16.06.2020
16.06.2020

Ці трэба прымаць аспірын для прафілактыкі інсульту і інфаркту? Распавядае фармаколаг

logo
Здароўе дарослых
0 57
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Людзі ўжо добра ведаюць, што тромбы могуць прывесці да інфаркту і інсульту. Таму многія для прафілактыкі тромбаўтварэння з 45-50 гадоў пачынаюць піць аспірын, які «разрэджвае кроў». Ці апраўдана гэта? Разбіраемся ў тэме з Ірынай Раманавай, дацэнтам кафедры клінічнай фармакалогіі БДМУ, к.м.н.

Ирина Романова-2

Пра доказнасць

Што кажуць апошнія навуковыя даследаванні? Ці даказаная эфектыўнасць аспірыну для прафілактыкі тромбаўтварэння?

Аспірын – высокаэфектыўны сродак для пацыентаў, у якіх ужо ёсць захворванні сэрца і сасудаў. Гэта так званая другасная прафілактыка, пры якой пацыенты прымаюць аспірын практычна пажыццёва для прадухілення трамбозаў.

Што тычыцца першаснай прафілактыкі, яе эфектыўнасць у папярэджанні рызыкі развіцця інфаркту, інсульту, стэнакардыі, вострага каранарнага сіндрому і іншых сардэчна-сасудзiстых захворванняў не даказаная. Пра гэта кажуць вынікі новага мета-аналізу, нядаўна апублікаваныя ў European Heart Journal. Мета-аналіз ахопліваў 11 рандамізаваных кантраляваных даследаванняў з колькасцю ўдзельнікаў больш за 157 тысяч чалавек. Сярэдні перыяд назірання склаў 6,6 года.

Было выяўлена, што прыём аспірыну не прыводзіць да больш нізкай частаты смяротнасці ад усіх прычынаў, затое павышае частату вялікіх крывацёкаў і ўнутрачарапных кровазліццяў. Падобныя вынікі былі прадэманстраваныя і ў пацыентаў з цукровым дыябетам і высокай сардэчна-сасудзістай рызыкай.

Амерыканская калегія кардыёлагаў таксама не рэкамендуе выкарыстоўваць аспірын у руціннай першаснай прафілактыцы сардэчна-сасудзiстых захворванняў з-за адсутнасці карысці. Нізкія дозы аспірыну могуць быць разгледжаныя для першаснай прафілактыкі толькі ў людзей з высокай рызыкай атэрасклератычных сардэчна-сасудзiстых захворванняў ва ўзросце 40-70 гадоў, якія не маюць павышанай рызыкі крывацёку.

Аспірын. Прымаць для разрэджвання крыві ці не?

У рэкамендацыях Амерыканскай камісіі па распрацоўцы прэвентыўных мерапрыемстваў ёсць істотныя ўдакладненні: каб вырашыць пытанне патэнцыяльнай прафілактычнай эфектыўнасці аспірыну, варта ўлічваць не толькі ўзрост пацыента, але і зыходную 10-гадовую сардэчна-сасудзістую рызыку па шкале SCORE. Але гэтыя пытанні вырашае толькі ўрач.

Такім чынам, руцінны прыём аспірыну ў якасці прафілактыкі тромбаўтварэння не рэкамендуецца людзям, якія не маюць сардэчна-сасудзiстых захворванняў – з-за павышанай рызыкі крывацёку.

Пра паказанні, супрацьпаказанні і дозы

Каму і ў якой дозе аспірын усё ж паказаны ў прафілактычных мэтах?

Антытромбацытарная эфектыўнасць аспірыну залежыць ад дозы. Адрозніваюць нізкія дозы (ад 75 да 150 мг), сярэднія (ад 150 да 325 мг) і высокія (вышэй за 325 мг). У кардыялагічнай практыцы часцей выкарыстоўваюцца нізкія і сярэднія дозы аспірыну. Трэба разумець: з павелічэннем дозы рызыка пабочнага дзеяння аспірыну прапарцыянальна павялічваецца. Зараз мэтазгоднасць прызначэння аспірыну для другаснай прафілактыкі не выклікае сумневу. У кіраўніцтвах Еўрапейскага таварыства кардыёлагаў як па прафілактыцы, так і па лячэнні сардэчна-сасудзiстых захворванняў аспірын у дозе 75-100 мг у суткі разглядаецца як базавы антытромбацытарны прэпарат пры:

  • вострым каранарным сіндроме і стэнціраванні (з нагрузачнай дозай 150-300 мг);
  • пасля аортакаранарнага шунтавання (у дозе 75-160 мг);
  • стабільнай ІХС;
  • некардыяэмбалічным інсульце або транзіторнай ішэмічнай атацы;
  • сімптомным і бессімптомым (пры нізкай рызыцы крывацёкаў) стэнозе сонных артэрый, атэрасклерозе вертэбральных артэрый.

Каму аспірын супрацьпаказаны?

Аспірын. Каму супрацьпаказаны?

Людзям з эразіўна-язвавымі паражэннямі страўнікава-кішэчнага тракта ў фазе абвастрэння, са страўнікава-кішэчным крывацёкам, з павышанай адчувальнасцю да ацэтылсаліцылавай кіслаты і іншых саліцылатаў, а таксама тым, хто мае схільнасць да крывацёкаў. Названыя супрацьпаказанні датычацца любых дозаў аспірыну, у тым ліку тых, якія выкарыстоўваюць у якасці прафілактыкі тромбаўтварэння.

Якія асноўныя пабочныя эфекты выклікае прыём аспірыну?

Найбольш значныя два тыпы пабочных эфектаў:

  • пашкоджанне страўнікава-кішэчнага тракта: абвастрэнне язваў, эрозій СКТ, з'яўленне дыспенсіі, абдамінальнага болю, сімптомаў гастраэзафагеальнага рэфлюксу;
  • крывацёкі.

Фактары, якія павялічваюць рызыку крывацёкаў пры прыёме аспірыну:

  • сталы ўзрост;
  • інфіцыраванне Helicobacter pylori;
  • мужчынскі пол;
  • сардэчна-сасудзістыя захворванні;
  • ужыванне алкаголю;
  • прыём нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў (НСЗП) або іншых антытрамбацытарных прэпаратаў (пацыент павінен інфармаваць урача, калі ён іх прымае).

Найбольш важныя з вышэйзгаданых фактараў: узрост, старэйшы за 60 гадоў, наяўнасць язвы страўніка ці дванаццаціперснай кішкі, мужчынскі пол і пастаяннае прымяненне лекавых сродкаў, якія ўзмацняюць схільнасць да крывацечнасці. Наяўнасць гэтых фактараў – падстава да прызначэння лекаў, якія папярэджваюць рызыку крывацёкаў, асацыяваных з прыёмам нізкіх дозаў аспірыну – інгібітараў пратоннай помпы (амепразол, пантапразол, лансапразол і інш.).

Аспірын. Што варта прымаць разам з ім?

Адначасовы прыём аспірыну і інгібітараў пратоннай помпы мае два станоўчыя моманты: памяншэнне пабочных эфектаў з боку страўнікава-кішэчнага тракта і павышэнне прыхільнасці да тэрапіі (прытрымліванне рэкамендацый урачоў).

Пра антыагрэганты без ацэтылсаліцылавай кіслаты

Цяпер ужо з'явіліся антыагрэганты без ацэтылсаліцылавай кіслаты. Яны меней бяспечныя для страўніка, чым аспірын. Ці значыць гэта, што іх можна піць для прафілактыкі тромбаўтварэння самастойна, без кансультацыі з урачом?

У клінічных даследаваннях была пацверджаная эфектыўнасць толькі для аспірыну (інгібітару цыклааксігеназы 1), блакатараў рэцэптараў адэназіндыфасфату (АДФ) -Р2Y12 (клапідагрэл, прасугрэл, тыкагрэлор, тыклапідын), інгібітараў фосфадыэстэразы (дыпірыдамол) і антаганістаў глікапратэіну IIb-IIIa для ўнутрывеннага ўжывання (абціксімаб, тырафібан, эптыфібатыд). Найбольш шырокае прымяненне атрымалі аспірын і інгібітары АДФ рэцэптараў трамбацытаў (клапідагрэл, прасугрэл, тыкагрэлор).

Сапраўды, інгібітары АДФ рэцэптараў трамбацытаў больш бяспечныя для страўніка, але прымаць іх без кансультацыі з урачом не варта. Толькі ўрач можа ацаніць неабходнасць іх прызначэння замест аспірыну альбо ў камбінацыі з аспірынам. Стартавыя дозы таксама ацэньвае толькі ўрач.

Гэтыя прэпараты супрацьпаказаныя пры актыўным крывацёку ці схільнасці да крывацёку, гіперадчувальнасці, цяжкай пячоначнай недастатковасці. Па дадзеных вынікаў даследаванняў, у параўнанні з аспірынам клапідагрэл і тыклапідын выклікалі меней пабочных эфектаў з боку СКТ, але вялікую частату дыярэі і скурнага сыпу. Тыклапідын таксама можа выклікаць супрэсію ўтварэння клетак крыві касцяным мозгам, а гэта сур'ёзнае ўскладненне. Такім чынам, клапідагрэл з'яўляецца тыенапірыдынам выбару з прычыны большай бяспекі і лепшай пераноснасці. Аднак у сувязі з тым, што ён прыкметна даражэйшы за аспірын і нязначна больш эфектыўны, у цэлым яго варта выкарыстоўваць толькі ў пацыентаў, якія не могуць прымаць аспірын.

Пра ваду і травы як альтэрнатыву

Спірын. Ці можна яго замяніць вадой і травамі?

Ці можна неяк вызначыць «гушчыню» крыві і рызыку ўзнікнення трамбозу?

Выявіць павышаную гушчыню крыві можна пры дапамозе агульнага аналізу крыві, які пакажа ўзрастанне гематакрыту. Для выяўлення сіндрому павышанай вязкасці крыві яшчэ прызначаецца каагулаграма (з вызначэннем Д-дымераў), якая дае ўяўленне пра стан сістэмы гемастазу, згусальнасці крыві, працягласці крывацёку. Атрымліваючы вынікі абследавання, урач вызначае, якія прэпараты прызначыць: антыагрэганты або антыкаагулянты.

Лічыцца, што згушчэнне крыві адбываецца ад недастатковага спажывання вады. Калі проста шмат піць, ці магчыма прадухіліць тромбаўтварэнне, не звяртаючыся да антыагрэгантаў?

Звычайна прычынай павышанай вязкасці крыві можа быць павелічэнне колькасці эрытрацытаў, трамбацытаў, узроўню гемаглабіну і інш.

Спажыванне дастатковай колькасці вады – абавязковая ўмова здаровага ладу жыцця. Колькасць вады для кожнага індывідуальная. Яе можна разлічыць так: 30-45 мілілітраў вады на кілаграм масы цела. Лічыцца абсалютна ўсё: вада, суп, малако, сок, садавіна і гародніна. Але трэба разумець, што вада не замяняе лекавыя сродкі, у прыватнасці, антыагрэганты.

Афіцыйная медыцына прызнае, што антытромбацытарным эфектам валодаюць кара белай вярбы і баркун. Ці можна іх настоямі замяніць прафілактычны прыём аспірыну і іншых антыагрэгантаў?

Аспірын. Альтэрнатыва – кара белай вярбы.

Лекавыя расліны валодаюць карыснымі, у тым ліку лячэбным, эфектамі. Але настоямі ці адварамі немагчыма замяніць прыём аспірыну ці іншых антыагрэгантаў. Мы не можа дакладна сцвярджаць, што, прымаючы адвар, атрымаем супастаўную па эфектыўнасці і бяспецы дозу лекавага рэчыва. Пакуль толькі для лекавых сродкаў праведзеныя клінічныя даследаванні, у якіх атрыманыя доказы неабходнасці іх прымянення.

Ці праўда, што калі запіваць аспірын кісялём, малаком, гэта знізіць яго шкоду для СКТ?

Аспірын лепей прымаць пасля ежы і запіваць вадкасцямі, якія абвалакваюць, накшталт кісяля, каб абараніць слізістую страўніка і скараціць час кантакту прэпарата з яго сценкамі. У такім выпадку мы мінімізуем гастратаксічны эфект аспірыну, пры гэтым яго антытромбацытарная актыўнасць не змяншаецца.

Ці праўда, што калі чалавек ужо пачаў прымаць аспірын, іншы антыагрэгант для прафілактыкі, дык давядзецца рабіць гэта да канца жыцця, бо спыненне хутка прывядзе да павышанай згусальнасці крыві і трамбозу?

Сапраўды, пасля рэзкай адмены антыагрэгантаў, у тым ліку аспірыну, можа адбыцца абвастрэнне захворвання, і ў аснове гэтага абвастрэння ляжыць трамбоз крывяносных сасудаў. Таму працягласць прымянення лекавых сродкаў абавязкова абмяркоўваецца з урачом, гэта шмат у чым вызначае эфектыўнасць тэрапіі.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 57

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).