекцыяніст, што дае магчымасць імуннай сістэме развіць больш паўнавартасны адказ у любым узросце, сфарміраваць клеткі памяці, забяспечыць больш працяглую абарону, знізіць частату развіцця не толькі захворванняў, але і носьбіцтва пнеўмакокаў.

У свеце таксама выкарыстоўваюць полісахарыдныя вакцыны.

Як доўга працягваецца імунітэт пасля прышчэпкі?

У сярэднім, каля 5 гадоў.

Ці можна рабіць прышчэпку дарослым?

Можна.

У некаторых краінах пнеўмакокавыя вакцыны ўводзяць усім людзям ва ўзросце 65 гадоў і старэйшым.

Гэта апраўдана, лічыць доктар, бо людзі ва ўзросце таксама адносяцца да групы рызыкі развіцця частых і цяжкіх інфекцый. Імунітэт пасля вакцынацыі ў сталых доўжыцца каля 5-10 гадоў. Паколькі ў развітых краінах працягласць жыцця расце, там абмяркоўваецца неабходнасць паўторных вакцынацый.

Пнеўмакок. Вакцына супраць пнеўмакоку. Прышчэпкі сталым.

– Таму беларусы ва ўзросце таксама могуць разгледзець гэтую магчымасць. Што тычыцца астатніх дарослых, дык вакцынавацца ад пнеўмакоку мае сэнс толькі тым, хто мае хранічныя захворванні і ўваходзіць у групу рызыкі па развіцці інвазіўных пнеўмакокавых інфекцый, – лічыць урач.

Да групаў рызыкі можна аднесці асобаў:

  • з хранічнымі сардэчна-сасудзістымі захворваннямі (асабліва – якія маюць прыроджаныя парокі сэрца або сардэчную недастатковасць);
  • з хранічнымі захворваннямі лёгкіх (уключаючы астму на базіснай тэрапіі высокімі дозамі аральных картыкастэроідаў);
  • з цукровым дыябетам;
  • з парушэннем бар'ера цэнтральнай нервовай сістэмы: лікварэяй або кахліярным імплантам (у тым ліку тыя, хто рыхтуецца да правядзення дадзенай аперацыі);
  • з гемаглабінапатыямі, уключаючы серпападобна-клеткавую анемію;
  • з анатамічнай або функцыянальнай аспленіяй (адсутнасцю селязёнкі);
  • з прыроджанымі або набытымі імунадэфіцытамі, у тым ліку з ВІЧ-інфекцыяй;
  • з хранічнай нырачнай недастатковасцю, з нефратычным сіндромам;
  • са злаякаснымі новаўтварэннямі і іншымі захворваннямі, якія патрабуюць прыёму імунасупрэсіўных лекавых сродкаў або правядзення прамянёвай тэрапіі;
  • з перасадкай органаў (або непрышчэпленыя асобы пасля трансплантацыі);
  • з хранічнымі хваробамі печані;
  • тыя, хто злоўжывае алкаголем.

Ці трэба рабіць гэтую прышчэпку ў пандэмію, каб абараніцца ад каранавіруснай інфекцыі?

Пнеўмакок. Вакцына супраць пнеўмакоку. Прышчэпкі дзецям.

– Дзеці ў цэлым пераносяць новую інфекцыю нашмат лягчэй за дарослых: верагоднасць развіцця ў іх дыхальнай недастатковасці, неабходнасці інтэнсіўнай тэрапіі ў рэанімацыі, пнеўмакокавай пнеўманіі як ускладнення віруснай інфекцыі невысокая. Таму бегчы на злом галавы прывіваць дзіця ад пнеўмакокавай інфекцыі не варта, – лічыць урач. – А прышчэпку можна зрабіць планава, калі ўжо пандэмія сыдзе. Гэта забяспечыць абарону дзіцяці на чарговы сезон прастудных інфекцый, калі, хутчэй за ўсё, вернецца і новы каранавірус, і звычайны грып, які таксама выклікае ўскладненні. Што тычыцца сталых, людзей з групаў рызыкі, мае сэнс вакцынавацца і цяпер, антыцелы з'явяцца праз тры тыдні пасля прышчэпкі.

Паколькі ў пандэмію рэкамендуецца скараціць планавыя візіты ў паліклінікі, трэба абмеркаваць «за» і «супраць» з урачом.

Якія ўскладненні магчымыя пасля прышчэпкі?

Мікалай Галабародзька адзначае, што вакцыны супраць пнеўмакоку супрацьпаказаныя толькі тым, у каго ёсць цяжкая алергічная рэакцыя на іх кампаненты. У цэлым гэтыя прышчэпкі дастаткова бяспечныя. Магчымыя рэакцыі: мясцовыя – пачырваненні або ўшчыльненні ў месцы ўколу, агульныя – кароткачасовы ўздым тэмпературы пасля прышчэпкі.

Трэба рабіць дзве прышчэпкі – ад грыпу і пнеўмакокавай інфекцыі, або дастаткова адной?

Гэтыя прышчэпкі не супярэчаць адна адной, таму можна рабіць дзве, кажа ўрач:

– Тое, што вакцынацыя – цяжкі ўдар для арганізма, гэта міф. Ачышчаныя антыгены не ўяўляюць большага выкліку для нашай імуннай сістэмы. Колькасць антыгенаў, якія трапляюць у арганізм пры натуральнай інфекцыі, у разы большая за колькасць тых, што ўваходзяць у склад вакцыны. Прышчэпка наадварот зніжае нагрузку на імунітэт.

Вакцынавацца неабавязкова адначасова. Прышчэпку ад пнеўмакокавай інфекцыі можна зрабіць у любы момант, а ад грыпу – перад сезонам ВРВІ.

У эксперта адсутнічае фінансавы і іншы інтарэс ад вытворцаў вакцынаў, якія згаданыя ў тэксце.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

340 0 124

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).